УБА́НГІ (Ubangi, Oubangui),

рака ў Цэнтр. Афрыцы, правы прыток р. Конга. Цячэ па межах Дэмакр. Рэспублікі Конга з Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікай і Рэспублікай Конга. Утвараецца ад сутокаў рэк Мбому і Уэле. Даўж. ад вытоку р. Уэле каля 2,3 тыс. км, пл. бас. 773 тыс. км². Шмат быстрынь і парогаў. Паводкі з сак. да ліст. (у перыяд дажджоў). Сярэдні расход вады каля 7 тыс. м³/с. Суднаходная на 650 км ад г. Бангі (Цэнтральнаафр. Рэспубліка), у сезон дажджоў — ад зліцця вытокаў.

т. 16, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НІ (Beni),

рака ў Паўд. Амерыцы, у Балівіі, адзін з вытокаў р. Мадэйра (сістэма Амазонкі). Даўж. каля 1500 км, пл. бас. 850 тыс. км². Пачынаецца на зах. схілах Кардыльеры-Рэаль (Цэнтр. Анды), перасякае высокія плато і хрыбты ў глыбокіх цяснінах з парогамі і вадаспадамі, у нізоўях па паўд.-зах. ускраіне Амазонскай нізіны ўтварае шмат меандраў. Буйны левы прыток Мадрэдэ-Дзьёс. Паводка са снеж. да мая. Сярэдні расход вады 6200 м³/с. Суднаходства ад. г. Рурэнабаке да вадаспадаў Эсперанса (29 км вышэй вусця).

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ГВІНЕ́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША У Зах. Афрыцы. Цягнецца паралельна ўзбярэжжу Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал. ад вытокаў рэк Нігер, Сенегал, Гамбія на З да ніжняга цячэння Нігера на У. Складаецца з гор і пласкагор’яў, якія з’яўляюцца выступамі Афрыканскай платформы. Выш. ад 300—500 м на У да 500—1000 м на З (г. Бінтымані, 1948 м). Паўд. паветраныя схілы больш стромкія, моцна расчлянёныя шматлікімі рэкамі, укрытыя гал. ч. вільготнымі вечназялёнымі лясамі; на больш засушлівых паўн. схілах пераважаюць лістападныя саванныя лясы і высакатраўныя саванны.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ ГРАМАДА́,

грамадская арг-цыя католікаў Беларусі. Створана ў 1990. Асн. кірункі дзейнасці: вяртанне бел. касцёла да нац. вытокаў, забеспячэнне паўнапраўнага функцыянавання ў ім бел. мовы, выданне рэліг. і богаслужэбнай л-ры, выхаванне патрыятызму, маральнасці, культуры і грамадз. адказнасці. Падтрымлівае сувязі з каталіцкімі арг-цыямі замежжа. З 1992 выдае час. «Хрысціянская думка». Выдала кнігу А.​Станкевіча «Родная мова ў святынях» (факсіміле), зб. вершаў А.​Зязюлі «З роднага загону» і інш. Скульптурна-манум. секцыя грамады ўдзельнічае ў распрацоўках праектаў рэстаўрацыі культавых збудаванняў, стварэнні помнікаў гіст. асобам.

М.​В.​Анцыповіч.

т. 2, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЧАНТЫРА́ДЗЕ Канстанцін Канстанцінавіч (н. 1.1.1934, Тбілісі),

грузінскі літ.-знавец. Канд. філал. н. (1973). Скончыў Тбіліскі ун-т (1957). Даследуе груз.-бел. літ. ўзаемасувязі. Аўтар навук. прац «Руставелі ў беларускай літаратуры» (1971), «Беларускі раман пра Грузію» (пра раман Э.​Самуйлёнка «Будучыня»), «З гісторыі літаратурных сувязей грузінскага і беларускага народаў» (абедзве 1972), «Пытанні грузіна-беларускіх літаратурных сувязей на старонках грузінскіх і беларускіх газет і часопісаў» (1975), «Ля вытокаў літаратурнай садружнасці грузінскага і беларускага народаў» (1982), «Янка Лучына — аўтар першага беларускага твора пра Грузію» (1983) і інш.

