нямецкая кнігавыдавецкая і кнігагандлёвая фірма. Засн. ў 1805 Ф.А.Бракгаўзам у Амстэрдаме (з 1811 у Альтэнбургу, з 1817 у Лейпцыгу). Спецыялізуецца на выпуску універсальных энцыклапедый. З 1984 у складзе акц.т-ва Бібліяграфічны інстытут і Ф.А.Бракгаўз.
У 1808 Ф.А.Бракгаўз выкупіў права на выданне універсальнай энцыклапедыі «Konversations Lexikon» («Гутарковы слоўнік», выходзіла з 1796) і выдаў заключны 6-ы том (1811). Для падрыхтоўкі 2-га выдання Слоўніка былі прыцягнуты лепшыя інтэлектуальныя сілы тагачаснай Германіі. У 1986—94 выйшла 18-е выданне гэтай энцыклапедыі ў 24 тамах [з 13-га выдання называецца «Brockhaus’Konversations-Lexirkon» («Гутарковы слоўнік Бракгаўза»); з 15-га — «Der Grosse Brockhaus» («Вялікі Бракгаўз»); з 17-га — «Brockhaus Enzyklopädie» («Энцыклапедыя Бракгаўза»)]. Бракгаўза выдавецтва выдала таксама «Allgemeine Enzyklopädie der Wissenschaften und Künste» («Універсальную энцыклапедыю мастацтваў і навук», т. 1—167, 1818—89, не завершана), «Der Neue Brockhaus» («Новы Бракгаўз», т. 1—5, 1958—60); «Der Volks-Brockhaus» («Народны Бракгаўз», 1959); «Der Kleine Brockhaus» («Малы Бракгаўз», т. 1—2, 1961—62) і інш. Бракгаўза выдавецтва выдае кніжную прадукцыю амаль на ўсіх еўрап. мовах і мае аддзяленні ў многіх сталіцах свету. У Расіі выд-ва Бракгаўза і Эфрона (пазней акц. выдавецкае т-ва «Выдавецкая справа») працавала ў 1889—1930 у Пецярбургу. На ўзор энцыклапедый Бракгаўза выдаваўся Бракгаўза і Эфрона энцыклапедычны слоўнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАГЛЯ́НЕ СО́НЦА І Ў НА́ША АКО́НЦА»,
першая легальная бел.выдавецкая суполка. Існавала ў Пецярбургу ў 1906—14. Створана па ініцыятыве Б.Д.Эпімах-Шыпілы; ставіла перад сабой асветныя мэты. Выдавала кнігі (38 назваў, агульным тыражом больш за 100 тыс.экз.), навук.-папулярныя і публіцыстычныя брашуры, паштоўкі з краявідамі Беларусі і партрэтамі бел. пісьменнікаў. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К.Л.Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай. Асн. частка тыражу трапляла на Беларусь. Дзейнасць пачала з выдання падручнікаў для школ, сярод якіх «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа (1909). У 1907—09 наладзіла выданне літ. спадчыны ў падпісной серыі «Беларускія песняры» (творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш.). З аб’яўленых 8 кніг да сак. 1908 выйшла 6, кожная тыражом 4300 экз. Выдала першыя кнігі Я.Купалы («Жалейка», 1908), З.Бядулі («Абразкі»), Ц.Гартнага («Песні», абедзве 1913). Асобнымі кнігамі перавыдала творы Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы» (1909), «Шчароўскія дажынкі» і «Купала» (1910). Ў 1910—13 літаграфскім спосабам выдала рэпертуарную серыю драм. твораў («Модны шляхцюк» К.Каганца, «Сватанне» А.Чэхава, «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, «Хам» Э.Ажэшкі, «Паўлінка» Купалы). Суполцы належыць спроба стварэння літ.-мастацкага альманаха «Маладая Беларусь». Дзейнасць суполкі прыпынена ў сувязі з 1-й сусв. вайной.
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 169—184;
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;
Саламевіч Я. Выйшлі з светлага знання сяўбою // Маладосць. 1986. №6;Туронак Ю. «Загляне сонца...» і Вацлаў Іваноўскі // Спадчына. 1992. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦТВА КНІ́ГІ,
адзіны комплекс творчай дзейнасці па праектаванні, маст. вырашэнні і паліграф. ўзнаўленні кніжнага выдання — кнігі. Сінтэт. мастацтва, якое арганічна ўключае літаратуру, маст. афармленне (гл.Кніжная графіка), паліграф. працэсы і з’яўляецца вынікам шматграннага творчага працэсу спецыялістаў рознага профілю (выдаўцоў, рэдактараў, фатографаў, мастакоў, паліграфістаў), накіраванага на высокамаст. вырашэнне кніжнага блока і знешняга выгляду кнігі, эстэт. дапасаванне яе формы і літ. зместу. Кожны з элементаў афармлення адыгрывае спецыфічную ролю ў стварэнні маст. ансамбля кнігі, што адлюстроўвае змест і форму літ. твора, нясе стылявыя рысы эпохі, твора, індывід. творчай манеры мастака. Асаблівасці задач маст. афармлення кнігі вызначаюцца спецыфікай віду л-ры (навуковая, навучальная, навукова-папулярная, маст., дзіцячая і інш.). Стварэнне кнігі ўключае этапы: выдавецкі (вызначэнне агульнай задумы, ідэі выдання, тэхнал. асаблівасцей і матэрыялаў), маст. (распрацоўка сістэмы афармлення, у т. л. стварэнне ілюстрацый, макетавання, канструкцыі выдання і інш.), вытворчы (паліграф. працэс). Творчыя вынікі М.к. разглядаюцца на перыядычных нац. і міжнар. конкурсах кнігі і выстаўках.
