філасофска-гістарычныя і сацыялагічныя канцэпцыі, якія разглядаюць «масавасць» у якасці вызначальнай характарыстыкі ўсіх працэсаў у грамадстве і даюць вытлумачэнне яго спецыфікі. Паводле гэтых канцэпцый, аб’ектыўнымі перадумовамі станаўлення М.г. сталі індустрыялізацыя і урбанізацыя, стандартызацыя вытв-сці і масавае спажыванне, вял. пашырэнне масавай культуры, сродкаў масавай камунікацыі і інфармацыі. У гіст. аспекце вылучаюць некалькі канцэпцый М.г. Элітарная (Х.Артэга-і-Гасет, О.Шпенглер, Г.Лебон, Г.Тард і інш.), у якой маса разглядаецца як «натоўп», што імкнецца заняць месца эліты — прыроднага лідэра. Настойлівае жаданне аморфнай масы кіраваць грамадствам, навязваць яму свой густ і норавы параджае аўтарытарызм, беззаконне, прыводзіць да ўзнікнення дэструктыўных масавых рухаў (нацыянал-сацыялізм, фашызм і да т.п.). Антытаталітарная (Г.Арэнт, Э.Ледэрэр, К.Мангейм і інш.), у якой М.г. разглядаецца як неаднародная і дэкласаваная супольнасць, заснаваная на жорсткай дзярж.-манапалістычнай арганізацыі, безумоўным падпарадкаванні пануючай эліце, «моцнай асобе». Характэрныя для такога грамадства працэсы атамізацыі сацыяльнай, адчужэння і канфармізму з’яўляюцца вынікам арганізаванага маніпуліравання выгаднымі для эліты настроямі мас, падтрымцы на грамадскім і бытавым узроўнях розных ірацыянальных сац.-паліт. і нацыяналістычных дактрын і рухаў. Ліберальная (Г.Дж.Блумер, Ч.Р.Мілс, Д.Рысмэн, Э.Фром і інш.), у рамках якой на аснове крытыкі адмоўных бакоў індустрыялізму абгрунтоўваецца тэндэнцыя далейшага росту бюракратыі, грамадскай «машынерыі», уніфікацыі «масавага чалавека». Да своеасаблівасцей сучаснага М.г. прадстаўнікі гэтай канцэпцыі адносяць вял. канцэнтрацыю насельніцтва, існаванне велізарнага ўрадавага апарата, буйных эканам. арг-цый, рост дыстанцыі паміж апаратам кіравання і большасцю служачых, адносіны недаверу і нават варожасці паміж людзьмі. Дэмакратычная (Д.Бел, С.М.Ліпсет, Э.Шылс і інш.), у якой працэс масавізацыі разглядаецца як разрыў сувязей, што скоўваюць масы ў традыц. грамадстве і робяць для яе даступным усё, што было раней прывілеяй эліты. Сутнасць М.г. выяўляецца ў цеснай інтэграцыі нар. мас у сістэме сац. ін-таў, засваенні масамі існуючых каштоўнасцей і рэальнага парадку, стварэнні адзінай культуры і сціранні класавых і прафес. адрозненняў.
Літ.:
Ашин Г.К. Доктрина «массового общества». М., 1971;
Яго ж. Современные теории элиты: Критич. очерк. М., 1985;
Ортега-и-Гассет Х. Восстание масс // Ортега-и-Гассет Х. Эстетика. Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Лебон Г. Психология народов и масс: Пер. с фр. СПб., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л Кароль Станіслаў (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 22.14.1790),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.К.Радзівіла Рыбанькі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. З 1748 неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1750, яго маршалак у 1755. У 1752 падчашы ВКЛ, у 1752—62 мечнік ВКЛ, у 1762—64 і 1768—90 ваявода віленскі; ген.-маёр (1754), ген.лейтэнант войска ВКЛ (1759). З 1762 ардынат нясвіжскі і алыцкі. Для дасягнення сваіх мэт часта выкарыстоўваў ваенную сілу, вызначаўся свавольствам. Абвешчаная ў Гродне 16.4.1764 Генеральная канфедэрацыя ВКЛ выступіла супраць Р. Даведаўшыся, што канфедэраты разам з рас. войскам хочуць заняць Нясвіж, Р. са сваім атрадам рушыў туды, але быў разбіты расіянамі пад Слонімам. Р. схаваўся ў Малдове, потым пераехаў у Венгрыю і Саксонію. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ дэкрэтам ад 16.8.1764 за гвалтоўныя ўчынкі абвясціла Р. ворагам айчыны і пазбавіла пасады ваяводы; яго маёнткі падлягалі канфіскацыі. Р. звярнуўся да рас. імператрыцы Кацярыны II з просьбай узяць яго пад сваю пратэкцыю і вярнуць маёнткі. У сувязі з тым, што Кацярыне II пачала не падабацца палітыка караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Чартарыйскіх, яна вырашыла скарыстаць супраць іх Р. Пад аховай рас. войск ён пераехаў у Радам, дзе 23.6.1767 узначаліў Радамскую канфедэрацыю. На надзвычайным сейме 1767 усе абвінавачанні з Р. былі зняты. Улетку 1768 Р. далучыўся да Барскай канфедэрацыі, скіраванай супраць караля і рас. ўплыву, і пачаў збіраць у Нясвіжы сваё войска. Рас. войскі з баямі занялі Нясвіж і Слуцк; Р. выехаў у Прусію. Да 1777 знаходзіўся ў эміграцыі. Каб адцягнуць Р. ад апазіцыі, рас. дыпламатыя зноў забяспечыла яму пратэкцыю Кацярыны II і вяртанне маёнткаў. Пасля вяртання на радзіму Р. памірыўся з каралём. У час дзейнасці Чатырохгадовага сейма 1788—92 Р. зноў зблізіўся з антыкаралеўскай апазіцыяй. Сфарміраваў полк, які перадаў у склад войска ВКЛ. Р. увайшоў у гісторыю як легкадумны палітык і абмежаваны чалавек. Трымаў тэатр і аркестр у Нясвіжы, пабудаваў летнюю рэзідэнцыю ў Альбе (пад Нясвіжам), аднавіў палац у Слуцку. Аматар неверагодных баек і экстравагантных учынкаў, Р. як персанаж увайшоў у л-ру (творы Г.Жавускага, З.Красінскага, І.Ходзькі, Ю.Славацкага, Ю.І.Крашэўскага і інш.).
