ГІРСУТЫ́ЗМ (ад лац. hirsutus махнаты, валасаты),

мужчынскі тып абваласення ў жанчын; адно з праяўленняў вірылізму. Тэрмін «гірсутызм» увёў франц. ўрач Э.​Апер у 1910. Гірсутызм найчасцей бывае пры хваробах, якія ўзнікаюць пры пашкоджанні кары наднырачнікаў і палавых залоз. Праяўляецца валасатасцю на твары (вусы, барада), жываце, грудзях, руках, нагах, атлусценнем («тлусты» тып гірсутызму) з вял. колькасцю вугроў ці мужчынскімі рысамі («мышачны»); у дзяўчынак — заўчасным развіццём вонкавых палавых органаў і другасных палавых прыкмет, што ўласцівы мужчынскаму полу, адсутнасцю менструацый, павелічэннем малочных залоз (за кошт тлушчавай тканкі), грубым голасам; псіхіка і інтэлект зніжаны, палавыя пачуцці адсутнічаюць. Лячэнне хірургічнае. Валасатасць іншы раз бывае ў жанчын у клімактэрычны перыяд пры паніжэнні функцый яечнікаў. Лячэнне: электракаагуляцыя, электроліз.

т. 5, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕСТАГЕ́ННЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя прэпараты гармонаў жаночых палавых залоз (жоўтага цела). Выкарыстоўваюцца пры недастатковай функцыі жоўтага цела для прафілактыкі выкідышаў (у першай палавіне цяжарнасці) і пры парушэннях менструальнага цыкла. Да гестагенных сродкаў адносяцца: прагестэрон і аксіпрагестэрону капранат, прагнін і інш.

т. 5, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛА́СТАЎЧЫНЫ ГНЁЗДЫ»,

гнёзды некаторых відаў саланган — птушак падатр. стрыжоў, падобныя да ластаўчыных (адсюль назва). Пабудаваны з выдзяленняў пад’язычных слінных залоз. Саланганы прымацоўваюць іх пад столлю ў глыбіні высокіх пячор і гротаў. У некат. краінах Паўд.-Усх. Азіі «Л.г.» — далікатэс.

т. 9, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРУДЗІ́Н [ад лац. hirudo (hirudinis) п’яўка],

поліпептыд, які знаходзіцца ў сакрэце слінных залоз мед. п’яўкі. Утвараючы злучэнне з ферментам крыві трамбінам, перашкаджае ўзнікненню фібрыну, чым затрымлівае згусанне крыві. На гэтым засн. выкарыстанне п’явак у медыцыне. Гірудзін валодае болепатольным і процізапаленчым дзеяннем.

т. 5, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБЫ́ШКА,

кладка яец саранчовых, акружаная застылымі пеннымі выдзяленнямі прыдатачных залоз палавых шляхоў і інкруставаная часцінкамі глебы. Мае форму поласці, якую самка выкопвае яйцакладам у глебе. Форма К. і суадносіны яе асобных ч. відаспецыфічныя (па К. вызначаюць, якімі відамі саранчовых заселены ўчастак).

т. 8, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЧА́ЦЦЕ,

пачатак фарміравання і развіцця новага арганізма пасля апладнення — аб’яднання спелай яйцаклеткі са сперматазоідам; пачатак цяжарнасці ў чалавека і жывародных жывёл. Прычынай няздольнасці да З. могуць быць розныя захворванні палавых органаў, парушэнні функцый залоз унутранай сакрэцыі, хранічныя інфекцыі, інтаксікацыі і інш.

т. 7, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТНІ́ЦА,

высыпанне на скуры тулава дробных светлых або чырв. пухіркоў, скурнае захворванне. Развіваецца ад затрымкі поту ў вывадных канальцах потавых залоз. Прычыны: пераграванне арганізма, залішняя паўната і інш. Часам суправаджаецца свербам. Пашырана ў дзіцячым узросце. Лячэнне; прысыпкі, мясцова — антысептычныя і процізапаленчыя сродкі.

т. 12, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІАРТРЫ́Т (ад полі... + артрыт),

артрыт множны, артрыт рэўматоідны, адначасовае або паслядоўнае запаленне шматлікіх суставаў. Прычыны: інфекцыя (стафілакок, стрэптакок, вірусы і інш.), хранічныя танзіліт і халецыстыт, рэўматызм, парушэнні абмену рэчываў і функцый залоз унутр. сакрэцыі. Прыкметы і лячэнне П. гл. ў арт. Артрыт.

т. 12, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНО́МА (ад адэн... + ...ома),

дабраякасная пухліна, якая можа развіцца з залозістага эпітэлію і захаваць структурныя прыкметы зыходнай тканкі. Развіваецца ў тканках малочнай, шчытападобнай, прастаты, гіпофіза і інш. залоз, а таксама ў залозістым эпітэліі слізістых абалонак страўніка, кішэчніка і інш. Часам перараджаецца ў злаякасную пухліну. Лячэнне хірургічнае.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЦЭ́НКА—КУ́ШЫНГА ХВАРО́БА,

эндакрынная хвароба, абумоўленая пашкоджаннем гіпаталама-гіпафізарнай вобласці галаўнога мозга і другаснай гіперфункцыяй кары наднырачнікаў. Прычыны: пухліны, інфекц., запаленчыя хваробы і траўмы чэрапа. Праяўляецца атлусценнем, гіпертаніяй, гірсутызмам у жанчын, дыябетам цукровым, астэапарозам, парушэннем функцыі палавых залоз, сухасцю скуры і інш. Лячэнне: тэрапеўтычнае, рэнтгенатэрапія, хірургічнае.

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)