ЗЮ́ЗЯ,

у бел. нар. міфалогіі бажаство — увасабленне холаду. З. ўяўлялі ў выглядзе лысага барадатага дзеда ў расхлістаным кажусе, які босы хадзіў па снезе. Паводле павер’яў, ён узнімаў завіруху, мяцеліцу, выклікаў сцюжу. Прымхлівыя людзі лічылі, што ў моцны мароз З. біў доўбняй па дрэвах і бярвенні, якія ад гэтага трашчалі.

т. 7, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭЛ, Бел,

у акадскай міфалогіі абазначэнне некат. багоў, найперш Энліля. У г. Пальміра (Сірыя) — вярхоўнае бажаство, уладыка свету, галава трыяды багоў, часам эпітэт бога зямлі Арцу ці Арду. У грэч. міфалогіі — цар Егіпта, сын Пасейдона і німфы Лівіі. Належыць да персанажаў, якія не маюць развітой міфалагічнай біяграфіі, але з’яўляюцца родапачынальнікамі пакаленняў будучых герояў.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЗУС, Эзус,

у кельцкай міфалогіі гал. бажаство. Уяўлялі яго барадатым каля дрэва з серпападобнай сякерай у руцэ. Яму прыносілі ахвяры і вешалі іх на дрэве. З дрэвам Е. асацыіравалі быка, які нясе на сабе трох журавоў. Выявы Е. вядомы на гала-рымскіх рэльефах алтароў Парыжа і Трыра.

Бог Езус каля свяшчэннага дрэва. Галарымскі барэльеф.

т. 6, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ДЗІН,

у скандынаўскай міфалогіі вярх. бажаство. У глыбокай старажытнасці лічыўся богам ветру і буры, стваральнікам сусвету, багоў і людзей, пазней — богам вайны, апекуном гандлю і мараплаўства, гаспадаром вальхалы, валадаром валькірый. У міфалогіі стараж. германцаў кантынента О. адпавядаў Вотан.

Літ.:

Буйвал В. Одзіну і Ярылу // Мастацтва. 1994. № 6.

Одзін. Скульптура Г.​Э.​Фрэйда. 1-я пал. 19 ст.

т. 11, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯ́Н,

у грэчаскай міфалогіі бажаство аднайменнай ракі, якая абмывае зямлю; на крайнім захадзе абмывае мяжу паміж светам жыцця і смерці. Сын Урана і Геі, брат і муж Тэфіды, з якой ён нарадзіў 3 тыс. дачок (акіянід) і столькі ж сыноў — рачных патокаў. Акіян вядомы міралюбствам і дабрынёй, ён не ўдзельнічаў у бітве тытанаў супраць Зеўса, таму захаваў сваю ўладу і давер алімпійцаў.

т. 1, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АІ́Д, Гадэс, Плутон,

у грэч. міфалогіі бог — уладар царства мёртвых, а таксама само царства. Аід — алімп. бажаство, але пастаянна знаходзіцца ў сваіх падземных уладаннях, дзе царуе з жонкай Персефонай. У хрысціянстве міф пра Аіда ператварыўся ў міф пра пекла, куды пасля смерці трапляюць душы грэшнікаў. Апісаны ў творах Гамера, Платона, Вергілія і інш.

Да арт. Аід. Аід і Персефона. Рэльеф з Локраў. 470—460 да н.э.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЖБО́Г,

язычніцкае бажаство ўсх. славян, бог сонца і агню; пазней бог земляробства, урадлівасці, дабрабыту. Сын Сварога. У Кіеўскай Русі Д. пакланяліся (яго ідал быў пастаўлены побач з Перуном і інш. багамі на капішчы за церамным дваром у Кіеве). Як сімвалічны вобраз трапляецца ў стараж.-рус. л-ры (першае ўпамінанне ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 980). У «Слове аб палку Ігаравым» Д. выступае як продак і апякун Русі і стараж.-рус. народа.

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВАРО́ТЫ СО́НЦА»,

помнік архітэктуры стараж.-індзейскай цывілізацыі. Знаходзяцца ў Балівіі, на паўд.-ўсх. беразе воз. Тытыкака на гарадзішчы Тыяуанака. Уваходзілі ў храмавы комплекс Каласасая (пл. каля 135 × 130 м). Высечаны ў 8 ст. з вялізнай каменнай пліты (выш. 2,7 м, шыр. 3,8 м). У верхняй частцы — шырокі барэльефны пояс з выявамі кондараў, міфал. істот і сімвалаў; у цэнтры пояса — чалавекападобная выява, якая ўвасобіла, на думку навукоўцаў, Віракочу — вярхоўнае бажаство.

«Вароты Сонца».

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРС (Mars),

старажытнаіталійскае бажаство, першапачаткова бог палёў і ўраджаю, потым бог вайны. У Стараж. Рыме святы ў яго гонар наладжваліся ў сак. і кастрычніку. Лічыўся бацькам Рэма і Ромула, заснавальнікаў Рыма. Атаясамліваўся з грэч. богам Арэсам. У гонар М. рымляне назвалі першы месяц вясны (сакавік), з якога па іх календары пачынаўся год. Ад лац. Mars пайшлі назвы гэтага месяца ў большасці еўрап. моў (ням. März, рус. март і г.д.).

т. 10, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РДУК,

у старажытна-вавілонскай рэлігіі і міфалогіі бог-апякун г. Вавілон, пасля 18 ст. да н.э.вярх. бажаство. Паводле вавілонскага міфа, М. — сын бога Эа (у шумерскай міфалогіі Энкі), выбраны царом на савеце багоў, узначаліў іх вайну з войскам першабытных пачвар і забіў правадырку апошніх Тыямат, пасля чаго стварыў зямлю і людзей для абслугоўвання багоў. Атаясамліваўся з Энлілем. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. ўсе божаствы вавілонскага пантэона лічыліся ўвасабленнямі М.

т. 10, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)