Літ.:
Sidorski D. «Panie Kochanku». Katowice, 1987;
Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982.
А.П.Грыцкевіч.
К.Радзівіл. Пярун. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСТУ́ЖАВЫ,
дзекабрысты-афіцэры, браты.
Аляксандр Аляксандравіч (літ. псеўданім Марлінскі; 3.11.1797, С.-Пецярбург — 19.6.1837), рускі пісьменнік. Штабс-капітан (1825). Летам 1821 у чыне паручніка ўдзельнічаў у манеўрах гвардыі ў Віцебскай губ., у кастр. 1821 — студз. 1822 жыў у в. Выганічы Мінскага пав. (цяпер Валожынскі р-н) у сям’і памешчыка Ф.Ф.Вайдзевіча, адкуль неаднаразова прыязджаў у Мінск. Разам з К.Ф.Рылеевым пісаў агітацыйныя супрацьурадавыя песні і выдаваў альманах «Полярная звезда» (1823—25). Да 1825 напісаў некалькі раманаў у духу рамантызму. У 1824 прыняты ў Паўночнае таварыства дзекабрыстаў, увайшоў у склад яго кіруючага цэнтра (думы). Належаў да радыкальнага крыла руху: выступаў за ўвядзенне рэсп. ладу шляхам ваен. перавароту, надзяленне сялян зямлёй. Напярэдадні выступлення дзекабрыстаў распрацаваў план захопу Зімняга палаца і арышту Мікалая I. Актыўны ўдзельнік паўстання 26 снеж. на Сенацкай плошчы, быў фактычным камандзірам Маскоўскага палка, выведзенага на плошчу. Прыгавораны да смяротнай кары, якая была заменена спачатку 20-гадовай, потым 15-гадовай катаргай. У 1827 адпраўлены на пасяленне ў Якуцк, у 1829 — радавым у дзеючую армію на Каўказ. У ссылцы апублікаваў некалькі т.зв. свецкіх аповесцяў («Выпрабаванне», 1830, «Фрэгат «Надзея», 1833, і інш.). У каўк. аповесцях «Амалатбек» (1832), «Мула-Нур» (1836) намаляваў рамант. характары. У аповесцях «Вечар на Каўказскіх водах у 1824 г.» (1830), «Латнік» (1832) знайшлі водгук пачутыя на Беларусі нар. паданні, уражанні ад гутарак з жыхарамі. Загінуў у сутычцы з горцамі на мысе Адлер. У в. Выганічы ў яго гонар пастаўлены мемарыяльны знак.
Мікалай Аляксандравіч (24.2.1791, С.-Пецярбург — 27.5.1855), капітан-лейтэнант (1824). З канца 1824 чл.Паўн.т-ва і яго Вярхоўнай думы. Рэспубліканец, прыхільнік вызвалення сялян з зямлёй. Бліжэйшы памочнік К.Ф.Рылеева ў дні падрыхтоўкі паўстання ў Пецярбургу. Выказваўся за ўстанаўленне пасля перавароту дыктатуры часовага ўрада. 26.12.1825 склаў праект маніфеста да народа, вывеў на Сенацкую плошчу Гвардзейскі экіпаж. Прыгавораны да вечнай катаргі (скарочана да 20 гадоў), якую адбываў на Нерчынскіх рудніках. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Пісьменнік, гістарыёграф рус. флоту, эканаміст, жывапісец (стварыў партрэтную галерэю дзекабрыстаў).
Міхаіл Аляксандравіч (4.10.1800 — 3.7.1871), штабс-капітан лейб-гвардыі Маскоўскага палка (1825). З 1824 чл. Паўночнага т-ва, прымыкаў да рэсп. крыла. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання. 26.12.1825 разам з братам Аляксандрам і Д.А.Шчэпіным-Растоўскім вывеў на Сенацкую плошчу Маскоўскі полк; аддаў каманду страляць па ўрадавых войсках. Пасля абстрэлу паўстанцаў карцеччу спрабаваў арганізаваць салдат, якія адступалі, каб заняць з імі Петрапаўлаўскую крэпасць. Прыгавораны да вечнай катаргі (скарочана да 20 гадоў), якую адбываў у Чыце і Пятроўскім заводзе. З 1839 на пасяленні ў Селенгінску.
Літ.:
Букчин С. К мечам рванулись наши руки: Док. повести. 2 изд. Мн., 1985;
Очерки из истории движения декабристов: Сб. ст.М., 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭ́ЦІ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.