Вытокі М.к. ў афармленні рукапіснай кнігі, у якім пераважалі абклад, мініяцюра, малюнак, каліграфія. Як самаст. галіна мастацтва склалася ў 15 ст. пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Новы этап М.к. пачаўся ў 19 ст. з пераводам ручных рамесніцкіх паліграф. працэсаў на машынныя (наборная машына, лінатып, фотамеханічнае ўзнаўленне выяў) і выкарыстаннем паперы на цэлюлознай аснове. У сярэдзіне 20 ст. кардынальныя змены ў тэхніцы набору, узнаўлення ілюстрацый і друку ўнеслі сродкі электронікі і ЭВМ (камп’ютэрны дызайн і інш.). Гл. таксама Выдавецкая справа, Паліграфічная прамысловасць. Іл.гл. таксама да арт.Графіка, Кніжная графіка, Ілюстрацыя.
Літ.:
Ляхов В.Н. Искусство книги. М., 1978;
Герчук Ю.Я. Художественная структура книги. М., 1984;
Лазурский В.В. Путь к книге. М., 1985;
Шматов В.Ф. Искусство книги Франциска Скорины. М., 1990.
М.Р.Баразна.
Да арт.Мастацтва кнігі. Вокладка і разварот кнігі А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Мінск. 1998.Да арт.Мастацтва кнігі. Евангелле. Рукапіс. 1-я пал. 16 ст. Беларусь—Украіна.Да арт.Мастацтва кнігі. Замежныя выданні 15—16 ст.Да арт.Мастацтва кнігі. Абклад напрастольнага евангелля. 16 ст.Да арт.Мастацтва кнігі. Выданні «Беларускай Энцыклапедыі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГА,
пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл.Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл.Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл.Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.
Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст.н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн. тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб.стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб.стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.
Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав. друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаны для засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш. Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Літ.:
Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;
Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;
Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);
Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт.Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЕБЕЛАРУ́СКІ ДРУ́К Развіваўся ў 1920—30-я г. ў Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. Розныя партыі і рухі выпускалі свае перыяд. (легальныя і нелегальныя) выданні, а таксама звароты, пракламацыі і інш.Перыяд. выданні падзяляліся на літ.-грамадскія, канфесійныя, сатырычныя і інш.; прызначаліся для сялян, рабочых, вучняў, студэнтаў, салдат, жанчын; выходзілі на бел., рус., польск., літ., яўр. мовах. У сувязі з цэнзурным уціскам газеты і часопісы часта мянялі назву, часам выходзілі як аднадзёнкі. Легальная перыёдыка, як правіла, друкавалася ў прыватных друкарнях, нелегальная — у падпольных, якія былі створаны ў многіх гарадах Зах. Беларусі і Польшчы (Беластоку, Брэсце, Вільні, Гродне, Варшаве), у 1930-я г. — Берліне і інш. месцах. Выдавецкая дзейнасць пачалася выданнямі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (1922—23); газеты «Вольны сцяг» (выходзіла пад рознымі назвамі), «Змаганне» і інш. адстойвалі сац. і нац. інтарэсы бел. народа, заклікалі да барацьбы за вызваленне і ўз’яднанне з БССР. Беларускі пасольскі клуб (1922—28 і 1928—30) выдаваў газеты «Голас беларуса», «Сын беларуса», «Сялянская праўда», «Беларуская доля», «Іскра», «Бюлетэнь пасольскага клуба Беларускай сялянска-работніцкай грамады» і інш. Партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (1917—40) выдавала газеты «Беларуская крыніца» «Хрысціянская думка», Бел.нацыяналіст. сябрына — «Беларусь працы». Выдавецкая дзейнасць актывізавалася ў 2-й пал. 1920—1-й пал. 1930-х г. Масавая Беларуская сялянска-работніцкая грамада (1925—27) выдавала газеты «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Наша праўда», «Народны звон», сатыр.час.«Маланка». Выданні рэв.-дэмакр. і нац.вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30) — «Свет», «Світанне», «Да працы», «На варце», «Наша газета» і інш. неаднаразова былі канфіскаваны. У змаганні за сац. вызваленне працоўных Зах. Беларусі значную ролю адыгралі выданні Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (1923—38): нелегальныя газ.«Чырвоны сцяг» і час.«Бальшавік». У розны час КПЗБ і Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі выдавалі газеты «Пад сцягам камунізму», «До валькі», «Беларуская газета», «Жанчына на барыкадах», «Партыйнік», «Наперад да барацьбы». «Турмы клічуць да барацьбы», «Kujmy broń» («Куйце зброю»), «Zołnierze, do walki» («Салдаты, да барацьбы»), «Barikada» («Барыкада»), «Голас салдата», «Барацьба» (Берлін), «Ройтэ фон» («Чырвоны сцяг»), «Весткі з СССР», «Бюлетэнь ЦККПЗБ» (1927—36), «Biułetyn informacyiny КС KPZB» («Інфармацыйны бюлетэнь ЦККПЗБ»), «Информационный бюллетень представительства КПЗБ при представительстве КПП в ИККИ», «Антивоенный бюллетень», «Бюлетэнь цэнтра нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі».
