ГО́МЕЛЬСКІ ХІМІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Утвораны ў 1965. Да 1968 называўся суперфасфатны завод. У 1970 уведзены магутнасці па выпуску складаназмяшаных мін. угнаенняў; у 1974 — пушчаны цэхі 2-й чаргі з-да (грануляванага амафосу, фосфарнай кіслаты і фторыстых солей); у 1978 — цэх тэхн. сульфатанатрыю; у 1980 — новы цэх сернай кіслаты. У 1986 асвоена азотна-кіслародная ўстаноўка. Выпускае больш за 20 відаў прадукцыі.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЭЛЕКТРАТЭХНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1917 на базе кузні для пуцявых майстэрняў Гомельскай дыстанцыі чыгункі. З 1938 эл.-мех. з-д па серыйным выпуску гарнітур для стрэлак эл. цэнтралізацыі. У 1941 эвакуіраваны, у 1944 вернуты ў Гомель. У 1975—84 рэканструяваны. Вырабляе 11 відаў прадукцыі для чыгунак (гарнітуры стрэлачныя, сігнальна-асвятляльныя ліхтары, перамычкі дросельныя і інш.).

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў Гомелі ў 1955. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): металургічныя працэсы і матэрыялаапрацоўка; тэхналогія абсталявання і аўтаматызацыя машынабудавання; праграмнае забеспячэнне інфарм. тэхналогій; тэхн. абслугоўванне тэхнал. абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытв-сці; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт; электратэхніка. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Мае вячэрні філіял пры «Гомсельмашы».

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ МЕДЫЦЫ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т.

Засн. ў Гомелі ў 1990 з мэтай забеспячэння ўрачэбнымі кадрамі лячэбна-прафілактычных устаноў Гомельскай і Магілёўскай абл., павышэння ўзроўню мед. дапамогі насельніцтву раёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У 1996/97 навуч. г. — лячэбна-прафілактычны ф-т; падрыхтоўчае аддзяленне. Аспірантура з 1992. Мае н.-д. лабараторыі: імуналогіі і гематалогіі, біяхіміі патагісталогіі, электроннай мікраскапіі, радыёметрыі, біяхіміі гармонаў; музей. Выдае штогод тэматычныя зборнікі.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т.

Існаваў у 1936—54 пры Гомельскім пед. ін-це. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 2 гады. Меў аддзяленні: фіз.-матэм., прыродазнаўча-геагр., рус. і бел. мовы і л-ры, гіст., завочнае і падрыхтоўчае (з 1944). У 1941 эвакуіраваны ў г. Амутнінск Кіраўскай вобл. Аднавіў работу ў Гомелі ў 1944. У 1954 аб’яднаны з Гомельскім пед. ін-там.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «ГІДРАПРЫВО́Д».

Засн. ў 1961 на базе цэха завода «Гомсельмаш». У 1975 на яго аснове створана Гомельскае ВА «Гідрааўтаматыка» ў складзе галаўнога прадпрыемства «Гідрапрывод», Хойніцкага і Нараўлянскага з-даў гідраапаратуры і канструктарска-тэхнал. бюро з доследна-эксперым. вытв-сцю. Асн. Прадукцыя (1996): станочная гідраўліка (у т. л. вузлы для трактароў МТЗ), тавары нар. ўжытку і інш. Прадукцыя пастаўляецца на 300 прадпрыемстваў краін СНД і ў далёкае замежжа.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫ МАНЕ́Ж,

крытае спарт. збудаванне для спаборніцтваў і трэніровак па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, цяжкай атлетыцы і інш. Пабудаваны ў 1980 у Гомелі (інж. Б.Максімовіч, арх. В.Саенка). Адно з першых такога тыпу збудаванняў на Беларусі. Мае простую і лаканічную архітэктуру, абумоўленую планіровачным і канстр. вырашэннем; перакрытае клеедраўлянымі 3-шарнірнымі аркамі пралётам 49 м. Прамавугольны ў плане (126×49 м) будынак з прыбудаваным аднапавярховым блокам адм. і дапаможных памяшканняў.

С.Дз.Філімонаў.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ДОМ-КАМУ́НА.

Пабудаваны ў 1929—31 (арх. С.Шабунеўскі, інж. Р.Ханін) у Гомелі для рабочых вагонарамонтнага з-да. П-падобны ў плане мураваны будынак, займае па даўжыні квартал. Выразнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дасягнута спалучэннем верт. 7-павярховых аб’ёмаў, якія фланкіруюць цэнтр. 6-павярховы аб’ём з бакавымі крыламі. Пластыка гал. і бакавых фасадаў, пазбаўленых арх. дэкору, ствараецца рытмам аконных праёмаў, чаргаваннем лоджый і балконаў. У Вял. Айч. вайну будынак пашкоджаны. Пры аднаўленні (1946—49) захавана старая планіровачная структура.

А.А.Воінаў.

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ КА́БЕЛЬНЫ ЗАВО́Д,

«Гомелькабель». Створаны ў 1958 на базе Гомельскага з-да «Металапракат». Выпускаў неізаляваныя і эмальправады. З 1996 адкрытае акц. т-ва «Гомелькабель». Мае цэх абмотачных правадоў і 3 участкі (неізаляваных правадоў, перамоткі рухавікоў, тавараў нар. ўжытку). Асн. прадукцыя (1997): правады розных марак і метал. саставу для паветр. ліній электраперадач, правады медныя са шкловалакністай ізаляцыяй, дрот алюмініевы і медны, шнуры тэлефонныя і накрыўкі пластмасавыя, шклянкі і куфлі мерныя, падаўжальнікі электрычныя і тэлефонныя і інш. Асн. сыравіна паступае з краін далёкага замежжа і Расіі.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ «ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДО́МІК»,

помнік архітэктуры стылю ампір. Пабудаваны ў Гомелі ў 1820. Будаваўся як зімовая рэзідэнцыя Румянцавых. Кампактны прамавугольны ў плане будынак накрыты пакатым 4-схільным дахам. Канструкцыя мяшаная: драўляны зруб з вонкавым слоем атынкаванай цаглянай муроўкі. Да асн. аб’ёму па баках прыбудаваны невял. мураваныя аб’ёмы, завершаныя ступеньчатымі атыкамі. У цэнтры гал. фасада 6-калонны дарычны порцік з тэрасай над ім. Арх. акцэнт кампазіцыі — мансарда з вял. паўцыркульным праёмам і атыкавым завяршэннем. У дэкоры фасада выкарыстаны рустоўка, барэльефы. У інтэр’еры захаваліся 3 кафляныя печы.

т. 5, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)