Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАМІ́РАВА ЕВА́НГЕЛЛЕ,
самы старажытны датаваны помнік стараслав. кірылічнага пісьменства; кніга евангельскіх чытанняў па тыднях. Перапісана ў 1056—57 з балг. арыгінала дыяканам Грыгорыем для наўгародскага ваяводы і пасадніка Астраміра (адсюль назва). Напісана на пергаменце (30×35 см) у 2 слупкі на 294 аркушах. Аздоблена выявамі евангелістаў, ініцыяламі і застаўкамі, стылізаванымі пад інкрустацыю на эмалі і размаляванымі фарбамі і золатам. Зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Публ.:
Остромирово Евангелие 1056—1057. Л., 1988.
Першая старонка тэксту і мініяцюра з Астрамірава евангелля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«УНІВЕРСІТЭ́ЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ»,
рукапісны помнік слав. пісьменнасці 1-й трэці 13 ст. Мяркуюць, што паходзіць з Полацка-Смаленскіх зямель. Зберагаецца ў навук. б-цы Маскоўскага ун-та (адсюль назва).
Пісана ўставам на пергаменце. Тэкст змешчаны ў 2 слупкі на 240 аркушах. Аздоблена застаўкай, ініцыяламі, мініяцюрай, дзе на сінім фоне выява евангеліста Іаана, акаймаваная рамкай у выглядзе арх. куліс. Арнамент застаўкі — расл. ўзор, утвораны перапляценнем парасткаў з чырв. і блакітнымі кветкамі на зялёным фоне. Расл. матывы і аздабленні ініцыялаў выкананы чырв.-аранжавай фарбай.
Літ.:
Вздорнов Г.И. Искусство книги в Древней Руси. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎРЫШАЎСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел. рукапісны помнік 1-й пал. 14 ст. Напісана для Лаўрышаўскага манастыра ўставам на пергаменце царк.-слав. мовай. Тэкст размешчаны ў 2 калонкі. Мае 374 нумараваныя старонкі. Змяшчае кананічны тэкст 4 евангельскіх кніг Новага запавету, што ўзыходзіць да стараж.-рус. традыцыі, дастасаваны да царк. службы (т. зв. апракас), а таксама 14 разгорнутых запісаў 14—16 ст. пра ўклады ў манастыр землямі, дваровымі людзьмі, збожжам, грашамі з упамінаннем мясц. прозвішчаў і геагр. пунктаў. Укладныя запісы перамяжоўваюцца ўстаўкамі на старабел. мове і маюць сціслыя каментарыі 16—17 ст. на бел. і польск. мовах. Кніга аздоблена вял. колькасцю па-мастацку выкананых ініцыялаў у тэраталагічным стылі і 19 мініяцюрамі на евангельскія сюжэты, некаторыя — складаныя шматфігурныя кампазіцыі. Пераплёт зроблены з дошак, абцягнутых аксамітам. На пераплёце замацаваны адзін з самых стараж.бел. абкладаў. На верхняй вокладцы 4 навугольнікі з бірузой. Іх краі аздоблены суцэльным карункавым арнаментам. У цэнтры абклада на сярэбранай пласціне выява святога з дзідаю і шчытом. Некат. даследчыкі лічаць, што ў вобразе святога ўвасоблены заснавальнік Лаўрышаўскага манастыра Войшалк, на думку інш. даследчыкаў — гэта Дзмітрый Салунскі. Сярэднік на ніжняй вокладцы — пазалочаны крыж-распяцце. Кніга рэстаўрыравана ў 1887. Зберагаецца ў б-цы імя Чартарыйскіх у Кракаве.
Літ.:
Щапов Я.Н. Восточнославянские и южнославянские рукописные книги в собраниях Польской Народной Республики. М., 1976. С. 78—85;
Свентицкий И.С. Лаврашевское Евангелие начала XIV в.: (Палеогр.-граммат. описание) // Изв. отд.Рус. яз. и словесности имп. Академии наук. СПб., 1913. Т. 18, кн. 1.
А.М.Пяткевіч.
Лаўрышаўскае евангелле. Пераплёт з абкладам (16 ст.?).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
рукапісны помнік усх.-слав. пісьменства 14 ст. Укладзена кн. Васілём Міхайлавічам Друцкім і яго жонкай Васілісай у царкву Багародзіцы ў Друцку (Талачынскі р-н), у 1441 — віленскім месцічам Коканам у царкву Уваскрэсення Хрыстова ў Вільні, у 18 ст. належала архіепіскапу наўгародскаму Феадосію Яноўскаму.
Напісана на царк.-слав. мове ўставам на 376 старонках фарматам «у аркуш». Тэкст размешчаны ў 2 калонкі па 25—28 радкоў у кожнай. Важнае культ.-гіст. значэнне маюць запісы ў канцы рукапісу, якія сведчаць пра існаванне Друцка ўжо ў 10 ст. і пабудову першай царквы ў гэтым горадзе ў 1001. Маст. аздабленне — застаўкі і 54 ініцыялы тэраталагічнага характару, выкананыя чырвонай фарбай (кінавар). Зберагаецца ў б-цы Сібірскага аддзялення Рас.АН.
Літ.:
Тихомиров М.Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. М., 1968. С. 9—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЕВА́НГЕЛЛЕ НАПРАСТО́ЛЬНАЕ»,
помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання. Выдадзена П.Мсціслаўцам у 1575 у Вільні на царк.-слав. мове.
