БЫЧКО́Ў Іван Афанасьевіч

(31.8.1858, С.-Пецярбург — 23.3.1944),

савецкі гісторык. Чл.-кар. АН СССР (чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1903). Сын А.Ф.Бычкова. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1880). З 1881 хавальнік Аддз. рукапісаў Публічнай б-кі (зараз Рас. нац. Б-ка, С.-Пецярбург). Працягваў выданне «Пісьмаў і папер Пятра Вялікага» (т. 5—7), апублікаваў матэрыялы пра рас. дзярж. дзеячаў і пісьменнікаў 19 ст., апісанне калекцый рукапісаў Публічнай б-кі.

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎСКІ Ян

(1811, г. Сянно Віцебскай вобласці — 1872),

бел. скульптар. Прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Вільні пад кіраўніцтвам Р.Слізеня, К.Ельскага. Ствараў пераважна медальёны, бюсты гіст. асоб і дзеячаў культуры Беларусі, Польшчы, Літвы: М.Рэя (1856), К.Ельскага (1853), М.Балінскага (1857), У.Сыракомлі (1856), Ю.Корсака (1853), Т.Нарбута (1856), Б.Панятоўскага (1850), Ю.Нямцэвіча (1850), Я.Каханоўскага (1855), Я.Тышкевіча (1856) і інш. (Нац. музей у Варшаве). Кампазіцыі бюстаў тыпу ант. гермы, элементы ўмоўнасці спалучаюцца з перадачай рэаліст. рысаў мадэлі.

А.К.Лявонава.

т. 2, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАВУКО́ВА-ПРАМЫСЛО́ВАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ

(БНПА),

грамадскае аб’яднанне прамыслоўцаў, вучоных, спецыялістаў нар. гаспадаркі, грамадскіх дзеячаў. Створана ў 1990. Асн. мэта: забеспячэнне ўзаемавыгаднай сумеснай дзейнасці прадпрыемстваў і арг-цый — чл. асацыяцыі для вырашэння вытворча-гасп. і сац. праблем. Аб’ядноўвае больш за 170 прамысл. аб’яднанняў, прадпрыемстваў, фін. і навук. арг-цый, навуч. устаноў Беларусі, шэраг асацыіраваных калект. членаў — галіновыя асацыяцыі прадпрыемстваў, рэгіянальныя аб’яднанні прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Членамі-карэспандэнтамі БНПА з’яўляюцца дзесяткі замежных фірмаў.

т. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ

(БНСП),

арганізацыя бел. фашыстаў у 1930—40-я г. Пачала стварацца ў 1933 у Вільні па ініцыятыве групы пранямецка настроеных бел. дзеячаў. З 1934 працаваў прэзідыум Бел. нацыянал-сацыяліст. актыву (старшыня Ф.Акінчыц), які ў 1936 ператвораны ў БНСП. Друкаваны орган — час. «Новы шлях». Партыя была забаронена ўладамі Польшчы. БНСП не мела падтрымкі сярод бел. насельніцтва і ням.-фаш. улад. Распалася, відаць, пасля смерці Акінчыца (сак. 1943).

А.М.Літвін.

т. 2, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМІЛЕ́ЎСКІ Сяргей Львовіч

(н. 29.3.1963, Мінск),

бел. скульптар. Сын Л.М.Гумілеўскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1987). У рэаліст. традыцыях скульптуры стварае станковыя кампазіцыі, партрэты сучаснікаў, дзеячаў культуры мінуўшчыны: «Спрадвечнае», «Мацярынства», «Скарына», «М.Багдановіч», «Малітва», «Коннік», «Ефрасіння Полацкая» і інш. (усе 1990—96). Відавочна імкненне да ўласнай стылістыкі ў паркавай скульптуры: «Уладзіслаў Сыракомля» і «Ян Марыя Бернардоні» (абедзве 1993) у Нясвіжы, «Галубка» (1995) ў Бат. садзе ў Мінску і інш.

Л.Ф.Салавей.

