ЛУФА́Р (Pomatomus saltatrix),

чародная пелагічная рыба; адзіны від сям. луфаравых атр. акунепадобных. Пашыраны ў субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і паўд.-зах. ч. Ціхага ак., трапляецца ў Азоўскім і Чорным м.

Даўж. да 115 (звычайна да 70) см, маса да 15 кг. Луска дробная, цыхлоідная. Драпежнік. Аб’ект спарт. і прамысл. рыбалоўства.

Луфар.

т. 9, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,21 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 5,1 м. Пл. вадазбору каля 1 км².

Схілы катлавіны разараныя, на У і ПнУ пад лесам і хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі сплавінныя. У цэнтры невял. востраў. Зарастае да глыб. 4 м; у флоры рэдкі для Беларусі від — наяда марская. На ПдЗ злучана ручаём з воз. Ясна.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́КША (Melanogrammus aeglefinus),

рыба сям. трасковых. Адзіны від роду. Пашырана ў паўн. ч. Атлантычнага ак., найб. у Паўночным м. (каля в-ва Ісландыя), у паўн. ч. Баранцава м., на Ньюфаўндлендскай банцы. Жыве каля дна, трымаецца чародамі. Робіць кармавыя і нерастовыя міграцыі.

Даўж. да 1 м (звычайна 50—75 см), маса да 19 кг. Корміцца бентасам, часам рыбай, ікрой селядцоў і мойвы. Ікра пелагічная. Маляўкі жывуць у тоўшчы валы, хаваюцца ад драпежнікаў пад купаламі медуз. Аб’ект промыслу.

Пікша.

т. 12, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШАХВО́СНІК (Myosurus),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе. На Беларусі 1 відМ. маленькі (M. minimus). Трапляецца ў пасевах, на лугах, каля дарог.

Аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце вузкалінейнае ў прыкаранёвай разетцы. Кветаносныя сцёблы шматлікія. Кветкі дробныя, двухполыя, у коласападобных суквеццях, падобных на мышыны хвост (адсюль назва). Плод — шматарэшак.

Мышахвоснік маленькі.

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНЫ ВЕРШ,

від рыфмаванага сілаба-танічнага верша, у якім адвольна спалучаюцца радкі з рознай колькасцю стоп. Найчасцей не мае страфічнай будовы, інтанацыйна блізкі да звычайнай гутаркі і выкарыстоўваецца ў байках, эпіграмах, эпітафіях, вершаваных надпісах. Вольным вершам напісаны камедыя А.​Грыбаедава «Гора ад розуму», драма М.​Лермантава «Маскарад». У бел. паэзіі гэты верш выкарыстоўваецца ў буйных ліраэпічных творах («Сцяг брыгады» А.​Куляшова, «Люцыян Таполя» М.​Танка), асобных вершах, але найчасцей у байках.

т. 4, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУДРА́НКА (Paris),

род кветкавых раслін сям. трыліевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 відМ. чатырохлістая (P. quadrifolia). Трапляецца ў лясах, ярах, хмызняках.

М. чатырохлістая — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см з паўзучым карэнішчам. Сцябло прамастойнае. Лісце яйцападобнае або ланцэтнае, амаль сядзячае, сабранае ў кальчак у верхняй ч. сцябла. Кветка адзіночная, верхавінкавая. Плод — шызавата-чорная ягада, нагадвае вока вароны. Расліна лек.; ядавітая, асабліва ягады.

Мудранка чатырохлістая.

т. 11, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕЎ (Фёдар Якаўлевіч) (паміж 1753 і 1755, С.-Пецярбург — 23.11.1824),

рускі жывапісец. Скончыў Пецярбургскую АМ (1773), яе акадэмік з 1794. У 1773—77 удасканальваў майстэрства ў Венецыі, дзе пісаў пейзажы («Набярэжная Ск’явоні ў Венецыі», 1775, Нац. маст. музей Беларусі). Першы ў рус. жывапісе стварыў гар. пейзажы: «Выгляд Палацавай набярэжнай ад Петрапаўлаўскай крэпасці» (1800—02), «Красная плошча ў Маскве» (1801), «Від на горад Бахчысарай», «Плошча ў горадзе Мікалаеве» і інш.

Літ.:

Алексеев: Альбом / Авт.-сост. И.​М.​Жаркова. М., 1981.

М.​М.​Паграноўскі.

Ф.Аляксееў. Красная плошча ў Маскве. 1801.

т. 1, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРО́ЖНІЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Мурожніца. У Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на ПдУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,26 км², даўж. больш за 1,4 км, найб. шыр. 260 м, найб. глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3,6 км Пл. вадазбору 38,9 км². Схілы катлавіны выш. 6—10 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, забалочаныя, месцамі пад хмызняком. Дно плоскае, да глыб. 0,8 м пясчанае, ніжэй — ілістае. У возеры расце шальнік Валенберга — рэдкі для Беларусі ахоўны від флоры. З возера выцякае р. Язвінка, упадае р. Мурожніца.

т. 11, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМФАЦЫМБЕ́ЛА (Gomphocymbella),

род дыятомавых водарасцей сям. гамфацымбелавых. 2 віды. Гамфацымбела выгнутая (G. ancyli) — рэліктавы від, пашыраны ў вадаёмах Цэнтр. Альпаў, Германіі, Даніі, Ірландыі. На Беларусі трапляецца ў воз. Нарач, знойдзена ў дыятомавых адкладах муравінскага ўзросту (агаленні на Нёмане і каля Гродна), позналедавіковых і галацэнавых адкладах і асадках (азёры Нарач, Глубелька, Мястра ў Мядзельскім р-не). Гамфацымбела міяцэнавая (G. miocenica) — вымерлы від. На Беларусі адзначана ў азёрна-старычных пародах верхняга міяцэну (каля в. Бурносы ў Лідскім р-не).

Аднаклетачныя прэснаводныя водарасці. Клеткі даўж. 30—45 мкм, шыр. 7—8 мкм, прымацаваны да субстрату студзяністымі ножкамі. Створкі лінейна-ланцэтныя, слабаасіметрычныя, серпападобна выгнутыя і злёгку клінападобныя. Базальны канец больш звужаны. Восевае поле вузкае, сярэдняе — маленькае з ізаляванай кропкай.

Т.​М.​Міхеева.

Гамфацымбела выгнутая.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫ́СКА, зыбка, люлька,

дзіцячы ложак; даўні від бел. нар. мэблі. Рабілі з дошак ці рэечак; у Зах. Беларусі плялі з лазовых дубцоў, ракіты, карэнняў у выглядзе доўгага кошыка (часам з казырком). Падвешвалі на чатырох почапках да столі ці бэлькі, часцей да жэрдкі, якая адным канцом затыкалася за бэльку. Найб. просты від К. — кусок палатна, нацягнуты на драўляную раму. З канца 19 ст. пашырана К. ў выглядзе невял. ложка на ножках, падбітых папарна дугападобнымі брускамі. Аздаблялі К. прапілоўкай, фігурнымі прафіляванымі накладкамі, точанымі ці разнымі элементамі, з якіх набіралі рашэцістыя бакавіны. Плеценыя К. дэкарыравалі спалучэннем розных спосабаў пляцення. У наш час амаль выйшлі з ужытку.

Я.​М.​Сахута, В.​С.​Цітоў.

Калыска. Вёска Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобл. Пач. 20 ст. Дом-музей Я.​Купалы.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)