ЖЛУ́КТА,

у беларусаў бандарная пасудзіна для запарвання бялізны. Звычайна мела кадзепадобную форму, да 1 м у вышыню, на трох ножках (утвараліся даўжэйшымі клёпкамі). Бялізну складвалі ў Ж. і залівалі шчолакам або перасыпалі попелам (найлепшым лічыўся попел бярозавай драўніны), потым залівалі кіпенем. Праз некаторы час ваду злівалі праз адтуліну ў днішчы, якая закрывалася коркам, а бялізну паласкалі ў балеі ці ночвах. Часам у сял. гаспадарцы выкарыстоўвалі і больш архаічны від Ж. — кадаўб, зроблены са ствала дрэва без днішча, які ставілі ў цэбар ці кадку. У сял. побыце Ж. выкарыстоўвалі да сярэдзіны 20 ст.

В.​С.​Цітоў.

Выдзеўбаная жлукта-кадаўб без дна ў цэбры. Вёска Запярынне Пухавіцкага раёна Мінскай вобл.

т. 6, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАГО́ДСКІЯ КАРУ́НКІ,

від рус. карункаў, плеценых на каклюшках (драўляных палачках); пашыраны ў Валагодскай вобл. Расіі. Плаўная лінія, якая ўтварае ўзор, не перарываецца, не перакрыжоўваецца і выступае ў выглядзе выплеценай тасьмы на фоне тонкай ажурнай «рашоткі». Карункапляценне тут пачало складвацца ў 16—17 ст., як промысел аформілася на пач. 19 ст. У 1968 створана аб’яднанне «Сняжынка». Да 1940-х г. пераважалі мерныя карункі для аздобы бялізны, пазней асн. прадукцыяй сталі адзінкавыя вырабы — посцілкі, сурвэткі, фіранкі з геаметрычным і раслінным узорамі; святочныя дэталі жан. адзення — каўнерыкі, жабо і інш., а таксама унікальныя выставачныя ўзоры. Валагодскія карункі адзначаны ў Парыжы залатым медалём (1925) і «Гран-пры» (1937), залатым медалём у Бруселі (1958).

Літ.:

Попова О.С., Каплан Н.И. Русские художественные промыслы. М., 1984.

Валагодскія карункі.
Да арт. Валагодскія карункі. Фіранка. 1946.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ «КУПА́ВА» Створана ў 1929 у Віцебску як арцель «8 Сакавіка». З 1937 ф-ка маст. вырабаў. У Вял. Айч. вайну разбурана, у 1945—47 адноўлена. З 1981 галаўное прадпрыемства Віцебскага ВА маст. вырабаў, з 1993 самаст. ф-ка з сучаснай назвай. Дзейнічаюць участкі: закройны, машыннай і ручной вышыўкі, пашывачны, вязання, аддзелкі, эксперыментальны. Спецыялізуецца на выпуску строчана-вышытых вырабаў верхняга жаночага адзення, сталовай бялізны, трыкат. вырабаў жаночага і мужчынскага асартыменту. Існуюць участкі ручной вышыўкі, ткацтва і вязання. Жаночыя і дзіцячыя жакеты, джэмперы, камізэлькі ўпрыгожваюцца разнастайным па форме і маст. вырашэнні бел. арнаментам. Вырабляе таксама драўляны посуд і сувеніры з саломкі. Асн. прадукцыя (1997): верхні паўшарсцяны мужчынскі і жаночы трыкатаж, строчана-вышытыя швейныя вырабы і сталовая бялізна, сувеніры з саломкі і лазы.

Да арт. Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава». Мастацкае ткацтва, пляценне з лазы.

т. 4, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ЙНЫЯ СРО́ДКІ,

рэчывы ці сумесі рэчываў, якія ў растворах аказваюць мыйнае дзеянне і выкарыстоўваюцца для ачысткі ад забруджванняў паверхняў розных рэчаў.