У 1930-я г. выдавецкай дзейнасцю займаліся акр. і некат. раённыя к-ты КПЗБ: Беластоцкі выдаваў газ. «Włókniarz Białostocki» («Беластоцкі тэкстыльшчык»), «Robotnik leśny w strajku» («Лясны работнік у забастоўцы»), «Лясны работнік»; Віленскі — «На барикады»; Навагрудскі — «На акупанта!»; Любчанскі — «Змаганне Навагрудчыны»; Белавежскі — «Чырвоная Гайнаўка», «Лесаруб у барацьбе»; Воўчынскі — «Наперад». Сярод камсамольскіх і выданняў для юнацтва вылучаліся газеты «Малады камуніст» (асобныя нумары на польск. і яўр. мовах), «Малады змагар», «Маладая гвардыя», «Сцяг піянера», «Голас акцябронка», часопісы «Пралом», «Часопіс для ўсіх», «Камсамолец» (Беласток), Міжнар.арг-цыя дапамогі рэвалюцыянерам (МАДР) выдавала газеты «Палітычны вязень», «Чырвоная дапамога». Культурна-асв. дзейнасцю займалася Таварыства беларускай школы. Яго выданні («Весткі», газеты «Наш палетак», «Шлях», час.«Беларускі летапіс», а таксама «Інфармацыйны бюлетэнь ТБШ», «Бюлетэнь ТБШ» і інш.) выступалі за развіццё бел. мовы, культуры, мастацтва, арганізацыю школ на роднай мове.
У 2-й пал. 1920-х — пач. 1930-х г. у Зах. Беларусі было створана шмат новых партый і арг-цый, якія актыўна займаліся выдавецкай дзейнасцю: Беларускі сялянскі саюз выдаваў газ.«Сялянская ніва», Беларуская сялянская партыя — газ.«Народ»; Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз) — газеты «Наперад», «Беларускі звон», «Народны звон», час.«Саха»; Т-вабел. асветы — газ.«Родны край»\ Часовая бел. рада (Бел.нац. рада) — газ. «Беларускае слова»; левая фракцыя Бел.сацыяліст. грамады — газ.«Грамадзянін»; група Бел. фронту — газ.«Беларускі фронт»; бел. нацыянал-сацыялісты — газ. «Голас праўды», час.«Новы шлях». Канфесійныя выданні: часопісы «Праваслаўны беларус», «Беларуская зарніца», «Светач Беларусі», «Голас праваслаўнага беларуса», «Царква і народ», «Светач хрыстовае навукі»; уніяцкая царква выдавала час. «Do złuczenia» («Да злучэння»). Выходзілі часопісы сатыр.«Авадзень», «Асва»; літ. — «Родныя гоні», «Неман»; студэнцкія — «Маладое жыццё», «Наш шлях», «Студэнцкая думка», «Золак», «Наш золак», «Шлях моладзі», газеты «25 сакавіка», «Шлях беларускага студэнта»; вучнёўскія і дзіцячыя выданні — часопісы «Пралескі», «Маладая Беларусь». Кааператыўныя арг-цыі выдавалі час.«Беларуская борць», Бел. аб’яднанне жанчын імя Цёткі — час.«Жаноцкая справа»; Бел.ін-т гаспадаркі і культуры — час.«Калоссе». Усе гэтыя выданні імкнуліся данесці да чытачоў праграмныя і тактычныя ўстаноўкі партый і рухаў, адмяжоўваліся ад іншадумных і вялі з імі палеміку.
У 2-й пал. 1930-х г. у Зах. Беларусі адзначалася кансалідацыя працоўных у змаганні супраць пагрозы фашызму і вайны. Польскімі ўладамі былі забаронены амаль усе формы дэмакр. работы. Спынілі сваю дзейнасць КПЗБ і КСМЗБ. Легальныя дэмакр. выданні «Беларуская газета», «Наша воля», час.«Літаратурная старонка», а таксама выданні віленскіх арг-цый. «Фронт», «Карта», «Папросту» заклікалі да згуртаванасці і рашучага адпору фашызму. Дзякуючы дэмакр.зах.-бел. перыёдыцы стварылася прафес.маст.л-ра (М.Васілёк, М.Танк, В.Таўлай, П.Пестрак, Л.Родзевіч, А.Салагуб, М.Машара, К.Сваяк, М.Засім, І.Дварчанін, Г.Леўчык, А.Іверс, С.Новік-Пяюн, Н.Арсеннева, Хв.Ільяшэвіч, Я.Чабор, П.Граніт, С.Крывец, А.Мілюць, Н.Тарас і інш.). За 1921—39 зах.-бел. друк налічваў каля 270 перыяд. выданняў, у т. л. каля 70 газет-аднадзёнак.