т. 5, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШАКО́Ў Ігар Валер’евіч

(н. 29.12.1953, Мінск),

бел. музыказнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1989). Сын В.І.Глушакова. Скончыў Бел. кансерваторыю (1978). З 1978 рэдактар муз. перадач Бел. тэлебачання, з 1981 супрацоўнік ІМЭФ АН Беларусі, з 1989 выкладае ў Бел. пед. ун-це (з 1991 заг. кафедры). Аўтар манаграфіі «Класічная драма на беларускай опернай сцэне» (1990), рэцэнзій, артыкулаў пра нац. опернае мастацтва, творчых партрэтаў дзеячаў бел. муз. культуры, адзін з аўтараў кн. «Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959» (1993).

Н.А.Юўчанка.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ ЖИЗНЬ»,

штодзённая грамадска-паліт. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася 9(22).2.1909 і з 1(14).1 да 9(22) 8.1911 у Вільні на рус. мове. Стаяла на пазіцыях заходнерусізму. Адмаўляла самабытнасць бел. народа, лічыла беларусаў «вялікай рускай большасцю Паўночна-Заходняга краю». Выступала за паступовую замену бел. мовы рускай, называла бел. пісьменнікаў і інш. дзеячаў нац. культуры палякамі, якія апрануліся ў бел. світку. З 10(23).8.1911 выходзіла пад назвай «Северо-Западная жизнь».

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ЛАДЗЬ»

(«Byelorussian Youth»),

штоквартальны часопіс. Выдаваўся ў 1959—67, 1972—80 у Нью-Йорку на бел. і англ. мовах. Выйшлі 52 нумары. Выдаўцы: Згуртаванне бел. моладзі ў Амерыцы, Саюз бел.-амерыканскай моладзі (з № 16 за 1962). Друкаваў гіст. і літ.-маст. матэрыялы, хроніку культ. жыцця бел. эміграцыі, у тым ліку моладзі і студэнцтва ў розных краінах свету, творы бел. (у тым ліку эмігранцкіх) пісьменнікаў і дзеячаў культуры, успаміны. З 1972 меў англамоўную рубрыку «Амерыканцы гавораць пра Беларусь».

Ю.Р.Васілеўскі.

т. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БІБЛІОТЭ́КА ВАРША́ВСКА»

(«Biblioteka Warszawska»),

польскі навук.-літ. штомесячнік. Выдаваўся ў 1841—1914 у Варшаве на польск. мове. Да заснавання час. «Атэнэум» (1876) быў адзіным у Варшаве навук. выданнем энцыклапедычнага характару. Друкаваў працы па гісторыі, філасофіі, этнаграфіі, л-ры, мастацтве, геаграфіі, прам-сці, біяграфіі польск. і зарубежных дзеячаў, хроніку, крытычныя артыкулы, агляды перыяд. друку, бібліягр. звесткі. Змяшчаў таксама артыкулы па гісторыі, фальклоры, этнаграфіі, геаграфіі і гаспадарцы Беларусі. Выйшла 295 тамоў (кожны том складаўся з 3 сшыткаў).

А.Ф.Літвіновіч.

т. 3, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЫ́КАЛА (Agricola) Мікаэль

(сапр. Сіманс; каля 1508—10, г. Перная, Фінляндыя — 9.4.1557),

пачынальнік Рэфармацыі ў Фінляндыі, роданачальнік фінскай л-ры і літ. мовы. У 1536—39 вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це ў ням. дзеячаў Рэфармацыі Лютэра і Меланхтана. Першы пратэстанцкі лютэранскі епіскап у Фінляндыі (з 1554 епархія Аба). Выдаў першы буквар фін. мовы (1542), пераклады на фін. мову малітоўнікаў, Новага Запавету (1548), часткі Старога Запавету (1551—52) з вершаванымі прадмовамі, нарысамі па гісторыі, культуры, язычніцкіх вераваннях Фінляндыі, календаром і агранамічнымі звесткамі.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)