Аснова М.с. — паверхнева-актыўныя рэчывы, здольныя да міцэлаўтварэння (гл. Міцэлы). Найб. важнымі з’яўляюцца М.с., прызначаныя да выкарыстання ў водным асяроддзі. Да іх адносяць мылы і шматкампанентныя кампазіцыі сінт. М.с. (СМС), якія не трацяць мыйнай здольнасці ў жорсткай вадзе. Аснова большасці з іх — солі сульфакіслот (найб. пашыраны алкілбензолсульфанаты) і кіслых сульфаэфіраў. Кампазіцыі СМС уключаюць дапаможныя рэчывы (неарган. электраліты), што паляпшаюць мыйнае дзеянне, а таксама спец. дабаўкі (ферменты, бактэрыцыды, стабілізатары пены, пахучыя рэчывы, антыаксіданты і інш.). Вырабляюць М.с. вадкія, пастападобныя, цвёрдыя (кавалкі, гранулы, парашкі). Выкарыстоўваюць у быце для мыцця бялізны, посуду, шкла, керамічных і інш. вырабаў, як сродкі асабістай гігіены (шампунь, зубная паста), у тэхніцы (тэхн. М.с.) для мыцця розных механізмаў і машын.

Ф.​М.​Капуцкі.

т. 11, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІГО́РСК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Салігорскага р-на Мінскай вобл., на беразе Салігорскага вадасховішча. За 132 км на Пд ад Мінска. Канцавая чыг. ст. веткі ад Слуцка, на аўтадарозе Слуцк—Мікашэвічы. 101,9 тыс. ж. (2001).

Засн. ў 1958 як пас. Новастаробінск на месцы в. Вішнёўка Старобінскага р-на Мінскай вобл. ў выніку прамысл. распрацоўкі пакладаў калійных солей і буд-ва калійнага камбіната. З жн. 1959 рабочы пас. С., са снежня 1962 у Любанскім р-не. У 1963—79 уведзены ў эксплуатацыю 4 калійныя камбінаты. З 1963 горад абл. падпарадкавання, з 1965 цэнтр Салігорскага р-на. У 1978—60 тыс. жыхароў.

У горадзе працуюць ВА «Беларуськалій», прадпрыемствы лёгкай прам-сці «Калінка» і Салігорская фабрыка трыкатажнай бялізны «Купалінка», ліцейна-мех. з-д «Універсал», буд. арг-цыя «Салігорскпрамбуд», домабуд. камбінат, прадпрыемства «Шахтаспецбуд». Салігорскі горна-хімічны тэхнікум, пед. каледж, 2 ПТВ, 4 б-кі, Салігорскі краязнаўчы музей, Палац культуры, Дом культуры. Помнікі Героям Сав. Саюза В.​З.​Каржу, В.​І.​Казлову, скульпт. кампазіцыі шахцёрам-першапраходцам і ў гонар заснавання горада.

Горад Салігорск. Праспект Міру.

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРУ́НКІ,

тэкстыльны выраб без тканай асновы, у якім ажурны арнамент і выявы атрымліваюцца ў выніку перапляцення нітак (ільняных, шаўковых, метал. і інш.); від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вызначаюцца тонкасцю, лёгкасцю, эластычнасцю, узорыстасцю, зліццём ажурных узораў і сеткі фону або кантрастам шчыльнага ўзору (часам рэльефнага) і ажурнага фону, разнастайнымі рытмічнымі пабудовамі ўзору, выяўленнем колеру, бляску і фактуры нітак. Выкарыстоўваюцца для аздобы адзення, бялізны ў выглядзе тасьмы або ўставак і як самаст. вырабы (сурвэткі, пакрывалы, абрусы і інш.). Паводле тэхнікі выканання бываюць ручныя (плеценыя на каклюшках — точаных палачках; шытыя іголкай, вязаныя кручком або пруткамі) і машынныя.