Ажыццёўлены ў 1795 Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у выніку падаўлення паўстання 1794. Расія планавала адзінаўладна распарадзіцца лёсам Рэчы Паспалітай, зыходзячы з занятасці Прусіі вайной супраць Францыі і нейтралітэту Аўстрыі. Аднак Прусія 10.5.1794 адвяла свае войскі з франц. тэатра ваен. дзеянняў і 3.6.1794 акупіравала г. Кракаў з ваяводствам, на што прэтэндавала Аўстрыя. Апошняя ў адказ 15—30.6.1794 захапіла Сандамірскае ваяв. і Хэлмскую зямлю, што прывяло да тэр. спрэчак і сварак вакол пасады галоўнакамандуючага саюзнымі карнымі войскамі. Узяцце А.В.Суворавым Варшавы (4.10.1794) і захоп у палон Т.Касцюшкі дазволілі Расіі дыктаваць уласныя ўмовы падзелу. Рас. імператрыца Кацярына II выступіла пасрэдніцай уладкавання спрэчных доляў Прусіі і Аўстрыі праз Суворава і М.В.Рапніна, якім, аднак, загадала таемна заняць Беластоцкую акругу да лініі р. Буг — вусце р. Нараў — г. Гродна і не саступаць яе Прусіі. 3.1.1795 Расія і Аўстрыя размежавалі сферы сваіх інтарэсаў у Валынскім і Брэсцкім ваяв. да р. Буг, але без пазначэння рас.-прускай мяжы паміж Бугам і Гроднам. Каб сутыкненне тут рас. і прус. войск не перарасло ў вайну, бакі пайшлі на кампраміс: Прусія саступіла Кракаў Аўстрыі, Расія аддала Варшаву Прусіі. Трохбаковую канвенцыю пра падзел Рэчы Паспалітай Расія, Прусія і Аўстрыя падпісалі 24.10.1795 у Пецярбургу. 24.11.1795 яны пагадзіліся ўрэгуляваць спрэчныя пытанні, у т. л. вакол даўгоў караля польскага і вял.кн. літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які 25.11.1795 адрокся ад трона. 16.1.1796 Расія вывела свае войскі з Беласточчыны і размясціла іх па лініі: вусце р. Нараўка — мястэчкі Гарадок—Кузніца—р. Ласосна—р. Нёман і далей да мяст. Паланга. Сумесная камісія 3.8.1796 зацвердзіла гэтую мяжу і 30.9.1796 дэмаркіравала яе. Канчаткова тэр. долі падзелу трохбаковая камісія зацвердзіла 21.11.1796. Прусія атрымала б.ч. Мазавецкага ваяв. з Варшавай, часткі Падляшскага, Гродзенскага, Трокскага ваяв. і Жамойці (48 тыс.км²); Аўстрыя — Кракаўскае, Сандамірскае, Люблінскае, часткі Мазавецкага, Брэсцкага і Падляшскага ваяв. (47 тыс.км.2); Расія — Валынскае, Навагрудскае, Віленскае, часткі Брэсцкага, Гродзенскага, Трокскага ваяв. і Жамойці з гарадамі Брэст, Навагрудак, Гродна, Вільня, Коўна (120 тыс.км²). 3-і падзел стаў чарговай праявай агрэсіўнай палітыкі манархій Расіі, Прусіі і Аўстрыі, якія выкарысталі знясіленасць Рэчы Паспалітай для канчатковага знішчэння яе паліт. існавання і паслядоўнага захопу яе зямель. На далучаных да Рас. імперыі тэрыторыях былі арганізаваны Віленская губерня і Слонімская губерня.
Літ.:
Rolle J. Stanisław August w Grodnie. Lwów. 1887;
Historia dyplomacji polskiej. T. 2. Warszawa, 1982;
Lord R.H. Drugi rozbiór Polski. Warszawa. 1984;
Cegielski T., Kądziela Ł. Rozbiory Polski 1772—1793—1795. Warszawa. 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1773—75у Расіі, Пугачова паўстанне,
масавы антыўрадавы рух казакаў, прыгонных сялян, заводскіх рабочых, нярус. народаў (асабліва башкіраў на чале з Салаватам Юлаевым) пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова на р. Яік (цяпер Урал), Урале, у Зах. Сібіры, Прыкам’і, Паволжы, Зах. Казахстане і Слабадской Украіне. Выклікана ўзмацненнем прыгонніцтва, уціскам казакаў і нярус. народаў з боку рас.ваен. і цывільнай бюракратыі, прадпрымальнікаў. Пачалася ў вер. 1773 як паўстанне яіцкіх казакаў на чале са збеглым данскім казакам Пугачовым, які абвясціў сябе імператарам Пятром III, быццам бы цудам выратаваным і намерыўся заняць прастол, каб усталяваць «справядлівае» казацкае царства. У вер.-кастр. 1773 Пугачоў захапіў шэраг крэпасцей і ўмацаванняў, дзе знішчаў афіцэраў, забіраў артылерыю, боепрыпасы, і на чале войска (каля 2500 чал., 20 гармат) 16.10.1773 асадзіў г. Арэнбург. Хоць аблога Арэнбурга была беспаспяховай, Пугачоў адбіў некалькі вылазак гарнізона, разбіў карныя атрады ген. В.А.Кара і палк. П.М.Чарнышова. Яго армія, куды прыбывалі сяляне, работнікі уральскіх заводаў (прывозілі з сабой і гарматы), башкірскія і інш. атрады, у снеж. 1773 налічвала 25 тыс.чал. і 86 гармат. З яе складу вылучаліся асобныя атрады, якія пашыралі паўстанне на суседнія тэрыторыі. Кіравала арміяй і была адм.-паліт. цэнтрам паўстання Ваен. калегія. У сваіх маніфестах і ўказах ад імя Пятра III Пугачоў абяцаў казакам, сялянам і прыгнечаным народам волю і зямлю, заклікаў іх разам змагацца супраць улады Кацярыны II і дваран. У крас. 1774 урадавыя войскі разбілі армію Пугачова, які адступіў на Урал і ў Зах. Сібір, дзе зноў авалодаў шэрагам крэпасцей. Пасля новых няўдалых баёў з урадавымі атрадамі ён накіраваўся да Паволжа з мэтай ісці на Маскву. 23.7.1774 яго армія штурмам узяла г. Казань (акрамя крамля), але 23—26 ліп. была разбіта атрадам падпалк. І.І.Міхельсона. Пугачоў перайшоў на правы бераг Волгі, дзе пачалося ўсеагульнае паўстанне сялян супраць памешчыкаў і адміністрацыі. Маніфестамі ад 28 ліп. і 11 жн. 1774 ён («імператар Пётр III») вызваляў сялян ад прыгону і заклікаў знішчаць памешчыкаў. На чале новага войска Пугачоў пайшоў на Пд, узяў Саранск, Пензу, Саратаў і інш. гарады, але 5.9.1774 канчаткова разбіты Міхельсонам на Пд ад г. Царыцын. Неўзабаве яго схапілі і выдалі ўладам яго прыбліжаныя; пасля следства і суда ён з найб. актыўнымі паплечнікамі 21.1.1775 пакараны смерцю ў Маскве. Былі забіты, пакараны смерцю, закатаваны, зазналі цяжкія цялесныя пакаранні, катаргу і ссылку тысячы інш. удзельнікаў сял. вайны, апошнія ачагі якой задушаны да лета 1775. Тэрмін «С.в. 1773—75» побач з тэрмінам «паўстанне Пугачова» замацаваўся ў сав. гістарыяграфіі з 1940—50-х г. У сучаснай рас.гіст. л-ры (з 1990-х г.) найчасцей ужываецца тэрмін «паўстанне Пугачова».