Літ.:
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 іт.). Мн., 1974;
Зелинский П.И., Ракевич Н.А. Печать КПЗБ в борьбе за свободу. Мн., 1977.
С.В.Говін.
Да арт.Заходнебеларускі друк. Падпольныя перыядычныя выданні КПЗБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГРАФІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску друкарскай прадукцыі: кніг, часопісаў, газет, тапаграфічных карт, каштоўных папер, бланкаў дакументаў, календароў, плакатаў, сшыткаў, альбомаў, білетаў і інш. У залежнасці ад асн. відаў прадукцыі, якія выпускаюцца паліграф. прадпрыемствам, адрозніваюць спецыялізаваныя кніжныя, газетныя, часопісныя, а таксама кніжна-часопісныя, газетна-часопісныя і этыкетка-ўпаковачныя прадпрыемствы, картаграфічныя ф-кі, прадпрыемствы спец. прызначэння, прадпрыемствы малой (аператыўнай) паліграфіі, а таксама тыя, што выпускаюць друкарскую прадукцыю культ.-быт. прызначэння. У залежнасці ад перавагі на паліграф. прадпрыемстве аднаго з асн. відаў прадукцыі адрозніваюць друкарні — прадпрыемствы, якія ў асноўным выкарыстоўваюць спосаб высокага друку, прадпрыемствы плоскага афсетнага, глыбокага, трафарэтнага і інш. відаў друку; паліграф. камбінаты выпускаюць друкарскую прадукцыю некалькімі спосабамі друку.
П.п. прайшла доўгі і складаны шлях развіцця. Тэхн. асновай паліграфіі з’яўляецца вынайдзенае каля 1440 І.Гутэнбергам кнігадрукаванне. У 16 ст. паліграфія набыла характар развітой мануфактуры. Вынаходніцтва ў 19 ст. друкарскай машыны азначала прамысл. рэвалюцыю ў паліграфіі, стварэнне паліграф. машынабудавання. 3 сярэдзіны 20 ст. ў ходзе навук.-тэхн. рэвалюцыі паліграфія развіваецца па наступных кірунках: пераход да электронных спосабаў вырабу друкарскіх форм для ўсіх спосабаў друку (выкарыстанне ЭВМ для фотанабору і электроннага колерадзялення для каляровага друку), выкарыстанне ролевага афсетнага друку на высокахуткасных машынах, стварэнне аўтам. паточных ліній у апрацоўчых цэхах, комплексная механізацыя і аўтаматызацыя вытв-сці, выкарыстанне фотатэлеграфнай тэхнікі для перадачы газетных палос.
На Беларусі развіццё П.п. пачалося з дзейнасці Ф.Скарыны, які ў 1522 заснаваў друкарню ў Вільні, выкарыстаўшы выразаныя ўручную шрыфты і застаўкі. Друкарскае майстэрства ўдасканальвалі С.Будны, В.Цяпінскі, П.Мсціславец і інш. Першая друкарня на тэр. сучаснай Беларусі — Брэсцкая (1550—70-я г.). Пазней друкарні працавалі ў Нясвіжы, Заблудаве, Слуцку, Любчы, Магілёве, Куцейне (гл. адпаведныя артыкулы). Кнігі выдаваліся на старабел., польскай, стараслав. мовах. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі адкрыты друкарні ва ўсіх губ. гарадах. У 1913 выдадзена 232 назвы кніг тыражом 212 тыс.экз. У 1920 у БССР было 76 паліграф. прадпрыемстваў; пабудаваны Дом друку (з 1960 друкарня выдавецтва «Звязда», з 1969 друкарня Выдавецтва ЦККПБ, з 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, потым Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; гл.Беларускі дом друку). У 1940 па Беларусі надрукавана 76 млн. аркушаў-адбіткаў. Пасля Вял.Айч. вайны адноўлены разбураныя паліграф. прадпрыемствы, пабудаваны Мінскі паліграфічны камбінат. З сучасных паліграф. прадпрыемстваў найб. буйныя Мінскі паліграфічны камбінат, Мінская фабрыка каляровага друку, Беларускі дом друку, Мінская шпалерная фабрыка, Гомельская фабрыка«Палесдрук», друкарня «Перамога» ў Маладзечне.
Сярод краін свету найб. развітую П.п. маюць Германія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, Швецыя, Швейцарыя, Японія і інш.Гл. таксама Друк, Выдавецкая справа, Нотадрукаванне, Картадрукаванне.
Выпуск прадукцыі паліграфічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРА́ФІЯ (ад археа... + ...графія),
навука, якая распрацоўвае тэорыю і методыку публікацыі дакументаў; у больш шырокім сэнсе — навук. дысцыпліна, якая займаецца пытаннямі, звязанымі з увядзеннем у навук. ўжытак пісьмовых крыніц на стадыі іх пошуку і збору (палявая археаграфія), уліку і апісання (камеральная археаграфія), публікацыі (эдыцыйная, або выдавецкая, археаграфія). Цесна звязана з крыніцазнаўствам, палеаграфіяй, дыпламатыкай, архівазнаўствам і інш.