Першыя К. (шытыя) вядомы з канца 15 — пач. 16 ст. ў Італіі. З канца 16 ст. з’явіліся ў Фландрыі (напачатку шытыя, пазней плеценыя «бенш», «валансьен», з канца 17 — пач. 18 ст. цюлевыя «малін», «англетэр», «дзюшэс», «брабанцкія»). У Італіі (Венецыя, Мілан, Генуя) пашырыўся гіпюр. З 1-й пал. 17 ст. выраб К. вядомы ў Расіі (валагодскія карункі, галіцкія, таржкоўскія, растоўскія і інш.), з сярэдзіны 17 ст. — у Францыі (седанскі гіпюр і алансон, цюлевы «аржант», чорныя шаўковыя К. з Шантыльі і інш.). У 18 ст. цэнтрамі вытворчасці К. сталі Фландрыя і Францыя. У 19 ст. чорныя шаўковыя К. з залатымі ніткамі выраблялі ў Іспаніі, вязаныя кручком — у Ірландыі. З 1930-х г. пашырыўся машынны выраб танных К. на цюлі з баваўняных нітак і інш., ручны спосаб ператварыўся ў нар. маст. промысел.

На Беларусі вядомы з 16 ст. на адзенні духавенства, магнатаў, шляхты і гар. знаці. Першапачаткова іх прывозілі з Францыі і Германіі, з 18 ст. пры манастырах і ў маёнтках стваралі майстэрні па вырабе К. з залатых і сярэбраных нітак, пазней з шаўковых і баваўняных. У 2-й пал. 18 ст. ў Гарадніцы (прадмесце Гродна) існавала мануфактура, дзе выраблялі К. па замежных узорах. З сярэдзіны 19 ст. пашырыліся машынныя К. На Беларусі найб. вязалі і плялі К. драўлянымі, пазней метал. кручкамі. Быў вядомы стараж. спосаб пляцення на каклюшках — «вылічальны», заснаваны на паўторы аднаго малюнка з дапамогаю вылічэння нітак без гатовага ўзору. Вылічальныя К. з роўнымі краямі выраблялі сяляне для ўпрыгожвання адзення, ручнікоў і інш. Узоры нар. К. блізкія да ўзораў нар. тканін і вышывак. Бел. К. характэрны геам. («ромбы», «шахматы», «палоскі») і раслінныя («кветкі», «зорачкі», «сняжынкі» і інш.) узоры. З сярэдзіны 20 ст. вядомы аб’ёмныя карункавыя вырабы (карзінкі, кошыкі, вазы). Шырока выкарыстоўваюцца мастакамі-прафесіяналамі для тэатр. касцюмаў, аздаблення вопраткі і бялізны. Бытуюць як нар. маст. промысел. Вырабляюць К. на ф-ках маст. вырабаў і ў хатніх умовах.

Літ.:

Беларускае народнае мастацтва. Т. 1. Мн., 1951;

Бирюкова Н.Ю. Западноевропейское кружево XVI—XIX вв. в собрании Эрмитажа. Л., 1959.

Да арт. Карункі. Падзор, Салігорскі раён Мінскай вобл.
Да арт. Карункі. Пакрывала. Чашніцкі раён Віцебскай вобл.
Да арт. Карункі. Валан рэльефнага гіпюру. Ільняныя ніткі, шыццё іголкай. Італія. Сярэдзіна 17 ст.
Да арт. Карункі. Валан французскага гіпюру. Пач. 18 ст.
Валагодскія карункі. В.​Ельфіна. Пано «Лета». 1979.

т. 8, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫТАВО́Е АБСЛУГО́ЎВАННЕ,

