ФАМ ВАН ДОНГ (Pham Van Dông; 1.6.1906, прав. Куангнам, В’етнам — 29.4.2000),

дзяржаўны дзеяч В’етнама. Вучыўся ў Ханойскім ун-це. З 1925 чл. Т-ва рэв. моладзі В’етнама, з 1929 чл. яго ЦК. У 1929 арыштаваны франц. ўладамі, у 1930 у турме далучыўся да Камуніст. партыі Індакітая (КПІК, з 1951 — Партыя працоўных В’етнама, ППВ; з 1976 — Камуніст. партыя В’етнама, КПВ). У 1941—45 удзельнічаў ва ўзбр. антыяп. барацьбе. З 1945 міністр фінансаў Час. ўрада Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ), з 1946 надзвычайны прадстаўнік КПІК у Паўд. В’етнаме. З 1951 чл. Палітбюро ЦК ППВ—КПВ. У 1949—54 нам. прэм’ер-міністра, у 1955—61 міністр замежных спраў ДРВ. З 1956 прэм’ер-міністр ДРВ, пасля аб’яднання краіны (1976) — Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам. У 1986 падаў у адстаўку з усіх партыйных, у 1987 — дзярж. пасад.

т. 16, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НГУЕ́Н ВАН ТХІЕ́Ў (Nguyễn Vãn Thieû; н. 5.4.1923, г. Фанранг, В’етнам),

ваенны і дзярж. дзеяч Паўд. В’етнама. Ген.лейтэнант. Скончыў Нац. ваен. акадэмію (1949). У 1945—46 чл. В’етміня (выйшаў з яго з-за нязгоды з палітыкай камуністаў). Пасля абвяшчэння на Пд В’етнама Рэспублікі В’етнам (РВ) на розных кіруючых пасадах у яе ўзбр. сілах: камандзір дыв., корпуса, нач., Ген. штаба, міністр абароны. З чэрв. 1965 кіраўнік дзяржавы. У 1967 выбраны прэзідэнтам РВ. 13.4.1975 у выніку наступлення войск Дэмакр. Рэспублікі В’етнам і атрадаў Нацыянальнага фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама падаў у адстаўку і пакінуў краіну. Жыве ў Вялікабрытаніі.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ ДЫК ТХО (Le Duc Tho; 14.10.1911, прав. Нам Ха, В’етнам — 13.10.1990),

в’етнамскі паліт. і дзярж. дзеяч, адзін з заснавальнікаў Камуніст. партыі Індакітая (КПІК, 1930), удзельнік В’етміня. У 1930—36 і 1941—45 знаходзіўся ў зняволенні ў франц. турме. З 1945 чл. ЦК і Пастаяннага к-та КПІК. У 1948—55 на парт. рабоце на Пд В’етнама. З 1955 чл. палітбюро ЦК Партыі працоўных В’етнама (потым Камуніст. партыя В’етнама), у час в’етн. вайны 1964—73 адказваў за палітыку партыі ў Паўд. В’етнаме. З 1968 фактычны кіраўнік дэлегацыі Дэмакр. Рэспублікі В’етнам на парыжскіх перагаворах, у выніку якіх падпісана Парыжскае пагадненне 1973. У 1986 пакінуў усе парт. і дзярж. пасады. Нобелеўская прэмія міру 1973 (разам з Г.Кісінджэрам), адмовіўся ад яе.

Ле Дык Тхо.

т. 9, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1973,

пагадненне аб спыненні вайны і аднаўленні міру ў В’етнаме. Падпісана 27 студз. ў Парыжы міністрамі замежных спраў Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ), часовага ўрада Рэспублікі Паўд. В’етнам (РПВ), Рэспублікі В’етнам (РВ) і дзярж. сакратаром ЗША У.​Роджэрсам пры асабістым удзеле Г.А.Кісінджэра і Ле Дык Тхо. Прадугледжвала спыненне агню ў Паўд. В’етнаме; ЗША абавязаліся спыніць усе ваен. аперацыі супраць ДРВ і вывесці свае войскі з Паўд. В’етнама. Паводле дагавора ствараўся Савет нац. прымірэння з прадстаўнікоў урадаў РПВ і РВ, які павінен быў арганізаваць на Пд В’етнама свабодныя, дэмакр. выбары. Аднак падпісанне дагавора не спыніла сутыкненняў паміж бакамі, у чым яны абвінавачвалі адзін аднаго. У сак.—крас. 1975 войскі ДРВ і РПВ устанавілі кантроль над усёй тэр. Паўд. В’етнама, што фактычна скасавала П.п., але прывяло да аб’яднання краіны.

