ЛУЧЫ́Н,

старажытны горад, які ўпершыню згадваецца пад 1138 у Статуце Смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, потым пад 1173 у Іпацьеўскім летапісе як месца нараджэння ў кн. Рамана Расціславіча сына, у гонар якога ў Л. быў пабудаваны храм св. Міхаіла, у грамаце «Аб пагароддзі і пачэсці» пад 1211—18 згадваецца ў ліку гарадоў, што плацілі даніну смаленскаму епіскапу. Месцазнаходжанне горада дакладна не вызначана. Адзіным месцам магчымай лакалізацыі летапіснага Л., дзе тапанімічныя і археал. звесткі супадаюць з пісьмовым сведчаннем Іпацьеўскага летапісу, з’яўляецца гарадзішча каля в. Лучын ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯПЭ́ЎНЫЯ ВІ́ДЫ,

віды жывых арганізмаў, пагроза знікнення якіх з дадзенай тэр. ўмоўна існуе (колькасць і стан папуляцый выклікаюць трывогу), аднак ступень яе дакладна не вызначана (з-за недахопу звестак). Уключаюцца ў Чырвоныя кнігі (катэгорыя 4 Камісіі па рэдкіх і знікаючых відах МСАП). На Беларусі 1 Н.в. млекакормячых, 17 — птушак, 8 — насякомых, 7 — пакрытанасенных раслін, па 4 — грыбоў і водарасцей. Ахова Н.в. патрабуе вывучэння іх біялогіі, экалогіі і пашырэння, уліку сустрэч, кантролю за станам папуляцый, забароны здабычы (збору), аховы месцаў пражывання (росту), увядзення ў культуру і рассялення ў прыродныя экатопы (для раслін) і інш.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАХІ́МІЯ (ад цыта... + хімія),

раздзел цыталогіі, што вывучае састаў клетачных структур, сінтэз, размеркаванне, функцыян. актыўнасць і змены хім. злучэнняў у клетцы. Як навука развіваецца з сярэдзіны 19 ст. Асн. прынцып метадаў Ц. — звязванне пэўнага хім. кампанента клеткі з фарбавальнікам або ўтварэнне афарбоўкі ў працэсе рэакцыі. Метадамі Ц. абгрунтавана генет. роля нуклеінавых кіслот, вызначана сувязь паміж функцыян. актыўнасцю клеткі і колькасцю бялкоў у ёй, адкрыты і вывучаны клетачны цыкл. Даследаванне метадамі Ц. тканкавых структур наз. гістахіміяй.

Літ.:

Введение в количественную цитохимию: Пер. с англ. М., 1969;

Луппа Х. Основы гистохимии: Пер. с нем. М., 1980.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯН-МА́ЕН (Jan Mayen),

востраў у паўн. ч. Атлантычнага ак.; тэр. Нарвегіі. Пл. 380 км². Складзены з базальтаў, туфаў, попелу. На ПнУ дзеючы вулкан Берэнберг (выш. 2277 м) з кратэрам дыяметрам 1,2—1,4 км. Апошняе вывяржэнне ў 1970. Схілы вулкана вышэй за 500 м укрыты ледавікамі, асобныя вывадныя ледавікі зніжаюцца да мора. У паўд.-зах. частцы ступеньчатае плато з вулканічнымі кратэрамі. Выш. да 840 м. Частыя землетрасенні. Пераважаюць мохава-лішайнікавыя тундры і акіянічныя лугі. Птушыныя базары. Названы ў гонар галанд. мараплаўца Я.​Мая, у час плавання якога ў 1614 было вызначана дакладнае размяшчэнне вострава.

т. 18, кн. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НКА 1) найменшы з натуральных лікаў n = 1. Пры множанні адвольнага ліку на 1 атрымліваецца той жа самы лік.

2) Элемент e мноства M наз. адзінкай, у адносінах да бінарнай алг. аперацыі *, калі для адвольнага элемента a мноства M выконваецца роўнасць a * e = a, або e * a = a (абедзве роўнасці незалежныя, г. зн., што ў агульным выпадку a * b ≠ b * a). Адрозніваюць левыя і правыя адзінкі: a * eп = a і eл * a = a. Калі на мностве M вызначана некалькі бінарных аперацый (напр., множанне і складанне лікаў), то e наз. адзінкай толькі ў адносінах да множання, у адносінах да складання — нулём.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІМПТО́ТА (ад грэч. asymptōtos які не супадае) крывой з бесканечнай галінай, прамая, да якой гэта галіна неабмежавана набліжаецца. напрыклад, асімптота гіпербалы y = 1/x — восі каардынат Ox і Oy. Крывая можа перасякаць сваю асімптоту (напр., графік затухальных ваганняў) або зусім не мець асімптоты (напр., парабала). Калі графік функцыі y = 𝑓(x) пры вялікіх х мае асімптоту, што вызначана ўраўненнем y = kx + b, то гэту функцыю можна вызначыць як 𝑓(x) = kx + b + a(x), дзе a(x)→0 пры x→∞. Выкарыстоўваецца ў матэм. аналізе.

