БІЯГЕЛЬМІ́НТЫ

[ад бія... + грэч. helmins (helminthos) чэрві],

група паразітычных чарвей, цыкл развіцця якіх праходзіць са зменай гаспадароў. Лічынка развіваецца ў арганізме прамежкавага гаспадара, а дарослая асобіна — у т.зв. дэфінітыўным (канчатковым) гаспадары. Прамежкавымі гаспадарамі бываюць беспазваночныя (малюскі, ракападобныя, рыбы і інш.) і пазваночныя жывёлы (млекакормячыя, земнаводныя, рыбы і інш.); колькасць іх ад 1 да 3. Да біягельмінтаў адносяцца ўсе смактуны (трэматоды), стужачныя чэрві (цэстоды), скрэбні (акантацэфалы), многія круглыя чэрві (нематоды). Узбуджальнікі гельмінтозаў чалавека і жывёл. Гл. таксама Геагельмінты.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯПРЭПАРА́ТЫ

(ад бія... + лац. praeparatus прыгатаваны),

біялагічныя прэпараты, рэчывы і прэпараты мікробнага, расліннага і жывёльнага паходжання, якія характарызуюцца высокай біял. актыўнасцю. Вял. пашырэнне атрымалі з сярэдзіны 1970-х г. у сувязі з развіццём геннай і клетачнай інжынерыі. Да біяпрэпаратаў адносяць большасць прадуктаў мікрабіял. сінтэзу (бялкова-вітамінныя дамешкі, антыбіётыкі, гармоны, монакланальныя антыцелы, інтэрферон і інш.), а таксама біял. сродкі барацьбы са шкоднікамі сельскай гаспадаркі, бактэрыяльныя ўгнаенні, прэпараты з лек. раслін, плацэнты жывёл і інш. Выкарыстоўваюцца пры лячэнні інфекц. хвароб і як біястымулятары.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯРЭДУЦЭ́НТЫ

(ад бія... + рэ... + лац. duco вяду),

біядэструктары, арганізмы, што кормяцца мёртвым арган. рэчывам і раскладаюць яго на больш простыя неарган. злучэнні (напр., двухвокіс вугляроду, вада, аміяк і інш.), якія потым выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі; заключнае звяно ў трафічным ланцугу. Да біярэдуцэнтаў належаць пераважна мікраарганізмы (бактэрыі, сапрафітныя грыбы), сапрафагі, некрафагі і інш. і некат. жывёлы (напр., дажджавыя чэрві), у працэсе жыццядзейнасці якіх адбываецца мінералізацыя арган. рэчываў, — кансументы. Біярэдуцэнты ажыццяўляюць замкнутасць біялагічнага кругавароту рэчываў, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння навакольнага асяроддзя, выкарыстоўваюцца пры біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕ́РМ

(ад бія... + грэч. herma падводная скала),

простая арганагенная пабудова, якая ўтварылася на месцы росту калоній арганізмаў, здольных адкладваць вапну, захоўваць пасля адмірання прыжыццёвую форму. Даўж. біягерма да кіламетра.

Марфалагічна біягерм як геал. цела — масіў або выпуклая лінза, палеагеаграфічна — падводны выступ, узгорак. У асадкавых адкладах Беларусі выкапнёвыя дробныя Б. з каралаў, сграматапораў, імшанак, сіне-зялёных і чырвоных водарасцяў (багранак) трапляюцца ў сілурыйскіх і ніжнедэвонскіх утварэннях Брэсцкай упадзіны, верхнедэвонскіх і кам. вуг. утварэннях Прыпяцкага прагіну. Да верхнедэвонскіх біягермных адкладаў Прыпяцкага прагіну прымеркаваны радовішчы нафты і газу. Гл. таксама Біястромы.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯКАТА́ЛІЗ

(ад бія... + каталіз),

ферментатыўны каталіз, працэс змянення скорасці або ўзбуджэння біяхім. рэакцый біякаталізатарамі (ферментамі) у жывых арганізмах ці ў эксперыменце. Характарызуецца кінетычнымі параметрамі, якія апісваюцца ўраўненнем Міхаэліса-Ментэн, найб. важны — канстанта Міхаэліса (Км), што паказвае канцэнтрацыю субстрату, пры якой скорасць рэакцыі складае палавіну максімальнай. Кантроль за біякаталізам вядзецца пры дапамозе спец. біяхім. і генет. механізмаў, што рэгулююць лакалізацыю, колькасць і каталітычную актыўнасць ферментаў. З выкарыстаннем біякаталізу ажыццяўляецца вытв-сць шэрагу лек. прэпаратаў, прадуктаў мікрабіял. сінтэзу, ён ляжыць у аснове многіх біятэхнал. працэсаў.

