Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТЫЛЕ́НАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
апарат для атрымання ацэтылену пры раскладанні карбіду кальцыю вадой. Нізкага (да 10 кПа) і сярэдняга (да 150 кПа) лішкавага ціску, звычайна перасоўны; выкарыстоўваецца ў асноўным пры газавай зварцы. Ацэтыленавы генератар высокага ціску (больш за 150 кПа) стацыянарны, выкарыстоўваецца для атрымання вял. аб’ёму ацэтылену ў хім., фармацэўтычнай, харч. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІП-ГЕНЕРА́ТАР (ад англ. sweep бесперапынны рух),
генератар хісткай частаты, тып генератара вымяральнага, на выхадзе якога частата эл. ваганняў аўтаматычна мяняецца паводле зададзенага закону. У спалучэнні з асцылографам дазваляе візуальна назіраць амплітудна- і фазачастотныя характарыстыкі радыётэхн. элементаў. Складаецца з задавальнага генератара, частотнага мадулятара, сістэмы аўтам. рэгулявання напружання (магутнасці) на выхадзе С.-г.; мае таксама рэзанансны частатамер (ці кварцавы калібратар) для атрымання частотных метак на экране асцылографа. Дыяпазон «хістання» частаты ў С.-г. дасягае актавы, выхадная магутнасць да 10 мВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫ ГЕНЕРА́ТАР,
квантавы генератар, у якім незатухальныя ваганні падтрымліваюцца вымушаным выпрамяненнем пучка ўзбуджаных малекул або атамаў; разнавіднасць мазера. Выкарыстоўваецца як актыўны квантавы стандарт частаты ў службе часу (гл.Квантавы гадзіннік), у касм. навігацыі, геадэзіі, картаграфіі, як радыёспектраскоп высокага раздзялення пры даследаваннях малекул аміяку, атамаў азоту і вадароду, а таксама іх ядраў.
Першы М.г. на малекулах аміяку створаны ў 1955 М.Г.Басавым і А.М.Прохаравым і незалежна амер. фізікам Ч.Таўнсам. Пучок малекул аміяку накіроўваўся ў сартавальнае прыстасаванне, праз якое ў аб’ёмны рэзанатар праходзілі толькі ўзбуджаныя часціцы. Пучок, які пралятае праз настроены на частату малекулярнага пераходу рэзанатар, выпрамяняе лішак сваёй энергіі. Вызначаецца высокімі стабільнасцю частаты генерацыі і монахраматычнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ТАР ВЫМЯРА́ЛЬНЫ,
прылада для дыскрэтнага або неперарыўнага ўзнаўлення параметраў эл. велічыні (напружання, сілы току) у пэўным дыяпазоне. Выхадная магутнасць генератара вымяральнага да 10 Вт. Прызначаны для выпрабаванняў і настройвання радыётэхн. апаратаў, выліч. тэхнікі, прылад аўтаматыкі і інш.
Паводле формы сігналаў адрозніваюць генератар вымяральны гарманічных эл. ваганняў, сігналаў спец. формы (трохвугольнай, пілападобнай, прамавугольнай і інш.), свіп-генератары, шумавых сігналаў, выпадковых сігналаў з пэўнымі імавернаснымі характарыстыкамі, паводле частотнага дыяпазону — інфранізкачастотныя (умоўна ад 0 да 20 Гц), нізкачастотныя (ад 20 Гц да 200 кГц) высокачастотныя (30 кГц — 30 МГц), звышвысокачастотныя (30 МГц — 10 ГГц з кааксіяльным выхадам; 10 — 80 ГГц з хваляводным выхадам). Асн. патрабаванні: стабільнасць частаты, амплітуды і формы выхадных сігналаў ва ўсім дыяпазоне частот, дасканалае экранаванне для выключэння лішкавага ўздзеяння на апарат, які выпрабоўваецца.