У Еўропе ўзнікла ў 16 ст. (крытычнае выданне «Жалобнай кнігі аб пагібелі Брытаніі» храніста 6 ст. Гільдаса, «Вялікіх французскіх хронік» і інш. у Францыі). У Германіі ў сярэдзіне 16 ст. Мацей Власіч падрыхтаваў класічную працу па царк. гісторыі — «Магдэбургскія цэнтурыі». У 17 ст.маўрысты далі пачатак дыпламатыцы, палеаграфіі, выданню крыніц па гісторыі царквы сярэдневяковай Францыі. З 1630 разгарнулася археагр. дзейнасць баландыстаў. У 1819 у Германіі створана Т-ва па вывучэнні ранняй ням. гісторыі, якое заснавала серыйнае выданне «Monumenta germaniae historica». Распачаты серыйныя выданні ў Францыі, Італіі, Англіі, Венгрыі і інш. У Польшчы археаграфія пачалася публікацыяй Пісторыюса «Polonicae historiae corpus» (Базель, 1582. Т. 1—3). Археаграфіяй займаліся бібліятэкі Дзялынскіх, ардынацыя Красінскіх, заклад Асалінскіх, Кракаўская АМ і інш. У Расіі арганізаваныя пошукі і публікацыі крыніц вядуцца з 18 ст. М.Навікоў распрацаваў правілы публікацыі дакументаў. Расійская АН у 1760-я г. выдала Радзівілаўскі летапіс (І.Баркоў) і 1-ю частку Ніканаўскага, «Русскую правду» (1767). У 19 ст. створаны Т-ва гісторыі і старажытнасцяў Расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1804), Камісія друкавання дзярж. грамат і дагавораў (1811), Археагр. экспедыцыя АН (1829—34), Археагр. камісія (1834), Рускае гіст. таварыства. Значны ўклад у абагульненне вопыту выдання дакументаў зрабіў А.С.Лапа-Данілеўскі. У СССР археаграфіяй займаліся гісторыка-археагр. камісія (пазней Гіст.-археагр.ін-т, які ў 1936 уліўся ў Ін-т гісторыі АНСССР), археагр. камісія пры Аддзяленні гіст. навук АНСССР. Значная работа вялася ў рэспубліках. Ажыўленне археагр. дзейнасці ў 20 ст. ў краінах Еўропы і ЗША звязана з удасканаленнем публікацыйнай тэхнікі. Высокім тэхн. узроўнем вызначаюцца серыйныя выданні «Класікі гісторыі сярэдневяковай Францыі» («Les classiques de l’histoire de France en moyen age», з 1923), «Збор арыгінальных крыніц па старажытнай гісторыі Германіі» («Corpus der altdeutschen Originalurkunden», з 1929), «Сярэдневяковыя класікі» («Medieval Classics», з 1950) у Англіі і інш.Гіст. крыніцы публікуюць гіст. Т-вы, нац. архівы, АН, мін-вы замежных спраў, ун-ты і інш. ўстановы розных краін.
На Беларусі камеральная археаграфія пачалася са складання вопісаў манастырскіх бібліятэк і архіваў (Слуцкага Троіцкага ў 1494, Пінскага Ляшчынскага ў 1588, Супрасльскага, Жыровіцкага і інш.). Яна ўдасканальвалася пры вопісах у 16—19 ст. дакументаў Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, інш.дзярж., царкоўных і прыватных архіваў. Выданне зб-ка «Suada Latina» («Пераканальная лаціна, альбо Збор рыторыкі, лістоў, статыстыкі, палітыкі, надпісаў, панегірыкаў, паэтыкі і гісторыі»), складзенага сакратаром пінскага дыстрыкта ордэна марыянаў Я.Д.Астроўскім (т. 1—2, Люблін, 1745—47), стала пачаткам эдыцыйнай археаграфіі. У 19—20 ст. выдаваліся шматтомныя зб-кі дакументаў: Акты Заходняй Расіі, Археаграфічны зборнік дакументаў, Акты Віленскай камісіі, «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы»; асобныя выданні гіст. крыніц. Бел. летапісы выдаваліся ў Поўным зборы рускіх летапісаў і асобна. Са стварэннем Ін-та бел. культуры бел. археаграфія стала на шлях самаст. развіцця. Арганізаваная ў 1925 Археагр. камісія Інбелкульта (старшыня М.Доўнар-Запольскі) падрыхтавала да выдання «Беларускі архіў». Археагр. работу праводзяць К-т па архівах і справаводстве, ін-ты гісторыі і л-ры АН Беларусі, Беларуская Энцыклапедыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬМАНА́Х (ад араб. аль-манах каляндар),
