АМБУЛАТО́РЫЯ (ад лац. ambulatorius рухомы),

лячэбна-прафілактычная ўстанова, што аказвае мед. дапамогу ў самой установе і дома. У адрозненне ад паліклінікі абслугоўвае хворых толькі па асн. трох спецыяльнасцях: тэрапіі, педыятрыі і стаматалогіі. У амбулаторыі вял. населеных пунктаў працуюць таксама акушэрка-гінеколаг, хірург, неўрапатолаг. Пры амбулаторыі можа дзейнічаць пункт неадкладнай дапамогі, дзённы стацыянар на 4—6 ложкаў. Мед. дапамога насельніцтву ажыццяўляецца па ўчасткова-тэр. прынцыпе. Існуюць амбулаторыі пераважна ў невял. гарадах і сельскай мясцовасці; бываюць самастойныя, пры бальніцах і на прамысл. прадпрыемствах, перасоўныя з клініка-дыягнастычнай, флюараграфічнай, стаматалагічнай і інш. лабараторыямі. У 1994 на Беларусі дзейнічалі 364 амбулаторыі, дзе працавала 497 урачоў.

т. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ГРАМАДЗЯ́НСКАЙ АВІЯ́ЦЫІ (International Civil Aviation Organization; ІКАО),

спецыялізаваная ўстанова AAH, якая займаецца арганізацыяй і каардынацыяй міжнар. супрацоўніцтва дзяржаў па ўсіх аспектах дзейнасці грамадзянскай авіяцыі. Створана паводле Канвенцыі аб міжнар. грамадзянскай авіяцыі 1944, пачала дзейнічаць з 1947. На 1.1.1997 членамі ІКАО з’яўляліся 183 дзяржавы (у т. л. Рэспубліка Беларусь; з 1993). Мэты ІКАО: распрацоўка прынцыпаў і метадаў міжнар. аэранавігацыі, садзейнічанне планаванню і развіццю міжнар. паветранага транспарту, удасканаленне лётна-тэхн. правіл, забеспячэнне бяспекі палётаў. Сакратарыят ІКАО на чале з гал. сакратаром з’яўляецца пастаянным органам, які забяспечвае работу вышэйшага органа — Асамблеі і яе Савета. Месцазнаходжанне штаб-кватэры ІКАО — г. Манрэаль (Канада).

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ УТВАРЭ́ННІ СССР 1922,

дзяржаўны акт, які юрыдычна аформіў аб’яднанне 4 сав. сацыяліст. рэспублік (РСФСР, УССР, БССР, ЗСФСР) у дзяржаву — Саюз Сав. Сацыяліст. Рэспублік. Зацверджаны 30.12.1922 (разам з Дэкларацыяй аб утварэнні СССР) на I з’ездзе Саветаў СССР; пазней уключаны ў Канстытуцыю СССР 1924. Прадугледжваў адзінае саюзнае грамадзянства для ўсіх грамадзян сав. рэспублік, стварэнне саюзных органаў улады (ЦВК, 10 наркаматаў, Вярх. суда, Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення і інш.), права свабоднага выхаду з Саюза кожнай з рэспублік. Перастаў дзейнічаць у снежні 1991 у сувязі з абвяшчэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД; гл. Белавежскія пагадненні 1991). 10.12.1991 Вярх. Савет Беларусі прыняў пастанову аб дэнансацыі дагавора 1922 у адносінах да Рэспублікі Беларусь.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1795—97. Цэнтр — г. Слонім. Утварэнне губерні абвешчана 25.12.1795 пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) з зямель Навагрудскага, Гродзенскага, Віленскага і Брэсцкага ваяв. ВКЛ, якія напачатку ўвайшлі ў Гродзенскую (Ваўкавыскі, Брэсцкі, Гродзенскі, Навагрудскі, Пінскі, Слонімскі пав.) і Віленскую (Лідскі пав.) «часткі» (акругі), але рашэнне не рэалізавана. 2-і раз губерня створана ўказам ад 8.8.1796. Падзялялася на 8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Слонімскі. Афіцыйна пачала дзейнічаць з 8.9.1796 у якасці намесніцтва. Адміністрацыя і суд працавалі паводле «Устанаўлення для кіравання губерняў» 1775 пад апеляцыяй Сената. Указам Кацярыны II 12.12.1796 (сенацкім ад 6.2.1797) зліта з Віленскай губерняй у адзіную Літоўскую губерню.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 15, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕФО́ННАЯ СУ́ВЯЗЬ,

перадача на адлегласць моўнай інфармацыі; від электрасувязі. Забяспечвае вядзенне вусных перамоў паміж абанентамі, якія знаходзяцца на любой адлегласці. Ажыццяўляецца шляхам пераўтварэння гукавых ваганняў у эл. сігналы ў мікрафоне тэлефоннага апарата абанента, які гаворыць, перадачы гэтых сігналаў па лініях правадной ці радыёсувязі і іх адваротнага пераўтварэння ў гукавыя ваганні тэлефонам абанента, які слухае. Перадача тэлеф. паведамленняў адбываецца па правадных, кабельных, радыёрэлейных, валаконна-аптычных лініях сувязі; камутацыя каналаў Т.с. (злучэнне і раз’яднанне абанентаў) — аўтам. і ручным спосабамі на тэлефонных станцыях. У Расіі гарадскія тэлеф. станцыі пачалі дзейнічаць з 1882, на Беларусі — з 1896; міжгародняя лінія Т.с. Мінск—Смалявічы—Барысаў пабудавана ў 1908. Гл. таксама Сувязь.

П.​М.​Малочка.

