элементы будынкаў і збудаванняў, вырабленыя з жалезабетону. Бываюць: маналітныя (фармуюцца ў апалубцы на месцы буд-ва), зборныя (састаўляюцца з асобных элементаў, папярэдне зробленых на спец. з-дах і палігонах) і зборна-маналітныя (спалучаюць зборныя элементы з маналітным бетонам, які ўкладваецца на буд. пляцоўцы); звычайныя (іх разнавіднасць — армацэментавыя канструкцыі) і папярэдне напружаныя канструкцыі; з стальной, шклапластыкавай арматурай і дысперснаарміраваныя (з фібрабетону); вібраўшчыльненыя, центрыфугаваныя, прасаваныя, вакуумаваныя, атрыманыя камбінаванымі спосабамі і інш.
Маналітныя канструкцыі выкарыстоўваюцца пераважна пры асабліва вял. нагрузках (фундаменты, каркасы і перакрыцці шматпавярховых прамысл. будынкаў, гідратэхн. аб’екты, пакрыцці аўтадарог, элементы мастоў, пуцеправодаў і інш.). Зборныя канструкцыі пашыраны пры індустр. буд-ве. Ідуць на фундаменты і падземныя часткі будынкаў і збудаванняў (фундаментальныя блокі і пліты, панэлі і блокі сцен падвалаў), на каркасы будынкаў (калоны, рыгелі, прагоны, падкранавыя бэлькі, фермы), на вонкавыя і ўнутр. сцены (сценавыя і перагародачныя панэлі і блокі), на міжпавярховыя перакрыцці і пакрыцці будынкаў (панэлі, пліты, насцілы) і інш.Зборна-маналітныя канструкцыі выкарыстоўваюцца гал. чынам у перакрыццях шматпавярховых будынкаў, у мастах і пуцеправодах, пры ўзвядзенні некаторых абалонак і інш. Іх ужыванне асабліва мэтазгодна пры вял. дынамічных нагрузках (у т. л. сейсмічных), а таксама з-за ўмоў транспартавання і мантажу. У канструкцыях выкарыстоўваецца ў асн. гнуткая арматура ў выглядзе асобных стрыжняў, зварных сетак і каркасаў. Акрамя падоўжнай арматуры ўстанаўліваецца размеркавальная мантажная і папярочная арматура (хамуты, адгіны), часам прадугледжваецца ўскоснае арміраванне ў выглядзе зварных сетак і спіралей. Для папярэдне напружаных канструкцый выкарыстоўваюць высокатрывалую стрыжнёвую арматуру і дрот, а таксама пасмы і канаты з яго; для электраізалюючых. каразійнаўстойлівых і інш. канструкцый спец. прызначэння — шклапластыкавую арматуру (стрыжні з шкляных нітак, аб’яднаных палімернымі кампазіцыямі).
Літ.:
Баженов Ю.М., Комар А.Г. Технология бетонных и железобетонных изделий. М., 1984;
Ахвердов И.Н. Технология железобетонных изделий и конструкций специального назначения Мн., 1993;
Проектирование железобетонных конструкций:, Справ. пособие. 2 изд. Киев, 1990.
М.М.Гурбо.
Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі: а — жалезабетонны блок (1 — бетон, 2 — арматура са стальных стрыжняў); б — папярэдненапружаны блок (1 — стрыжні пад нацяжэннем, 2 — стальныя трубкі); в — бэлька з вязаным арматурным каркасам (1 — асноўная рабочая арматура, 2 — хамуты, 3 — мантажная арматура); г — калона з вязаным арматурным каркасам (1, 2 — асноўная і папярочная арматура).Жалезабетонныя вырабы і канструкцыіа — жалезабетонны каркас прамысловага будынка (1 — фундамент; 2, 8 — калоны вонкавая і ўнутраная; 3 — фундаментная бэлька; 4 — сценавая пліта; 5 — падкранавая бэлька; 6 — пліта пакрыцця; 7 — бэлька пакрыцця); б — зборныя канструкцыі буйнапанэльнага жылога будынка (1 — фундаментны блок, 2 — пліта перакрыцця, 3 — нясучая панэль папярочнай сцяны, 4 — дахавая пліта, 5 — вонкавая сценавая панэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ КЕРА́МІКА,
матэрыялы і вырабы з керамікі, якія выкарыстоўваюцца ў буд-ве. Да будаўнічай керамікі адносяць сценавыя матэрыялы (цэгла, керамічны камень), матэрыялы для аздаблення фасадаў і ўнутр. паверхняў будынкаў (гл.Аддзелачныя матэрыялы), дахавыя матэрыялы (чарапіца), сан.-буд. вырабы, керамічныя трубы, кіслота- і вогнетрывалыя вырабы (абліцовачныя пліты, вогнетрывалая цэгла і інш.), вырабыспец. прызначэння (клінкер, камень для падземных збудаванняў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ ХЛЕБАЗАВО́ДЫ.
