сямейнае выхаванне

т. 15, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фізічнае выхаванне

т. 16, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эстэтычнае выхаванне

т. 18, кн. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРЫТА́РНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

выхаваўчая канцэпцыя, заснаваная на сляпым прызнанні аўтарытэтаў, падаўленні ініцыятывы выхаванцаў і падпарадкаванні выхавальніку. Прынцып аўтарытарызму ў выхаванні найб. выразны ў рэліг. сістэме выхавання (езуіцкія калегіумы), у пед. канцэпцыі ням. вучонага І.​Ф.​Гербарта, у фаш. педагогіцы. З эпохі Адраджэння прагрэсіўныя педагогі супрацьпастаўлялі аўтарытарнаму выхаванню прыродаўзгодненае выхаванне, заснаванае на ідэі поўнай свабоды дзіцяці (Ж.​Ж.​Русо, рус. педагог К.​М.​Вентцэль) ці разумнай апекі і творчага супрацоўніцтва выхавальніка і выхаванца (Л.​М.​Талстой, А.​С.​Макаранка, В.​А.​Сухамлінскі і інш.).

Г.​В.​Сегянюк.

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́НСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

сістэма выхавання хлопчыкаў і юнакоў (дзяцей свабодных грамадзян) у Стараж. Афінах у 7—5 ст. да нашай эры. Мэта афінскага выхавання — дасягненне «гармоніі душы і цела» (інтэлектуальнага, маральнага, эстэт. і фіз. развіцця). Прадугледжвала выхаванне да 7 гадоў у сям’і пад кіраўніцтвам маці або мамкі, пазней — педагога; з 7 да 16 гадоў — навучанне ў прыватных мусічных школах чытанню, пісьму, лічэнню (школа граматыста), музыцы, спевам, дэкламацыі (школа кіфарыста), з 12 гадоў дадаткова — гімнастыцы (палестра); з 16 да 18 юнакі са знатных сем’яў вывучалі філасофію, л-ру, палітыку, фіз. ўдасканаленне праходзіла ў дзярж. гімназіі; з 18 да 20 праводзілася ваеннае навучанне і набывалася паліт. адукацыя ў эфебіі. Фізічная праца выключалася.

Г.​В.​Сегянюк.

т. 2, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ваенна-патрыятычнае выхаванне 2/547; 5/129, 318

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«КАМУНІСТЫ́ЧНАЕ ВЫХАВА́ННЕ»,

педагагічны, паліт.-асв. часопіс. Выдаваўся ў 1924—36 у Мінску, друкаваў матэрыялы на бел. і рус. мовах. Да 1929 наз. «Асвета», з 1930 — «К.в.», у 1940—60 — «Савецкая школа», у 1960 аб’яднаны з час. «У дапамогу настаўніку» і атрымаў назву «Народная асвета». Выйшла 110 нумароў. Асвятляў пытанні ўсеагульнага навучання ў БССР, методыкі і арг-цыі навуч. працэсу ў школе, змяшчаў крытыка-бібліягр. агляды кніг на пед. тэмы, школьных падручнікаў, дапаможнікаў і інш.

т. 7, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВО́Е ВЫХАВА́ННЕ,

сістэма медыцынскіх і педагагічных мер, накіраваных на выхаванне ў дзяцей, падлеткаў і моладзі разумных, здаровых адносін да пытанняў полу. Накіравана на фарміраванне цэласнай асобы хлопчыка (мужчыны) і дзяўчынкі (жанчыны), здольных разумець псіхал. і фізіял. асаблівасці палоў у сувязі з сац. і маральнымі нормамі, устанаўліваць, падтрымліваць і ўдасканальваць партнёрскія і сац. адносіны, падрыхтоўвацца да шлюбу і бацькоўства. П.в. пажадана пачынаць на раннім дзіцячым узросце. Да 7 гадоў дзеці павінны ведаць пра асн. адрозненні полаў, ролю маці і бацькі ў паходжанні дзяцей, развіцці дзіцяці ў арганізме маці, пра яго паяўленне на свет, харчаванне пасля нараджэння. Далей складваюцца спрыяльныя ўмовы для асэнсавання адносін паміж поламі і выпрацоўцы ўстановак супрацоўніцтва хлопчыкаў і дзяўчынак як раўнапраўных, але не аднолькавых партнёраў. Дысгармонія ў жыцці падлеткаў найб. выяўляецца паміж працэсам палавой спеласці, праяўленнем палавой цягі і ўзроўнем спеласці. Таму важна, каб правільнае ўяўленне пра палавое развіццё і гігіенічныя навыкі яны атрымлівалі ад бацькоў. Пэўную ролю ў гэтым адыгрываюць умовы жыцця ў сям’і, школе, на вуліцы, пазашкольная выхаваўчая работа. П.в. падлеткаў старэйшага школьнага ўзросту і юнакоў уключае раскрыццё маральных, сац. і гігіенічных аспектаў узаемаадносін полаў, азнаямленне з асновамі гігіены і фізіялогіі палавога жыцця, гігіены шлюбу.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЗУІ́ЦКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

сістэма выхавання, распрацаваная ордэнам езуітаў. Яе прынцыпы і методыка выкладзены ў спец. школьным статуце «Ratio atque institutio studiorum Societatis Jesu» («План і арганізацыя заняткаў у грамадстве Icyca»), зацверджаным y 1599. Адна з характэрных рыс Е.в. — адмова ад суровай дысцыпліны, якая існавала ў сярэдніх і вышэйшых школах сярэдневякоўя. Аднак езуітамі была распрацавана сістэма пакаранняў, якая прыніжала чалавечую годнасць вучняў (каўпак з аслінымі вушамі, ганебная лава і інш.) і сістэма ўзнагарод (пачэснае месца ў класе, адзнакі і г.д.). Настаўнікі-езуіты імкнуліся кантраляваць кірунак думак навучэнцаў, вялі за імі пастаянны нагляд. Е.в. было накіравана на падрыхтоўку вучняў да служэння каталіцкай царкве, аўтарытэту папы рымскага, вышэйшых царк. іерархаў (гл. таксама Езуіцкія навучальныя ўстановы, Калегіум).

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 6, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АДУКА́ЦЫЯ І ВЫХАВА́ННЕ»,

штомесячны часопіс. Выходзіць з 1992 у Мінску на бел. мове (асобныя матэрыялы на англ., ням. і рус. мовах). Асвятляе навук.-тэарэтычныя і метадалагічныя пытанні грамадскага і сямейнага выхавання, падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі пед. кадраў, замежны вопыт у галіне адукацыі і выхавання.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)