САЛЬФАТА́РЫ (ад італьян. solfatara ад solfo сера),

струмені сярністага і серавадароднага газаў (т-ра 100—300 °C) з прымесямі пары вады, вуглякіслага і інш. газаў, якія выдзяляюцца з трэшчын сценак і дна кратэра, на схілах вулканаў. С. называюць таксама вулканы, якія спакойна і другі час выдзяляюць такія газы (напр., вулкан Сальфатара каля г. Неапаль). Гл. таксама Фумаролы.

т. 14, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВА́ЙСКІ ВУЛКАНІ́ЧНЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Hawaii Volcanoes National Park),

на в-ве Гаваі, тэр. ЗША. Засн. ў 1916. Пл. 99 тыс. га. Выш. да 4170 м (вулкан Маўна-Лоа). Вільготныя трапічныя лясы і хмызнякі. Ахоўваецца унікальная флора (дрэвападобныя папараці і інш.) і эндэмічная фауна (гал. чынам птушкі і насякомыя) трапічных дажджавых лясоў. Раён актыўнай вулканічнай дзейнасці (вулканы Маўна-Лоа і Кілаўэа). Біясферны рэзерват.

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Lipari),

група вулканічных астравоў у Тырэнскім м., на Пн ад в-ва Сіцылія. Тэр. Італіі. Складаецца з 7 буйных (Ліпары, Саліна, Вулькана, Філікудзі, Стромбалі, Алікудзі, Панарэа) і 10 дробных астравоў. Пл. 117 км². Каля 10 тыс. ж. (1995). Складзены з вулканічных лаў і туфаў, на а-вах Вулькана і Стромбалі (выш. 926 м) дзеючыя вулканы. Клімат і расліннасць міжземнаморскага тыпу. Радовішча серы. Вырошчванне інжыру, вінаграду; аліўкавыя гаі. Экспарт віна.

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-АТЛАНТЫ́ЧНЫ ХРЫБЕ́Т,

частка падводнага Сярэдзінна-Атлантычнага хр. ў Атлантычным ак., на Пд ад разлому Чэйн (каля экватара). Даўж. каля 6,5 тыс. км, шыр. да 1600 км; у раёне в-ва Буве адхіляецца ў шыротным напрамку на У і мае назву Афрыканска-Антарктычны хр. Глыб. падэшвы 4000 м, найменшая глыб. над грэбенем 84 м. Падводныя вулканы, некаторыя вяршыні ўтвараюць вулканічныя а-вы: Узнясення, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья, Гоф, Буве.

т. 12, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУСО́Н (Luzón),

найбольшы востраў на Пн Філіпінскага архіпелага. Пл. 105,6 тыс. км². Нас. 30 млн. чал. (1995). Рэльеф пераважна сярэднягорны, выш. да 2928 м (г. Пулаг). Есць дзеючыя вулканы (Маён і інш.). Клімат субэкватарыяльны, мусонны, частыя тайфуны. Вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы, у далінах рэк — саванны. Радовішчы храмітаў, золата, нафты, газу, жал. руд. Прам-сць: харч., дрэваапр., тэкст., цэм., горназдабыўная. Вырошчваюць рыс, кукурузу, трыснёг, тытунь, какосавую пальму, какаву, каву, манільскія каноплі і інш. На Л. сталіца Філіпін — г. Маніла.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМЕРСЕ́Н (Рыгор Пятровіч) (29.9 1803, Дукерсгоф, Эстонія — 3.2.1885),

рускі геолаг. Акад. Пецярбургскай АН (1850). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1825), Пецярбургскі горны ін-т (1838; у 1865—72 яго дырэктар). Адзін з арганізатараў і з 1882 дырэктар Геал. к-та. Вёў геал. даследаванні на Урале, Алтаі, Сярэдняй Азіі, вывучаў Данецкі і Дамброўскі кам.-вуг. басейны, жал. руды Падмаскоўя, гразевыя вулканы і радовішчы нафты на Таманскім і Керчанскім п-вах і інш. Склаў «Генеральную карту горных фармацый Еўрапейскай Расіі» (1841). Дзямідаўская прэмія 1842.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РЧАНСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

усходняя частка Крымскага п-ва, на Украіне. Абмываецца на Пн Азоўскім м., на Пд Чорным м., на У — Керчанскім пралівам. Пл. каля 3 тыс. км². Паўн.-ўсх. частка ўзгорыстая (выш. да 190 м г. Анук), паўд.-зах. — раўнінная. Гразевыя вулканы. Саляныя азёры-ліманы. На К.п. — Керчанскі жалезарудны басейн. Б. ч. тэрыторыі ўзарана (збожжавыя, тэхн., бахчавыя культуры і вінаграднікі). У Вял. Айч. вайну на К.п. праведзены Керчанска-Феадасійская аперацыя 1941—42 і Керчанска-Эльтыгенская аперацыя 1943. Найбуйнейшы горад і порт — Керч.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙТЭ (Leyte),

востраў у Філіпінскім архіпелагу. Пл. 7,2 тыс. км². Даўж. з Пн на Пд 183 км. Нас. (з бліжэйшымі астравамі) каля 3 млн. чал. (1977). Рэльеф пераважна нізкагорны, ёсць патухлыя вулканы (г. Лобі, выш. да 1350 м). Складзены з пясчанікаў, сланцаў і каралавых вапнякоў, на У з алювіяльных адкладаў. Клімат субэкватарыяльны мусонны. Ападкаў да 2000 мм за год. Вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы. Нац. паркі — Махагнао-Волькана, Куапніт-Балінсасаяо. Вырошчваюць какосавыя пальмы, цукр. трыснёг. Гал. горад і порт — Таклобан.

т. 9, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫЯ СА́НДВІЧАВЫ АСТРАВЫ́ (South Sandwich Islands),

група вулканічных астравоў на Пд Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 8 буйных і вял. колькасці дробных астравоў і скал. Пл. каля 300 км². Выш. да 1372 м (г. Белінда на в-ве Монтаг’ю). Складзены ў асн. з маладых вулканічных парод: базальтаў, туфаў, попелу. Укрыты снегам і лёдам. Дзеючыя вулканы. Лежбішча цюленяў. Адкрыты ў 1775 экспедыцыяй. Дж. Кука, памылкова былі прыняты за выступ вялізнай сушы і названы Зямлёй Сандвіча, у гонар першага лорда Адміралцейства.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКАРЭ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Mascarene Islands),

група астравоў у Індыйскім ак., на У ад в-ва Мадагаскар. Нас. больш за 1,76 млн. ж. (1996). Складаецца з 3 вял. а-воў: Рэюньён (франц. ўладанне), Маўрыкій і Радрыгес (у складзе дзяржавы Маўрыкій). Складзены з вулканічных парод. Выш. да 3069 м (на в-ве Рэюньён). Ёсць дзеючыя вулканы. Клімат трапічны, пасатны, вільготны. На наветраных схілах гор участкі вечназялёных трапічных лясоў, на падветраных — саванна. Плантацыі цукр. трыснягу, какосавай пальмы, чаю, алоэ, кавы, ванілі. Першы з еўрапейцаў дасягнуў астравоў партугалец П. ды Машкарэньяш (Маскарэньяс) у 1507.

т. 10, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)