форма задавальнення матэрыяльных і культ.-быт. патрэб грамадзян, прадпрыемстваў і арг-цый праз аказанне паслуг; частка сферы абслугоўвання. Прадпрыемствы бытавога абслугоўвання аказваюць паслугі: прамысловыя (рамонт транспартных сродкаў, складанай быт. тэхнікі, вытв-сць і рамонт металавырабаў, адзення, абутку, мэблі, хімчыстка, мыццё бялізны, фотапаслугі, рамонт і буд-ва жылля і інш.) і непрамысл. (паслугі цырульнікаў, лазняў, пракатных пунктаў, даведачных бюро, догляд хворых, састарэлых і дзяцей, дастаўка на дом прадуктаў, білетаў, прыбіранне кватэр і інш.). Адрозніваюць паслугі па вытв-сці гатовай прадукцыі, рамонце вырабаў, задавальненні патрэб асабістага характару. Іх аказваюць насельніцтву па індывідуальных заказах і шляхам вырабу невял. партый прадукцыі, якую рэалізуюць праз уласную сетку, а прадпрыемствам і арг-цыям — паводле заключаных дагавораў. З паскарэннем сац. і навук.-тэхн. прагрэсу, ростам дабрабыту насельніцтва значэнне грамадска арганізаваных формаў задавальнення быт. патрэб расце: бытавое абслугоўванне разам з інш. галінамі сферы абслугоўвання (гандаль, грамадскае харчаванне, камунальная гаспадарка) паступова замяняе асобныя элементы хатняй гаспадаркі грамадскай вытв-сцю і арганізаваным абслугоўваннем. Таму ў развітых краінах бытавое абслугоўванне — высокаіндустр. галіна з выкарыстаннем найноўшых машын, абсталявання і тэхналогій, разнастайных формаў сэрвісу. Развіццё бытавога абслугоўвання садзейнічае павелічэнню занятасці насельніцтва, стварэнню жыллёвага камфорту, рацыянальнаму выкарыстанню вольнага часу, павышэнню культ.-адукац. ўзроўню насельніцтва, лепшай арганізацыі яго адпачынку, а ў выніку — росту прадукцыйнасці грамадскай працы. Асабліва вял. роля бытавога абслугоўвання ў эканам. і сац.-культ. развіцці сельскіх нас. пунктаў.

На Беларусі быт. паслугі здаўна аказвалі саматужнікі-адзіночкі і невял. спецыялізаваныя арцелі (шаўцоў, краўцоў і інш.). Большасць насельніцтва, асабліва сельскага, задавальняла быт. патрэбы традыцыйным самаабслугоўваннем. За час рэвалюцыі, грамадз. вайны і пасляваен. разрухі і гэтая служба быту перастала існаваць. Яе аднаўленне пачалося ў 1920-я г. У чэрв. 1925 ЦВК і СНК БССР прынялі пастанову аб рэгістрацыі т-ваў саматужнікаў, а ў снежні — «Аб зацвярджэнні Беларускага Саюза саматужна-промыславай кааперацыі (Белсампрамсаюза)», на аснове якіх за перадваен. гады аб’яднаны дробныя арцелі і створана сетка новых прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. У пасляваенны перыяд служба быту аднаўлялася і пашыралася на новай тэхн. аснове. У 1960 дзейнічалі 4724 прадпрыемствы быт. паслуг, з іх больш за 3 тыс. аказвалі прамысл. віды паслуг. У 1965 промыславая кааперацыя рэарганізавана ў Гал. ўпраўленне быт. абслугоўвання насельніцтва, а ў 1966 ператворана ў адпаведнае мін-ва. За 1966—70 створаны 2573 прадпрыемствы быту, за 1971—75 колькасць майстэрняў (атэлье) у гарадах і гар. пасёлках павялічылася на 1510 адзінак, а ў сельскай мясцовасці — на 643, прыёмных пунктаў адпаведна на 1203 і 1061 адзінку. Дзейнічалі спецыялізаваныя прадпрыемствы па мыцці бялізны, хімчыстцы адзення, тэхн. абслугоўванні легкавых аўтамабіляў, рамонце быт. машын і прылад, рамонце і пашыве адзення, абутку, рамонце і вырабе мэблі. Сфарміравана сетка комплексных прыёмных пунктаў і дамоў быту на цэнтр. сядзібах калгасаў і саўгасаў. Нарошчваліся вытв. магутнасці ў сферы бытавога абслугоўвання, павялічваўся аб’ём відаў паслуг. З 1990 функцыі дзярж. рэгулявання ў сферы бытавога абслугоўвання ўскладзены на Бел. рэсп. саюз прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання насельніцтва. Усе яго прадпрыемствы належаць да камунальнай уласнасці (у т. л. абл., гар. і раённай). Быт. паслугі аказваюць таксама прадпрыемствы камун. гаспадаркі, аўтатранспарту, мясц. прамысловасці і інш. У сферы бытавога абслугоўвання фарміруецца таксама сістэма арганізаванага (малыя прадпрыемствы, атэлье) і індывідуальнага (па патэнтах) бізнесу. Пра развіццё гэтай галіны на Беларусі гл. табл.

