НЯЎСТО́ЙКА,

устаноўленая законам або дагаворам грашовая сума, якая спаганяецца з даўжніка ў выпадку невыканання або неналежнага выканання ім абавязацельства, у прыватнасці ў выпадку пратэрміноўкі выканання; адзін са спосабаў забеспячэння выканання абавязацельстваў. Пагадненне пра Н. складаецца ў пісьмовай форме (інакш несапраўднае). Разнавіднасці Н. — штраф і пеня.

т. 11, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛАР (англ. dollar ад ням. Taler талер),

1) грашовая адзінка ЗША, роўная 100 цэнтам. Уведзены з 1786 паводле рашэння кангрэса ЗША (спачатку сярэбраны, з 1792 і залаты). З 1873 пасля адмены свабоднай чаканкі серабра грашовай адзінкай стаў Д. залаты. З 1928 эмісія Д. ў банкнотах, з 1965 — медна-нікелевага Д. У сучаснай валютнай сістэме Д. фактычна прызнаны асновай валютных парытэтаў і курсаў. Д. ЗША з’яўляецца таксама грашовай адзінкай Віргінскіх Астравоў, Гуама, Ліберыі, Мікранезіі, Панамы, Пуэрта-Рыкі, Тайваня, Усх. Самоа, Церкса і Кайкаса.

2) Грашовая адзінка Аўстраліі, Багамскіх Астравоў, Барбадаса, Беліза, Бермудскіх Астравоў, Брунея, Гаяны, Зімбабве. Кайман Астравоў, Канады, Ліберыі, Лівіі, Новай Зеландыі, Саламонавых Астравоў, Сінгапура, Сянгана (Ганконга), Трынідада і Табага, Фіджы, Ямайкі, групы краін Карыбскага басейна (усходнекарыбскі Д.).

3) Сярэбраная манета ў Кітаі (1907—49).

т. 6, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СА (італьян. cassa ад лац. capsa ёмішча, скрыня),

1) грашовая наяўнасць прадпрыемства, арг-цыі, установы.

2) Рахунак бухгалтарскага ўліку, на якім адлюстроўваецца рух грашовых сродкаў.

3) Падраздзяленне банкаў, некаторых прадпрыемстваў і арг-цый, якія ажыццяўляюць аперацыі з наяўнымі грашамі і інш. каштоўнасцямі.

4) Крэдытныя ўстановы.

5) Спец. памяшканне для прыёму, захавання і выдачы грошай.

т. 8, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГА́ТА (араб. паўнавартасная, адборная манета),

рэальная (першапачаткова — абазначэнне куфіцкага дырхема) і лікавая грашовая адзінка Стараж. Русі. У 11 ст. Н. = ​1/20 грыўні кун (прыблізна 2 ​1/2 г серабра) = 1 ​1/4 куны = 2 ​1/2 разаны = 5—7 ​1/2 вевярыцы; у 12—13 ст. Н. = ​1/20 грыўні кун = 2 ​1/2 куны або разаны.

т. 11, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНСАВА́НЫ КАПІТА́Л,

грашовая сума, затрачаная на куплю сродкаў вытв-сці і рабочай сілы з мэтай атрымання прыбытку. Частка авансаванага капіталу, затрачаная на куплю прылад і прадметаў працы, утварае пастаянны капітал, а авансаваная на куплю рабочай сілы — пераменны капітал. Прайшоўшы сферу абарачэння, авансаваны капітал вяртаецца да прадпрымальніка ў выглядзе 3 частак: вартасці спажытых асноўнага капіталу і абаротнага капіталу (выдаткі вытв-сці) і прыбытку.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́НС (франц. avance),

грашовая сума або маёмасная каштоўнасць, якая выдаецца папярэдне ў лік будучых плацяжоў за прадукцыю, работу ці паслугі. Аванс атрымліваюць работнікі як частку заработнай платы, на камандзіровачныя ці гасп. затраты. Аванс могуць атрымліваць прадпрыемствы, установы, прадпрымальнікі пры заключэнні дагавораў і камерцыйных здзелак (у гэтым выпадку аванс можа пераводзіцца і па безнаяўным разліку). У выпадку невыканання дагавора, паводле якога выдадзены аванс, ён павінен быць вернуты.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖЫЛО́Е,

грашовая выплата селяніна феадалу пры пераходзе да другога ўладальніка ў Рас. дзяржаве ў 15—16 ст. Упершыню як абавязковае П. ўпамінаецца ў Судзебніку 1497. Поўны яго памер (ад 50 кап. ад 1 руб.) сяляне плацілі пасля 4 гадоў жыцця на зямлі феадала. Памер П. «з варот» (сял. двара) павялічыў Судзебнік 1550. П. садзейнічала запрыгоньванню сялян. Пасля забароны выхаду сялянскага паступова знікла.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫХАДНА́Я ДАПАМО́ГА,

грашовая сума, якая выплачваецца наймальнікам работніку пры спыненні з ім прац. дагавору. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь выхадная дапамога ў памеры тыднёвага заработку выплачваецца ў сувязі з прызывам або паступленнем работнікаў на ваен. службу, пры аднаўленні работніка на рабоце і ў інш. выпадках, прадугледжаных законам. Пры спыненні прац. дагавору ў сувязі з ліквідацыяй прадпрыемства, установы, арг-цыі, спыненнем дзейнасці прадпрымальніка, скарачэннем штату выплачваецца выхадная дапамога ў памеры, не меншым за трохкратны сярэднямесячны заработак.

т. 4, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДА́ТАК,

грашовая сума, якая выдаецца адным з бакоў дагавору другому боку ў лік належачых плацяжоў. З’яўляецца доказам заключэння дагавору і сродкам забеспячэння яго выканання. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у выпадку, калі дагавор застаецца невыкананым па віне боку, які даў З., ён застаецца ў другога боку. Калі ў невыкананні павінен бок, які атрымаў З., апошні павінен вярнуць яго ў двайным памеры. Бок, адказны за невыкананне дагавору, абавязаны кампенсаваць другому боку страты з залікам сумы З.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПА́,

1) часовая ўкладка сена ці саломы ў кучу.

2) У беларусаў, палякаў, рускіх і ўкраінцаў адзінка лічэння, роўная 60 (60 снапоў, яек, агуркоў і інш.).

3) Грашовая адзінка, якая адпавядала 60 грошам. Была пашырана ў Беларусі ў 14—18 ст. У 17 ст. адпавядала 75 польскім грошам або 50 рус. капейкам.

4) На Беларусі і Украіне ў часы феадалізму сход сялян, які разглядаў суд. справы (гл. Копны суд) і зямельныя спрэчкі.

т. 8, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)