А.М.Ведзянееў.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАКА́ЦЫЯ

(ад бія... + лакацыя),

здольнасць жывёл вызначаць становішча якога-н. аб’екта ў адносінах да самога сябе (напрамак, адлегласць) або ўласнае месцазнаходжанне ў прасторы (біяарыентацыя). Ажыццяўляецца з дапамогай успрымання вонкавых уздзеянняў (сігналаў) паверхняй цела або спец. органамі пачуццяў (зроку, дотыку, нюху, слыху, раўнавагі і інш.). Большасці жывёл уласціва прамая (пасіўная) біялакацыя, некаторым — эхалакацыя. Біялакацыя — адзін са спосабаў арыентацыі жывёл і біякамунікацыі, развіты ў кажаноў, дэльфінаў, некаторых птушак, землярыек і інш. жывёл. Дзякуючы біялакацыі кіты, напр., адшукваюць вял. колькасць планктону, дэльфіны лацыруюць пароды рыб на адлегласці да 3 км. Гл. таксама Біяакустыка.

т. 3, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯНАВІГА́ЦЫЯ

(ад бія... + навігацыя),

здольнасць жывёл выбіраць напрамак руху пры рэгулярных сезонных міграцыях (на зімоўкі або да месцаў размнажэння) і пры знаходжанні свайго месцажыхарства (хомінг). Забяспечваецца здольнасцю жывёл да арыентацыі ў навакольнай прасторы з дапамогай органаў пачуццяў і інстынктаў (значэнне інстынктаў асабліва вялікае, калі міграцыі жывёл адбываюцца ўпершыню). Здольнасць да біянавігацыі ўласціва птушкам, рыбам, млекакормячым, якія ажыццяўляюць далёкія сезонныя міграцыі (напр., паўн. аленям, марскім коцікам, кітам, пералётным птушкам), некаторым паўзунам (напр., марскім чарапахам) і інш. Спосабы біянавігацыі розныя: сонечная або зоркавая арыентацыя, навігацыя па наземных арыенцірах, магнітным полі Зямлі і інш.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЭХНАЛО́ГІЯ

(ад бія... + тэхналогія),

сукупнасць метадаў і прыёмаў атрымання карысных прадуктаў з дапамогай біял. агентаў. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці біялагічна актыўных рэчываў, прэпаратаў для аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб, у біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў (біяфільтры) і інш. Аснова біятэхналогіі — дасягненні біяфізікі, біяхіміі, мікрабіялогіі, малекулярнай біялогіі, генетыкі і інш. Уключае таксама навукова-тэарэт. абгрунтаванне такіх метадаў і прыёмаў і ў гэтым плане можа разглядацца як адзін з практычна значных кірункаў біял. навукі, звязаны адначасова з вырашэннем мед., с.-г. і інш. праблем (фармацэўт. прам-сць, мікрабіял. сінтэз, інтэнсіўная жывёлагадоўля і інш.).

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФІ́ЛЬТР

(ад бія... + фільтр),

збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў і шкодных газаў з дапамогай арганізмаў-ачышчальнікаў (напр., мікраарганізмаў, водарасцяў, чароту і інш.). Прынцып дзеяння біяфільтра заснаваны на паступовым праходжанні забруджанай вады ці газаў праз тоўшчу фільтравальнага матэрыялу (шлак, гравій, керамзіт і інш.), які мае на паверхні актыўную мікрабіял. плеўку (мікраарганізмы і прасцейшыя). Плеўка адсарбіруе, акісляе і мінералізуе арган. рэчывы. У інш. выпадках ролю біяфільтра адыгрываюць ніжэйшыя і вышэйшыя арганізмы, здольныя выбіральна акумуляваць ці раскладаць забруджвальныя рэчывы — т.зв. біяфільтратары (напр., асцыдыі, пласціністашчэлепныя малюскі, некаторыя ракападобныя, водарасці і інш.). Гл. таксама Аэратэнк.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯАРЫЕНТА́ЦЫЯ

(ад бія... + арыентацыя),

здольнасць жывёльных арганізмаў вызначаць сваё месца ў прасторы, сярод асобін таго ж ці іншых відаў, выбіраць аптымальнае становішча ў адносінах да фактараў асяроддзя і вызначаць біялагічна мэтазгодны напрамак руху.

Біяарыентацыя — адна з умоў прыстасавання (адаптацыі) арганізмаў да асяроддзя пражывання. Ажыццяўляецца на аснове біялакацыі (успрымання вонкавых уздзеянняў паверхняй цела або органамі пачуццяў) і эхалакацыі шляхам змены стану арганізма ў адпаведнасці з умовамі асяроддзя (марфафізіял. адаптацыя), змены месцаў існавання (міграцыя жывёл), утварэння статка, чародаў або будовы прыстанішчаў. У вышэйшых жывёл біяарыентацыя набывае характар складаных інстынктаў, якія ляжаць у аснове біянавігацыі.

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)