У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд колькасць прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання паменшылася, прадаўжаецца іх прыватызацыя. У 1995 з агульнай колькасці прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання 4546 дзярж., 3272 калектыўныя, 18 прыватных. Яны аказвалі насельніцтву больш за 600 відаў быт. паслуг. У аб’ёме ўсіх платных паслуг бытавога абслугоўвання займае 3-е месца пасля пасажырскага транспарту і камун. гаспадаркі. Найб. ўдзельную вагу ў бытавым абслугоўванні займаюць паслугі пральняў (14,3%), транспартныя (10,4%), рамонт і тэхн. абслугоўванне транспартных сродкаў (9,3%), пашыў адзення (6,7%). Створана інфраструктура галіны: ін-т «Белбыттэхпраект», камбінат «Белбытрэклама», доследна-мех. з-д, вылічальны цэнтр; у абласцях дзейнічаюць рамонтна-буд. ўпраўленні, базы «Аблбытзаб», аўтабазы, вучэбна-курсавыя камбінаты. У пашырэнні сферы бытавога абслугоўвання — вял. рэзерв павелічэння занятасці насельніцтва, што вызваляецца з вытв-сці ў выніку яе структурнай перабудовы.

Ю.​І.​Муравіцкі.

Асноўныя паказчыкі развіцця бытавога абслугоўвання ў Беларусі
1970 1980 1990 1995
Колькасць прадпрыемстваў (разам з атэлье і майстэрнямі), адзінак 9053 11 206 12 441 7836
у т.л. ў сельскай мясцовасці 4354 5302 4890 2658
Аб’ём рэалізацыі быт. паслуг (у цэнах адпаведных гадоў), млн. руб. 141,5 327 808 1 145 398
у т.л. ў сельскай мясцовасці 35,3 97 200 204 838
Сярэднегадавая колькасць работнікаў на прадпрыемствах і ў прыёмных пунктах, тыс. чал. 63,7 104,9 131,6 73,3

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ФАР, скрыня,

драўляная ёмістасць для захоўвання тканін, адзення, бялізны і каштоўнасцей; від мэблі. У К. збіралі пасаг маладой, а ў час вяселля перавозілі яго ў дом маладога. У сярэдневякоўі вядомы і як сховішча каштоўнай цэхавай маёмасці. Меў выгляд масіўнай нізкай драўлянай ці метал. скрыні з плоскім ці пукатым векам, часта па-мастацку акаванай, з унутр. замком складанай канструкцыі. У магнацкіх і мяшчанскіх інтэр’ерах — вял., драўляныя, з акоўкай па кантах, фарбаваныя ў чорны ці зялёны колер. У бел. сял. інтэр’еры пашыраны з 19 ст., замяніў кублы. Выраб К. часта набываў характар промыслу. Іх рабілі з хваёвых ці яловых дошак, на фігурных падстаўках-ножках, часта на драўляных ці каваных колцах, па баках мацавалі ручкі, на пярэдняй сценцы — унутр. замок ці зашчапку для вісячага. Часта К. аздаблялі маст. акоўкай у выглядзе жал. ці бляшаных палос з фігурнымі краямі. Акоўку мацавалі на кантах, пярэдняй сценцы і веку (давыд-гарадоцкія куфры). Пад уплывам зах.-еўрап. барочных форм К. набылі пукатае века, часам звужаную ўнізе форму. Простая аднатонная афарбоўка саступіла месца дэкар. размалёўцы, пераважна фляндроўцы, якая імітавала каштоўныя пароды драўніны. З пач. 20 ст. ў многіх рэгіёнах пашыраны К. з маст. размалёўкай расл. характару. На Зах. Палессі перавагу аддавалі сакавітым малюнкам у выглядзе букетаў і гірляндаў кветак, якія кампанаваліся ў квадратах і прамавугольніках, утвораных палосамі акоўкі ці фляндроўкі. Малюнкі наносілі ад рукі, часам з дапамогай трафарэтаў. Багаццем кампазіцыі, гармоніяй і сакавітасцю каларыстыкі вызначаюцца агоўскія куфры. На Гродзеншчыне і З Віцебшчыны пераважала «цацкаванне» — нанясенне ўзору на афарбаваную паверхню К. з дапамогай штампікаў з бульбы ці рэпы. Дробныя геам. і расл. матывы (зоркі, разеткі, лісточкі, крыжыкі) белага, жоўтага, чырвонага колераў наносілі ў выглядзе палос уздоўж акоўкі ці кругоў між ёю на сінім або вішнёвым фоне. На У Беларусі на вішнёвым фоне малявалі прамую ці косую сетку з чорных палос, часам аздаблялі прадрапваннем у выглядзе геам. і расл. арнаменту (Чачэрскія куфры). У сучасным вясковым побыце К. страціў былую ролю. З 1950-х г. вытв-сць К. амаль спынілася. Паводле матываў дэкору традыц. К. размалёўваюць маленькія сувенірныя куфэркі (Брэсцкая ф-ка сувеніраў, Жлобінская ф-ка інкрустацыі і інш.).