Літ.:
Крестьянская война в России в 1773—1775 гг.: Восстание Пугачева. Т. 1—3. Л., 1961—70;
Овчинников Р.В. Манифесты и указы Е.И.Пугачева: Источниковедч. исслед. М., 1980.
М.Г.Нікіцін.
Да арт.Сялянская вайна 1773—75. М.І.Авілаў. Рабочыя прывозяць Пугачову гарматы. 1924.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ (Henri),
імя каралёў сярэдневяковай Францыі. Найб. значныя прадстаўнікі:
Генрых II (31.3.1519, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 10.7.1559), кароль у 1547—59. З дынастыі Валуа. Жанаты (з 1533) з Кацярынай Медычы. У 1550 адваяваў у Англіі Булонь, у 1558 — Кале. Жорстка праследаваў гугенотаў, для суда над імі ўвёў у 1547 «Вогненную палату», у 1559 выдаў эдыкт, паводле якога ерэтыкоў каралі смерцю. У саюзе з ням. пратэстанцкімі князямі ваяваў супраць імператара Карла V. У 1552 заняў епіскапствы Мец, Туль, Вердэн. У 1557 перамог ісп. войскі пад г. Сен-Кантэн. У 1559 падпісаў Като-Камбрэзійскі мір, які завяршыў Італьянскія войны 1494—1559. Смяротна паранены на турніры.
Генрых III (19.9.1551, г. Фантэнбло, Францыя — 2.8.1589), кароль Францыі ў 1574—89. Апошні прадстаўнік дынастыі Валуа. Герцаг Анжуйскі, кароль польскі і вял. князь літоўскі (1574, у польск. транскрыпцыі Генрык Валезы). У 1567 прызначаны ген. намеснікам польск. каралеўства. Баючыся паліт. ўзмацнення Генрых III у Францыі, яго брат Карл IX падтрымаў прапанову ажаніць Генрыха з Ганнай Ягелонкай, каб пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста ён стаў спадкаемцам кароны Рэчы Паспалітай. Звесткі пра падзеі Варфаламееўскай ночы, у падрыхтоўцы якіх удзельнічаў Генрых III, выклікалі выступленні супраць яго пратэстантаў Рэчы Паспалітай. Генрых III вымушаны быў даць пісьмовае пацвярджэнне ўмоў, на якіх ён будзе абраны каралём Рэчы Паспалітай (гл.Генрыкавы артыкулы). На сейме ў Варшаве 11.5.1573 гнезненскі арцыбіскуп Уханскі абвясціў выбранне Генрыха III каралём польск. і вял. князем літоўскім. Афіцыйна абвешчана абранне яго на трон 16.5.1573 пасля канчатковай згоды на гэта паслоў-пратэстантаў. 24.2.1574 каранаваны ў Кракаве. Пасля смерці Карла IX 19.6.1574 тайна пакінуў Польшчу, каб заняцьфранц. прастол. У час рэлігійных войнаў змагаўся і супраць гугенотаў, якіх узначальваў Генрых Наварскі, і супраць Гізаў — правадыроў Каталіцкай лігі (гл.Каталіцкая ліга 1576), якія прэтэндавалі на прастол у сувязі з бяздзетнасцю Генрыха III. У маі 1588 у час нар. паўстання ў Парыжы (дзень барыкад) уцёк у Шартр. Пасля забойства па загадзе Генрыха III герцага Г. дэ Гіза і яго брата кардынала Латарынгскага дэмакр. крыло Парыжскай лігі скінула яго. Генрых III разам з Генрыхам Наварскім асадзіў Парыж. У час асады забіты манахам Жакам Клеманам па загадзе лігі.
Генрых IV, Генрых Наварскі (13.12.1553, г. По, Францыя — 14.5.1610) кароль Навары з 1562, кароль Францыі ў 1589 — 1610 (фактычна з 1594). Першы кароль з дынастыі Бурбонаў. У час рэлігійных войнаў (1568—70) узначальваў гугенотаў. У 1593 прыняў каталіцтва і ўвайшоў у Парыж. У 1595 вызваліў ад іспанцаў Бургундыю, у 1597 Пікардыю, у 1598 заключыў мір з Іспаніяй. Выдаў Нанцкі эдыкт 1598, які гарантаваў гугенотам свабоду веравызнання і шмат прывілеяў. Палітыка Генрыха IV садзейнічала замацаванню абсалютызму. Пры ім не склікаліся Генеральныя штаты, абмежавана кампетэнцыя правінцыяльных сходаў, чыноўнікі дамагліся афіц. замацавання права спадчыннага наследавання і гандлю пасадамі. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочваў развіццё мануфактурнай вытв-сці і гандлю. Пры ім у 1604 пачалася каланізацыя французамі Канады. Вёў падрыхтоўку да вайны з Габсбургамі. Забіты католікам-фанатыкам Ф.Равальякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА 1939—45,
узброеная барацьба польскага народа супраць фаш. Германіі за свабоду і нац. незалежнасць Польшчы ў час другой сусветнай вайны 1939—45. 1.9.1939 Германія напала на Польшчу і развязала 2-ю сусв. вайну. Вялікабрытанія і Францыя, якія 3 вер. абвясцілі вайну Германіі, не аказалі Польшчы рэальнай ваен. дапамогі. У ходзе 35-дзённай Польскай кампаніі 1939 намнога большыя злучэнні вермахта разбілі польскія ўзбр. сілы. Гітлераўцы ўстанавілі на тэр. Польшчы жорсткі акупац. рэжым (гл. ў раздз. Гісторыя ў арт.Польшча). Польскія патрыёты паступова разгарнулі вызв. барацьбу на тэрыторыі краіны і за яе межамі.
