назва горных хрыбтоў у гарах Сярэдняй Азіі, Паўд. Сібіры, Урала (напр., Джунгарскі Алатау, Заілійскі Алатау, Кіргізскі Алатау, Кузнецкі Алатау) з добра выяўленай вышыннай пояснасцю, на схілах якіх участкі, укрытыя расліннасцю, чаргуюцца са снежнікамі і ледавікамі, камяністымі россыпамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́ЛЬНАЯ ВА́ДКАСЦЬ,
ідэалізаваная вадкасць, у якой у адрозненне ад рэальнай вадкасці адсутнічаюць вязкасць і цеплаправоднасць. І.в. неперарыўная, не мае структуры. Такая ідэалізацыя дапушчальная ў многіх выпадках у гідрааэрамеханіцы і добра апісвае рэальныя цячэнні вадкасцей (і газаў) на дастатковым аддаленні ад мяжы падзелу з нерухомым асяроддзем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРЭІ́ДЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскія німфы, 50 дачок марскога бога Нерэя. Іх імёны ўказваюць на зменлівасць, глыбіню, імклівасць і капрызнасць мора. Лічылася, што Н. добра ставяцца да людзей і дапамагаюць ім у бедствах. Найб. вядомыя з Н.: Амфітрыта (жонка Пасейдона), Фетыда (маці Ахіла), Галатэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́НЫ (Varanidae),
сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. 1 сучасны род, 24 віды. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераным паясах Усх. паўшар’я (акрамя Мадагаскара). Жывуць у парослых кустамі мясцінах, многія — каля прэснаводных вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. Найб. вядомы варан шэры (Varanus griseus), пашыраны ў Паўн. Афрыцы, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі.
Даўж. выкапнёвых продкаў з плейстацэну да 10 м, сучасных — ад 0,8 да 3,7 м (варан камодскі — Varanus komodoensis — самая вял. яшчарка свету масай да 150 кг). Цела падоўжанае, ногі добра развітыя, хвост у многіх відаў прыплясканы з бакоў. Галава ўкрыта дробнымі рагавымі шчыткамі. Язык доўгі, глыбока рассечаны на канцы. Драпежнікі, кормяцца яшчаркамі, змеямі, дробнымі млекакормячымі, воднымі жывёламі. Мяса варана ядомае, скура ідзе на выраб абутку. Варан камодскі ў Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗНЯ́ТЫ (лац. Gemini),
адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў паўн. паўшар’і неба, паміж сузор’ямі Рака і Цяльца. Найбольш яркія зоркі — Полукс і Кастар (адпаведна 1-й і 2-й зорнай велічыні). З тэр. Беларусі добра відаць увосень, зімой і вясной (гл.Зорнае неба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАМА́ТЫ,
солі брамнаватай кіслаты HBrO3. Крышталічныя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе (акрамя браматаў барыю). Устойлівыя ў звычайных умовах, пры награванні раскладаюцца з вылучэннем кіслароду або кіслароду і брому. Атрымліваюць узаемадзеяннем брому з шчолачамі, хім. ці электрахім. акісленнем брамідаў. Выкарыстоўваюцца як акісляльнікі ў арган. сінтэзе і хім. аналізе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАНЖАРЭ́Я (франц. orangerie),
зашклёнае памяшканне для вырошчвання зімоўкі паўд. раслін (цытрусавых, кветкавых, вечназялёных, пладова-ягадных і інш.). Аранжарэі добра асвятляюцца, маюць неабходны рэжым тэмпературы, вільготнасці і ўмовы для догляду раслін. Бываюць 1- і 2-схільныя, блочныя, ангарныя.
Аранжарэя батанічнага комплексу ў Сан-Антоніо (ЗША). Арх. Э.Амбаш. 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГЕНАВАДАРО́ДЫ,
хімічныя злучэнні галагенаў з вадародам, HX (X-F, Cl, Br, I). У звычайных умовах газы (акрамя фторыстага вадароду HF — бясколерная вадкасць) з рэзкім пахам, добра растваральныя ў вадзе. Водныя растворы галагенавадародаў — моцныя к-ты, акрамя раствору HF (к-та сярэдняй сілы). Гл. таксама Бромісты вадарод, Ёдзісты вадарод, Хлорысты вадарод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁДНАВА́ТАЯ КІСЛАТА́,
моцная неарган. к-та, HIO3. Бясколерныя шклопадобныя крышталі, tпл 110 °C. Добра раствараецца ў вадзе. Солі HIO3 — ёдаты раскладаюцца пры т-ры, вышэйшай за 400 °C, моцныя акісляльнікі (напр., ёдат калію KIO3). Атрымліваюць у водных растворах акісленнем ёду канцэнтраванай азотнай к-той. Выкарыстоўваюць як матэрыял для гукаправодаў акустааптычных прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫПО́Й,
метал ці сплаў, які запаўняе зазор паміж дэталямі, што злучаюцца пры пайцы. Т-ра плаўлення П. ніжэйшая за т-ру плаўлення матэрыялаў, што спайваюць. Расплаўлены П. павінен добра змочваць матэрыялы, якія злучаюць, а пры застыванні ўтвараюць шчыльныя, каразійнаўстойлівыя злучэнні. Пашыраны П. на аснове волава, свінцу, цынку, медзі, нікелю, серабра.