Я.​М.​Сахута, А.​Ю.​Лозка.

Куфар з вёскі Агова Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1940-я г.
Куфар з Лідскага раёна Гродзенскай вобл. Канец 19 ст.

т. 9, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁГКАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

сукупнасць спецыялізаваных галін прам-сці, якія вырабляюць прадметы масавага ўжытку: тканіны, трыкатаж, дываны, швейныя, футравыя, галантарэйныя вырабы, абутак, тэхн. тканіны, а таксама сыравіну і зыходны матэрыял для ўласных і інш. галін прам-сці. Выкарыстоўвае сыравіну расліннага (бавоўна, лён, кенаф, каноплі, джут і інш.), жывёльнага (воўна, скуры, футра, шоўк) і хім. (штучныя і сінт. валокны, штучная скура) паходжання. Аб’ядноўвае 19 галін прам-сці і 30 вытворчасцей.

Асн. галіны Л.п.: тэкстыльная (баваўняная, ільняная, шарсцяная, шаўковая, трыкатажная), швейная, гарбарная, абутковая, футравая, скурна-галантарэйная і інш. (гл. адпаведныя артыкулы).

Ручны выраб тканін, апрацоўка скур і пашыў абутку ўзніклі ў Індыі, Кітаі і Егіпце задоўга да нашай эры. Як галіна фабрычнай індустрыі склалася ў 2-й пал. 18 ст. Цяпер Л.п. з’яўляецца адной з важнейшых галін эканомікі развітых краін свету і краін, што сталі на шлях развіцця У 1996 ва ўсім свеце было выраблена 53 893 км² баваўняных і 1182 км² суконных тканін, пашыта 3672 млн. пар абутку (без гумавага). Сярод буйнейшых краін па вытв-сці баваўняных тканін у свеце вылучаюцца Кітай, Індыя, ЗША, Японія, Італія, суконных — Італія, Кітай, Японія, Індыя, ЗША, шаўковых — ЗША, Рэспубліка Карэя, Японія, Індыя, Кітай, абутку — Кітай, Індыя, ЗША, Францыя, Італія. Каля 50% бавоўны-валакна вырабляецца ў Азіі (Кітай, Індыя, Пакістан і інш.), больш за 25% — у Паўн. Амерыцы (ЗША, Мексіка), 33% паставах воўны прыпадае на долю Аўстраліі і Новай Зеландыі, каля 23% — на долю Азіі (Кігай, Індыя, Пакістан, Турцыя і інш.).