Дзеянні польскіх узброеных сіл за мяжой у 1940—42. Да пач. 1940 у Францыі з эмігрантаў-палякаў сфарміравана 85-тыс. армія пад камандаваннем вярх. галоўнакаманд. і прэм’ер-міністра польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане ген. В.Сікорскага. У маі—чэрв. 1940 польскія часці разам з англа-франц. войскамі вялі баі каля Нарвіка (Нарвегія) і ў Францыі. Пазней польск. часці (каля 15 тыс.чал.) сфарміраваны ў Вялікабрытаніі. Польскія караблі (3 эсмінцы і некалькі падводных лодак), якія ў 1939 прарваліся ў Англію, дзейнічалі ў складзе брыт.ВМФ. У жн. 1940 — маі 1941 польскія лётчыкі ўдзельнічалі ў паветр. вайне над Брыт. а-вамі (гл.Бітва за Англію 1940—41). У Паўн. Афрыцы (Лівія) у складзе 8-й брыт. арміі ваявала брыгада Карпацкіх стралкоў, якая вызначылася пры абароне г. Табрук (жн.—снеж. 1941), у баях каля г. Эль-Газаль (снеж. 1941) і Бардыя (снеж. 1941 — студз. 1942). У 1941—42 на тэр.СССР сфарміравана польская Андэрса армія (у 1942 выведзена ў Іран).
Антыфашысцкая барацьба ў акупіраванай Польшчы ў 1939—43. Пасля акупацыі краіны зарадзіўся рух Супраціўлення, які арганізацыйна ўзмацніўся ў 1941—42; унутры руху аформіліся 2 паліт. плыні. Левыя сілы ў студз. 1942 стварылі Польскую рабочую партыю (ППР) і яе ваен. арг-цыю Гвардыю Людову, якая летам 1942 распачала баявыя аперацыі супраць акупац. улад. Польскі эмігранцкі ўрад і яго нелегальнае прадстаўніцтва ў Польшчы («дэлегатура») сфарміравалі свае ўзбр. атрады — Армію Краёву (АК), якая актывізавала сваю дзейнасць з вясны 1943. Адно з буйных выступленняў польск. патрыётаў адбылося ў варшаўскім гета (гл.Варшаўскае паўстанне 1943).
Дзеянні польскіх узброеных сіл на франтах 2-й сусветнай вайны ў 1943—45. На Захадзе ў складзе брыт.узбр. сіл ваявалі 1-ы (танк. дывізія і парашутна-дэсантная брыгада; баі ў Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Паўн. Германіі) і 2-гі (2 пях. дывізіі, баі ў Італіі, у т. л. каля Монтэ-Касіна) польскія карпусы, 15 авіяц. злучэнняў і польскія караблі. Да канца вайны польскія ўзбр. сілы на Захадзе налічвалі каля 200 тыс.чал. Пасля разрыву Сав. Саюзам адносін з польскім эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся кантакты левых польскіх сіл з СССР, дзе быў створаны Саюз польскіх патрыётаў. Для сумеснай барацьбы супраць фаш. Германіі на тэр.СССР былі сфарміраваны Першая польская дывізія імя Т.Касцюшкі (май 1943) і 1-ы польскі корпус (апошні ў сак. 1944 разгорнуты ў 1-ю Польскую армію). Летам 1944 сав. войскі і 1-я Польская армія (каля 100 тыс.чал.) уступілі на тэр. Польшчы. На вызваленай тэр. краіны быў створаны Польскі камітэт нац. вызвалення. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічала Войска Польскае (створана ў выніку аб’яднання партыз.Арміі Людовай — пераемніцы Гвардыі Людовай і 1-й Польскай арміі). У адказ АК у адпаведнасці з дырэктывай з Лондана, каб заняць Варшаву да падыходу сав. войск і абвясціць там уладу эмігранцкага ўрада, узняла Варшаўскае паўстанне 1944, якое пацярпела няўдачу. Тэр. Польшчы ў яе даваен. межах вызвалена сав. і польскімі часцямі (пры ўдзеле АК) да вясны 1945. Палітыка-прававыя аспекты аднаўлення незалежнай польскай дзяржавы знайшлі адлюстраванне на Крымскай канферэнцыі 1945. Да мая 1945 Войска Польскае дасягнула 400 тыс.чал. 1-я Польская армія ўдзельнічала ў Вісла-Одэрскай аперацыі 1945, Усх.-Памеранскай аперацыі 1945, вызваленні Варшавы (16—17 студз.), прарыве Паморскага вала (31 студз. — 10 лют.), вызваленні Памор’я і штурме г. Кольберг (Калобжаг; сак. — крас.). 1-я і 2-я (пачала фарміравацца ў жн. 1944) Польскія арміі, 1-ы танк. корпус, 1-ы паветр. корпус і інш. часці ўдзельнічалі ў Берлінскай аперацыі 1945.
Літ.:
Зуев Ф.Г. Польский народ в борьбе против фашизма. М., 1967;
Краткая история Польши. М., 1993. С. 315—360;
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРТАРЫ́ЙСКІЯ.