т. 12, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО ВАН КІЕ́Т (н. 23.11.1922),

палітычны і дзярж. дзеяч В’етнама. Чл. Камуніст. партыі В’етнама (КПВ) з 1930-х г. Удзельнік нац.-вызв. руху. У 1976—78 старшыня Нар. к-та г. Хашымін, пазней сакратар Хашымінскага гаркома КПВ. У 1982—88 нам. старшыні СМ і старшыня Дзяржплана краіны. У сак.—чэрв. 1988 выконваў абавязкі старшыні СМ. Старшыня СМ з 1991. З 1976 чл. ЦК, канд. у члены Палітбюро ЦК, з 1982 чл. Палітбюро ЦК КПВ. Дэп. Нац. сходу краіны.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАКІТА́Й ФРАНЦУ́ЗСКІ,

назва французскіх каланіяльных уладанняў у Паўд.-Усх. Азіі з 1880-х г. да сярэдзіны 20 ст. Займаў тэр. ўсх. часткі п-ва Індакітай, уключаў тэр. В’етнама (пратэктараты Анам і Танкін, калонія Кахінхіна), Камбоджы і Лаоса. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны яп. войскамі, на тэр. В’етнама дзейнічала франц. калан. адміністрацыя. У выніку перамогі Жнівеньскай рэвалюцыі 1945 у В’етнаме абвешчана Дэмакр. Рэспубліка В’етнам (адстаяла незалежнасць у ходзе Індакітайскай вайны 1946—54). У 1953 суверэннай дзяржавай стала Камбоджа, у 1954 — Лаос.

т. 7, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НКА-КІТА́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1884—85,

вайна, выкліканая захопам Францыяй В’етнама (гл. Франка-в’етнамскія войны). Пасля таго як в’етн. імператарскі ўрад прызнаў у чэрв. 1884 франц. пратэктарат, урад Кітая, які лічыў В’етнам сваім васалам, накіраваў свае войскі ў Паўн. В’етнам. У адказ франц. флот атакаваў кіт. парты. У сак. 1885 кіт. армія разграміла каля Лангшона франц. войскі, але неспрыяльнае для Кітая знешнепаліт. становішча прымусіла яго ў крас. 1885 вывесці свае войскі з В’етнама. Паводле франка-кіт. дагавора 9.6.1885 Кітай прызнаў В’етнам франц. калоніяй.

т. 16, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЕНБ’ЕНФУ́ (Diên Bien Phu),

мясцовасць на ПнЗ В’етнама каля граніцы з Лаосам, дзе адбыліся вырашальныя баі на заключным этапе Індакітайскай вайны 1946—54. Стратэгічна важны ў ваен. адносінах раён Дз, 20.3.1953 у выніку паветрана-дэсантнай аперацыі занялі франц. экспедыцыйныя войскі, якія пазней ператварылі яго ў добра ўмацаваны рубеж абароны (49 апорных пунктаў, 15—16-тыс. гарнізон на чале з ген. Дэ Кастры). У ходзе цяжкіх баёў 13.3—7.5.1954 часці В’етнамскай нар. арміі на чале з Во Нгуен Зіяпам блакіравалі раён Дз. і паступова авалодалі ўсімі яго ўмацаваннямі, што паскорыла заканчэнне вайны і вызваленне В’етнама з-пад франц. панавання.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НГУЕ́Н ХЫЎ ТХО (Nguyễn Hu’u Tho; 10.7.1910, г. Шалон, В’етнам — 24.12.1996),

в’етнамскі дзярж. і паліт. дзеяч. Атрымаў вышэйшую юрыд. адукацыю ў Францыі. З пач. 1950-х г. адзін з арганізатараў антыфранц. і антыамер. руху на Пд В’етнама, змагаўся за аб’яднанне краіны. Двойчы арыштаваны і зняволены паўд.-в’етн. ўладамі (1950—52, 1954—61). У 1962—64 старшыня ЦК, у 1964—76 — прэзідыума ЦК Нацыянальнага фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама. У 1969—76 кіраўнік Часовага рэв. ўрада Рэспублікі Паўд. В’етнам. У 1976—80 віцэ-прэзідэнт Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам (СРВ). Нам. старшыні Дзярж. савета СРВ (1981—84, 1986—92), адначасова старшыня Пастаяннага савета Нац. сходу СРВ.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМ ТУА́Н (Pham Tuan; н. 14.2.1947, в. Куактуан правінцыі Тхайбінь, В’етнам),

першы в’етнамскі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1980). Герой Узбр. Сіл (1972) і Герой Працы В’етнама (1980). Ген.-палкоўнік. Скончыў ваен. вучылішча лётчыкаў у СССР (1967), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.​А.​Гагарына (1982). З 1979 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 23—31.7.1980 з В.В.Гарбатко здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-37» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж Л.І.Папоў, В.В.Румін) з прыстыкаваным да яе КК «Саюз-36», на якім вярнуўся на Зямлю. У космасе правёў 7,86 сут. Нач. Гал. ўпраўлення абароннай прам-сці В’етнама.

У.​С.​Ларыёнаў.

Фам Туан.

т. 16, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)