АДЭКВА́ТНАЕ (ад лац. adaequatus роўны, прыраўнаваны),
адпаведнае, тоеснае, эквівалентнае. У тэорыі пазнання адэкватнага лічацца вобраз, веды, якія адпавядаюць свайму арыгіналу і таму з’яўляюцца дакладнымі, маюць характар аб’ектыўных ісцін. Пытанне пра ступень адэкватнасці (дакладнасці), глыбіню і паўнату адлюстравання аб’екта звязана з праблемай суадносін адноснай і абсалютнай ісцін і крытэрыю ісціннасці ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАВЕ́РНАЕ І ВЕРАГО́ДНАЕў логіцы,
адрозненне паміж ведамі, адпаведнасць якіх рэчаіснасці сцвярджаецца толькі як магчымая або ў той ці інш. ступені імавернасная, і абгрунтаванымі; доказнымі, бясспрэчнымі, сапраўднымі ведамі. Напр., правільныя дэдуктыўныя разважанні даюць верагодныя веды ў адрозненне ад індуктыўных разважанняў, вывады якіх маюць імавернасны характар (гл. таксама Верагоднасць, Імавернасная логіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАВІ́НЫ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ»,
штотыднёвая газета Нац.АН Беларусі. Выдавалася з кастр. 1979 да ліст. 1997, да 1990 наз. «За передовую науку». Выходзіла на бел. і рус. мовах, з 1994 — на бел. мове. Асн. кірункі публікацый: навук. дасягненні, нац. праблемы, экалогія, пошук рэсурсаў, сац. праблемы навукі. З 28.11.1997 наз. «Веды».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВА́ГА І РО́ЗУМ,
суадносныя філасофскія паняцці, якія характарызуюць дыялектыку пазнавальнага працэсу і 2 узроўні мысліцельнай дзейнасці; адна з ключавых праблем дыялектычнай логікі. Вытокі вучэння аб Р. і р. у ант. філасофіі. Дэмакрыт адрозніваў «цёмныя» (неверагодныя) веды ад сапраўдных ведаў; Геракліт — «вучонасць» ад «мудрасці»; Платон падзяляў навакольны свет на бачны і розумаспасцігальны, а веды — на дакладныя і ненадзейныя. У сярэдневякоўі развага разглядалася як інструмент пазнання зямнога, канечнага, а розум як інструмент спасціжэння бясконцага і абсалютнага. Ідэяй трыумфу розуму прасякнута філасофія Адраджэння і Новага часу. Тэарэт. асновы праблем Р. і р. як 2 ступеняў мыслення распрацаваў І.Кант. Развагу ён прадстаўляў як ніжэйшую ступень, функцыя якой сістэматызацыя і ўпарадкаванне матэрыялу пачуццёвасці; яна абмежавана ў сваіх магчымасцях і не здольная даць безумоўныя веды. Гэтую задачу павінен вырашыць розум як вышэйшая ступень пазнавальнай дзейнасці чалавека. Аднак і розум не ў стане яе выканаць, паколькі ў працэсе адшукання безумоўнага і абсалютнага ён сутыкаецца з невырашальнымі супярэчнасцямі — т.зв. антыноміямі. Г.Гегель абсалютызаваў розум, прызнаваў за ім здольнасць разгарнуцца ў выглядзе канкрэтна-ўсеагульнага паняцця. Як ключавую праблему дыялектычнай логікі яе распрацоўвалі рас. даследчыкі Э.В.Ільянкоў, П.В.Капнін, В.С.Сцёпін, У.І.Шынкарук і інш. Базавым палажэннем з’яўляецца прызнанне 2 узаемазвязаных форм мыслення — разважлівай і разумовай. Розум звязваецца з аперыраваннем паняццямі, абстракцыямі і з даследаваннем існасці самога спасцігаючага мыслення. Ён выступае і як вышэйшая форма тэарэт. асваення рэчаіснасці. Развага таксама аперыруе абстракцыямі, але ў адпаведнасці з зададзенай схемай, яна надае мысленню сістэмнасць, пэўную строгасць.