Надрукавана фарматам у аркуш буйным шрыфтам, які спалучае рысы паўустава рус. і бел. рукапісаў. «Е.н.» — асобны тып кнігі, своеасаблівы фаліянт з гравіраванымі франтыспісамі (выявы евангелістаў Іаана, Лукі, Матфея, Марка; мяркуюць, што ксілаграфіі з выявамі евангелістаў зрабіў Мсціславец), якія выкананы ў маньерысцкім стылі і вызначаюцца дэкаратыўнасцю. У трактоўцы фону, што складаецца з арх. дэталей, раслінных матываў, стылізаваных выяў жывёл і інш., спалучаны рысы готыкі і рэнесансу. Змешчана таксама 11 заставак і 4 ініцыялы. Застаўкі нагадваюць т.зв. старадрукарскі арнамент (адлюстраванні акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.), іх узор выкананы чорнымі лініямі па белым фоне. Выкананыя на высокім для таго часу ўзроўні тэхнікі гравіравання дрэварыты, застаўкі, ініцыялы, а таксама шрыфт з’явіліся ўзорам для шматлікіх выданняў бел., рус., укр. друкарняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РАЎСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
старажытнарускі рукапісны помнік 11 ст.; самая ранняя (з тых, што захаваліся) кніга, створаная на бел. землях. Збераглося 10 аркушаў. Напісана на пергаменце ўставам, аздоблена ініцыяламі (старавізантыйскі тып, выкананы на зялёным фоне, размаляваны чырв. і сіняй фарбамі) і маргінальнымі ўпрыгожаннямі ў выглядзе гронкі. Ёсць укладныя запісы 2.5.1508, 10.2.1513, 1781. Знойдзена ў г.п. Тураў (Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл.) у 1865, вывезена М.Сакаловым у Віленскую публічную б-ку. Зберагаецца ў б-цы АН Літвы. У 1962—63 рэстаўрыравана, зроблены новы пераплёт, стары (17 ст.) захоўваецца асобна.
Публ.:
Туровское евангелие одиннадцатого века. Вильна, 1869.
Літ.:
Сводный каталог славяно-русских рукописных книг, хранящихся в СССР, XI—XIII вв. М., 1984;
Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993;
Пуцько В. Ілюмінацыя Тураўскага евангелля XI ст. // Бел.гіст. агляд. 1998. Т. 5, сш. 1(8).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел. рукапісны помнік канца 16 ст. Напісаны ў 1582 у г. Слуцк (Мінская вобл.), відаць, кн. Юрыем Алелькавічам. Да 1917 захоўвалася ў Слуцкім Свята-Троіцкім мужчынскім манастыры. Да канца 1920-х г. у фондах Мінскага дзярж. музея, з 1929 — у Магілёўскім дзярж. музеі, адкуль знікла ў пач.Вял.Айч. вайны. У 2002 перададзена ў Бел. экзархат. Напісана царк.-слав. мовай уставам на 259 аркушах у 2 калонкі па 20 радкоў на чарпанай паперы. Мае каляровыя застаўкі. Пераплёт 19 ст. з кардону ў чырвоным аксаміце. На 1-м аркушы — запіс спавядальніка князя пратапопа Малафея.
Літ.:
Древнерусский город Слуцк и его святыни: Ист. очерк / Сост. Серно-Соловьевич Ф.Ф. Вильно, 1896. С. 35;
Снитко А.К. Описание рукописей и старопечатных книг в Слуцком (Минской губ.) Тройчанском монастыре // Изв. ОРЯС. 1911. Т. 16, кн. 1;
Запісы БІНІМ. 1974. Кн. 12. С. 103;
Katamajska-Saeed M. Portrety i zabytki ksiąźąt Olelkowiczów w Słucku: Inwentaryzacja Józefa Smolińskiego z 1904 r. Warszawa, 1996. S. 37.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́ЖСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
рукапісны помнік 13—14 ст. Напісаны царк.-слав. мовай уставам у 2 слупкі, па 24 радкі ў слупку, на 187 пергаментных аркушах. Уключае пачаткі тэкстаў евангелляў ад Іаана, Матфея, Лукі, чытанні ад Марка, Лукі і Іаана (уперамежку), саборнік (паказальнік евангельскіх чытанняў па святах). На палях зроблены надпісы 16 ст.: зачыны асобных евангелляў і інш. У М.е. змешчаны 1 застаўка і каля 350 ініцыялаў, выкананых пераважна ў тэраталагічным стылі. Асобныя ініцыялы маюць жанравы характар. На адным з іх (літара «В») адлюстраваны селянін з рыдлёўкай — адна з першых у бел. мастацтве выяў працы. Аздобы выкананы 4 колерамі: сінім, чырвоным, зялёным, жоўтым. На сярэбраных пласцінках скуранога пераплёту выгравіраваны выявы евангелістаў і Хрыста на крыжы. На 1-й і апошняй старонках у 16 ст. зроблены запісы пра тое, што мінскі бурмістр Васіль Лах ахвяраваў гэты экзэмпляр царкве св. Юр’я ў Мсціжы (Барысаўскі р-н Мінскай вобл.). Зберагаецца ў б-цы АН Літвы.
Літ.:
Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;
Соболевский А.И. История русского литературного языка. Л., 1980;