ПЛАЎ, План,

рака на Украіне і ў Лельчыцкім р-не (ніжняе цячэнне) Гомельскай вобл., правы прыток р. Сцвіга (бас. р. Прыпяць). Даўж. 45 км, у т. л. на Беларусі 14 км. Пл. вадазбору 326 км², у т. л. на Беларусі 68 км². Пачынаецца за 4 км на ПнЗ ад в. Юрове Алеўскага р-на Жытомірскай вобл., цячэ па Жытомірскім Палессі, на Беларусі па нізіне Прыпяцкае Палессе. Вусце за 5 км на ПнЗ ад в. Дзяржынск. Рэчышча ў верхнім цячэнні слабазвілістае, на астатнім працягу каналізаванае.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЙДАНАЎСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА».

Існавала ў мяст. Койданава (сучасны г. Дзяржынск Мінскай вобл.) і нейтральнай зоне каля яго ў ліст. 1920. Створана ў выніку арганізаванага антыбальшавіцкага паўстання (кіраўнік П.​Калечыц). Паўстанцкі штаб размяшчаўся ў фальварку Янава каля в. Дзягільна, базы паўстанцаў знаходзіліся ў вёсках Дзягільна і Касілава. Паўстанцы абвясцілі ў Койданаве і нейтральнай зоне Койданаўскую «самастойную рэспубліку», прынялі адозву да насельніцтва, у якой заклікалі змагацца «за вольную Беларусь», выдалі загад пра наладжванне абароны мястэчка. «Рэспубліка» пратрымалася 4 дні, пасля яе ліквідацыі часцямі Чырв. Арміі барацьба набыла форму партыз. змагання, якое працягвалася да падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921.

т. 8, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́БКА,

невялікая пакаёвая печ, звычайна для абагрэву. Вядома здаўна, на Беларусі пашырана з 2-й пал. 16 ст. Рабілі грубкі з цэглы, абліцаванай дэкар. пліткай, гаршковай паліванай і непаліванай кафляй. Выкарыстоўвалі ў жыллі, грамадскіх будынках (корчмах, аўстэрыях, ратушах, аптэках і інш.).

У сядзібных і палацавых будынках 16 — пач. 20 існавалі па-мастацку аздобленыя грубкі (сядзібныя дамы ў вёсках Агарэвічы Ганцавіцкага, Дзераўная Стаўбцоўскага р-наў, г.п. Карэлічы, г. Шклоў, палац у Нясвіжы і інш.). У дэкоры выкарыстоўвалі паліхромную ўзорыстую кафлю (вёскі Асташын і Дзяляцічы Навагрудскага р-на), з рэльефнымі геральдычнымі выявамі (Заслаўе, Лагойск, Нясвіж, Дзяржынск), з раслінным і інш. арнаментам.

Грубка ў Нясвіжскім палацы. Канец 18 ст.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСКАЯ ГАРА́ (да 1958 Святая гара),

найвышэйшы пункт Мінскага ўзвышша і Беларусі. Знаходзіцца каля в. Скірмантава, за 20 км на Пн ад г. Дзяржынск, за 30 км на ПдЗ ад г. Мінск. Выш. 345 м над узр. м. Над рэкамі, вытокі якіх пачынаюцца каля падэшвы гары (Пціч, Іслач, Сула, Уса), узвышаецца на 40—50 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта лёсападобнымі пародамі (суглінкамі і супескамі), сфарміраванымі ў час паазерскага зледзянення. Мае выгляд буйнога спадзіставыпуклага падняцця. Схілы на ПдЗ стромкасцю да 5°, на Пн і У — да 2°, разараныя, толькі 15% тэрыторыі на ПнЗ пад маладым лесам. На разараных участках плоскасны змыў.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЧУ́К (Вікторыя Яфімаўна) (н. 7.7.1944, с. Княжыкі Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла вучылішча прыкладнога мастацтва ў г. Косаў (Украіна; 1964), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). З 1970 працавала на Мінскім маст.-вытв. камбінаце, з 1983 у акцыянерным т-ве «Мінскі фарфоравы завод». Працуе ў кераміцы. Выканала манум. дэкар. пано для паштамта ў г. Дзяржынск — «Гісторыя пошты» (1980), для Мядзельскага музея нар. славы — «Стары Мядзел», «Новы Мядзел». «Вялікая Айчынная вайна», «Старадаўнія рамёствы», «Фальклор» (усе 1983—87). Аўтар дэкар. пластыкі «Праметэй» (1975), «Сям’я» (1976), «Сілуэты часу» (1977), «Васількі» (1985) для Нац. т-ра імя Я.​Купалы, сервізаў «Успамін» (1986), «Чараіт» (1997) і інш.

В.Данчук. Сілуэты часу. 1977.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВО́Е,

вёска ў Беларусі, у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПдЗ ад г. Дзяржынск, 47 км ад Мінска, 11 км ад чыг. ст. Койданава. 420 ж., 147 двароў (1995).

