АБ’ЯДНА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НЦКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ (Заходняй Беларусі і эміграцыі ў Празе) (АБСА). Дзейнічала ў жн. 1924 — вер. 1939. Заснавана на канферэнцыі бел. студэнцкіх арг-цый. Устаноўчы з’езд адбыўся 29.6.1926. Мэта — «аб’яднанне ўсяго бел. студэнцтва на грунце акадэмічнай самапомачы», прапаганда ідэі незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У 1924 прынята ў склад Аб’яднання студэнцкіх эмігранцкіх арг-цый Усх. Еўропы, 27.8.1926 — у Міжнар. студэнцкую канфедэрацыю (СІЕ). Выпускала бюлетэнь на франц. мове (з 1924) пра дзейнасць арг-цый бел. студэнтаў, становішча на Беларусі, супрацоўнічала ў перыяд. выданнях СІЕ. У 1930-я г. наладзіла сувязь з арг-цыямі бел. студэнтаў у Амерыцы, Германіі, Латвіі, Літве, шэрагу гарадоў Еўропы, у АБСА увайшлі Т-ва беларусазнаўства пры Віленскім ун-це імя С.​Баторыя (у Вільні працаваў аддзел прэзідыума АБСА на чале з С.​Станкевічам),

гурток бел. студэнтаў у Бруселі, Саюз бел. студэнтаў у Германіі. Старшыні: В.​Жук-Грышкевіч, з 1926 М.​Гузоўскі, з 1932 А.​Вітушка. Спыніла дзейнасць у сувязі з пачаткам 2-й сусв. вайны.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ Адбыўся 7—9.4.1917 у Мінску. Прысутнічала каля 150 дэлегатаў ад розных бел. арг-цый. Асн. мэта з’езда — выпрацоўка ў новых гіст. умовах праграмы бел. нац. руху. Абраны камісіі: агітацыйная, арганізац., друку, земская, фін., школьная і этнаграфічная. З’езд паставіў пытанне пра неабходнасць адкрыцця бел. ун-та і інш. ВНУ, паступовы пераход пачатковых школ на родную мову выкладання. Прыняў рашэнне пра арганізацыю т-ва «Прасьвета» і выданне газеты. Этнагр. камісія адзначыла, што ў склад Беларусі ўваходзяць Мінская, Гродзенская, Магілёўская, часткі Смаленскай і Чарнігаўскай губ., стварыла камісію для ўдакладнення яе межаў (акад. Я.​Карскі, А.​Шахматаў, праф. М.​Любаўскі, М.​Доўнар-Запольскі). Дэлегаты выказалі пратэст супраць уключэння Віленскай губ. ў склад Літ. рэспублікі. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі; для кіраўніцтва краем у кантакце з Часовым Рас. урадам абраны Беларускі нацыянальны камітэт з 18 чл. на чале з Р.​Скірмунтам і вылучана дэлегацыя да Часовага ўрада.

В.​Г.​Мазец.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ МАСТАКО́Ў І ЎМЕ́ЛЬЦАЎ,

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1978 у г. Саўт-Рывер (ЗША). Арганізоўвае маст. выстаўкі з удзелам бел. мастакоў і ўмельцаў з розных краін свету, каардынуе культ. праграмы, супрацоўнічае з каледжамі і універсітэтамі штатаў Нью-Джэрсі, Пенсільванія. У кіраўніцтва ўваходзяць Н.Кудасава, Г.Русак, Л.Махнюк і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕ́СНЯ БЕЛАРУ́СКІХ ЖАЎНЕ́РАЎ 1794 ГО́ДА»,

бел. ананімны вершаваны твор. Напісаны ў адукаваным асяроддзі шляхты з мэтай уздзейнічаць на сялянства. Стылізаваны пад нар. песню. Першы ў бел. л-ры непасрэдны заклік да нар. мас узяць у рукі зброю, далучыцца да нац.-вызв. паўстання 1794 на чале з Т.​Касцюшкам. У «Песні...» выразныя водгукі польск. паўстанцкай паэзіі «касцюшкаўскіх марсельез» і патрыят. «Спеўкі кракаўскіх сялян» (1794). Паводле сваёй эстэт. сістэмы твор належыць да новай бел. л-ры.

Літ.:

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 12, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКІ НАРАДАВО́ЛЬСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НТАЎ,

нелегальная суполка прыхільнікаў рэв. арг-цыі «Народная воля» з ліку ўраджэнцаў Беларусі — студэнтаў Варшаўскага ун-та — у 1882—83. Утвораны ў 1882 намаганнямі студэнтаў-нарадавольцаў В.​Руткевіча, Г.​Яцкевіча і В.М.Вайніловіча. Акрамя выхадцаў з Беларусі ў гурток уваходзілі і варшавяне на чале з С.​Калішскім. На базе гуртка была створана падп. друкарня на чале з М.​К.​Янчэўскім. Гурток падтрымліваў цесныя кантакты з кіраўнікамі польск. рабочай партыі «Пралетарыят». У рэв. дзейнасці не прызнаваў тактыкі тэрору. Пасля арышту ў Вільні 22.8.1883 кіраўніка Янчэўскага дзейнасць гуртка аслабела і да канца года спынілася. Некат. гурткоўцы ўступілі ў «Пралетарыят».

В.​М.​Чарапіца.

