ЖЫ́ЖАЛЬ,

у беларускай народнай міфалогіі бог агню, апякун рамёстваў, найперш кавальскага. Яго ўяўлялі магутным дэманам, які пад зямлёй у вогненнай кузні куе зброю, каб скінуць Перуна. Ж. паважалі за мужнасць і непакорнасць, але баяліся яго. Былі ўпэўнены, што, калі ён доўга працаваў у кузні, перагравалася зямля і пачыналася засуха, гарэлі тарфяныя балоты і лясы. Калі Ж. выходзіў з-пад зямлі, Пярун у гневе кідаў у Ж. вогненныя стрэлы-маланкі. Не папаўшы ў Ж., маланка магла быць прычынай пажару.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ШЧЫЦКІ РАССТРЭ́Л 1905,

расстрэл урадавымі войскамі сялян в. Кішчыцы Чавускага пав. (цяпер Шклоўскі р-н Магілёўскай вобл.). 17.6.1905 каморнікі пад аховай войск і паліцыі пачалі праводзіць мяжу паміж Горацкім і Чавускім пав., якая адначасова павінна была стаць мяжой паміж памешчыцкімі і сял. землямі. Сяляне вёскі не дазволілі праводзіць межавыя работы на карысць памешчыка. Спробы коннай паліцыі разагнаць натоўп не далі вынікаў. Войскі ўжылі зброю, забілі 8 сялян, цяжка паранілі 15. На месцы К.р. ў 1955 пастаўлены помнік.

т. 8, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРД,

сякучая зброя блізкага бою з адналязовым простым або злёгку выгнутым клінком; пераходны варыянт ад мяча да шаблі. Быў пашыраны ў сярэдневяковай Зах. Еўропе. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 15—17 ст., калі стаў уваходзіць у баявы рыштунак шляхецкага войска. Пазней доўга заставаўся асабістай зброяй дробнай шляхты. У пісьмовых крыніцах 16—18 ст. К. часта называлі сякучую зброю з доўгім клінком. На Беларусі цэлы К. знойдзены археолагамі каля Ліды.

Г.​М.​Сагановіч.

Корд з Ліды. 15 ст.

т. 8, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́ШЫНСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1932,

узброенае выступленне сялян у Зах. Беларусі (в. Асташына і навакольныя вёскі Навагрудскага пав.) 19—20.3.1932 супраць падатковага прыгнёту. Адбылося пад кіраўніцтвам сялянскага к-та. Сяляне спалілі маёнтак абшарніка, сядзібы асадніка і гандляра, узброіўшыся паляўнічымі стрэльбамі, уступілі ў перастрэлку з паліцыяй, разграмілі паліцэйскі ўчастак, вызвалілі вязняў, захапілі зброю, спалілі двор каменданта паліцыі. Польскія ўлады жорстка расправіліся з удзельнікамі выступлення: паводле прыгавору надзвычайнага суда 5.7.1932 у Навагрудку 4 паўстанцы павешаны, 49 прыгавораны да турэмнага зняволення, з іх 5 да пажыццёвага зняволення.

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́ЕВІЦКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з 28.6.1941 да 13.6.1942 у в. Мікалаевічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. Налічвала 14 чал. (кіраўнік Я.​Я.​Васіленка). Падпольшчыкі праводзілі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, арганізоўвалі сабатаж мерапрыемстваў акупантаў, двойчы разбурылі чыгунку на ўчастку Слабада — Смалявічы, падарвалі на ўчастку Загор’е—Смалявічы. Наладзілі сувязь з партызанамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, арганізавалі з імі ўцёкі ваеннапалонных. У чэрв. 1942 пайшлі ў партызаны. У барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў загінула 5 падпольшчыкаў.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў 1941—43 на тэр. Мотальскага с/с Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Аб’ядноўвала больш за 60 чал. (кіраўнік І.​М.​Калілец). Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, збіралі зброю і боепрыпасы, учынялі дыверсіі, у т. л. ў канцы жн. 1941 разграмілі Мотальскую гміну, у маі 1942 сарвалі вываз моладзі на работы ў Германію. Летам 1942 частка падпольшчыкаў пайшла ў партызаны, удзельнічала ў стварэнні партыз. атрада. У барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў загінула 12 падпольшчыкаў.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941 — кастр. 1943 у Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. Група ў г.п. Бялынічы налічвала больш за 20 чал. (кіраўнікі І.​С.​Корзун, Л.​У.​Бабіч), група ў в. Вял. Трылесін — 10 чал. (кіраўнікі І.​А.​Марозаў, У.​В.​Лапухін). Падпольшчыкі прымалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, зрывалі вываз моладзі ў Германію, мелі сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, разведданыя, прымалі ўдзел у сумесных дыверсіях. У в. Вял. Трылесін у гонар падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНО́ЛЬДЗІ (Джузепе Ахіла Эльміра) (1821, Барселона — 1871),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве, грамадскі дзеяч, спявак, танцмайстар. Італьянец па паходжанні. З 1842 жыў у Вільні. Быў настаўнікам спеваў у Дваранскім ін-це, выступаў як спявак. Наведваў з канцэртамі Мінск, Віцебск, інш. гарады Беларусі. У 1862 разам з К.​Каліноўскім увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, рыхтаваў падп. выданні. У лют. 1863 высланы ўладамі (паводле іншых звестак уцёк) за мяжу, дзе закупляў зброю для паўстанцаў. Удзельнік Парыжскай камуны 1871, капітан, камандзір эскадрона ў злучэннях В.​Урублеўскага. Памёр ад ран.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з жн. 1941 да ліп. 1942 у г.п. Асвея і Асвейскім раёне Віцебскай вобласці. Арганізатары і кіраўнікі: У.​У.​Сімацкі (да 18.11.1941) і І.​К.​Захараў. Аб’ядноўвала 9 падп. груп (каля 100 чал.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера, здабывалі зброю і боепрыпасы, знішчалі гітлераўцаў, вывелі са строю 14 аўтамашын, 6 танкаў, разбурылі 10 мастоў, сапсавалі тэлеграфную сувязь, спалілі льнозавод, харч. склад і інш. У крас. арганізавалі партыз. атрад, які ў жн. 1942 увайшоў у Асвейскую партыз. брыгаду.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУЛЕ́БА (Антон Мікалаевіч) (14.1.1920, в. Дубовы Лог Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 13.12.1983),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі індустр. тарфяны тэхнікум (1937), курсы мал. лейтэнантаў (1941), Вышэйшую бранятанк. школу (1948), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1954). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Бел., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў 1945 у баі на тэр. Польшчы: кав. эскадрон на чале са ст. лейтэнантам Д. фарсіраваў Одру, забяспечыў пераправу ўсяго кав. палка; трапіўшы ў акружэнне, арганізаваў прарыў, выратаваў байцоў і зброю. Да 1969 у Сав. Арміі.

А.М.Дулеба.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)