Чартарыскія, Чартарыжскія, княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Паводле генеалагічнай традыцыі вялі радаслоўную ад кн. Канстанціна Альгердавіча (?—1390); пры гэтым спасылаліся на сваяцтва з вял.кн.Альгердам, пацверджанае польскім каралём Уладзіславам III граматай ад 14.6.1442. Аднак гісторыкі 19 ст. выказвалі сумненні ў верагоднасці гэтай граматы і схіляліся да версіі пра іх бел. паходжанне. Прозвішча атрымалі ў 15 ст. ад свайго маёнтка Чартарыйск на р. Стыр на Палессі (Луцкі пав. Валынскага ваяв.). Княжацкі тытул Ч. зацверджаны на Люблінскім сойме 1569, у Аўстрыі ў 1785, у Каралеўстве Польскім у 1819. На Беларусі ў розны час валодалі Лагойскам, Глускам, Карэлічамі, Шкловам і інш. У канцы 16 ст. перайшлі з праваслаўя ў каталіцтва. Пачынальнікам роду Ч. лічыцца кн. Васіль (? — пасля 1417), уладальнік маёнтка Чартарыйск; яго сынамі былі Іван (? — каля 1460), Аляксандр (? — пасля 1477) і Міхаіл (? — да 1489). Патомства Аляксандра (лагойская галіна роду) у мужчынскім родзе згасла ў 16 ст. Ад унукаў Міхаіла (валынская галіна) паходзяць 2 асн. лініі роду Ч.: ад Аляксандра Фёдаравіча (? — 1571) — чартарыйская лінія (скончылася ў 1606), ад Івана Фёдаравіча (? — 1567) — клеванская лінія. Ад унука Івана Фёдаравіча — Мікалая Юрыя Ч. (? — 1662) — пайшлі 2 новыя галіны роду: старэйшая клеванская (яе прадстаўнікі ў наш час жывуць у Польшчы і краінах Зах. Еўропы), і малодшая карэцкая (згасла ў 1810). Асаблівае значэнне ў паліт. жыцці Рэчы Паспалітай Ч. мелі ў 18 ст., калі ўзначальвалі моцную групоўку магнатаў — фамілію, якая ў 2-й чвэрці — 2-й пал. 18 ст. спрабавала правесці рэформы дзярж. і эканам. ладу Рэчы Паспалітай, арыентавалася на Расію, а пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай узначаліла магнацкую апазіцыю. Гал. рэзідэнцыя Ч. была ў г. Пулавы (Люблінскае ваяв.). Найб. вядомыя: Васіль (? — пасля 1417), сын кн. Канстанціна Альгердавіча. З 1393 пры двары Ягайлы, валодаў Лагойскам. Іван (? — каля 1460), сын Васіля. Адзін з удзельнікаў змовы і забойства вял. князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча (1440), уваходзіў у раду вял. князя Свідрыгайлы. Аляксандр (? — пасля 1477), сын Васіля. Канюшы вял. князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440. Удзельнічаў у яго забойстве, таму вымушаны быў уцячы ў Маскву. У 1461 вярнуўся ў ВКЛ і атрымаў ад вял. князя ВКЛ Казіміра IV Лагойск, Асташын, Камянец. Міхаіл (? — да 1489), сын Васіля. Пасля забойства вял. князя Жыгімонта Кейстутавіча эмігрыраваў у Венгрыю. У 1444 вярнуўся, у 1445—51 маршалак дворны вял. князя Свідрыгайлы. Праціўнік экспансіі Польшчы на Валынь. У 1452 разам з братам Іванам дапамог сілам ВКЛзаняць Луцк, прызначаны намеснікам Брацлаўскім. Сямён (? — пасля 1524), сын Аляксандра, намеснік камянецкі ў 1507—18, староста чачэрскі і прапойскі, валодаў Лагойскам. Казімір (1674—31.8.1741), сын Міхаіла Юрыя, падчашы ВКЛ у 1699—1707 і 1709—12, падскарбі вялікі ВКЛ у 1707—09 (прызначаны Станіславам Ляшчынскім), падканцлер ВКЛ у 1712—24, кашталян віленскі з 1724). У час бескаралеўя 1696—97 прыхільнік на каралеўскі трон франц. прынца Франсуа Луі дэ Канці. У 1706 перайшоў на бок Станіслава Ляшчынскага, пазней супрацоўнічаў з Аўгустам II і Аўгустам III. У 1730-я г. арганізаваў магнацкую групоўку Ч. і звязаных з імі іншых родаў (фамілію), якая разлічвала з дапамогай Расіі ўмацаваць дзярж. лад Рэчы Паспалітай. Міхаіл Фрыдэрык (26.4.1696—13.8.1775), сын Казіміра, паліт. кіраўнік фаміліі ў 1740—70-я г. Падстолі ВКЛ у 1720—22, кашталян віленскі ў 1722—24, падканцлер ВКЛ у 1724—52, канцлер ВКЛ з 1752; староста гродзенскі, гомельскі, купішскі. Пасля смерці Аўгуста II (1733) прыхільнік Станіслава Ляшчынскага, у 1736 пагадзіўся з Аўгустам III. У 1744—50 спрабаваў рэфармаваць дзярж. лад Рэчы Паспалітай, абапіраючыся на падтрымку Расіі і Аўстрыі. Пасля смерці Аўгуста III (1763) у 1764 пад аховай рас. войск арганізаваў у Вільні Генеральную канфедэрацыю ВКЛ, скіраваную супраць К.С.Радзівіла Пане Каханку, і дамогся яго выгнання з краіны. Аднак Кацярына II, каб не ўзмацняць фаміліі, арганізавала ў 1767 Радамскую канфедэрацыю на чале з Радзівілам. Да антырас. Барскай канфедэрацыі ён не далучыўся, але выступаў супраць выкарыстання рас. войск для яе падаўлення. Удзельнічаў у дэлегацыі, якая падпісала трактат аб прызнанні 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. У 1763—64 як галава фаміліі падтрымліваў кандыдатуру свайго пляменніка Адама Казіміра на трон Рэчы Паспалітай. Адам Казімір (1.12.1734—19.3.1823), сын Аўгуста Аляксандра, гл.Чартарыйскі А.К. Адам Ежы (14.1.1770—15.7.1861), Сын Адама Казіміра, гл.Чартарыйскі А.Е. Канстанцін Адам (28.10.1773—20.3.1860), сын Адама Казіміра, гл.Чартарыйскі К.А. Уладзіслаў (3.7.1828, Варшава — 23.6.1894), сын Адама Ежы, польскі паліт. дзеяч. Лідэр кансерватыўнай плыні польскай эміграцыі («Атэль Ламбер») пасля смерці бацькі. У час паўстання 1863—64 прадстаўнік на Захадзе польскага Нац. ўрада, супрацоўнічаў з партыяй «белых». Старшыня гіст.-літаратурнага т-ва ў Парыжы. Пераехаў у Галіцыю, у 1876 заснаваў у Кракаве Музей Чартарыйскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІНАХ 1939—41