зборнік літаратурных твораў, часта аб’яднаных адной тэмай, жанрам і г.д.; у стараж. часы календары-даведнікі. Першы літ. альманах — «Ľ Almanach des muses» («Альманах музаў», Парыж, 1764—1833). Першым рус. альманахам лічаць «Российский Парнас» (1771). Першыя бел. альманахі ўзніклі як раздзелы «Календаря Северо-Западного края» (М., 1889—90) і «Северо-Западного календаря» (Мн., 1891—92). У наступныя гады выйшлі альманахі: «Калядная пісанка на 1904 год» (Пб., 1903, арг-цыя«Круг беларускай народнай прасветы і культуры»), «Велікодная пісанка» (1904, тая ж арг-цыя), «Маладая Беларусь» (сш. 1—3, 1912—13, бел.выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца»), «Зборнік «Нашай нівы» (вып. 1—2. Вільня, 1912; з паэмай Я.Купалы «Курган», раздзеламі «Новай зямлі» Я.Коласа і інш.), «З аколіц Дзвіны» (Віцебск, 1912, на польск. мове), «Колас беларускай нівы» (1913, лацінкаю на бел. мове, Гродзенскі гурток бел. моладзі), «Калядная пісанка, 1913 год» (Вільня, 1913, друкарня М.Кухты), «Велікодная пісанка» і «Дзень штукарства» (там жа, абодва 1914), «Могилёвский альманах за 1913 год» (Магілёў, 1914), «Літаратурны зборнік «Вольнае Беларусі» (Мн., 1917), «Зажынкі» (М., 1918, Белнацком; з творамі Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, Ф.Шантыра і інш.). У 1920—30-я г. ў Сав. Беларусі выйшлі альманахі: літ.-навук. веснік «Адраджэнне» (Мн., 1922); «Мы ідзем» (Мн., 1929, выданне польскіх пісьменнікаў); «Уздым» (кн. 1—2, Бабруйск, 1926—28), «Камсамолія» (Мн., 1927), «Пачатак» (Віцебск, 1926), «Світанне» (Віцебск, 1927), «Наддзвінне» (Полацк, 1926), «Дняпроўскія ўсплёскі» (Магілёў, 1927; усе — філій літ. аб’яднання «Маладняк»), «Звенья» (1926, Мінскага аб’яднання рус. пісьменнікаў «Звенья»), «Ранне» (Магілёў, 1929, акруговых філій БелАПП), «Рытмы будавання» (Віцебск, 1931, іх жа), «Цагліна ў падмурак» (1931, Бел. секцыя Ленінградскай АПП), «Ударнікі» (з 1931, Мінская АПП, у 1932—34 выпускаў Аргкамітэт СП БССР), «Літаратура і мастацтва» (кн. 1—5, Мн., 1933—36), «Бальшавіцкая моладзь» (1934), «Аднагодкі» (1935), «Бойцы» (№ 1—2, 1935—36) і інш. У Зах. Беларусі выйшлі альманахі: «Зборнік «Беларускіх ведамасцяў» (№ 1—3. Вільня, 1921, скл. М.Гарэцкі), «Рунь веснаходу» (Вільня, 1928, арг-цыя маладых пісьменнікаў Зах. Беларусі «Веснаход»). У Айч. вайну выходзіў альманах «Беларусь» (М., 1943; Мн., 1945). Пасля вайны выдадзены альманахі: «Отчизна» (з 1945; з 1947 «Советская Отчизна», з 1952 часопіс, з 1960 «Нёман»), «На сонечных сцежках» (кн. 1—3, 1950—53); «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Нарач» (кн. 1—2, 1957—58), «Дняпро» (1957), «Нёман» (кн. 1—2, 1956—58), «Брэст» (1958), «Літаратурны Гомель» (1958; усе абл.літ. аб’яднанняў); «Падарунак» (1958), «Узлёт» (1965), «Натхненне» (1967), «Мары юнацкія» (1969), «Універсітэт паэтычны» (1971), «Вёсны» (1977), «Вусны» (1985), «Квадра» (1990; усе літ. аб’яднання БДУ); «Дзень паэзіі» (1965—71), «Далягляды» (з 1975), «Сучаснік» (з 1977), «Братэрства» (з 1982), «Вобраз» (з 1981), «Шляхам гадоў» (вып. 1—4, 1990—94), «З гісторыяй на «Вы» (вып. 1—3, 1991—94), «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—95), «Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная» (1986), «Галасы Прыдняпроўя: Магілёўшчына літаратурная» (1991), «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная» (1992; усе — выд-ва «Мастацкая літаратура»); «Ветразь» (з 1985, выд-ва «Юнацтва»); «Свіцязь» (1989, альманах бібліяфілаў, выд-ва «Беларусь»); «Культура беларускага замежжа» (кн. 1—3, 1993—94), «Беларуская драматургія» (вып. 1—2, 1994—95, абодва выд-ва «Навука і тэхніка»). З 1990 у абл. і раённых гарадах Беларусі пачалі выходзіць альманахі: «Ксэракс беларускі» (вып. 1—5, Полацк, 1991—94), «Магілёўшчына» (вып. 1—4, Магілёў, 1990—93), «Рунь» (вып. 1—3, Паставы, 1991—93), «Магістраль» (вып. 1—2, Гомель, 1993—94), «Дняпроўскія хвалі» (Магілёў, 1993), «Золак над Шчарай» (Слонім, 1994), «Галасы з Парнаса» (Горкі, 1995). Выд-ва «Універсітэцкае» з 1995 пачало выпускаць гіст. альманах «Адраджэнне». Бел. альманахі выходзяць і за межамі Беларусі: «Ля чужых берагоў» (Мюнхен, 1955, выд-ва «Бацькаўшчына», з творамі Н.Арсенневай, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, М.Сяднёва, Р.Крушыны, А.Салаўя, Х.Ільяшэвіча, Ю.Віцьбіча і інш.бел. пісьменнікаў-эмігрантаў); «Белавежа» (Беласток, 1965, 1971, 1980, з творамі бел. пісьменнікаў Беласточчыны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.
Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва«Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-вабел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.
Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел.пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.
У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз. развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел.цэнтр.к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у т. л.Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІГАДРУКАВА́ННЕ,
спосаб размнажэння кніг, заснаваны на пераносе фарбы з друкарскай формы на паперу. Тэрмін «К.» звычайна выкарыстоўваюць у дачыненні да гісторыі вырабу друкаванай кнігі, да сучаснай кнігадрукавальнай вытв-сці часцей ужываюць тэрмін паліграфія. Асн. спосабы К. — высокі друк, глыбокі друк, плоскі друк, якія рэалізуюцца ў адпаведных друкарскіх машынах.
Да К. існавала бясфарбавае адцісканне тэксту з дапамогай рэльефных форм (захаваўся гліняны дыск з в-ва Крыт, 17 ст. да н.э.). Самы ранні спосаб мех. ўзнаўлення тэксту і ілюстрацый — ксілаграфія (дрэварыт), пры якой на дошцы выразалася форма для друкавання цэлых старонак. Адбіткі, зробленыя гэтым спосабам, знойдзены ў Карэі (датуюцца 704—751), Кітаі (713—741), Японіі (764—770). Друкаванне пераносам фарбавага слоя з наборнай формы на паперу ажыццявіў Бі Шэн (у 1041—48, Кітай). Ён складаў тэкставую форму з рухомых гліняных літар, пакрываў іх фарбай і атрымліваў адбіткі (некалькі тыс.экз.), вынайшаў таксама драўляныя скрыні-касеты для захоўвання шрыфту. Метал. літары (з бронзы) выкарыстаны ў 15 ст. ў Карэі. У Еўропе К. ўзнікла ў 1440-я г. пасля вынаходства І.Гутэнбергам друкарскага станка (прэса), прыстасавання для адліўкі метал. шрыфту ў матрыцах і спец. фарбаў. Ён заснаваў у Майнцы (Германія) першую друкарню, выдаў шэраг кніг. У іх друкарскім спосабам узнаўляўся толькі тэкст, а арнаментальныя ўпрыгожанні рабіліся ад рукі па палях. Упершыню арнаментыка перададзена друкаваннем на старонках т. зв. Майнцкай псалтыры ў 1457 (П.Шофер), дзе з’явіліся і шматфарбавыя адбіткі. У 1461 у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) выдадзена кніга з гравіраванымі на дрэве ілюстрацыямі. З Германіі К. пранікла ў Італію (1465), Швейцарыю (каля 1468), Францыю (1470), Бельгію і Венгрыю (1473), Польшчу (каля 1473), Іспанію (1474), Чэхію (1476, выдадзена першая дакладна датаваная кніга), Англію (1476) і інш. У 15 ст. значнае развіццё К. атрымала ў Венецыі, дзе да 1500 заснавана каля 150 друкарняў. Да 1500 друкарні ўзніклі прыкладна ў 260 гарадах, надрукавана каля 40 тыс. кніг тыражом больш за 10 млн.экз. (кнігі, выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, наз.інкунабуламі, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі). У канцы 15 ст. буйныя рамесныя друкарні сталі ператварацца ў мануфактуры. У Еўропе ў 16 ст. выдадзена каля 500 тыс. назваў кніг, у 17 ст. — каля 3 млн.Асн. друкарска-выдавецкія дынастыі — Мануцыі (Італія), Эцьены (Францыя), Плантэны (Бельгія), Эльзевіры (Нідэрланды). Першыя кнігі славянскай глаголіцай надрукаваны ў 1483, кірыліцай — у 1491 (Ш.Фіёль, Кракаў). У 1517 бел. асветнік Ф.Скарына першы ва ўсходнеславянскім свеце надрукаваў кірыліцкім шрыфтам у Празе 23 кнігі Бібліі, каля 1520 у Вільні заснаваў першую друкарню ў Вялікім княстве Літоўскім. Каля 1553 заснавана т. зв. ананімная друкарня ў Маскве, у якой І.Фёдараў і П.Мсціславец у 1564 выпусцілі першую дакладна датаваную рус. друкаваную кнігу «Апостал». Першая друкарня на Украіне заснавана І.Фёдаравым у 1573 у Львове.