т. 4, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ І ПА́РТЫЙ Адбыўся 21—23.7.1917 у Мінску. Скліканы Беларускім нацыянальным камітэтам

(БНК) па ініцыятыве Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Прысутнічала каля 50 дэлегатаў. Асн. пытанне — нацыянальнае. Большасць дэлегатаў выказалася за паліт. аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай дэмакр. рэспублікі. З’езд паслаў прывітальную тэлеграму Цэнтр. укр. радзе. Сярод дэлегатаў намецілася размежаванне паміж прадстаўнікамі БСГ і Беларускай народнай партыі сацыялістаў па пытанні выбараў новага прадстаўнічага органа бел. арг-цый. У выніку выбараў прадстаўнікі БСГ атрымалі большасць. Замест БНК абраны Выканаўчы к-т Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый [У.​Галубок, Я.​Лёсік, А.​Лявіцкі (Ядвігін Ш.),

А.​Смоліч, У.​Фальскі], да якой перайшло кіраўніцтва бел. нац. рухам. Дэлегаты выказалі пратэст супраць прэтэнзій Польскай дзярж. рады на бел. землі. Прыняты рэзалюцыі аб дапамозе бел. бежанцам, стварэнні арг. бюро беларусаў-вайскоўцаў. З’езд пастанавіў стварыць фонд і паскорыць адкрыццё ў Беларусі ун-та і с.-г. ін-та; даручыў упаўнаважаным у Петраградзе хадайнічаць перад Мін-вам нар. асветы аб асігнаваннях на выданне бел. падручнікаў.

В.​Г.​Мазец.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ ДЭЛЕГА́ТАЎ ВІ́ЛЕНШЧЫНЫ І ГРО́ДЗЕНШЧЫНЫ.

Адбыўся 9—10.6.1919 у Вільні. Скліканы па ініцыятыве паланафільскай групы бел. паліт. дзеячаў на чале з Б.​А.​Тарашкевічам. Прысутнічала 125 дэлегатаў, большасць з іх члены Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Асн. даклады: аб кааперацыі (К.​С.​Дуж-Душэўскі), аб стане і неадкладных задачах бел. асветы (М.​С.​Кахановіч), аб выдавецкай дзейнасці (Я.​Станкевіч). З’езд пацвердзіў вернасць ідэалам незалежнай і непадзельнай Беларусі, выказаў поўны давер ураду БНР, прызнаў пажаданым дзярж. саюз з Літвой. У прынятай дэкларацыі асудзіў акупацыю Беларусі Польшчай, заклікаў да стварэння працоўных валасных, пав. і губ. рад. Прыняў рэзалюцыі аб стварэнні бел. войска, аб арганізацыі настаўніцкіх курсаў у Вільні і Гродне, абмеркаваў пытанні пра беларусізацыю царквы і касцёла на Беларусі, пра дапамогу пацярпелым ад вайны. Выбраў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны, прыняў пастанову пра скліканне Рады БНР.

А.​С.​Ліс.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ БЕЛАРУ́СКІХ, РУ́СКІХ, ЛАТЫ́ШСКІХ І ЛІТО́ЎСКІХ ПАРТЫЗА́Н у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Адкрыты ў 1981 у г.п. Расоны Віцебскай вобл. Да 1990 філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны. Пл. экспазіцыі 683 м², больш за 5,3 тыс. экспанатаў асн. фонду, 13 залаў (2000). Адна зала прысвечана кіраўніку Расонскага патрыят. падполля П.М.Машэраву, другая — падзеям перыяду станаўлення сав. улады на Расоншчыне, астатнія — падзеям часоў Вял. Айч. вайны. Экспазіцыя расказвае пра ход абарончых баёў у 1941, удзел землякоў у баях, арганізацыю падполля і партыз. руху ў Расонска-Асвейскім краі, дзейнасць падп. райкомаў, злачынствы акупантаў у партыз. краі, вызваленне рэгіёна ад захопнікаў. Асн. экспазіцыя распавядае пра сумесную барацьбу партызан Беларусі, Літвы, Латвіі і Расіі супраць фаш. захопнікаў.

т. 11, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Узвышша»,

аб’яднанне беларускіх пісьменнікаў у 1926-31.

т. 16, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ВІЧ (Яўгенія Міхайлаўна) (н. 6.7.1922, в. Дараганава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1954). Скончыла БДУ (1948). У 1952—91 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе бел. дыялекталогію, гісторыю бел. мовы, сучасную бел. літ. мову. Адзін з аўтараў «Хрэстаматыі па гісторыі беларускай мовы» (ч. 1—2, 1961—62), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), кн. «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі. Дзярж. прэмія Беларусі 2000 за цыкл работ «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак».

Тв.:

Бібліяграфічны ўказальнік літаратуры па беларускаму мовазнаўству. Мн., 1960 (разам з М.​А.​Жыловіч, А.​К.​Юрэвіч);

П.​А.​Бузук. Мн., 1969 (разам з А.​К.​Юрэвіч);

Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. ўказ. (1825—1965 гг.). Мн., 1967 (у сааўт.);

Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ. (1966—1975). Мн., 1980 (разам з А.​Д.​Васілеўскай);

Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ., 1976—1985. Мн., 1993 (з ёй жа).

М.​Н.​Крыўко.

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)