ГАЛАМЯ́НКІ (Comephorus),

адзіны род рыб сям. галамянкавых атр. скарпенападобных. 2 віды: галамянка вялікая (Comephorus baicalensis) і галамянка малая (Comephorus dybowski) — эндэмікі воз. Байкал. Пелагічныя рыбы, жыццё праводзяць у тоўшчы вады на глыб. 100 м і болей.

Даўж. верацёнападобнага, паўпразрыстага цела 13—23 см, маса 15—64 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела голае, бледна-ружовага колеру з перламутравым адлівам. Грудныя плаўнікі доўгія, брушныя адсутнічаюць. Кормяцца пелагічнымі ракападобнымі, радзей сваімі маляўкамі. Жывародныя, характэрна малая колькасць самцоў (у галамянкі вялікай — 3% ад агульнай колькасці рыб, у галамянкі малой — 12—20%). У целе галамянкі вялікай да 33% тлушчу, які выкарыстоўваецца ў медыцыне. Здабываюцца дзеля тлушчу. Асноўны корм байкальскага цюленя.

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ Андрэй, майстар разьбярскай і сталярнай справы 17 ст. Родам з Беларусі. У 2-й пал. 17 ст. працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1684 «са таварышчы рабілі крэслы вялікай гасударыні, ларцы і паднасныя сталы».

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ЎСКІ (Васіль Піліпавіч) (15.2.1918. в. Кашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 26.1.1992),

бел. гісторык, д-р гіст. н. (1974). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1941). З 1946 на парт. і сав. рабоце, у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1971 заг. сектара Аддзела навук. інфармацыі па грамадскіх навуках АН БССР. Даследаваў акупац. рэжым і партыз. рух на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Аўтар прац «Супраць фальсіфікацыі гісторыі савецкага партызанскага руху» (1962), «Саўдзельнікі ў злачынствах» (1964), «Праўда гісторыі супраць фальсіфікатараў» (1985) і інш. Адзін з аўтараў кн. «Пра партыйнае падполле ў Мінску ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (1961), «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85) і інш.).

М.​М.​Смальянінаў.

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ДРУГА (сербахарвацкае),

у паўднёвых славян ранейшая назва вялікай патрыярхальнай сям’і; разнавіднасць сямейнай абшчыны. Складалася з некалькіх пакаленняў нашчадкаў аднаго бацькі з іх жонкамі і дзецьмі; гаспадарка і спажыванне агульныя. Налічвала 20—30 чал. (часам 50—80). Існавала да 2-й пал. 19 ст.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБІ́НАВАЯ НОЧ,

у беларусаў назва навальнічнай ночы, якая абавязкова чакаецца ў канцы лета (у спасаўку, паміж Іллёй ці Барысам і вялікай Прачыстай або паміж вялікай і малой Прачыстамі). Наз. таксама арабінавая ноч, вераб’іная ноч. На працягу ўсёй Р.н. неба скаланаюць грымоты, бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме моцны вецер, узнікаюць віхуры. Згодна з нар. павер’ем, у гэту ноч з пекла на свет выходзілі ўсе злыя сілы, якія нібыта спраўлялі сваё гал. гадавое свята. Паводле адных меркаванняў, у Р.н. розная нечысць страшыла хрышчоных людзей, паводле другіх — наадварот, усе стыхіі прыроды ядналіся, каб знішчыць нячыстую сілу. Кожны забіты ці пакалечаны ў гэту ноч перуном лічыўся нядобрым чараўніком. Р.н. нібыта патрэбна для спялення ягад рабіны, калі ж ягады не спелі — чакалі благога заканчэння лета і халоднай восені.

У.​А.​Васілевіч.

т. 13, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЦАР, ζ Вялікай Мядзведзіцы; падвойная зорка. Кампаненты з зорнымі велічынямі 2,4 (Міцар) і 4,0 (Алькор) утвараюць фіз. пару з вуглавой адлегласцю 11,8. М. і Алькор (араб. конь і коннік) — самая вядомая і найб. даступная для назірання падвойная зорка. Абодва кампаненты, у сваю чаргу, — спектральна-падвойныя зоркі.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПААЗЕ́Р’Е,

тэрыторыя з вялікай колькасцю азёр (звычайна больш за 2%). Характарызуецца своеасаблівымі рысамі рэльефу і азёрамі аднолькавага паходжання — ледавіковага, тэрмакарставага, карставага і інш. Звычайна ў П. маляўнічыя ландшафты, якія часта вылучаюцца ў буйныя рэкрэацыйныя зоны. Пояс П. цягнецца праз Еўропу ўздоўж межаў паазерскага зледзянення, на Беларусі прадстаўлены Беларускім Паазер’ем.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАШЭ́С I, Артаксій (? — 160 да н.э.),

цар Арменіі Вялікай [189—160 да н.э.]. У 190 узначаліў паўстанне армян супраць Селеўкідаў, абвясціў незалежнасць дзяржавы і стаў заснавальнікам дынастыі Арташэсідаў. Умацаваў і пашырыў свае ўладанні, сталіцу з Армавіра перанёс ў пабудаваны ім г. Арташат. Правёў рэформу, якая ўмацавала прыватную ўласнасць на зямлю.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НЧЫЯ ПСЫ (лац. Canes Venatici),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Размешчана пад «ручкай каўша» Вялікай Мядзведзіцы. Гал. зорка (α Гончых Псоў) — падвойная, 3-й візуальнай зорнай велічыні; 30 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У паўн. частцы Гончых Псоў знаходзіцца спіральная туманнасць. На тэр. Беларусі відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Гончыя Псы.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯТЭРМАКААГУЛЯ́ЦЫЯ (ад дыятэрмія + каагуляцыя),

электракаагуляцыя, лячэбны метад уздзеяння на жывыя тканкі з мэтай іх разбурэння, рассячэння ці выдалення пераменным эл. токам высокай частаты і вялікай сілы, што выклікае павышэнне т-ры тканкі. Крыніца эл. току — іскравыя і электралямпавыя генератары. Выкарыстоўваюць для спынення крывацёку пры аперацыях, пры новаўтварэннях, эрозіях, папіломах, запаленчых працэсах, язвах і інш.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)