т. 16, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́КЕР (англ. broker),

пасрэднік пры заключэнні здзелак паміж зацікаўленымі бакамі — кліентамі. Ролю брокера выконваюць асобы, фірмы і арг-цыі, якія найчасцей дзейнічаюць па даручэнні і за кошт кліента (могуць дзейнічаць і ад свайго імя), атрымліваюць плату ў выглядзе камісійных (пэўнага працэнта ад сумы здзелак).

Брокеры бываюць: біржавыя (ажыццяўляюць пасрэдніцкія аперацыі з каштоўнымі памерамі і таварамі на біржах), страхавыя (знаходзяць кліентам патрэбную фірму паводле пэўнага віду страхавання), суднавыя (арганізуюць заключэнне дагавораў па фрахтаванні суднаў), валютныя (купля-продаж замежных валют). Могуць аказваць кліентам і дадатковыя паслугі (у вывучэнні рынку, у рэкламе, даваць крэдыты). Брокера на фондавых біржах Вялікабрытаніі наз. сток-брокер, на англасакскіх біржах — джобер. Пасрэднікі, якія з’яўляюцца членамі фондавых біржаў і займаюцца перапродажам каштоўных папер, наз. дылерамі.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГУ́НЫ (франц. dragon, адз. л.),

від кавалерыі, здольнай дзейнічаць у пешым страі. З’явіліся ў 16 ст. ў Францыі (пасаджаныя на коней пехацінцы, якія спешваліся пры сустрэчы з праціўнікам). З 17 ст. драгунскія палкі існавалі ў Германіі, Польшчы, Беларусі (у складзе войска ВКЛ, да канца 18 ст.), Расіі (1631 — пач. 1918), у 18—20 ст. — у большасці еўрап. армій (належалі да цяжкай або сярэдняй кавалерыі, складалі ​1/3 усёй конніцы). У розны час мелі на ўзбраенні пісталеты, мушкеты, фузеі, карабіны, вінтоўкі, шаблі, палашы, шашкі.

Літ.:

Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994;

Грыгор’еў М. Войска ВКЛ: Ад Сасаў да Касьцюшкі, 1765—1794. Мн., 1994.

Да арт. Драгуны. Маёр коннагвардзейскага (драгунскага) палка ВКЛ у мундзіры ўзору 1792, узброены гвардзейскім палашом.

т. 6, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУЦБУ́НД (ням. Schutzbund Саюз абароны), Рэспубліканскі Шуцбунд,

ваенізаваная арг-цыя С.-д. партыі Аўстрыі (СДПА) у 1920—30-я г. Засн. ў 1923/24 з атрадаў па падтрыманні парадку і розных рабочых дружын, што існавалі з 1918. Сваёй задачай лічылі абарону дэмакр. рэспублікі і процістаянне прафаш. Хаймверу. У 1928 налічваў 80 тыс. чал.; быў арганізаваны на федэральным і мясц. узроўнях. Яго ўзначальваў І.​Дойч; у кіраўніцтва ўваходзілі таксама О.Баўэр, І.Кёрнер, Р.​Бернашэк і А.​Айфлер. У 1927 і 1931 рэарганізаваны. У 1933 распушчаны ўрадам Э.Дольфуса, але працягваў дзейнічаць у падполлі да 1934, у т. л. быў асн. сілай с.-д. ўзбр. паўстання ў лют. 1934 у Вене, Лінцы і інш. гарадах краіны.

Літ.:

Мочалин Д.Н. Вена на баррикадах. М., 1964.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 17, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + нервы),

забяспечанне органаў і тканак нервамі, якія ажыццяўляюць іх сувязь з цэнтральнай нервовай сістэмай. Адрозніваюць І. аферэнтную (цэнтраімклівую) і эферэнтную (цэнтрабежную). Сігналы аб стане органаў успрымаюцца чуллівымі нерв. канчаткамі (рэцэптарамі) і перадаюцца ў ц. н. с. па цэнтраімклівых валокнах, па цэнтрабежных ідуць у адказ імпульсы ад ц. н. с., якія каардынуюць дзейнасць органаў. Роля ц. н. с. ў рэгуляцыі розная. Напр., калі перарэзаць нерв. валокны, якія ідуць да мышцы (дэнервацыя), без сігналаў жыццезабеспячэння настае атрафія органа. Іншыя органы (сэрца, кішэчнік) маюць здольнасць часткова дзейнічаць пад уплывам імпульсаў у самім органе (аўтаматызм). З дапамогай І. ажыццяўляюцца рэакцыі арганізма на змену навакольнага і ўнутр. асяроддзя, забяспечваюцца рэгуляцыя і каардынацыя дзейнасці органаў, сістэм і адаптацыя мнагаклетачных арганізмаў да ўмоў існавання.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ (устаноўчая). Адбылася нелегальна ў канцы кастр. 1923 у Вільні; прысутнічала 9 дэлегатаў ад Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Кампартыі Польшчы (КПРП). Склікана ў адпаведнасці з рашэннямі II з’езда КПРП пра неабходнасць стварэння «беларускай тэрытарыяльнай арганізацыі». Паводле рашэнняў канферэнцыі Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) павінна была дзейнічаць на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі ў складзе адзінай КПРП у адпаведнасці з яе праграмнымі ўстаноўкамі, разлічанымі на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленне рабоча-сял. ўрада, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу зямлі сялянам без выкупу, за права самавызначэння Беларусі, уз’яднанне яе з БССР. У склад абранага ЦК КПЗБ увайшлі С.​А.​Дубовік (Балюк), А.​Буксгорн (Юльскі), С.​А.​Мертэнс (Скульскі), С.​Т.​Мілер (Шлёмка). У парт. арг-цыях на момант стварэння КПЗБ налічвалася 528 чал.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 12, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)