На Беларусі ручное ткацтва, выраб сукна, скур, пашыў абутку, швейных вырабаў вядомы здаўна. Першыя прадпрыемствы ўзніклі ў 1730-я г. (выраблялі сукно, паясы, панчохі і інш.). Як фабрычна-заводская Л.п. развіваецца з канца 19 — пач. 20 ст. Цяпер Л.п. адыгрывае важную ролю ў эканоміцы краіны. На яе долю ў 1997 прыпадала 8,5% усёй прамысл. прадукцыі і 14,9% занятых у прам-сці. Развіты ўсе важнейшыя галіны Л.п.: тэкстыльная, швейная, гарбарная, абутковая, футравая і інш. У 1997 працавалі 463 прадпрыемствы Л.п. Вытв-сць тканін склала 259 млн. м², у т. л. баваўняных — 47 млн. м², суконных — 9 млн. м², ільняных — 45 млн. м², шаўковых — 67 млн. м². Выпушчана 67 млн. пар панчошна-шкарпэткавых вырабаў, 44 млн. штук трыкат. вырабаў, пашыта 15,6 млн. пар абутку. Буйнейшыя прадпрыемствы Л.п.: Мінскі камвольны камбінат, Мінская гарбарная фабрыка, Мінская скургалантарэйная фабрыка, Мінскае абутковае аб’яднанне «Прамень», швейная ф-ка трыкат. вырабаў у Мінску «Мілавіца», Аршанскі льнокамбінат, Гродзенскае вытворчае тонкасуконнае аб’яднанне, Віцебскі камбінат шаўковых тканін, Віцебскае панчошна-трыкатажнае прадпрыемства «КІМ», дывановы камбінат у Віцебску («Віцебскія дываны»), Віцебская гандлёва-прамысловая фірма «Футра», беларуска-германскае прадпрыемства па вытв-сці абутку ў Віцебску («Белвест»), Брэсцкі панчошны камбінат, дывановы камбінат у Брэсце («Дываны Брэста»), Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне, Пінскае прамысл.-гандл. прадпрыемства «Дынама», Бабруйскі скураны камбінат, Салігорская фабрыка трыкатажнай бялізны «Калінка», Жлобінская фабрыка штучнага футра і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 9, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ХТЭНШТЭЙН (Liechtenstein),

Княства Ліхтэнштэйн (Fürstentum Liechtenstein), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, паміж Швейцарыяй і Аўстрыяй. Падзяляецца на 2 акругі (11 камун). Пл. 157 км². Нас. 31,4 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Вадуц. Афіц. мова — нямецкая. Нац. свята — Дзень нараджэння бацькі правячага князя (15 жн.).

Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1921. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — ландтагу, 25 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчая ўлада належыць князю і створанаму пры ім ураду, які складаецца з 5 асоб.

Прырода. Л. знаходзіцца ў Альпах у бас. Верх. Рэйна. На ПдУ — масіў Рэтыкон (г. Граўшпіц, выш. 2599 м), на З — даліна р. Рэйн. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. ў даліне Рэйна ад 0 °C да -5 °C, ліп. каля 18 °C. Ападкаў каля 700—1200 мм за год. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Каля 20% тэрыторыі пад лесам (елка, дуб, бук), каля 40% — пад альпійскімі і субальпійскімі лугамі. Некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. 87,5% складаюць ліхтэнштэйнцы — народ блізкі да суседніх груп аўстрыйцаў, швейцарцаў і немцаў. Жывуць таксама швейцарцы, аўстрыйцы, італьянцы, туркі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 80%. Сярэднегадавы прырост 1%. Сярэдняя шчыльнасць 200 чал. на 1 км², большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне Рэйна. У гарадах і гар. пасёлках жыве больш за 80% насельніцтва, у т. л. ў Вадуцы 5,1 тыс. ж. (1997). У прам-сці, гандлі і буд-ве занята 45% працаздольных, у сельскай і лясной гаспадарцы, садоўніцтве і рыбалоўстве — 2%, у абслуговых галінах — 53%. Больш за 6 тыс. чал. штодзённа прыязджаюць на працу ў Л. з Швейцарыі і Аўстрыі.

