ПРЭПРЫ́НТ (англ. preprint ад лац. prae раней, перад + англ. print адбітак, друк),

апераджальны выпуск адбіткаў артыкулаў і інш. друкаваных матэрыялаў для аўтараў і інш. асоб да афіц. выхаду гэтых матэрыялаў. Наладжваецца для паскарэння распаўсюджвання навук. інфармацыі. Таксама выданне, што выпускаецца для абмеркавання спецыялістамі з мэтай падрыхтоўкі яго канчатковага тэксту (стэнаграмы, слоўнікі, макеты асобных тамоў энцыклапедый, пробныя выданні падручнікаў і інш.).

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖЫЛО́Е,

грашовая выплата селяніна феадалу пры пераходзе да другога ўладальніка ў Рас. дзяржаве ў 15—16 ст. Упершыню як абавязковае П. ўпамінаецца ў Судзебніку 1497. Поўны яго памер (ад 50 кап. ад 1 руб.) сяляне плацілі пасля 4 гадоў жыцця на зямлі феадала. Памер П. «з варот» (сял. двара) павялічыў Судзебнік 1550. П. садзейнічала запрыгоньванню сялян. Пасля забароны выхаду сялянскага паступова знікла.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАГА ДАГАВО́РУ (The Central Treaty Organization; СЕНТО),

ваенна-палітычная арганізацыя на Б. і Сярэднім Усходзе ў 1955—79, да сак. 1959 наз. Арг-цыя Дагавору Блізкага Усходу. Дагавор аб яе стварэнні падпісаны ў 1955 у Багдадзе (Багдадскі пакт). Уваходзілі Ірак (выйшаў у 1958), Іран, Пакістан, Турцыя і Вялікабрытанія, у 1959 далучыліся ЗША. Пасля выхаду з СЕНТО Ірана і Пакістана (1979) па ініцыятыве Турцыі арг-цыя спыніла сваю дзейнасць.

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫБ,

хвалі на паверхні акіянаў і мораў, якія ўтвараюцца з ветравых хваль пасля поўнага спынення ветру ці ў выніку выхаду апошніх з раёна іх узнікнення ў вобласць, дзе ветру няма. Хвалі З. звычайна даўжэйшыя за ветравыя (даўж. да 300—400 м, выш. да 10—15 м, перыяд да 17—20 с) і больш рэгулярныя (правільныя). З. пры бязветранасці з хвалямі правільнай формы і малой стромкасці называюць мёртвым З.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́Г,

мелкаводны камяністы або скалісты ўчастак у рэчышчы ракі з рэзкім падзеннем узроўню вады і вял. скорасцю цячэння. Утвараецца звычайна ў месцах выхаду цяжка размываемых горных парод або нагрувашчвання валуноў і абломкаў горных парод. П. перашкаджаюць суднаходству і лесасплаву. Ніжэй П. часта будуюць ГЭС (напр., Днепрагэс, Усць-Ілімская ГЭС на р. Ангара). На Беларусі П. трапляюцца на рэках Зах. Дзвіна (Вярхоўскі П. вышэй г. Віцебск), Дняпро (Кабяляцкія П. каля г. Орша).

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГУЛЯ́НКА, Жыгулянскі канал,

рака ў Івацэвіцкім і Бярозаўскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Ясельда (бас. р. Прыпяць). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 595 км². Пачынаецца за 4 км на ПдЗ ад в. Заполле Івацэвіцкага р-на, цячэ ў межах паўн.-зах. ч. Прыпяцкага Палесся па забалочанай і лясістай мясцовасці, працякае праз Чорнае воз. (пасля выхаду з яго называецца Дарагабуж). Даліна і пойма невыразныя. Рэчышча на працягу 26 км да ўпадзення ў возера каналізаванае.

т. 6, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМАВА́ЛЬНАЯ Я́МА,

месца масавай зімоўкі рыб у рэках і азёрах. У стаячых вадаёмах З.я. найчасцей размяшчаюцца насупраць або ніжэй вусцяў рэк і ручаёў, што ўпадаюць у вадаёмы, у месцах выхаду падводных крыніц; у праточных — рыбы зімуюць на глыбокіх месцах з павольным цячэннем. На Беларусі ахоўваюцца 215 З.я., збор у якіх найбольш уласцівы рыбам сям. карпавых (лешч, гусцяра, плотка і інш.). У вызначаных З.я. штогод з 1 кастр. да 15 крас. забараняецца рыбная лоўля.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУШЧЭ́ННЕ,

адна з форм галінавання, што прыводзіць да ўтварэння куста. Пры К. з пупышак, якія знаходзяцца на цесна збліжаных вузлах каля асновы матчынага парастка, фарміруюцца прыземныя і падземныя бакавыя парасткі (часта на іх утвараюцца прыдатачныя карані). Бывае ў многіх злакаў, асок, некат. кустоў і кусцікаў. У аднагадовых збожжавых злакаў К. пачынаецца рана (фаза К.) і спыняецца пасля выхаду ў трубку. Забяспечвае павышэнне прадукцыйнасці. У культ. раслін залежыць ад сорту, умоў вырошчвання, агратэхн. прыёмаў.

т. 9, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛЬКАМА́ЙО (Pilcomayo),

рака ў Паўд. Амерыцы, на тэр. Балівіі, Аргенціны і Парагвая (служыць мяжой паміж імі), правы прыток р. Парагвай (бас. р. Парана). Даўж. 1200 км, пл. басейна каля 160 тыс. км². Вытокі ў Цэнтр. Андах Балівіі, прарываецца праз Усх. Кардыльеру, цячэ па раўніне Гран-Чака. Сярэдні расход вады пасля выхаду з гор каля 170 м³/с, мнагаводная ад студз. да красавіка. У верхнім цячэнні ГЭС, суднаходная ў нізоўях. У вусці сталіца Парагвая — г. Асунсьён.

т. 12, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБОТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

стан тэхн. вырабу (збудавання, канструкцыі, машыны), пры якім у дадзены момант часу яго асн. параметры, што характарызуюць здольнасць вырабу выконваць зададзеныя функцыі, знаходзяцца ў межах, устаноўленых патрабаваннямі нарматыўна-тэхн. дакументацыі. З работаздольнага стану выраб можа перайсці ў неработаздольны ў выніку адказу, аварыі і інш. Адказ вырабу адбываецца ў выніку выхаду са строю яго кампанентаў, разладжвання, разрэгулявання, разбурэння канструкцыі або змены яе структуры, уздзеяння перашкод і г.д. Здольнасць чалавека выконваць работу (працаваць) наз. працаздольнасцю.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)