Існаваў у 1497—1839 у Кобрыне. Засн.кн. Кобрынскімі як праваслаўны манастыр пры Спаскай царкве. У 1501 княгіня Фядора, удава І.С.Кобрынскага, адпісала манастыру с. Корчыцы з людзьмі і ўсімі данінамі, 2 корчмы ў Кобрыне, дзесятую мерку жыта з млына на р. Кобрынка і дзесятую капу жыта і яравога збожжа з Кобрына. Інвентар К.С.м. 1549 надрукаваны ў 6-м томе «Актаў Віленскай камісіі». Пасля Брэсцкай уніі 1596 манастыр стаў уніяцкім, належаў ордэну базыльян, меў свайго архімандрыта, некаторы час падпарадкоўваўся непасрэдна літ. правінцыялу (у 1713 архімандрыя адноўлена). Тут праходзіў Кобрынскі царк. сабор 1626. Указам Рас. імператара 1828 у К.С.м. адкрыта духоўнае вучылішча. Пасля Полацкага царк. сабора 1839 манастыр закрыты. Захаваўся мураваны жылы корпус 2-й пал. 18 ст. — помнік архітэктуры барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬЦО́ВЫ СТАНО́К,
станок для здрабнення зерня (пшаніцы, жыта і інш. збожжавых культур), прамежкавых прадуктаў, а таксама солі, мінер. угнаенняў, какава-прадуктаў і інш. матэрыялаў. Мае пару або дзве пары вальцаў, якія верцяцца насустрач адзін аднаму. Вальцовыя станкі з наразнымі вальцамі выкарыстоўваюцца для грубага здрабнення, з гладкімі — для тонкага памолу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЧКА ВІ́ЛЕНСКАЯ,
даўняя мера аб’ёму сыпкіх рэчываў. На Беларусі ў 16—18 ст. 1 бочка віленская = 4 чвэрцям = 8 асьмінам = 72 вял. гарцам = 144 гарцам малым = 406,7 л. Прыблізна адпавядае 19 пудам жыта, 18 пудам пшаніцы, 15 пудам ячменю, 10 пудам аўса. У розных раёнах Беларусі на розныя патрэбы існавалі мясц. «бочкі», якія адрозніваліся памерамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫ́НЯ,
1) від мэблі; тое, што куфар. 2) Дашчаная або плеценая ёмістасць для захоўвання збожжа. Мела розныя памеры, часам — некалькі адсекаў. Найчасцей С. ставілі ў свірне, каморы, радзей у сенцах. У ёй захоўвалі жыта, ячмень, гарох, авёс і інш. С. звычайна зверху зачынялі вечкам.
3) У зах. раёнах Беларусі дашчаная ёмістасць, у якой перавозяць бульбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯРНЯ́ЎКА,
сухі аднанасенны плод з тонкім каляплоднікам, шчыльна прыціснутым да семя і зрослым з ім каля асновы. Характэрна для злакаў. У жыта і пшаніцы З. ападаюць голыя, у аўса, проса, ячменю і дзікарослых відаў — разам з кветкавымі лускамі. Такія З. зрэдку маюць прыдаткі (валасяныя чубкі, перыстыя асцюкі і інш.), якія садзейнічаюць распаўсюджванню пладоў. З. збожжавых злакаў называюць зернем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКРЫЖАВА́НАЕ АПЫЛЕ́ННЕ, алагамія,
апыленне кветак пылком інш. раслін таго ж віду. Уласціва голанасенным і большасці пакрытанасенных. Спалучаецца з самаапыленнем, якое бывае асн. або рэзервовым. Строга перакрыжавана-апыляльных раслін мала (напр., жыта). Адбываецца з дапамогай насякомых, ветру, часам пры ўдзеле вады, птушак, жывёл. Садзейнічае спадчыннай зменлівасці, якая забяспечвае прыстасаванасць папуляцый і відаў да змен навакольнага асяроддзя. Гл. таксама Апыленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАРО́ЖЫЧ,
вобраз стараж. міфалогіі ўсх. славян, божаства зямнога агню, сын Сварога. Яму пакланяліся, да яго звярталіся з малітвай (найчасцей гэта рабілі каля ёўні). У час сушкі снапоў у ёўні спальвалі неабмалочаны сноп жыта як ахвяру С. Прымхлівыя людзі лічылі, што С. можа адвесці бяду. З пашырэннем хрысціянства імя С. паступова знікла, але сляды культу захоўваліся да канца 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ДАВАЕ ПЕ́ЧЫВА адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. На Беларусі ім сустракалі і частавалі гасцей, бралі ў поле, едучы першы раз сеяць, пакідалі ў полі на дажынках, давалі жывёле, каб добра вялася, ім клікалі вясной буслоў і г. д. На радзіны звычайна пяклі жытнія пірагі (дарылі бабкам-павітухам), якія з жартамі ламалі, каштавалі, елі з баршчом за святочным сталом. Жанчын, што ішлі ў адведкі, частавалі пірагамі (на Брэстчыне такі пірог наз. скрушок). На вяселле акрамя каравая пяклі пшанічныя пірагі маладым — месяц, падручнік, крыж (булка з крыжам). Падручнік і крыж пяклі для маладой, з імі яна ехала да маладога і клала на века дзяжы свекрыві. Памінальнае печыва заўсёды было прэснае (мёртвы хлеб) — корж, гарачыкі, галушкі, праснак. Корж і гарачыкі крышылі ў канун, «па крошцы» раздавалі прысутным за жалобным сталом. На Каляды пяклі жытнія пірагі-каляднікі, якімі абдорвалі калядоўшчыкаў. На саракі выпякалі 40 піражкоў (птушкі з цеста, галушкі, варэнікі) з макам або з фасоляй (іх называлі саракі, жаваронкі, бапкі). У вялікі пост пяклі храсцы-крыжыкі, саху, барану (булку, абкладзеную шышкамі), якія бралі ў поле, едучы сеяць. На Благавешчанне пяклі пампушкі, галёпы, якімі сустракалі буслоў, на Вялікдзень — здобныя пірагі (паскі, калачы). На Палессі на Юр’я пяклі расянік і хадзілі з ім вакол жыта, у Бярозаўскім р-не гатавалі піражок-юрок і клалі ў жыта (калі жыта яго не закрывала, то гэта прадказвала дрэнны ўраджай). У некаторых мясцінах на Юр’я ішлі ў поле з хлебам і інш. частаваннем. На святы рабілі таксама варэнікі з хлебнага цеста з макам або канапляным семем (на Варвару, Міколу), каржы з мёдам (напярэдадні Купалля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРУХО́ВІЧ (Сцяпан Адамавіч) (1.1.1909, в. Губіна Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 5.4.1989),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Працаваў у станковым жывапісе. Сярод твораў: «Веснавая сяўба» (1947), «Коні. На лузе» (1953), «Калгасны табун» (1958), лірычныя і індустр. пейзажы «Жыта» (1947), «Мінскае мора» (1954), «Новалукомль» (1966), «Пейзаж з лодкай» (1973), «Перад дажджом» (1975), партрэт Я.Купалы (1979) і інш.