ПРА́ЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура ранняга сярэднявечча (5—7 ст.) на тэр. Еўропы, абмежаванай з У Дняпром, з З Эльбай, з Пд Дунаем, з Пн Прыпяццю. У самаст. культуру вылучана ў 1940-я г. чэшскім археолагам І.​Баркоўскім пад назвай «кераміка пражскага тыпу». Помнікі П.к. належалі раннім славянам. Вядома больш за 600 яе паселішчаў і могільнікаў. Прадстаўлена пераважна неўмацаванымі селішчамі, часам гарадзішчамі. У міжрэччы Дняпра і Віслы асн. тыпам жылля была квадратная ў плане паўзямлянка пл. 6—20 м² зрубнай ці слупавой канструкцыі з печчу-каменкай у адным з кутоў. На зах. Валыні паўзямлянкі мелі глінабітныя печы, у Беларускім Палессі — агмені, складзеныя з камянёў, металургічнага шлаку і кавалкаў балотнай руды (Петрыкаў, Кажан-Гарадок, Камень, Востраў), або печы, складзеныя з дробных камянёў і гліны (Струга 1-я, Ліпляны). Пахавальныя помнікі П.к. — грунтавыя могільнікі, часам курганы з абрадам трупаспалення па-за магіламі. Рэчавы матэрыял складаецца з керамікі, вырабаў з металу, шкла, косці і каменю. Адметная рыса культуры — высокія гаршкі з усечана-канічным тулавам, крыху звужаным горлам і кароткаю шыйкай. На тэр. Усх. Еўропы вылучаюць карчакскі варыянт П.к. Наконт генезісу П.к. адзінай думкі няма. Існуюць меркаванні аб значнай ролі ў яе фарміраванні кіеўскай культуры, пшэворскай культуры верхнеднястроўскага варыянта і чарняхоўскай культуры. У Бел. Палессі пахаванні паводле абраду трупаспалення ў грунтавых ямах даследаваліся каля в. Хорск, Снядзін і Хотамель.

В.​С.​Вяргей.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СЕЛ (Russell) Бертран Артур Уільям, лорд (18.5.1872, Трэлек, Вялікабрытанія — 2.2.1970), англійскі матэматык, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін са стваральнікаў сучаснай матэматычнай логікі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1894). Прафесар шэрагу ун-таў Вялікабрытаніі і ЗША. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1908). Адкрыў лагічны парадокс (названы яго імем), які прывёў да пабудовы арыгінальнага варыянта аксіяматычнай тэорыі мностваў. Аўтар (з А.​Уайтхедам) фундаментальнай працы «Асновы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13). Адзін са стваральнікаў канцэпцыі лагічнага атамізму і роданачальнік неапазітывізму. Прызнаваў рэальнасць толькі «пачуццёвых даных», тлумачыў іх у духу «нейтральнага манізму», зыходзячы з якога разглядаў паняцці «дух» і. «матэрыя» як лагічныя канструкцыі з «пачуццёвых даных». Дапускаў існаванне «атамарных фактаў», якія, у адрозненне ад «элементаў вопыту», аб’ектыўныя, але іх аб’ектыўнасць заснавана толькі на веры ў быццё знешняга свету. У галіне этыкі лічыў найвышэйшай мэтай жыццё, якое накіроўваецца пачуццёвай любоўю і зыходзіць з веры ў магутнасць розуму. У палітыцы выступаў супраць тэорый, якія падпарадкоўваюць асобу дзяржаве, асуджаў фашызм і камунізм. Быў адным з ініцыятараў Пагуашскага руху. Аўтар прац «Філасофія лагічнага атамізму» (1918), «Перспектывы індустрыяльнай цывілізацыі» (1923), «Улада і асоба» (1949), «Цвярозы розум і ядзерная вайна» (1960) і інш. Сааўтар «Маніфеста Расела—Эйнштэйна» (1955), прасякнутага ідэяй неабходнасці мысліць па-новаму ў ядзерны век. Нобелеўская прэмія па л-ры 1950.