У Мінску 7 хлебазаводаў. З 1972 усе яны ў вытв. аб’яднанні «Мінскхлебпрам». Хлебазавод №1 працуе з 1927, у 1946 рэканструяваны. Хлебазавод №2 працуе з 1929, у 1958 рэканструяваны. Асн. прадукцыя абодвух — хлеб і булачна-абараначныя вырабы. Хлебазавод №3 працуе з 1953. Хлебазавод №4 працуе з 1956. Хлебазавод №5 працуе з 1967. Асн. прадукцыя ўсіх трох — хлеб, булачныя і кандытарскія вырабы. Хлебазавод №6 працуе з 1981, асн. прадукцыя — хлеб, батонныя вырабы. Хлебазавод «Аўтамат» працуе з 1940, у 1955 рэканструяваны, асн. прадукцыя — хлеб, булачна-абараначныя вырабы і здобныя сухары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ТЭКСТЫ́ЛЬНАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ, «Віцьтэкс». Засн. ў 1946 у Віцебску як арцель «Чырвоны гарбар». З 1954 арцель, з 1960 ф-ка «Тэкстыльшчык» (з 1976 галаўное прадпрыемства Віцебскага тэкстыльнага аб’яднання), з 1991 ВА «Віцьтэкс» («Віцебскі тэкстыль»). Асн. прадукцыя (1996): дывановыя вырабы, баваўняныя, паўшарсцяныя і махровыя тканіны, швейныя вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з в. Крэва Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Промысел вядомы з 14 ст.Найб. развіцця дасягнуў у 19—1-й пал. 20 ст. Вылепленыя вырабы дапрацоўвалі на ручным ганчарным крузе з наступным гартаваннем або дымленнем; у 20 ст. посуд рабілі на нажным крузе і глазуравалі, часам аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай у выглядзе простых расл. матываў. Посуд вызначаецца ўстойлівымі формамі, выразным S-падобным профілем сценак. З 1950-х г.быт. глазураваныя вырабы нешырокага асартыменту вырабляе кафляны цэх Астравецкага камбіната буд. матэрыялаў (Гродзенская вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЖЭ́ЛЬСКАЯ КЕРА́МІКА,
вырабы керамічных прадпрыемстваў у раёне с. Гжэль Раменскага р-на Маскоўскай вобл. У 2-й пал. 18 ст. «чорныя» (простыя) і паліваныя вырабы замяніліся маёлікай (кваснікі, талеркі, цацкі і г.д.) з арыгінальнай шматколернай размалёўкай па белай паліве, часам і з ляпнымі фігуркамі. У 19 ст. выраблялі фарфор, фаянс, паўфаянс. Цяпер традыцыі гжэльскай керамікі працягвае з-дмаст. керамікі ў пас. Турыгіна. Вырабы вызначаюцца акруглымі аб’ёмістымі формамі, сакавітай сіняй размалёўкай па белым фоне, выкананай шырокім мазком.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ.