т. 8, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭНЕСІ́ (Tennessee),

рака на У ЗША, левы прыток р. Агайо (бас. р. Місісіпі). Утвараецца ад сутокаў рэк Холстан і Фрэнч-Брод, якія сцякаюць з зах. схілаў Апалачаў. Даўж. 1050 км (ад вытоку р. Холстан 1470 км), пл. бас. 104 тыс. км². Разводдзе ў канцы зімы і вясной, нізкая межань летам. Сярэдні расход вады ў вусці 1800 м³/с. Сцёк Т. амаль поўнасцю зарэгуляваны сістэмай вадасховішчаў (найб. — Кентукі). Комплекс ГЭС, ЦЭС, АЭС. Суднаходная ад вытокаў дзякуючы абвадным каналам і шлюзам. На Т. — гарады Ноксвіл, Чатануга, Флорэнс.

т. 16, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛКС (Vilks) Эвалд (сапр. Лаціс; 8.2.1923, г. Валка, Латвія — 21.12.1976),

латышскі пісьменнік. Друкаваўся з 1941. Першы зб. «Людзі адной праўды» (1949) пра падзеі Вял. Айч. вайны. У зб-ках апавяданняў «У асеннія дні» (1955, Дзярж. прэмія Латвіі 1957), «Зялёнае дрэва» (1960), «З-за мінуты спазнення» (1961), «Дзікун» (1968), «Добры знаёмы» (1973) і інш. праблемы сучаснасці, характары людзей працы, карціны роднай прыроды. Яго творы вызначаюцца паглыбленым раскрыццём сац. вытокаў псіхалогіі чалавека. На бел. мову асобныя творы Вілкса пераклаў М.​Арочка.

Тв.:

Raksti. Sēj. 1—5. Riga, 1982—86;

Бел. пер. — Чалавек нарадзіўся. Мн., 1961.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА ДВУХ СУСЕ́ДАЎ»,

цыкл ананімных твораў бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Выдаваўся асобнымі выпускамі Б.​Шварцэ, А.​Белакозам, Грынявіцкім у беластоцкай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. У 1861—62 выйшлі 4 нумары. Напісана ў форме вершаванага дыялогу двух сялян — бывалага, спрактыкаванага Матэвуша і праставатага, наіўнага Юзафа. Зместам і ідэйнай накіраванасцю блізкая да «Гутаркі старога дзеда», некат. палажэннямі набліжаецца да публіцыстыкі «Мужыцкай праўды». Была каля вытокаў бел. дэмакр. прэсы. Выказвалася думка, што яе аўтары — У.​Сыракомля і В.​Каратынскі.

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 21—24.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ГУАШСКІ РУХ,

міжнародны рух вучоных за мір, ядз. раззбраенне і навук. супрацоўніцтва ўсіх краін. Каля яго вытокаў стаялі вядомыя вучоныя, у т. л. А.Эйнштэйн, Ф.Жаліо-Кюры, Б.Расел і інш., якія ў 1955-заклікалі вучоных усіх краін выступіць супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. У ліп. 1957 у канадскім г. Пагуаш (адсюль назва) адбылася 1-я Пагуашская канферэнцыя. Тады ж быў утвораны пастаянны Пагуашскі к-т са штаб-кватэрай у Лондане. З таго часу рэгулярна праводзяцца канферэнцыі П.р., на якіх абмяркоўваюцца пытанні захавання міру і ролі ў гэтым вучоных. Нобелеўская прэмія міру 1995 (разам з Дж.Ротблатам).

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́РЫ (Chari, Shari),

рака ў Цэнтр. Афрыцы. Утвараецца зліццём рэк Уам і Грыбінгі, якія пачынаюцца ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы; большая ч. цячэння ў межах Рэспублікі Чад (часткова з’яўляецца граніцай паміж Чадам і Камерунам). Упадае ў воз. Чад, з прытокам Лагоне ўтварае агульную дэльту. Даўж. (ад вытокаў р. Уам) 1450 км, пл. бас. каля 700 тыс. км². Паводка ў летні дажджлівы сезон, у сярэднім і ніжнім цячэнні — у асеннія месяцы. Сярэдні расход вады 1230 м³/с. Суднаходная ад г. Батангафа на р. Уам (больш за 860 км). Рыбалоўства. На Ш. — г. Нджамена (сталіца Чада).

т. 17, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)