Тв.:

Рус. пер. — Воздействие науки на общество. М., 1952;

Человеческое познание. Его сфера и границы. М., 1957;

Почему я не христианин. М., 1958;

История западной философии. М., 1959.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 13, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ АЛФАВІ́Т,

сукупнасць графічных знакаў (літар), прынятых у пісьмовай беларускай мове і размешчаных у пэўным парадку. Склаўся на аснове кірыліцы. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары кірыліцы. У працэсе развіцця літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах (о — ω, ф — ѳ, і — и — ү, з — ѕ, е — ѥ — ѣ, ꙗ — ѧ, у — ꙋ — ѫ, ѱ — пс, ѯ — кс), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў «о» пасля мяккіх і «е» пасля цвёрдых зычных. Развіццё старабел. графікі было звязана з пошукам найб. зручных спосабаў перадачы на пісьме асаблівасцяў жывой мовы. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі графемы «э» (канец 15 ст.) і «й» (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца знакі і, ѵ, ѯ, ψ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў трапляліся радзей. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне Ф.​Скарынам друкарскага варыянта алфавіта, які стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства, якое з ростам школ і асветы, пашырэннем грамадскіх функцый пісьмовай мовы паступова перастала быць манаполіяй царкоўнікаў і стала здабыткам больш шырокіх колаў тагачаснага грамадства. Аднак удасканаленне графікі адбывалася стыхійна, не было праведзена ніводнай рэформы, таму дублетныя літары былі абмежаваны ва ўжытку, але не адкінуты. У сувязі з заняпадам старабел. пісьменства ў 18 — пач. 20 ст. на Беларусі пашырылася лацінскае пісьмо (лацінка), якое дагэтуль служыла толькі для афармлення польск. і лац. тэкстаў. Лацінкаю былі надрукаваны творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча і інш. пісьменнікаў. З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Як адзіны графічны сродак пісьмовай формы бел. літ. мовы беларускі алфавіт канчаткова замацаваўся пасля 1917. Сучасны беларускі алфавіт складаецца з 32 літар: Аа, Бб, Вв, Гг, Дд (Дждж, Дздз), Ее, Ёё, Жж, Зз, Іі, Йй, Кк, Лл, Мм, Нн, Оо, Пп, Рр, Сс, Тт, Уу, Ўў, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Ыы, Ьь, Ээ, Юю, Яя (пра кожную літару гл. асобны арт.). У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў jо («ё») і спецыфічна бел. гука ў («ў»), афрыкаты «дж» і «дз» перадаюцца дыграфамі. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой. Яны могуць выкарыстоўвацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і радковую форму. Ёсць спец. знак — апостраф.

А.​М.​Булыка.

т. 2, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКСІ́ЗМ,

філасофскае, эканам. і сац.-паліт. вучэнне, заснавальнікамі якога з’яўляюцца К.​Маркс і Ф.​Энгельс. Узнік у 1840-я г. ў Германіі, дзе ў гэты час наспявала бурж.-дэмакр. рэвалюцыя і рабочы клас выступіў як самаст. паліт. сіла. Заснаваны на пазітыўна-крытычным асэнсаванні вопыту папярэдняга развіцця грамадскай і прыродазнаўчай навук. думкі, актуальных праблем і супярэчнасцей станаўлення новага капіталіст. спосабу вытв-сці і сац.-паліт. ладу. Тэарэт. крыніцамі з’яўляюцца ням. класічная філасофія (Г.​Гегель, Л.​Феербах і інш.), англ. палітэканомія (А.​Сміт, Д.​Рыкарда і інш.), франц. утапічны сацыялізм (А.​Сен-Сімон, Ш.​Фур’е і інш.). На аснове гэтых крыніц Маркс і Энгельс распрацавалі дыялектычны матэрыялізм, гістарычны матэрыялізм, тэорыю прыбавачнай вартасці і вучэнне аб камунізме. Грамадства М. разглядае як цэласны арганізм, у структуры якога вылучаюцца прадукцыйныя сілы і заснаваныя на розных формах уласнасці вытворчыя адносіны (базіс грамадства); апошнія ў сваю чаргу абумоўліваюць класавую структуру грамадства, палітыку, права, мараль, філасофію, рэлігію, мастацтва (надбудова над базісам). У працэсе гіст. развіцця адбываецца змена пэўных фармацый грамадска-эканамічных, якія ўтвараюцца на аснове адзінства і ўзаемадзеяння розных сфер жыццядзейнасці грамадства. Паводле марксісцкай канцэпцыі, барацьба пануючых і прыгнечаных класаў — рухаючая сіла гісторыі, а вышэйшым выражэннем класавай барацьбы з’яўляецца сацыяльная рэвалюцыя. М. выявіў асн. супярэчнасць капіталізму — паміж грамадскім характарам працы і прыватнай формай прысваення; адсюль вынікала палажэнне пра неабходнасць знішчэння прыватнай уласнасці і ўстанаўлення пралетарыятам сваёй улады, з дапамогай якой ён здолее ажыццявіць пераход да камунізму.

