Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́Р,
масавая гібель рыбы і інш. водных жывёл. Адбываецца пры памяншэнні колькасці растворанага ў вадзе кіслароду (да 5—30% нармальнага насычэння) або са з’яўленнем у вадзе атрутных рэчываў у выніку скідвання прамысл. неачышчаных сцёкавых вод ці змыву з сушы ядахімікатаў. Колькасць кіслароду памяншаецца ў вадаёмах, багатых арган. рэчывамі (напр., балотныя воды), у стаячых вадаёмах у перыяд інтэнсіўнага развіцця водарасцей («цвіценне» вады) і зоапланктону. З. бывае летам у начны час у ціхае цёплае надвор’е і зімой пад ільдом (пераважна са студзеня да красавіка).
З’ява З. звязана з празмерным эўтрафіраваннем вадаёмаў. Да недахопу кіслароду найб. адчувальныя некат. рыбы (ласасёвыя, асятровыя, акунёвыя), ракі, малюскі (бяззубкі, перлаўкі) і інш.; менш адчувальныя вугры, карасі, ліні, уюны, лічынкі хіранамід і інш. Папярэджваюць З. насычэннем вады кіслародам у працэсе яе аэрацыі, аховай вадаёмаў ад забруджвання і атрутных рэчываў, павелічэннем іх праточнасці. На Беларусі З. найчасцей у азёрах Палесся і р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭРМІ́ЧНАЯ Я́МА, Бекары яма,
збудаванне для абеззаражвання трупаў жывёл (акрамя тых, што загінулі ад сібірскай язвы). Будуецца з вільгацетэрмаўстойлівага матэрыялу, мае герметычную накрыўку і адтуліны для прытоку паветра, глыб. 9—10 м. Размяшчаецца біятэрмічная яма не бліжэй як за 1 км ад населеных пунктаў і вадаёмаў. З цягам часу ў ёй утвараецца аднародны кампост, прыдатны на ўгнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІР, водаварот,
кругавы лейкападобны рух вады ў паверхневым слоі на асобных участках вадаёмаў або рэк. Узнікае пры зліцці плыняў вады, пры абцяканні выступаў берага або пры рэзкім расшырэнні рэчышча. Можа быць пастаянным або часовым. Марскія віры ўтвараюцца ў месцах сутыкнення прыліўна-адліўных хваль з цячэннямі. Вір — небяспечнае месца; на тэр. Беларусі вада ў віры доўга не замярзае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТРЫ́Т (ад лац. detritus перацёрты),
1) завісь дробных арганічных рэшткаў у тоўшчы вады ці адклады іх на дне вадаёмаў. Утвараецца з адмерлых раслін і жывёл і іх выдзяленняў. З’яўляецца кормам для водных жывёл — дэтрытафагаў.
2) У медыцыне — прадукт распаду тканак. Д. воспенны воспавы* — саскрэб воспенных воспавых* пухіроў са скуры штучна заражанай жывёлы для прыгатавання воспеннай воспавай* вакцыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦО́ВЫЯ ВЯТРЫ́,
вятры, якія маюць лакальнае пашырэнне, звязанае з геагр. асаблівасцямі пэўнага рэгіёна (яго рэльефам, наяўнасцю вял.вадаёмаў). Падзяляюцца на вятры, абумоўленыя пераважна мясц. цыркуляцыяй атмасферы (бара, брызы, фён, горна-далінныя вятры і інш.), і вятры, якія ўяўляюць сабой цячэнні агульнай цыркуляцыі атмасферы, змененыя мясц. ўмовамі — нізкімі т-рамі, запыленасцю паветра і інш. (напр., афганец, сірока, хамсін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТА́НКА, альтана (італьян. altana),