Тэхн. ўдасканаленне К. спачатку ішло пераважна ў ілюстрацыйных формных працэсах. У 15 ст. побач з ксілаграфіяй развівалася паглыбленая (разцовая і «сухой іголкі») гравюра на метале (гравіраваныя ілюстрацыі), каляровая фігурная ксілаграфія. Пашыранай тэхнікай ілюстравання стаў афорт (заснаваны на траўленні металу кіслотамі), яго разнавіднасць т. зв.мяккі лак і акватынта. Для друкавання выкарыстоўваўся ручны друкарскі станок (першы яго відарыс адносіцца да 1499), які паступова ўдасканальваўся: механізаваліся асобныя працэсы, драўляныя дэталі замяняліся металічнымі і інш. Першы суцэльнаметал. друкарскі станок зроблены ў 1800 (Ч.Стэнхап, Англія). Развіццю К. паспрыяла тыпаметрыя — друкарская сістэма мер, прапанаваная ў 1737 П.С.Фурнье (Францыя). Яна стварыла магчымасць стандартызацыі друкарскіх шрыфтоў. Бел. кнігавыдавец І.Ф.Капіевіч на аснове шрыфту Скарыны стварыў удасканалены кірыліцкі шрыфт, якім карыстаюцца многія славянскія краіны У канцы 18 ст. ў К. з’явіліся новыя спосабы рэпрадуцыравання — тарцовая ксілаграфія і літаграфія (вынайдзена каля 1798 А.Зенефельдэрам, Германія), якія зрабілі ілюстраванне кніг больш танным. У 1811 створана плоскадрукавальная машына (Ф.Кёніг, Германія), у 1840-х г. у выніку развіцця стэрэатыпіі — ратацыйная друкарская машына. Значным крокам у развіцці паліграф. тэхнікі стала ратацыйная машына, якая друкавала з паўцыліндрычных стэрэатыпаў на паперу, што змотвалася з рулона (запатэнтавана У.Балакам, ЗША). У 1851 створана тыгельная друкарская машына з верт. размяшчэннем формы (Дж.Гордан, ЗША), значнае пашырэнне набыла вынайдзеная ў 1869 (М.Галі, ЗША) тыгельная машына з нерухомым талерам (з замацаванай на ім формай) і рухомым тыглем (для прыціскання паперы). У 1822 запатэнтавана наборная машына (У.Чорч, Англія), у 1886 — радковаадліўная наборная машына лінатып (О.Мергенталер, ЗША), якая набыла масавае пашырэнне; у 1897 вынайдзена (Т.Ланстан, ЗША) літараадліўная наборная машына — манатып. У 19 ст. асвоены фотамех. рэпрадукцыйныя працэсы. цынкаграфія (прапанавана ў 1850 Ф.Жыло, удасканалена ў 1862 Г.Джэймсам), фотатыпія (1865, Я.Гуснік), геліягравюра — спосаб глыбокага друку, пры якім друкарская форма рабілася з выкарыстаннем фатаграфічных і хім. працэсаў (1879, К.Кліч, Чэхія), аўтатыпія (1880-я г., С.Д.Лапцеў, Г.Майзенбах). У 1890 Кліч пабудаваў машыну ракельнага глыбокага друку, у пач. 20 ст. А.Рубел (ЗША) і К.Герман (Германія) стварылі новы друкарскі працэс — афсетны друк. Удасканальваліся і наборныя працэсы. У 1894 Е.Порцэльт (Венгрыя) абгрунтаваў ідэю фотанабору, у 1895 В.А.Гасіеў (Расія) пабудаваў першую фотанаборную машыну (пашырыліся ў 1950—60-я г., калі ў паліграфію ўкаранілася электроніка). З дапамогай фотаэлектронікі ўдасканалены працэсы вырабу ілюстрацыйных форм (электрагравіравальнымі апаратамі), колеракарэктура і колерадзяленне. З’явіліся эл. спосабы фарміравання відарысу на фотапаўправадніковых паверхнях (электраграфія), бескантактныя электрастатычныя і эл.-магн. спосабы пераносу фарбавай выявы. У сучасным К. шырока выкарыстоўваюцца сінт. матэрыялы (фотапалімерныя друкарскія формы, пластмасавыя пераплётныя накрыўкі і інш). Пра развіццё і сучасны стан К. на Беларусі гл. ў арт Выдавецкая справа, а таксама Друк, Нотадрукаванне, Картадрукаванне, Паліграфічная прамысловасць.
Літ.:
Щелкунов М.И. История, техника, искусство книгопечатания. М.; Л., 1926;
Кацпржак Е.И. История письменности и книги М., 1955;
Пятьсот лет после Гутенберга, 1468—1968. М., 1968;
Варбанец Н.В. Йоханн Гутенберг и начало книгопечатания в Европе. М., 1980;
Немировский Е.Л. Начало славянского книгопечатания. М., 1971;
450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1977;
Бярозкіна Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пачатак XX ст.). Мн., 1998.
У.М.Сацута.
Да арт.Кнігадрукаванне. Друкарня. Гравюра І.Амана. 16 ст.Да арт.Кнігадрукаванне. 1 — выгляд адной з першых шрыфтаадліўных майстэрняў, т.зв. словалітні (гравюра І.Амана); 2 — першая плоскадрукавальная друкарская машына з аўтаматычным накатам друкарскай формы (вынайдзена ў 1839 С.Раглсам, ЗША); 3 — ратацыйная машына «Вікторы» (вынайдзена ў Англіі, друкавала на рулоннай паперы і фальцавала разрэзаныя лісты); 4 — тыгельная друкарская машына (у СССР выраблялі з 1932); 5 — наборна-праграмавальны апарат (манатып) МК-5 (асартымент розных знакаў да 288).