Вынікі тэарэт. даследаванняў і абагульненняў Маркса і Энгельса праходзілі практычную праверку ў перыяд рэвалюцый 1848—49 у краінах Зах. Еўропы, у дзейнасці створаных імі «Саюза камуністаў» і міжнар. т-ваў рабочых — Інтэрнацыянала 1-га і Інтэрнацыянала 2-га. М. стаў ідэалагічнай асновай с.-д. руху, які з пач. 20 ст. падзяліўся на 2 плыні — рэвалюцыйную (У.​І.​Ленін і інш.), у якой перамагло бальшавіцкае вытлумачэнне М., і рэфармісцкую (Э.​Бернштэйн і інш.), якая падвергла крытыцы тэорыю М. і адмовілася ад яго асн. палажэнняў. Некаторыя прадстаўнікі грамадска-паліт. думкі лічылі, што ў М. перабольшвалася роля эканам. фактараў, сац. антаганізмаў і класавай барацьбы, адмаўлялася значэнне прыватнай уласнасці як асновы грамадзянскай супольнасці, сцвярджалася неабходнасць ліквідацыі парламенцкіх ін-таў і раздзялення ўлад. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі ленінскі варыянт М. стаў дзярж. ідэалогіяй у РСФСР, потым у СССР і краінах сацыяліст. сістэмы пад назвай марксізм-ленінізм.

На Захадзе склаліся групы марксісцкіх і па-марксісцку арыентаваных плыней з характэрнымі для іх крытычнымі адносінамі як да капіталіст. сістэмы, так і да сав. варыянта сацыялізму, марксізму-ленінізму (гл. Неамарксізм, Франкфурцкая школа).

Літ.:

Ленін У.І. Тры крыніцы і тры састаўныя часткі марксізму // Тв. Т. 19. (Полн. собр. соч. Т. 23);

Марксистская философия в XIX в. М., 1979;

Андерсон П. Размышления о западном марксизме: Пер. с англ. М., 1991;

Марксизм: pro и contra. М., 1992;

Горский Д.П. Ошибки гения самые опасные: Развитие теории Маркса и ее изъяны. М., 1995.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 10, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць мастацтва ўсіх відаў, родаў і жанраў. М.к. як здзейсненая традыцыя ёсць сукупнасць створаных грамадствам маст. каштоўнасцей, іх інтэрпрэтацый і ацэнак у літаратурна-маст. крытыцы, эстэтыцы і грамадскай думцы. Аптымальныя ўмовы творчасці складваюцца тады, калі ўсе падсістэмы і элементы М.к. знаходзяцца ў адносным адзінстве. На пэўных этапах развіцця высокае мастацтва ўзнімаецца над сярэднім узроўнем эстэт. свядомасці і маст. густаў публікі, яго творцы апярэджваюць свой час. Бывае і так, што ўзровень эстэт. свядомасці экспертаў (тэарэтыкаў, крытыкаў) і густы элітарнай публікі апярэджваюць наяўны ўзровень масавай творчасці; у такім выпадку тэорыя і крытыка садзейнічаюць пераадоленню маст. застою. Рэальна ж супярэчлівыя фактары (эканам., паліт., агульнакульт., міжнар.) дзейнічаюць адначасова і ў розных кірунках. У выніку адбору дасягненняў М.к. складваецца маст. спадчына, яна вызначае арыгінальнасць і унікальнасць мастацтва розных народаў і рэгіёнаў.

Першым гістарычным тыпам М.к. была нар. творчасць — фальклор. ужытковае мастацтва, інш. віды этн. культуры. Адзінства мастацтва з рэліг. і нар. абрадамі, з рамяством і штодзённым побытам — прыкмета М.к. стараж. і сярэдневяковых цывілізацый. Гэты сінкрэтызм адлюстроўваўся, напр., у лац. паняцці ars, artis, стараслав. тэрміне «художник», «художество»; яны абазначаюць мастацтва, уменне, майстэрства, рамяство, тэхн. дакладнасць. Паступовае аддзяленне М.к. ад рэлігіі і сферы вытв-сці адбывалася ў эпоху Адраджэння. Пазней (эпохі Асветніцтва, індустрыялізацыі і урбанізацыі) гэты працэс дайшоў да палярызацыі маст. творчасці і утылітарнай вытв-сці, рэлігіі і свецкай культуры, нар. і прафес. мастацтва. Але ў 20 ст. развіццё М.к. пайшло па шляху збліжэння вытворча-утылітарнай і творча-маст. дзейнасці, у выніку якога ўзнік новы від М.к. — дызайн.

