БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,

адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульнігуканне вясны, валачобніцтва (гл. Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл. «Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл. Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.

Да арт. Беларускія народныя гульні. Медалі з выявамі гульняў «Барацьба «да крыжа», «Апука», «Гула». Мастак А.Зіменка.

т. 2, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМОВЫЯ АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

сусветныя комплексныя спаборніцтвы па зімовых відах спорту. Праводзяцца з 1924 Міжнар. алімп. камітэтам 1 раз у 4 гады (у 1940 і 1944 не адбыліся). Месцы правядзення: I — г. Шамані (Францыя, 1924), II i V — г. Санкт-Морыц (Швейцарыя, 1928, 1948), III i XIII — г. Лейк-Плэсід (3UIA, 1932, 1980), IV — г. Гарміш-Партэнкірхен (Германія, 1936), VI — Осла (Нарвегія, 1952), VII — г. Корціна-д’Ампеца (Італія, 1956), VIII — г. Скво-Вэллі (ЗША, 1960), IX і XII — г. Інсбрук (Аўстрыя, 1964, 1976), X — г. Грэнобль (Францыя, 1968), XI — г. Сапара (Японія, 1972), XIV — г. Сараева (Югаславія, 1984), XV — г. Калгары (Канада, 1988), XVI — г. Альбервіль (Францыя, 1992), XVII — г. Лілехамер (Нарвегія, 1994), XVIII — г. Нагана (Японія, 1998). Бел. спартсмены выступаюць з 1964 (у складзе каманды СССР), у якасці самастойнай каманды з 1994—15-е месца па колькасці медалёў з 67 каманд; заваявалі 1 залаты медаль (Я.Л.Рэдзькін, біятлон, гонка на 20 км, 1992), 3 сярэбраныя (А.У.Папоў, біятлон, эстафета 4x7,5 км, 1992; І.М.Жалязоўскі, канькабежны спорт, 1000 м, 19.94; С.В.Парамыгіна, біятлон, 7,5 км, 1994), 4 бронзавыя (Р.М.Ачкіна, лыжныя гонкі, эстафета 3x5 км, 1968; Жалязоўскі, канькабежны спорт, 1000 м, 1988; А.П.Айдараў, біятлон, 20 км, 1998; Дз.У.Дашчынскі, фрыстайл, 1998).

У.Г.Майсееў.

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тур,

адзін круг танца; адна са ступеней выбараў; этап гульні, конкурсу.

т. 16, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕФ (англ. bluff),

выдумка, падман з мэтай выхвалення або запалохвання (ад назвы прыёму картачнай гульні ў покер).

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гула (спарт. гульня) 4/80, гл. Беларускія народныя гульні

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ЖА»,

бел. нар. гульня. Гуляюць падлеткі зімой на стромкім, пакрытым ільдом схіле. Удзельнікі (колькасць не абмежавана) дзеляцца на 2 роўныя па колькасці атрады — «арду» і «дружыну». Дружыннікі размяшчаюцца на схіле, пасля чаго арда ідзе на штурм. Дружыннікі абараняюцца і спіхваюць уніз ардынцаў, а тыя імкнуцца сцягнуць за сабой і дружыннікаў. Пасля кожнага штурму арды сцягнутыя дружыннікі выбываюць з гульні, а каманды мяняюцца ролямі. Перамагае каманда, якая змагла вывесці з гульні ўсіх або большасць гульцоў каманды праціўніка.

Я.Р.Вількін.

т. 4, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІВА́НКА»,

бел. нар. гульня. На зямлі чарцілі круг («лес»), а ў сярэдзіне крута квадрацік («дом лесавіка»). У квадрацік змяшчалі «Іванку» (ляльку ці любы прадмет) і выбіралі «лесавіка». Астатнія ўдзельнікі гульні — «лебедзі». Яны заляталі ў «лес», спрабавалі забраць «Іванку», а «лесавік» — злавіць «лебедзя» рукой або дакрануцца да яго галінкай. Злоўленыя «лебедзі» выбываюць з гульні. «Лебедзь», якому ўдасца вынесці з «ле́су» «Іванку», становіцца «лесавіком», і гульня пачынаецца спачатку. Гульня заканчваецца, калі злоўлены ўсе «лебедзі» або па жаданні ўдзельнікаў.

Я.Р.Вількін.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРТ (англ. court),

пляцоўка для гульні ў тэніс, якая раздзелена сеткай на 2 роўныя ч. і размечана лініямі. Для адзіночнай гульні мае памеры 23,77 × 8,23 м; для парнай — 23,77 × 10,97 м. Памеры са свабоднай прасторай павінны быць не менш за 36 × 18 м (звычайна 40 × 20 м). Выш. сеткі над сярэдняй лініяй 0,91 м, каля слупоў 1,07 м. Мае гліна-пясчаны грунт, можа мець травяное, драўлянае, коркавае, асфальтавае ці бетоннае пакрыццё. Абносіцца загараджальнай сеткай для затрымання мяча.

т. 8, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСКЕТБО́Л (ад англ. basket кошык + ball мяч),

камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 × 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн. час.

Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя баскетболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.Ядзешка, Т.Івінская, І.Сумнікава, А.Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).

Да арт. Баскетбол. Пляцоўка для гульні, стойка і шчыт з кошыкам.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАДСЕ́ЧКА»,

бел. нар. гульня. На прасторнай пляцоўцы збіраюцца 8—15 чал. і выбіраюць вядучага — «рыбака», які прысядае і кладзе перад сабой мячык. Астатнія становяцца паўкругам каля мяча. «Рыбак» гаворыць некалькі разоў: «Клюе...» — і нечакана называе імя аднаго з гульцоў. Усе уцякаюць, а той, каго ён назваў, павінен схапіць мяч і кінуць у каго-небудзь з гульцоў, калі пападзе («падсячэ»), той выбывае з гульні, а калі не — выбывае з гульні сам. Апошні гулец падкідае мяч уверх і ўцякае. «Рыбак» імкнецца злавіць мяч і пацэліць ім у гульца, які ўцякае. Калі пападзе, то «рыбаком» становіцца апошні «непадсечаны» гулец.

Я.Р.Вількін.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)