ДЫЯЗАТЫ́ПІЯ,

атрыманне відарысаў з дапамогай святлоадчувальных матэрыялаў на аснове дыазазлучэнняў. Выкарыстоўваецца для размнажэння чарцяжоў. Гл. таксама Дыязакапіраванне.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІР ВАЛАДА́РАВІЧ,

мяркуемы князь менскі і берасцейскі ў 2-й пал. 12 ст. Сын менскага кн. Валадара Глебавіча. В.​М.​Тацішчаў у «Гісторыі Расійскай» паведамляе, што У.В. валодаў Менскам і Бярэсцем. Драгічынскі кн. Васілька Яраполчыч з дапамогай палякаў і мазаўшан адабраў у яго Бярэсце, але хутка за 9 дзён У.В. жорсткімі штурмамі вярнуў горад і адкінуў палякаў да р. Нур. Васілька з дапамогай свайго цесця польскага кн. Лешка прымусіў У.В. пакінуць Падляшша і вярнуцца ў Бярэсце. У летапісах У.В. не ўпамінаецца, таму яго рэальнасць спрэчная.

т. 16, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІГАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

сетка наземных радыёстанцый, навігацыйных ШСЗ з камандна-вымяральным комплексам і падводных гідраакустычных станцый, па сігналах якіх з дапамогай бартавых сродкаў навігацыі вызначаюць каардынаты месцазнаходжання караблёў, самалётаў і інш. рухомых аб’ектаў. Кожная Н.с. ўключае таксама бартавыя навігацыйныя комплексы, а пры іх адсутнасці — навігацыйныя прылады, якія дазваляюць з высокай дакладнасцю і надзейнасцю вызначаць папраўкі да злічоных каардынат месца і курсу. Існуюць астранавігацыйныя сістэмы (гл. Астранамічная навігацыя), інерцыяльныя (засн. на вызначэнні паскарэнняў аб’екта з дапамогай акселерометраў і па гэтых даных — месцазнаходжання, курсу, скорасці і інш. параметраў), касмічныя (гл. Міжнародныя касмічныя навігацыйныя сістэмы), радыёнавігацыйныя сістэмы.

С.​А.​Гаршкоў, П.​М.​Шумскі.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МАНАВА ПРАСТО́РА,

прастора, у малых абласцях якой набліжана (з дакладнасцю да малых вышэйшых парадкаў параўнальна з памерамі абласцей) мае месца эўклідава геаметрыя, аднак у цэлым гэтая прастора можа не быць эўклідавай. Кожны элемент такой прасторы вызначаецца з дапамогай упарадкаванай сукупнасці лікаў, а адлегласць паміж бясконца блізкімі элементамі — з дапамогай пэўнай квадратычнай формы, у залежнасці ад выбару каэфіцыентаў якой Р.п. пераўтвараецца ў эўклідаву прастору ці прастору Лабачэўскага геаметрыі, Рымана геаметрыі ці інш. неэўклідавай геаметрыі. Прасцейшыя Р.п. — эўклідава прастора, да якой прымыкаюць прасторы пастаяннай крывізны, дзе мае месца геаметрыя Лабачэўскага і геаметрыя Рымана. Гл. таксама Дыферэнцыяльная геаметрыя.

т. 13, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВО́ЛЬНЫЯ НЕЙТРО́НЫ,

нейтроны з кінетычнай энергіяй, умоўна меншай за 100 кэВ. П.н. з кінетычнай энергіяй, большай за 10 кэВ, атрымліваюць з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц; іх энергія рэгулюецца зменамі напружання паскарэння пратонаў. Нейтроны з меншай энергіяй выдзяляюць з нейтронных пучкоў з дапамогай спец. фільтраў. Нейтроны з энергіяй, большай за 100 кэВ, наз. хуткімі нейтронамі; для іх запавольвання выкарыстоўваюцца запавольнікі (вада, графіт і інш.; гл. Запавольванне нейтронаў). Дэтэктыраванне П.н. праводзіцца на аснове рэгістрацыі прадуктаў выкліканых імі ядз. рэакцый (гл. Дэтэктары ядзернага выпрамянення). П.н. выкарыстоўваюцца для атрымання ланцуговай ядзернай рэакцыі, структурных даследаванняў крышталяў (гл. Нейтронаграфія), вывучэння ўласцівасцей узбуджэння ядз. узроўняў на аснове нейтронных рэзанансаў (гл. Мёсбаўэра эфект) і інш.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАРЫЗА́ЦЫЯ (франц. valorisation),

1) павышэнне цаны тавараў, курсу каштоўных папер і інш. з дапамогай дзярж. мерапрыемстваў.