У гісторыі бел. М.к. самабытна выявіліся асн. маст. кірункі, метады, стылі, формы навук. і літ.-крытычнай інтэрпрэтацыі мастацтва. Да пашырэння хрысціянства тут фарміраваліся слав. архетыпы этн. культуры (міфалогія, абрады, фальклор, арнамент і ўжытковае мастацтва). У 10—15 ст. складваўся сярэдневяковы тып бел. М.к. на аснове ўсх.-слав. традыцыі, засваення візант. хрысц. варыянта эліністычнай спадчыны, зах.-еўрап. маст. стыляў. У складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай у Беларусі склаліся нацыянальна самабытныя маст. стылі гатычнага, рэнесансавага, барочнага тыпаў (гл. Готыка, Барока). З канца 16 ст. да сярэдзіны 19 ст. чыталіся школьныя і універсітэцкія курсы граматыкі, паэтыкі, рыторыкі і стылістыкі, выдаваліся падручнікі, у якіх аналізаваліся тэарэт. і практычныя праблемы прыгожай пісьменнасці і красамоўства. Сканцэнтраванае ў Віленскім ун-це літ.-знаўства з элементамі тэарэт. эстэтыкі стымулявала станаўленне крытыкі і публіцыстыкі. Пазней у складзе Рас. імперыі (19—20 ст.), у БССР і Зах. Беларусі адбылося станаўленне і развіццё бел. нац. школы маст. культуры ў рэчышчы нац.-адраджэнскага руху (гл. Адраджэнне нацыянальнае).

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). М., 1978;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛІЦА,

адна з дзвюх (разам з глаголіцай) стараж. славянскіх азбук. Створана ў сярэдзіне 9 ст. на аснове грэка-візант. ўстаўнага пісьма. Назва ад імя слав. асветніка Кірылы Філосафа (гл. ў арт. Кірыла і Мяфодзій). Паходжанне К. канчаткова не высветлена. На думку адных вучоных, К. створана Кірылам раней за глаголіцу, ад якой адрознівалася інш. тыпам і больш простай і выразнай формай літар. Паводле другіх вучоных, Кірыла з’яўляўся стваральнікам глаголіцы, што папярэднічала К. Алфавітна-літарны склад К. адпавядаў гукавой сістэме стараславянскай мовы. У 11 ст. мела 43 літары: 24 візант. паходжання, 19 створаны самастойна. 27 літар абазначалі лічбы (літара з цітлай). З 10 ст. К. абслугоўвала ўсе тыпы стараж.-рус. літ. мовы. Паслядоўна існавалі графічныя відазмяненні К.: устаў, паўустаў, скорапісбыт. і дзелавой перапісцы), арнаментальная вязь (у кніжных загалоўках). Ад стараж.-рус. пісьменства К. перайшла ў спадчыну старабел., старарус. і стараўкр. пісьменствам. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары К. Аднак у працэсе развіцця бел. мовы літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах, якія без шкоды для пісьмовых зносін маглі замяняць адна адну, але працягвалі ўжывацца па традыцыі (о–ѡ, е–є–ѣ, і–и–ѵ, у–ꙋ–ѫ, ѩ–ѧ, з–ѕ, ф–ѳ, ѯ–ксі, ѱ–псі), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў [о] пасля мяккіх і [е] пасля цвёрдых зычных. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі новыя графемы э (канец 15 ст.) і й (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца ў гукавым значэнні знакі і, ѵ, ѯ, ѱ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў сталі трапляцца радзей літары ѵ, ѯ, ѱ, ѕ. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне бел. першадрукаром і асветнікам Ф.​Скарынай на аснове паўустава друкарскага варыянта К., што стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Цікавай з’явай у гісторыі бел. кнігадрукавання было вынаходства спец. курсіўнага шрыфту (прапанаваў Грынь Івановіч), які сваёй канфігурацыяй імітаваў скорапіс 2-й пал. 16 ст. Працэс удасканалення К. на Беларусі спыніўся ў 18 ст. з прычыны заняпаду старабел. пісьменства. У Расіі ў выніку рэформы Пятра I у 1708 быў створаны грамадзянскі шрыфт, што пазней стаў асновай сістэм пісьма ўсх.-слав. і некат. інш. народаў, у т. л. і новага бел. пісьменства. Сучасны беларускі алфавіт выпрацаваны ў выніку кантамінацыі рус. грамадзянскага шрыфту са старабел. варыянтам К., вызначаецца большай дакладнасцю. У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў «йо» (ё) і спецыфічнага бел. гуку кароткага «ў», афрыкаты «дж», «дз» перадаюцца дыграфамі, раздзяляльную функцыю выконвае апостраф.

Найб. стараж. кірыліцкія помнікі — надпісы на сценах і плітах у Праславе (9—10 ст., Балгарыя), на глінянай пасудзіне з раскопак курганоў пад Смаленскам (10 ст.) і інш. Першая датаваная кніга, напісаная К., — Астрамірава евангелле (1056—57).

