Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯ́ЗАНЫЯ ВАГА́ННІ,
уласныя ваганні ў складанай сістэме з некалькіх звязаных паміж сабой простых (парцыяльных) вагальных сістэм. Маюць складаны выгляд з-за ўплыву (праз сувязь) ваганняў у адной парцыяльнай сістэме на ваганні ў другой. У лінейных сістэмах З.в. можна выявіць як суперпазіцыю нармальных ваганняў, колькасць якіх роўная колькасці парцыяльных сістэм, аднак частоты адрозніваюцца ад частот уласных ваганняў адасобленых парцыяльных сістэм.Гл. таксама Абертон, Біцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМАНІ́ЧНЫЯ ВАГА́ННІ,
перыядычныя змены фіз. велічыні паводле сінусаідальнага закону. Аналітычна апісваюць залежнасцю x = A sin(ωt+φ0) або x = A cos(ωt+φ0), дзе x — значэнне фіз. велічыні ў дадзены момант часу t, A — амплітуда, ωt+φ0 — фаза, ω — цыклічная частата, φ0 — пач. фаза. Графічна адлюстроўваюцца сінусоідай. Ваганні многіх фіз. сістэм блізкія да гарманічных ваганняў, а любое складанае ваганне можна выявіць як сукупнасць гарманічных ваганняў у выглядзе Фур’е шэрагу (гл.Гарманічны аналіз, Ангарманічныя ваганні, Абертон).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ННІ КЛІ́МАТУ,
рытмічныя змяненні клімату на працягу невял. адрэзкаў часу (не менш як 10 гадоў) у рамках пэўнага клімату дадзенай мясцовасці. Выражаюцца ў змене цёплых перыядаў больш халоднымі або сухіх вільготнымі. Ваганні клімату звязваюць са змяненнямі сонечнай актыўнасці (11- і 80-гадовыя цыклы), скорасці вярчэння Зямлі (250-гадовыя), сілы прыліваў (каля 1700-гадовы цыкл) і інш. У геал. мінулым, верагодна, былі больш глыбокімі і працяглымі. Найб. вывучаны ў гіст. час і сучасныя, за апошнія 150—200 гадоў. На пачатку н.э. клімат Еўропы быў падобны на сучасны, у 11—13 ст. значна цяплейшы (у Грэнландыі пашырылася жывёлагадоўля). Моцнае пахаладанне ў 15—16 ст.наз. малым ледавіковым перыядам. У 17 ст. адбылося пацяпленне, потым да сярэдзіны 19 ст. клімат зноў быў халодны і вільготны, пасля чаго настала сучаснае пацяпленне (вынік супадзення 80- і 250-гадовых цыклаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Векавыя ваганні зямной кары, гл. Рухі зямной кары
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ННІ КРЫШТАЛІ́ЧНАЙ РАШО́ТКІ,
узгодненыя зрушэнні атамаў крышталя каля становішчаў раўнавагі (вузлоў рашоткі). Характар ваганняў залежыць ад сіметрыі крышталёў, ліку атамаў у элементарнай ячэйцы, тыпу хім. сувязі, віду і канцэнтрацыі дэфектаў у крышталях. Амплітуда ваганняў павялічваецца з павышэннем тэмпературы крышталя. На цеплавыя ваганні могуць накладвацца ваганні, выкліканыя распаўсюджваннем у крышталі пругкіх хваляў, абумоўленых знешнім уздзеяннем.
У крышталі з N элементарных ячэек па υ атамаў у кожнай існуе 3υN-6 незалежных найпрасцейшых нармальных ваганняў, кожнае з якіх можна ўявіць у выглядзе дзвюх плоскіх пругкіх хваляў, што распаўсюджваюцца ў процілеглых напрамках. Гэтыя ваганні складаюцца з трох акустычных галін (ім адпавядаюць зрушэнні элементарнай ячэйкі як цэлага) і 3 (υ—1) аптычных (адпавядаюць зрушэнням атамаў унутры элементарнай ячэйкі). Пры пругкім характары міжатамнага ўзаемадзеяння вагальная энергія крышталя складаецца з энергій нармальных ваганняў, кожнае з якіх уцягвае ў рух усе атамы. Вагальную энергію крышталя можна разглядаць і як суму энергій фанонаў — квантаў энергіі пругкіх ваганняў. Квантавая прырода ваганняў крышталічнай рашоткі праяўляецца ў наяўнасці нулявых ваганняў атамаў пры Т = 0К. Ваганні крышталічнай рашоткі ўплываюць на электраправоднасць металаў і паўправаднікоў, на аптычныя ўласцівасці дыэлектрыкаў.