2) Тое, што і рэвальвацыя.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́РМУЛЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,

формулы для абазначэння саставу і структуры малекул з дапамогай знакаў хімічных (хім. сімвалаў) і лічбавых індэксаў. Колькасць атамаў у малекуле пішуць у падрадковым індэксе справа ад сімвала элемента (адзінку апускаюць), напр., H2O.

Вылучаюць Ф.х. эмпірычныя (паказваюць прасцейшыя колькасныя суадносіны паміж элементамі), малекулярныя (колькасць атамаў, якія ўваходзяць у малекулу гэтага злучэння), рацыянальныя (пры абазначэнні вылучаюць функцыян. групы) і структурныя (характарызуюць размяшчэнне атамаў, парадак сувязі і валентнасць кожнага атама ў малекуле). Напр., для воцатнай к-ты эмпірычная Ф.х. CH2O, малекулярная — C2H4O2, рацыянальная — CH3COOH, структурная — .

З дапамогай Ф.х. кадзіруюць хім. злучэнні, складаюць даведнікі і інш. Гл. таксама Наменклатура хімічная.

т. 16, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННАЯ МІКРАСКАПІ́Я,

сукупнасць метадаў даследавання з дапамогай электронных мікраскопаў мікраструктуры цел (у т. л. на атамна-малекулярным узроўні), іх лакальнага саставу і лакалізаваных на іх паверхні ці ў мікрааб’ёме эл. і магн. палёў («мікрапалёў»).

Уключае таксама ўдасканаленне і распрацоўку новых электронных і інш. карпускулярных (напр., пратонных) мікраскопаў і прыставак да іх, распрацоўку методык падрыхтоўкі ўзораў для даследаванняў у гэтых мікраскопах, вывучэнне механізмаў фарміравання электронна-аптычных відарысаў (гл. Электронная і іонная оптыка), распрацоўку спосабаў аналізу рознай інфармацыі, атрыманай з дапамогай электронных мікраскопаў. Асн. аб’екты даследаванняў — цвёрдыя целы; парашкі, мікракрышталі, аэразолі і інш. вывучаюць пры нанясенні іх на тонкую (для даследаванняў у прасвечвальных электронных мікраскопах) ці масіўную (у растравых, адбівальных і люстраных мікраскопах) падложку. Вадкія і газападобныя аб’екты даследуюцца з дапамогай спец. мікракамер — прыставак да прасвечвальных электронных мікраскопаў.

Літ.:

Стоянова И.Г., Анаскин И.Ф. Физические основы методов просвечивающей электронной микроскопии. М., 1972;

Утевский Л.М. Дифракционная электронная микроскопия в металловедении. М., 1973;

Хокс П. Электронная оптика и электронная микроскопия: Пер. с англ. М., 1974.

М.​М.​Аляхновіч.

т. 18, кн. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКРАНАВА́ННЕ МАГНІ́ТНАЕ,

ахова ад знешняга магн. поля з дапамогай экранаў з ферамагн. матэрыялаў з высокай магн. пранікальнасцю і нізкімі значэннямі астаткавай намагнічанасці і каэрцытыўнай сілы.

т. 18, кн. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛА́ТКА,

сухі аднанасенны плод раслін з тонкім скурыстым ці плевачным каляплоднікам. Мае крылападобныя сім. (бяроза, вяз) ці асім. (ясень) вырасты, з дапамогай якіх насенне распаўсюджваецца ветрам.

т. 8, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)