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970.

А.​М.​Булыка.

Кірыліца.

т. 8, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПААЗЕ́Р’Е, Падзвінне,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую ч. Віцебскай вобл. На ПдУ па дняпроўска-дзвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на Пд і ПдЗ па ўмоўнай лініі на Пн ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем. Як гіст.-этнагр. рэгіён адпавядае асн. масіву стараж. Полацкай зямлі (полацкія крывічы). У складзе Кіеўскай Русі Полацкая зямля была найб. самастойнай з уласцівымі ёй векавымі традыцыямі грамадска-паліт. ладу і арыгінальнай культурай. У 11 ст. тут было каля 10 буйных удзельна-валасных і эканам. цэнтраў (Полацк, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і інш.; гл. Полацкае княства). Для П. разам з часткай Падняпроўя на працягу сярэднявечча і да 2-й пал. 19 ст. захавалася этнагр. назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэр. Беларусі. З утварэннем Рэчы Паспалітай (1569) пашырылася каталіцтва, павялічыліся землеўладанні езуітаў. Ратуючыся ад рэліг. ганенняў і сац. ўціску, сюды перасялілася ч. рус. старавераў. У выніку Лівонскай вайны 1558—83, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўночнай вайны 1700—21 мясц. эканоміка і культура панеслі вял. страты, адбыліся істотныя змены ў геагр. размяшчэнні і этнасац. структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (1772 і 1793) П. далучана да Расіі і ўваходзіла ў склад Полацкай, з 1796 — Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ.; зах. ч. ўваходзіла ў Віленскую губ. Пасля 1917 і ўтварэння БССР усх. П. ў складзе БССР; зах. (левабярэжная) ч. П. ўз’яднана з БССР у 1939.

Традыц.-быт. культура складвалася на працягу стагоддзяў, адлюстроўваючы як агульнабел. рысы, так і спецыфіку мясц. гіст. і прыродных умоў. Нар. вытв. практыка выпрацавала свой гадавы каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі ўраджаю і інш. з улікам мясц. прыродных умоў. Палі апрацоўвалі з дапамогай мясц. варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабнення камякоў. Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для П. 2-рэбравых нахільных мялках. Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асн. і найчасцей адзінай рабочай жывёлай у сял. гаспадарцы быў конь. З канца 19 ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтр маслабойнай вытв-сці ў Віленскай губ. — Дзісенскі пав.). З развіццём капіталіст. адносін пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалт. парты. Мноства сялян ішло на буд. і земляныя работы: мясц. каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесляроў можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі. Найб. густа населеным здаўна было левабярэжжа Зах. Дзвіны. На П. пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3—5 сядзіб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр, у баку ад вял. дарог. Наяўнасць блізка ад вёсак і хутароў выгану і свабодных зямель, суседства з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невял. вёскі, хутары і асобныя двары звязвалі вузкія прасёлкі і сцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабай набітасцю грунту і невыразнымі абрысамі. Узімку ўзнікалі часовыя дарогі, т.зв. зімнікі. Найб. пашыраны тып сядзібнай забудовы — вянковы. Побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гасп. памяшканні цесна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыццёва-быт. комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэгіёне). На адлегласці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню. Гумно ў мясц. вызначэнні — комплекс гасп. пабудоў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняй для саломы і сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасці нярэдка ставілі невял. млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сял. гаспадаркі. Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвён хвоі ці елкі, звязаных паміж сабой у просты вугал «з астаткам» («у чашку»), Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-й пал. 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.

Для традыц. адзення жыхароў уласцівы прамы, свабодны крой. Найб. пашыраныя колеры адзення белы і светла-шэры. З верхняга адзення апрача агульнабел. світ і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў любое надвор’е. Паясное жаночае адзенне вызначалася значнай тыпалагічнай разнастайнасцю: льняныя спадніцы, разнаколерныя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл. Лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожвання пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жан. адзенні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі і мярэжкай. У вышыўцы дамінаваў чырв. колер, у набіванцы — сіні ці блакітны. Кераміка вызначалася масіўнасцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і грунтоўнасцю апрацоўкі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясц. вусна-паэт. творчасць і традыц. абраднасць. Побач з агульнабел. каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі пашыраны тыя жанры, якія ў інш. рэгіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомы, — валачобныя, масленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песні. Для песеннага фальклору П. ўласціва сольнае (манадыйнае) выкананне: мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя. Мясц. гаворкі П. складаюць групу паўн.-ўсх. дыялекту (гл. Дыялект).

В.​С.​Цітоў.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)