Напярэдадні і ў пачатку 2-й сусв. вайны тэр. Беларусі (БССР і Зах. Беларусь, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы) стала аб’ектам актыўнай дыпламатычнай і ваенна-паліт. дзейнасці з боку найб. моцных дзяржаў усх.-еўрап. рэгіёна. 23.8.1939 нарком замежных спраў СССР В.М.Молатаў і міністр замежных спраў Германіі І.Рыбентроп падпісалі ў Маскве сав.-герм. дагавор аб ненападзе тэрмінам на 10 гадоў. Да дагавора быў прыкладзены «Дадатковы сакрэтны пратакол», які размяжоўваў сферы ўзаемных інтарэсаў СССР і Германіі ва Усх. Еўропе. Бакі дамовіліся, што ў выпадку тэр.-паліт. пераўладкавання абласцей, што ўваходзілі ў склад Прыбалт. дзяржаў (Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы), паўн. граніца Літвы будзе адначасова граніцай сфер інтарэсаў СССР і Германіі. Абодва бакі прызналі інтарэсы Літвы адносна Віленскай вобл., адзначалі, што ў выпадку тэр.-паліт. пераўладкавання абласцей, якія ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы, граніца сфер інтарэсаў СССР і Германіі будзе прыблізна праходзіць па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан. Гэта азначала, што ў сферу інтарэсаў СССР пераходзілі Зах. Беларусь і Зах. Украіна. Пытанне аб захаванні незалежнасці Польшчы і яе граніцах бакі пакідалі для вырашэння ў будучым «у адпаведнасці з дружалюбнай узаемнай згодай». Пасля нападу Германіі на Польшчу і пачатку 2-й сусв. вайны ням. пасол у СССР Ф.Шуленбург паставіў 3.9.1939 перад наркомам замежных спраў СССР Молатавым пытанне аб магчымасці для СССР «у зручны момант» заняць частку Польшчы, аднесеную да «рускай сферы ўплыву». Для націску на сав. кіраўніцтва герм. войскі 9.9.1939 перайшлі дэмаркацыйную лінію, устаноўленую сакрэтным пратаколам, занялі Брэст і сталі рухацца далей на У. 14 верасня газ. «Праўда» апублікавала арт. «Аб унутраных прычынах ваеннага паражэння Польшчы», у якім канстатавалася, што прыгнёт і нераўнапраўнае становішча нац. меншасцей сталі крыніцай слабасці польскай дзяржавы і ўнутр. прычынай яе паражэння. Асаблівая ўвага звярталася на бяспраўнае становішча 11 млн. украінцаў і беларусаў.
17.9.1939 войскі Чырв. Арміі перайшлі сав.-польскую граніцу і да 25 верасня цалкам вызвалілі тэр.Зах. Беларусі. У ноце ўрада СССР ад 17 верасня гаварылася, што, паколькі Польская дзяржава фактычна спыніла сваё існаванне, сав. ўрад аддаў распараджэнне Чырв. Арміі перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Большасць бел. насельніцтва шчыра вітала «вызваленчы паход» Чырв. Арміі, звязваючы з ім надзеі на вызваленне ад польскага нац. ўціску і лепшае жыццё. Польская армія практычна не аказвала супраціўлення сав. войскам, атрымаўшы адпаведны загад ад вярх. галоўнакамандуючага. Сав. войскі спынілі прасоўванне прыкладна на «лініі Керзана».
28.9.1939 у Маскве падпісаны Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй. Ён усталяваў граніцу паміж абедзвюма дзяржавамі па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Паводле сакрэтнага пратакола Літва ўключалася ў сферу інтарэсаў СССР, а Германія ўзамен атрымлівала частку Польшчы (Люблінскае і частку Варшаўскага ваяв.). Даверны пратакол урэгуляваў пытанне аб перасяленні немцаў, якія пражывалі на тэр.СССР, на З, а беларусаў і ўкраінцаў, што пражывалі на З ад усталяванай граніцы, у СССР. 16.11.1939 падпісана сав.-германскае пагадненне аб узаемным перасяленні з СССР асоб ням. нацыянальнасці, а з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы) — асоб укр., бел. і літ. нацыянальнасцей. Каля 25 тыс. немцаў выехала ў Германію з Зах. Беларусі, а з Польшчы ў Беларусь вярнулася каля 15 тыс. беларусаў. Праз слаба абсталяваную сав.-германскую граніцу ў 1939—40 уцяклі з Польшчы ў Зах. Украіну і Зах. Беларусь каля 200 тыс. яўрэяў, у т. л. каля 120 тыс. апынулася ў Зах. Беларусі. Дагавор аб «сяброўскіх» адносінах паміж СССР і фаш. Германіяй меў негатыўныя наступствы. Але важнейшым вынікам сав.-германскага дагавора аб ненападзе і сакрэтнага пратакола да яго для Беларусі стала гістарычна справядлівая для бел. народа падзея — ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Аднак нац. ўз’яднанне было дасягнута экстрэмальнымі сродкамі ў надзвычай складаных міжнар. абставінах з парушэннем Рыжскага мірнага дагавора 1921 і ліквідацыяй Польскай дзяржавы.
