ЗАГЛЕ́ЙВАННЕ,

1) адкладанне ў вадасховішчах, азёрах, арашальных каналах і інш. водных аб’ектах з застойнай ці павольна цякучай вадой завіслых і цягненых наносаў (глею, пяску, гравію, гліны, рэшткаў раслін). На скорасць З. ўплываюць прыродныя асаблівасці вадазбору (нахілы рэльефу, характар грунтоў, разаранасць, расліннае покрыва). Інтэнсіўнае З. прыводзіць да ліквідацыі вадасховішчаў.

2) Адкладанне ў пойме паводкавых наносаў ракі або яроў.

3) Метад меліярацыі пясчаных зямель.

т. 6, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЗЛО́ТНЫ РЭЛЬЕ́Ф, крыягенны рэльеф, крыягенная морфаскульптура,

сукупнасць форм рэльефу, паходжанне і развіццё якіх звязана з працэсамі прамярзання і адтайвання грунтоў. Характэрны пераважна для палярных абласцей, дзе пашыраны шматгадовамёрзлыя грунты, трапляецца таксама ў высакагор’ях. Уключае бугры пучэння, курумы, саліфлюкцыйныя тэрасы, паліганальныя ўтварэнні і інш. На тэр. Беларусі М.р. развіваўся ў часы зледзяненняў (захаваліся яго сляды, напр., тэрмакарставыя азёры і сподкі, бугры пучэння).

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЛЫ́ВІНА,

ссоўванне (аплыванне) уніз па схіле слоя глебы або рыхлых парод ад пераўвільгатнення. Паходжаннем аплывіны блізкія да апоўзняў, толькі меншых памераў (шыр. да некалькіх метраў, глыб. да 1 м). Фарміруюцца ва ўмовах празмернага ўвільгатнення пры насычэнні глебаў і грунтоў талымі, дажджавымі або грунтавымі водамі да гразепадобнага стану. Трапляюцца ў раёнах шматгадовай мерзлаты, на незадзернаваных насыпах. У Беларусі пашыраны на лёсападобных пародах схілаў Мінскага, Навагрудскага і Аршанскага ўзвышшаў.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДЫ́ГІН (Барыс Іванавіч) (29.1.1896, г. Сквіра Кіеўскай вобл. — 30.10.1981),

беларускі вучоны ў галіне дарожнага буд-ва. Чл.-кар. АН Беларусі (1959), д-р тэхн. н. (1957), праф. (1958). Скончыў Ін-т інжынераў шляхоў зносін (1921, Петраград). З 1958 у БПІ. Навук. працы ў галіне буд-ва і ўдасканалення дарожных пакрыццяў, класіфікацыі грунтоў, выкарыстання мясц. каменных матэрыялаў.

Тв.:

Строительство автомобильных дорог. Мн., 1965 (у сааўт.);

Прочность и долговечность асфальтобетона. Мн., 1972 (у сааўт.).

Б.​І.​Ладыгін.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАКУ́РАЎ (Яўген Фёдаравіч) (н. Ташкент),

бел. вучоны ў галіне буд. механікі. Д-р тэхн. н. (1967), праф. (1968). Засл. будаўнік Беларусі (1985). Сын Ф.П.Вінакурава. Скончыў Маскоўскі інж.-буд. ін-т (1948). У 1950—53 і з 1972 у Бел. політэхн. акадэміі, у 1957—12 у Ін-це буд-ва і архітэктуры (Мінск). Навук. працы па механіцы грунтоў і фундаментабудаванні.

Тв.:

Итерационный метод расчета оснований и фундаментов с помощью ЭВМ. Мн., 1972;

Справочник по сопротивлению материалов. Мн., 1988 (у сааўт.).