Асімптоты: а — гіпербалы y = ​1/x (восі каардынат Ox і Oy); б — графіка затухальнага вагання (вось Ot).

т. 2, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЬСКАЯ СТАЯ́НКА,

стаянка першабытнага чалавека эпохі сярэдняга палеаліту за 40 км на ПдЗ ад г. Краснадар (Расія). Размешчана на правабярэжжы р. Іль (адсюль назва), левага прытока р. Кубань. Мае 2 культурныя пласты часу мусцье таўшчынёй каля 0,5 м, падзеленыя слоем без знаходак (1 м). Датаванне дакладна не вызначана, магчыма, каля 70—60—35 тыс. г. назад. Выяўлена шмат касцей бізонаў (большасць), мамантаў, пячорнага мядзведзя, ваўка, гіены, высакароднага аленя і інш. Сабрана вял. калекцыя прылад з даламіту, кварцыту, крэменю і інш. (скрэблы, рубілы, лістападобныя вастрыі). Вылучаецца трохвугольны двухбаковы наканечнік, у якім некат. даследчыкі бачаць генетычную сувязь з верхнепалеалітычнай стралецкай культурай.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́РЭНЦА СІ́ЛА,

сіла, што дзейнічае на рухомую зараджаную часціцу ў эл.магн. полі; адно з важнейшых паняццяў электрадынамікі. Матэматычна вызначана Х.А.Лорэнцам у выніку абагульнення эксперым. даных.

Вызначаецца формулай: F→ = qE→ + qv→ × B→ , дзе q — зарад часціцы, E→ — напружанасць эл. поля, B→ — магн. індукцыя, v→ — скорасць часціцы адносна сістэмы каардынат, дзе вызначаны велічыні F→, E→ і B→. Першы член у правай частцы формулы абумоўлены эл. полем, другі — магн. полем. Магн. частка Л.с. падобная на Карыяліса сілу ў механіцы: дзейнічае на рухомы зарад перпендыкулярна яго скорасці — захоўвае пастаяннай энергію зараду і змяняе толькі напрамак яго імпульсу. Гл. таксама Гальванамагнітныя з’явы, Тэрмамагнітныя з’явы.

т. 9, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУМ-ГРЖЫМА́ЙЛА Рыгор Яфімавіч (17.2.1860, С.-Пецярбург — 3.3.1936),

рускі географ, даследчык Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. У 1884—87 падарожнічаў па Алтаі, Цянь-Шані, Каракаруме і Кашгарыі. У 1889—90 узначальваў экспедыцыю ў Цэнтр. Азію, у час якой адкрыты горны хр. Бэйшань і вызначана адмоўная адзнака Турфанскай упадзіны. У 1903—14 ажыццявіў шэраг экспедыцый у Зах. Манголію, Туву, на Д.​Усход і інш. У 1920—31 віцэ-прэзідэнт Геагр. т-ва СССР. Асн. працы: «Апісанне Амурскай вобласці» (1894), «Зах. Манголія і Уранхайскі край» (т. 1—3, 1914—30). Вял. залаты медаль Геагр. т-ва. Яго імем названы перавал у гарах Сіхатэ-Алінь, ледавікі на Паміры і масіве Багдо-Ула.

т. 5, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, адваротная паказальнай функцыі; адна з асн. элементарных функцый. Вызначаецца формулай y = lnx Значэнне y Л.ф., адпаведнае значэнню аргумента x, наз. натуральным лагарыфмам ліку x. Графік Л.ф. наз. лагарыфнікай.

У матэм. аналізе разглядаюцца Л.ф. віду y = logax, звязаныя з y = lnx (асноўнай) суадносінамі logax = lnx/lna пры a > 0, a ≠ 1. Іх асн. ўласцівасці вынікаюць з уласцівасцей паказальнай функцыі і лагарыфма Л.ф. ў вобласці сапраўдных лікаў вызначана толькі для дадатных х, у вобласці камплексных лікаў — для любых сапраўдных і камплексных лікаў. Графік Л.ф. logax сіметрычны графіку паказальнай функцыі y = a​x адносна восі Ox, праходзіць праз пункт (1, 0) і асімптатычна набліжаецца да восі Oy.

А.​А.​Гусак.

Графікі некаторых лагарыфмічных функцый.

т. 9, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)