10.10.1939 у Маскве падпісаны Дагавор аб перадачы г. Вільня і Віленскага краю і аб узаемадапамозе паміж Сав. Саюзам і Літвой. Горад Вільня і Віленская вобл. (тэр. 7129 км² з насельніцтвам 457 тыс. жыхароў) адлучаліся ад Зах. Беларусі і перадаваліся Сав. Саюзам Літ. Рэспубліцы. Супраць далучэння Вільні і Віленшчыны да Літвы выступіў урад Польшчы, не падтрымалі дагавор Англія і Францыя. Германія яшчэ да пачатку ваен. кампаніі супраць Польшчы падбухторвала Літву на захоп Віленшчыны, аб чым літоўскі ўрад інфармаваў Лондан. Берлін абяцаў Літве ваен. дапамогу ў выпадку паходу на Вільню. Пасля ратыфікацыі дагавора (17.10.1939) Літва паставіла перад Масквой пытанне аб унясенні карэктываў у вызначэнне граніцы, каб далучыць да яе тэрыторыі, што былі «заселены літоўцамі» (гаворка ішла пра тэр.БССР). Сав. ўрад выказаў гатоўнасць да нязначных карэктываў граніцы паміж Літвой і БССР, не мяняючы яе асн. напрамку. У прыватнасці, ён пярэчыў супраць таго, каб літоўцы, што жадаюць выехаць з Зах. Беларусі ў Літву, маглі зрабіць гэта. Між тым літоўская грамадскасць распаўсюджвала думку, што, калі Сав. Саюз «дадаткова перадасць Літве некалькі літоўскіх воласцей, якія засталіся ў яго» (гаворка ішла пра памежныя тэр.БССР), сімпатыі да СССР яшчэ больш узрастуць. Пазіцыя літоўскага ўрада характарызавалася замоўчваннем факта добраахвотнай перадачы Сав. Саюзам Вільні. У снеж. 1939 прэм’ер-міністр Літвы нават заявіў, што «Вільня і Віленскі край, хоць ускосна, заваяваны нашай арміяй». На 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (жн. 1940) 1-ы сакратар ЦККП(б)Б П.К.Панамарэнка ад імя ўрада і Прэзідыума Вярх. Савета БССР унёс прапанову «аб далучэнні да Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Свянцянскага раёна і часткі тэрыторыі з пераважным літоўскім насельніцтвам Відзскага, Гадуцішскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў». У той час яны знаходзіліся ў складзе Вілейскай і Баранавіцкай абл.БССР. Гэтыя тэрыторыі былі далучаны да Літвы паводле закона аб прыняцці Літ. ССР у склад СССР ад 3.8.1940. Старшыня Рады БНР В.І.Захарка 12.10.1939 накіраваў пратэст прэзідэнту Літвы А.Сметане супраць падпісання дагавора «аб пераходзе да Літвы беларускага горада Вільні і беларускіх зямель Віленскай вобласці», у якой указаў на адказнасць Літвы перад бел. народам за гэты незаконны акт.
Бел. пытанне не набыло ў Германіі колькі-небудзь істотнага значэння пасля прыходу нацыстаў да ўлады ў 1933. Да 1940 тут не было распрацавана ніякіх праграм расчлянення СССР. Пасля заняцця Чэхіі ням. войскамі лідэры бел. дыяспары ў Празе І.А.Ермачэнка і Захарка накіравалі Гітлеру 20.4.1939 мемарыял з просьбай прыняць пад увагу бел. пытанне ў планаваным разгроме і расчляненні СССР. Бел. дзеячаў запэўнілі, што Германія супраць канцэпцыі «адзінай і непадзельнай Расіі». Паліт. мэты адносна зах.сав. рэспублік Гітлер упершыню сфармуляваў 21.7.1940, калі паведаміў герм. генералітэту аб рашэнні напасці на СССР. На яго думку, на зах. абшарах СССР павінны былі ўтварыцца 3 асобныя дзярж. арганізмы — Украіна, Беларусь і федэрацыя Прыбалт. рэспублік. У наступных выказваннях Гітлер акрэсліваў іх ролю як залежных ад Германіі і «вольных ад Сталіна рэспублік», як буфераў Трэцяга Рэйха. У сак. 1941 ён гаварыў пра Украіну, Беларусь і балтыйскія краіны як дзяржавы-пратэктараты. Пазіцыя А.Розенберга, прызначанага міністрам акупіраваных усх. земляў, адносна Беларусі была больш скептычная. Ён не планаваў прызнання незалежнага дзярж. статуса Беларусі, як, напр., Украіны. У маі 1941 Розенберг выказаўся за злучэнне Беларусі з прыбалт. краінамі ў адным Рэйхскамісарыяце Остланд, што потым і было рэалізавана ў час акупацыі. Паліт. планы рэйха ў сувязі з патэнцыяльным ваен. канфліктам з СССР выклаў Рэйхсляйтэр Розенберг у гутарцы з кіраўніком абвера В.Канарысам 31.5.1941.
Прадугледжвалася расчляненне рус. прасторы на 4 дзяржавы: пашыраная на ўсход Фінляндыя; пашыраная за кошт бел. зямель Прыбалтыка (у якасці ням. пратэктарата, з перспектывай наступнай германізацыі); самастойная Украіна; Каўказ як федэратыўная дзяржава пад герм. кіраўніцтвам.
Літ.:
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы. Лёндан, 1960;
«Совершенно секретно! Только для командования!» Стратегия фашистской Германии в войне против СССР: Док. и материалы. М., 1967;
СССР—Германия 1939—1941: Док. и материалы о сов-герман. отношениях. Т. 1—2. Вильнюс, 1989;
Семиряга М.И. Тайны сталинской дипломатии (1939—1941). М., 1992;
Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1.