Створана ў 1960 на базе Гомельскай прамысл. Арцелі «XVIII партз’езд» (з 1939). Асн. прадукцыя: строчана-вышытае дзіцячае адзенне, пасцельная і сталовая бялізна, вырабы вязаныя і ручнога ткацтва (ткуць у в. Неглюбка Веткаўскага р-на і ў Чачэрску), вырабы з лазы і саломкі. Шырокую вядомасць маюць неглюбскія ручнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МАВА-ТЭХНІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
падгаліна гумаазбеставай прамысловасці. Аб’ядноўвае прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам на агульнай гумавай аснове (з выкарыстаннем інш. рэчываў) разнастайных прылад, дэталей і інш. рэчаў вытв., прамысл. і спажывецкага прызначэння. Да іх адносяць рукавы, пасы, трансп. (канвеерныя) стужкі, сальнікі, кольцы, пыле-, вільгаце- і маслаахоўныя каўпачкі, гумава-металічныя амартызатары, вырабы для ўшчыльнення акон і дзвярэй аўтамабіляў, самалётаў, чыг. вагонаў, для герметызацыі стыкаў буд. панэлей, тэхн. прагумаваных тканін і вырабаў з іх. Па спосабах атрымання і прызначэнні вырабы падзяляюцца на фармавыя (каля 30 тыс. найменняў), нефармавыя (больш за 12 тыс. найменняў), трансп. стужкі, пасы, рукавы. У Беларусі гумава-тэхнічных вырабаў вытворчасць пачала развівацца ў пасляваен. час. Дзейнічаюць акцыянернае т-ва«Беларусьгуматэхніка», бабруйскія прадпрыемствы бел.-ірл. «Ірбел», «Бонаш» канцэрна «Белнафтахім», акцыянернае т-ва «Барысаўгуматэхніка» (гл.Барысаўскі завод «Гуматэхніка»), Магілёўскі рэгенератарны з-д. Выпускаюць гумаватэхн. вырабы для аўтамаб., трактарнай, авіяц., станкабуд., мэблевай, трыкатажнай, буд. матэрыялаў прам-сці, с.-г. машынабудавання, буд-ва наземных і падземных збудаванняў, маналітныя гумавыя шынкі, гумава-тэхн. вырабы для грузавых і легкавых аўтамабіляў, розныя камплектуючыя вырабы, рэгенерыраваную гуму, гумавыя крошку, пракладкі для шпал, пырскавікі для аўтамабіляў, дарожкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя вырабы ганчароў 11—18 ст. з Мінска. У 11—15 ст. выраблялі гасп. посуд: гаршкі з накрыўкамі, патэльні, збаны, якія фармавалі з мясц. чырвоных глін на ручным ганчарным крузе прыёмамі спіральнага або кальцавога налепаў. У гліняную масу ў якасці дамешкаў дадавалі буйназярністы пясок, жарству, шамот. Вырабы ўпрыгожвалі сціплым геам. узорам у выглядзе хвалі, зігзага, насечкі, ямкі або лінейнага рыфлення (узор наносілі вострымі прадметамі пасля фармоўкі). Некат. вырабы гартавалі. У 2-й пал. 16—17 ст. посуд фармавалі на нажным ганчарным крузе тэхнікай выцягвання. Значна пашырыўся асартымент: выраблялі кафлю, дахоўку, цэглу, пліткі для падлогі, чорназадымлены і гартаваны посуд (макотры, міскі, талеркі, збаны, кубкі). Для аздаблення ўжывалі пераважна зялёную і жоўта-карычневую паліву. Часта перад глазураваннем посуд грунтавалі ангобам. Больш разнастайнай стала арнаментыка (пераважалі геам. і расл. ўзоры), тэхніка нанясення арнаменту: разам з графічным узорам існавала падглазурная размалёўка ангобам на кубках, збанах, талерках, місках. У дэкоры выкарыстоўвалі штампікі, пуансоны, зубчатыя колцы. Некат. вырабы аздаблялі накладным дэкорам у выглядзе шляка, карніза, разеткі. Вырабы 2-й пал. 18 ст. больш простыя па форме і аздабленні (адсутнічае накладны дэкор, штампаваны ўзор); выкарыстоўвалі глухія эмалі, пашырана размалёўка фарбамі па эмалях.