Гісторыя. У старажытнасці тэр. Л. насялялі кельты, у 15 ст. да н.э. яе заваявалі рымляне, якіх у 3 ст. н.э. выцеснілі адсюль алеманы (швабы). У 12 ст. тут узнікла феад. ўладанне Шэленберг, у 14 ст. — графства Вадуц, што ўвайшлі ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі», потым сталі пратэктаратам імперыі Габсбургаў. У 1699 Шэленберг, у 1712 Вадуц прададзены аднаму з прыбліжаных аўстр. імператара з роду Ліхтэнштэйн. Датай утварэння дзяржавы лічыцца 15.8.1719, калі аб’яднаныя Шэленберг і Вадуц атрымалі статус княства. З 1806 Л. у складзе Рэйнскага саюза, у 1815—66 у Герм. саюзе. У 1868 урад распусціў армію (80 чал.) і абвясціў пастаянны нейтралітэт (захоўваўся і ў час 1-й і 2-й сусв. войнаў). У 1876—1918 Л. эканамічна цесна звязаны з Аўстра-Венгрыяй (агульная мытная і падатковая прастора). 5.10.1921 прынята сучасная канстытуцыя. З 1923 у эканам. і валютным саюзе з Швейцарыяй. У 1950—60-я г. актывізавалася прамысл. развіццё. З 1989 (фактычна з 1984) князь Л. — Ганс Адам II. На плебісцыце 1992 большасць выбаршчыкаў выказалася за ўступленне Л. ў еўрап. эканам. прастору. Дзейнічаюць партыя Айч. саюз, Прагрэс. грамадз. (бюргерская) партыя, экалагічная партыя Свабодны спіс (усе 3 партыі прадстаўлены ў парламенце), прафс. аб’яднанне Саюз працоўных і інш. Л. — чл. Савета Еўропы (з 1978), ААН (з 1990), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Гаспадарка. Л. — індустр. краіна, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. — 23 тыс. дол. (1996). Найб. развіта прам-сць экспартнага кірунку. Прамысл. прадпрыемствы — пераважна філіялы швейц. фірм. Вытв-сць электраэнергіі 150 млн. кВт гадз (1997), у асн. на ГЭС. Развіта разнастайнае машынабудаванне (​2/3 прамысл. прадукцыі), у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектроннае прыладабудаванне, вытв-сць кацельнага абсталявання, штампаваных дэталей, высокатэхнал. металаапрацоўка, вытв-сць вакуумнай тэхнікі, электронных сістэм, мікрапрацэсараў. Ёсць асобныя прадпрыемствы тэкст., хім., фармацэўтычнай, гарбарнай, керамічнай, металаапр., дрэваапр. прам-сці. Сусветна вядомы выраб фарфоравых зубных пратэзаў. Найб. прадпрыемствы: прэсавых і штампаваных вырабаў (Эшэн), выліч. машын (Маўрэн), маш.-буд. з-ды (Бальцэрс, Шан, Вадуц). Ёсць вытв-сць фарбаў, лакаў і бялізны. Развіты вінаробства, піваварэнне, сыраробства. Здаўна развіта вытв-сць кафляных плітак і маст. керамікі (Нендэльн). У сельскай гаспадарцы пераважае дробнасялянскае землеўладанне (да 4—5 га). Пад ворывам каля 4 тыс. га, пад пашай каля 6,3 тыс. га. Гал. галіна — жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Земляробства пераважна ў даліне Рэйна. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бульбу, тытунь, кармавыя культуры, агародніну. Пладаводства і вінаградарства. Пчалярства. Многія сяляне сумяшчаюць заняткі сельскай гаспадаркай з працай у прам-сці і абслугоўваннем турыстаў. У сувязі з нізкім падаткам на капітал і адсутнасцю падатку на прыбытак Л. выбраны месцам рэгістрацыі больш як 40 тыс. замежных кампаній. Яны даюць трэць паступленняў у бюджэт краіны. Важнымі крыніцамі даходаў з’яўляюцца банкаўская і фін. справа, замежны турызм (86 тыс. чал. у 1995), санаторныя паслугі і выпуск паштовых марак. Асн. від транспарту — аўтамабільны. У краіне 250 км асфальтаваных аўтадарог, 14,8 тыс. легкавых і 1,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. Тэр. Л. перасякае чыг. Вена—Парыж (18,5 км на тэр. краіны). У 1994 экспарт склаў 2,14 млрд. дол., імпарт — 852 млн. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, трансп. сродкі, сыравіна. Асн. знешнегандл. партнёр — Швейцарыя, з якой Л. у грашовай і мытнай уніі (15% экспарту, больш за 75% імпарту). Больш за 40% экспарту ідзе ў краіны Еўропы. Грашовая адзінка — швейцарскі франк.

Літ.:

Печников Б.А. Лихтенштейн — княжество на Рейне. М., 1986.

Ю.​В.​Бярэзіна (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Ліхтэнштэйна.
Тыповы ландшафт у Ліхтэнштэйне.

т. 9, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)