т. 4, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУНТАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,

будаўнічыя матэрыялы, якія вырабляюць з гліністых грунтоў (глін, суглінкаў, супескаў) без абпальвання з выкарыстаннем вяжучых рэчываў. Падзяляюцца на грунтабетоны (умацоўваюцца цэментам, вапнай, гіпсам) і грунтасілікатныя матэрыялы (умацоўваюцца грунтацэментам — сумессю алюмасілікатных рэчываў са злучэннямі шчолачных металаў), сырцовыя (робяцца з гліны без прымесей, напр. цэгла-сырэц) і саманныя (з гліны і валакністых запаўняльнікаў, напр. саломы, кастрыцы). Грунтабетоны, сырцовыя і саманныя грунтаматэрыялы воданяўстойлівыя, грунтасілікатныя — вода- і марозаўстойлівыя. Грунтаматэрыялы выкарыстоўваюць у дарожным, гідратэхн., аэрадромным, сельскім буд-ве.

П.​М.​Багаслаўчык.

т. 5, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГЧЫ́НА,

лінейна выцягнутае эразійнае паніжэнне рэльефу са спадзістымі (15—45°) схіламі, якія плаўна пераходзяць да днішча і водападзелу. Утвараюцца пераважна ад размыву глебы і грунтоў снегавой вадою і ліўневымі дажджамі. Глыбіня Л. 3—15 м і больш, шыр. ад дзесяткаў да 150—200 метраў. Форма папярочнага сячэння Л. карытападобная, днішча плоскае ці слабаўвагнутае. Звычайна задзернаваныя, нахіленыя ў адным напрамку. Пры далейшым развіцці могуць ператварацца ў яр. На Беларусі Л. трапляюцца найчасцей у цэнтр. і паўн. раёнах.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫРКО́ (Мікалай Паўлавіч) (н. 14.9.1935, в. Краснае Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне буд-ва аўтамаб. дарог. Канд. тэхн. н. (1970), праф. (1986). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1962). З 1965 у Бел. тэхнал. ун-це. навук. працы па аптымізацыі канструкцый лесавозных дарог і па дарожна-будаўнічых матэрыялах. Аўтар падручнікаў «Дарожнае грунтазнаўства з асновамі механікі грунтоў» (1977, з І.​І.​Леановічам) і «Сухапутны транспарт лесу» (1987).

Тв.:

Механика землянога полотна. Мн., 1975 (разам з І.​І.​Леановічам);

Эксплуатация автомобильных дорог и организация дорожного движения. Мн., 1988 (у сааўт.).

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́К ДАРО́ЖНЫ,

прычапная або самаходная машына для ўшчыльнення грунтоў, дарожных асноў і пакрыццяў стальнымі вальцамі (гладкімі, рабрыстымі, кулачковымі, крацістымі) ці апорнымі коламі на пнеўматычных шынах. Пашыраны таксама вібракаткі, у якіх акрамя статычнага дзеяння ўласнай вагі, выкарыстоўваецца ўшчыльняльнае дзеянне вібрацыі. Маса К.д. (часта павялічваецца баластам); самаходных ад 0,5 да 35 т, прычапных да 100 т. Выкарыстоўваюцца ў дарожным, чыгуначным, аэрадромным, гідратэхн. і інш. буд-ве. У Беларусі К.д. выпускаюць акцыянернае т-ва «Амкадор», машынабуд. прадпрыемства «Белдартэхніка».

І.​І.​Леановіч.

Каткі дарожныя вібрацыйныя: 1 — акцыянернага таварыства «Амкадор» (Беларусь); 2 — фірмы «Марыні» (Італія).

т. 8, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́САЛАЎ (Леанід Іванавіч) (13.4.1875, г. Енісейск Краснаярскага краю, Расія — 13.1.1954),

расійскі вучоны ў галіне глебазнаўства і геаграфіі. Акад. АН СССР (1935, чл.-кар. 1931). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1898). У 1908—14 кіраваў глебавымі даследаваннямі ў экспедыцыях у Сярэднюю Азію, Сібір. У 1915—18 кіраваў Данской глебавай экспедыцыяй. З 1926 у Глебавым ін-це АН СССР (у 1937—48 дырэктар). Навук. працы па генезісе, геаграфіі, картаграфіі і класіфікацыі грунтоў. Распрацаваў вучэнне пра глебавыя правінцыі, прапанаваў прынцып глебава-геагр. раянавання, правёў падлік глебавых рэсурсаў свету і асобных краін. Дзярж. прэмія СССР 1942.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)