Літ.:
Природа научного познания. Мн., 1979;
Ильенков Э.В. Диалектическая логика. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́РАСВАТЫ,
у старажытнаіндыйскай ведыйскай міфалогіі (гл.Веды) гал. рака сусвету і яе багіня. Паўнаводная і магутная С. ачышчае і лечыць, нясе дары, ежу, патомства, жыццёвую сілу і бессмяротнасць. Яна — багіня свяшчэннай мовы і апякунка спевакоў. У пасляведыйскую эпоху С. — багіня красамоўства і мудрасці, жонка Брахмы, вынаходніца санскрыту, апякунка мастацтваў і навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ТАРСКАЯ ШКО́ЛА,
навучальная ўстанова ў Стараж. Грэцыі (з 3 ст. да н.э.) і Рыме (з 1 ст. да н.э.) для падрыхтоўкі моладзі з арыстакратычнага асяроддзя да дзярж.-паліт. дзейнасці. Пасля элементарнай (трывіяльнай) і граматычнай школ Р.ш. была вышэйшым звяном трохступеннай сістэмы адукацыі, якая існавала да канца антычнасці. Акрамя навучання аратарскаму майстэрству Р.ш. давала веды па філасофіі, гісторыі, л-ры, правазнаўстве і інш. дысцыплінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АЛЕ́СЯ»,
штомесячны грамадска-публіцыстычны і літаратурна-мастацкі часопіс для жанчын і сям’і. Выходзіць з ліст. 1924 у Мінску на бел. мове. Спачатку называўся «Беларуская работніца і сялянка», у 1931—41 «Работніца і калгасніца Беларусі», з 1946 «Работніца і сялянка», з 1995 сучасная назва. Асвятляе пытанні жыцця, працы, грамадскай дзейнасці жанчын Беларусі, папулярызуе пед. і юрыд.веды, дае парады, расказвае пра жыццё блізкага і далёкага замежжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕДА́НТА (санскр., літар. канец ведаў),
рэлігійна-філасофская сістэма ў інд. філасофіі. Узнікла на аснове абагульнення каментарыяў да тэкстаў Ведаў (упанішад; гл.Веды) і часткова эпічных тэкстаў («Рамаяна», «Махабхарата», «Бхагавадгіта»). Уключае ўласна веданту, некаторыя вучэнні вішнуізму, шываізму, а таксама неаіндуізму. Асн.філас. катэгорыі веданты: брахман (касм. душа), атман (індывід. душа), пуруша (абстрактны духоўны пачатак), пракрыці (абстрактны матэрыяльны пачатак, прырода), артха (сэнс, значэнне), джняна (веды), авастха (псіхічны стан) і мая (ілюзія). Вышэйшая рэальнасць і прычына ўсяго існага — вечны Брахман. Мэтай быцця веданта лічыць «вызваленне», дасягненне адзінства з Богам шляхам поўнага адыходу ад рэальнасці і паглыблення ў чыстае мысленне.
Мяркуюць, што мудрэц Бадараян (каля 4—3 ст. да н.э.) сістэматызаваў вучэнні ў «Брахма-сутры» («Веданта-сутры»), што існавалі ў 7 ст. да н.э. Каментарыі да іх далі пачатак школам веданты — Шанкары, Рамануджы, Мадхвы, Валабхі, Німбаркі і інш., якія разыходзяцца ў поглядах на індывід. Я (джыву) і Брахман. Веданта значна паўплывала на індуізм. Прадстаўнікі неаведантызму 20 ст. Р.Тагор, С.Радхакрышнан і інш.
Літ.:
Чаттерджи С., Датта Д. Введение в индийскую философию: Пер. с англ.М., 1955;
Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: Пер. с чеш. М., 1969;
Костюченко В.С. Классическая веданта и неоведантизм. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́СЦІНА,
адэкватнае адлюстраванне аб’ектыўнай рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Адрозніваюць І. абсалютную і адносную. Абсалютная — поўныя (вычарпальныя) веды пра вывучаемы прадмет, якія не могуць быць абвергнуты наступным развіццём пазнання;адносная — няпоўныя (абмежаваныя аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі абставінамі) веды пра той жа прадмет. Гэтыя І. дыялектычна ўзаемазвязаны; абсалютная складаецца з адносных, у кожнай адноснай змяшчаецца «часцінка» абсалютнай І. Практыка пераконвае, што чалавецтва не ў стане пазнаць абсалютную І., але пастаянна набліжаецца да яе, да раскрыцця сутнасці быцця. Такім чынам, І. — дыялект. працэс, што ідзе ў кірунку ўсё большай паўнаты адлюстравання аб’екта і пераадольвае на сваім шляху памылковыя погляды. Найважнейшая праблема — адмежаванне І. ад памылак, пошук крытэрыя І. Яе імкнуліся знайсці ант. філосафы, не знайшоўшы такога рашэння, яны схіляліся да агнастыцызму і скептыцызму. Аб’ектыўныя ідэалісты разглядалі І. як вечныя, абсалютныя ўласцівасці ідэальных аб’ектаў (Платон), як божае адкрыццё (Аўгусцін). Суб’ектыўныя ідэалісты разумеюць І. як згоду мыслення з яго апрыёрнымі формамі (І.Кант), як найб. простую ўзгодненасць адчуванняў (Э.Мах, Р.Авенарыус), форму псіхал. стану асобы (экзістэнцыялісты) і г.д.Дыялект. матэрыялізм зыходзіць з аб’ектыўнасці зместу І., прызнае ў якасці гал. крытэрыя І. сац.-гіст. практыку людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬБРУК ((Delbrück) Бертальд) (26.7.1842, г. Путбус, Германія — 3.1.1922),
нямецкі лінгвіст. Вучыўся ў Гале і Берліне. Праф. санскрыту і кампаратывістыкі ў Іене (1870). Залажыў асновы вывучэння параўнальнага сінтаксісу індаеўрап. моў: «Сінтаксічныя даследаванні» (т. 1—5, 1871—88; з Э.Віндышам), «Асновы параўнальнай граматыкі індаеўрапейскіх моў» (т. 1—5, 1886—1900, з К.Бругманам). Вывучаў веды, выдаў «Ведыйскую хрэстаматыю» (1874). У працы «Асноўныя пытанні даследавання мовы» (1901) абараняў младаграматычную канцэпцыю мовы, ад якой пазней адышоў.