драўляная ці мураваная дэкар. пабудова каркаснай (слупавой) канструкцыі для адпачынку, аховы ад сонца і ападкаў. Звычайна размяшчаецца ў маляўнічых кутках паркаў, гар. і прыгарадных зялёных зон, у дварах жылых дамоў, каля вадаёмаўі г.д. Найчасцей вырашалася ў выглядзе ратонды ў пейзажных і рэгулярных парках стыляў барока і класіцызму. У мураваных альтанках стылю класіцызму выкарыстоўваліся шмат’ярусныя ордэрныя кампазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРАФІ́ЛЫ [ад гігра... + ...філ(ы)],
наземныя жывёлы, прыстасаваныя да існавання ва ўмовах высокай вільготнасці. Жывуць на забалочаных тэрыторыях, у вільготных лясах, поймах рэк, па берагах вадаёмаў, а таксама ў вільготнай глебе і гнілой драўніне. У асяроддзі з нізкай вільготнасцю яны хутка трацяць ваду, што можа прывесці да іх гібелі. Тыповымі гіграфіламі з’яўляюцца макрыцы, нагахвосткі, камары, наземныя планарыі, малюскі, амфібіі, дажджавыя чэрві і інш.Гл. таксама Ксерафілы, Мезафілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДААХО́ЎНЫЯ ЛЯСЫ́,
прыродныя або штучна створаныя забаронныя палосы і масівы лясоў, якія служаць для аховы вадаёмаў, вадацёкаў і інш. водных аб’ектаў ад неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя; адзін з відаў ахоўных лясоў. Уваходзяць у водаахоўную зону. Ахоўваюць берагі вадаёмаў ад разбурэння ветрам і патокамі вады з вадазбораў, а вадаёмы ад засмечвання, забруджвання і празмернага выпарэння вады, паляпшаюць мікраклімат і гідралагічны рэжым тэр. вадазбораў, падтрымліваюць высокую воднасць рэк, садзейнічаюць раўнамернаму паступленню вады ў крыніцы, павелічэнню запасаў падземных вод за кошт пераводу паверхневага сцёку ва ўнутрыглебавы, акумуляцыі алювію ў поймах, зніжэнню т-ры вады ў рэках, паляпшэнню ўмоў нерасту рыб і інш. Маюць таксама глебаахоўнае, рэкрэацыйнае, эстэтычнае, аздараўленчае, сан.-гігіенічнае і рыбагасп. значэнне.
На Беларусі водаахоўныя лясы ў выглядзе палос уздоўж рэк і вакол вадаёмаў маюць шыр. 1—6 км і займаюць агульную пл. 371,1 тыс.га (1996). Вылучаны ўздоўж Дняпра (шыр. палос 6 км на кожным беразе да ўпадзення р. Бярэзіна і 3 км ніжэй па яго цячэнні), Нёмана (4 км), Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Сажа, Прыпяці, Віліі, Мухаўца, Піны, Дняпроўска-Бугскага і Белаазерскага каналаў (па 3 км), Друці (1,5 км), Свіслачы (1 км), вакол Браслаўскіх, Нарачанскіх і некаторых інш. азёр і вадасховішчаў аднесены да лясоў 1-й катэгорыі. Выдзяляюць таксама асабліва ахоўныя лясы, да якіх, у прыватнасці, належаць і берагаахоўныя ўчасткі лесу шыр. 300 м у межах забаронных палос і 100 м у інш. катэгорыях лясоў уздоўж рэк, каналаў, азёр, вадасховішчаў, а таксама ўчасткі лесу ў радыусе 100—200 м вакол крыніц і вытокаў малых рэк. Лесакарыстанне на гэтых участках рэгулюецца Палажэннем аб водаахоўных палосах (зонах) малых рэк Беларусі (1983) і інш. дырэктыўнымі ўказаннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПІЯСАМО́З, глосаталёз,
інвазійная хвароба моладзі рыб, якую выклікаюць умоўна-патагенныя інфузорыі з роду Apiosoma. Узбуджальнік — часцей A. piscicola, пашыраная ў штучных сажалках, у т. л. і на Беларусі. Інфузорыі выклікаюць на скуры і шчэлепах моладзі рыб некрозы і моцнае слізевыдзяленне. Шчэлепы бледныя. У зімавальных сажалках хворая моладзь худнее і гіне. Хвароба ўскладняецца паразітаваннем інш. інфузорый. Лечаць брыльянтавай зеленню. Прафілактыка: стварэнне нармальных гідрахім. умоў і падтрыманне чысціні вадаёмаў.