Літ.:
Анималу А. Квантовая теория кристаллических твердых тел: Пер. с англ. М., 1981;
Рейсленд Дж. Физика фононов: Пер. с англ. М., 1975;
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯ́ЗАНЫЯ СІСТЭ́МЫвагальныя,
сукупнасць узаемадзейных вагальных сістэм з 1 ступенню свабоды кожная (парцыяльных сістэм). Напр., сукупнасць 2 (ці больш) вагальных контураў, дзе ваганні ў адным з іх з-за наяўнасці сувязі выклікаюць ваганні ў астатніх. Мае спецыфічны характар рэзанансных з’яў: рэзананс выяўляецца пры супадзенні частаты знешніх ваганняў з любой з частот нармальных ваганняў З.с. Гл. таксама Звязаныя ваганні.
Да арт.Звязаныя сістэмы. Паласавыя фільтры: а — індуктыўная сувязь; б — ёмістасная сувязь; C — ёмістасці; L — індуктыўнасці Cсув — кандэнсатар сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ЛЬНЫ КО́НТУР,
электрычны ланцуг, у якім могуць адбывацца ваганні з частатой, што вызначаецца параметрамі самога ланцуга. Найб. просты вагальны контур складаецца са шпулі індуктыўнасці і кандэнсатара і выкарыстоўваецца як рэзанансная сістэма радыётэхн. прылад у дыяпазоне частот ад 50 кГц да 300 МГц (на больш высокіх частотах — двухпровадныя і кааксіяльныя лініі перадачы, аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары).
У ідэальным вагальным контуры ўзбуджаюцца свабодныя гарманічныя ваганні, у рэальным з-за страт энергіі амплітуда ваганняў паступова змяншаецца, а перыяд павялічваецца (ваганні затухаюць). Якасць вагальнага контура вызначаецца дыхтоўнасцю вагальнай сістэмы. Калі ў вагальны контур уключыць генератар пераменнага току, праз некаторы час у ім усталююцца вымушаныя ваганні з частатой генератара. Залежнасць амплітуды такіх ваганняў ад частаты наз. рэзананснай характарыстыкай контуру. Рэзкае павелічэнне амплітуды назіраецца пры частотах, блізкіх да ўласнай частаты вагальнага контура (гл.Рэзананс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТА́ЦЫЯ,
вагальны рух восі ўласнага вярчэння цела, які адбываецца адначасова з прэцэсіяй і пры якім змяняецца вугал паміж воссю ўласнага вярчэння цела і воссю, вакол якой адбываецца прэцэсія, (вугал нутацыі Θ; гл.Эйлеравы вуглы).
У гіраскопа (ваўчка), што рухаецца пад дзеяннем сілы цяжару , Н. ўяўляе сабой ваганні восі гіраскопа, амплітуда і перыяд якіх тым меншыя. чым большая вуглавая скорасць яго ўласнага вярчэння Ω. Частата Н. пры вялікіх Ω можа быць такая вялікая. што нутацыйныя ваганні восі ваўчка будуць успрымацца на слых (гудзенне). Пры наяўнасці супраціўлення (трэння) нутацыйныя ваганні дастаткова хутка затухаюць, пасля чаго ў гіраскопа застаецца толькі прэцэсійны рух.
У астраноміі Н. — абумоўленыя прыцягненнем Сонца і Месяца невялікія ваганні зямной восі, якія накладваюцца на яе прэцэсійны рух. Адкрыў у 1737 англ. астраном Дж.Брадлей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАДЗІ́Н (ад гетэра... + грэч. dynamis сіла),
маламагутны высокачастотны генератар электрычных ваганняў з самаўзбуджэннем. Схема гетэрадзіна бывае лямпавая, напр. з гептодам, і паўправадніковая. Стварае ваганні дапаможнай частаты, якія змешваюцца са знешнімі (карыснымі) высокачастотнымі, у выніку атрымліваюцца ваганні пастаяннай рознаснай (прамежкавай) частаты. Выкарыстоўваецца ў пераўтваральніках частаты супергетэрадзінных радыёпрыёмнікаў, гетэрадзінных частатамерах, радыёвымяральных прыладах і інш.