Вядома з 16 ст. ў складзе Старынкаўскай вол. Мінскага пав. ВКЛ, уласнасць Радзівілаў. У 1756 пабудавана царква. У 19 ст. ў складзе Койданаўскай вол. У 1867 адкрыта пач. школа. З 1924 цэнтр сельсавета Койданаўскага р-на, з 1932 — нац. польскага сельсавета, з 1936 — бел. сельсавета Дзяржынскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў Баравым дзейнічала падп. група Дзяржынскага антыфаш. к-та. У 1970 — 288 ж., 99 двароў. У Баравым сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — капліца-пахавальня (пач. 20 ст.).

т. 2, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1985 на базе гіст. музея сярэдняй школы № 3 г. Дзяржынск, адкрыты ў 1987. Пл. экспазіцыі 400 м², 4 тыс. адзінак асн. фонду (1997). Сярод экспанатаў прылады працы эпохі неаліту, бронзавага і жал. вякоў, ляпны і ганчарны гліняны посуд, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні з археал. помнікаў Дзяржыншчыны, манетны скарб 17 ст., абраз-складзень 19 ст., кантракт 1897 графа Г.​Чапскага на перадачу зямлі ў арэнду. Экспануюцца дакументы часоў 1-й сусв. і Вял. Айч. войнаў, асабістыя рэчы і рукапісы землякоў-пісьменнікаў К.​Каганца, А.​Вольскага, С.​Шушкевіча і інш., карціны мастакоў Дзяржыншчыны, бел. нар. адзенне і абутак, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., вырабы дзіцячай творчасці, прамысл. прадпрыемстваў раёна.

Г.​В.​Вашкевіч.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ЎСКАЯ (Гэлена Людвікаўна) (13.12.1908, Мінск — 17.5.1980),

бел. пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Мінскі польскі пед. тэхнікум (1929), Бел. вышэйшы пед. ін-т (1934). Працавала настаўніцай у польскіх і бел. школах (Дзяржынск, Мінск), у 1932—37 — на Бел. радыё, у польскамоўнай газ. «Orka» («Ворыва»), у 1944—63 настаўнічала ў Мінску. Друкавалася з 1929. Пісала на польскай мове. Асобнымі кнігамі выйшлі аповесці «З вясной наўздагон» (1933), «Пахне зямля» (1934), драм. інсцэніроўка для дзяцей «У барацьбе за Саветы» (1934). Для яе твораў характэрна рамант. ўзнёсласць, тэма барацьбы старога і новага на вёсцы. На польскую мову перакладала творы бел. пісьменнікаў, у т. л. аповесць П.​Галавача «Спалох на загонах» (1933). На бел. мову асобныя яе творы перакладалі С.​Шушкевіч, В.​Эрнест.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войскаў 2-га Бел. фронту (ген.-палк. Г.​Ф.​Захараў) 5—27 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 3, 49, 50, 4-я паветраныя арміі. Задача аперацыі — без аператыўнай паўзы развіць наступленне ў напрамку на Навагрудак, Ваўкавыск, Беласток, завяршыць разгром рэшткаў 4-й і 9-й ням. армій, выйсці да граніцы з Усх. Прусіяй і Польшчай. У ходзе аперацыі адбіты спробы праціўніка вырвацца з акружэння з т.зв. мінскага «катла» ў паўд. і паўд.-зах. напрамках, вызвалены Дзяржынск, Навагрудак, Зэльва, Масты, Ваўкавыск, Гродна, Беласток, фарсіраваны Свіслач і Нёман, сав. войскі выйшлі на подступы да граніцы з Усх. Прусіяй, пачалося вызваленне паўн.-ўсх. раёнаў Польшчы. 11 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Ваўкавыскіх», 17 — «Гродзенскіх», 24 — «Беластоцкіх».

т. 3, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЙДАНАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—19 ст. ў мяст. Койданава (з 1932 г. Дзяржынск Мінскай вобл.). Драўляны замак пабудаваны, верагодна, у 12—13 ст. Размяшчаўся на ўзвышэнні, быў абнесены земляным валам і ровам, злучаным з р. Няцеча. Выконваў важную ваенна-стратэгічную ролю на мяжы Полацкага княства. У 1-й пал. 16 ст. заменены мураваным 9-вежавым замкам. У плане круглыя вежы з байніцамі мелі дыяметр каля 10 м і таўшчыню сцен да 1,5 м, былі накрыты шатровымі стрэхамі. Уваход у замак запіраўся традыц. брамай. У 1613 пад аховай замка пабудаваны Койданаўскі кальвінскі збор. Каменныя пабудовы існавалі да 1840-х г.

Літ.:

Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.

А.​І.​Валахановіч.

Койданаўскі кальвінскі збор. З малюнка Н.​Орды. 1876.

т. 8, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)