ВО́РАНАВА (Людміла Пятроўна) (н. 29.7.1944, г. Рубцоўск, Расія),
бел. графік. Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1967). Працуе ў галіне акварэлі і пастэлі. Створаны ёю фантаст.-казачны свет вобразаў навеяны літ. творамі або ўласнымі ўяўленнямі; мнагамернасць вобразнасці набліжае творы да традыцый сімвалізму. Сярод твораў: «Над возерам» (1967), «Марс. Зямляне» (1969), «Стары Віцебск» (1981), «Сінія кветкі» (1990), «Нацюрморт са званочкамі» (1991), «Кветкі і кераміка» (1992), «Кентаўр», «Флора» (абодва 1994), «Іншыя светы» (1995); серыі «Восень» (1975), «Фантастыка» (1977), «Крылатыя» (1993), «Багі — прывіды цемры» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОМ (ад грэч. nomos вобласць, акруга),
1) адміністрацыйная акруга ў Стараж. Егіпце. Уяўляе сабой паліт. аб’яднанне, неабходнае для ўтварэння і функцыянавання адзінай ірыгацыйнай сістэмы. Кожны Н. меў дакладна вызначаныя межы, паліт. і рэліг. цэнтр, войска, герб і багоў-апекуноў. Адм. апаратам кіраваў намарх (правіцель Н.). Колькасць Н. і іх плошча не былі пастаяннымі. У спісах Н. Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) у храмах фараонаў Снофру і Неусера пералічаны 37 Н. У «Кнізе мёртвых» (стараж.-егіп. зборнік заклінанняў і гімнаў) названы 42 багі, што адпавядала 42 Н. Новага царства (каля 1580 — каля 1070 да н.э.).
2) Адм.-тэр. адзінка ў сучаснай Грэцыі (52 у 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХМАНІ́ЗМ,
старажытнаіндыйская сістэма рэліг.-філас. поглядаў і рытуальна-культавай практыкі, якая склалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя да н.э.; адна з крыніц індуізму. Працягвае традыцыі ведычнай рэлігіі. Звязана з сац. структурай стараж. грамадства, дзе саслоўе жрацоў-брахманаў займала вядучыя пазіцыі. Вярхоўныя багі — Брахма, Вішну і Шыва. Брахманы склалі тэксты каментарыяў да Ведаў (свяшчэнная л-ра), распрацавалі ведыйскую ідэю Брахмана-Абсалюта, стварылі філас. сістэму, якая стала асновай брахманізму. Складаны рытуал, строгая абрадавая рэгламентацыя жыцця, аскетычныя подзвігі разглядаліся як сродак для пераўвасаблення душы і канчатковага вызвалення ад перараджэнняў.
Літ.:
Боги, брахманы, люди: Пер. с чеш. М., 1969. С. 43—60;
Бонгард-Левин Г.М. Древнеиндийская цивилизация. 2 изд. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАКО́СМАС І МІКРАКО́СМАС,
адна з найб. старажытных філас. канцэпцый пра існаванне прыроднай сувязі паміж космасам, навакольным асяроддзем і чалавекам. У аснове М. і м. як вучэння ляжыць палажэнне аб паралельным існаванні і зменах у Сусвеце і чалавеку. Першай вядомай формай выражэння гэтай канцэпцыі з’яўляецца міфалагема аб прачалавеку, якая знайшла адлюстраванне ў літ. і рэліг. творах стараж. Індыі, Егіпта, Кітая, Грэцыі і інш.Напр., паводле адной з стараж.грэч. міфалагем, стварэнне свету пачалося з пэўнага хаатычнага стану, у якім з’явілася багіня Гея і нарадзіла Урана (неба), Понта (мора), горы; потым з’явіліся інш.багі і людзі. Адносіны паміж багамі капіравалі адносіны ў грамадстве людзей; калі ж багі пераносіліся на неба, то забіралі з сабою і зямныя ўяўленні аб свеце. Адсутнасць яснага размежавання паміж М. і м. мае адным з сваіх важных наступстваў і частыя шматлікія пераходы аднаго пачатку ў другі, і іх пэўную палярызацыю: вялікі свет — космас — або паглынае ў сабе малы свет — чалавека, або чалавек становіцца рухаючай сілай, душой космасу. Філас. тлумачэнне М. і м. дасягнула высокага ўзроўню ў ант. цывілізацыях (Анаксімен, Геракліт, Дэмакрыт, Платон, Сенека). Напр., Геракліт лічыў, што пазнанне свету і божаства ёсць самапазнанне чалавека. У наступныя гіст. перыяды асэнсаванне М. і м. адбывалася ў розных кірунках — ад класічнага да містычнага. Свой росквіт ідэя М. і м. перажывала ў эпоху Адраджэння (Т.Кампанела і Дж.Бруна, Мікалай Кузанскі, Я.Бёме і інш.). У перыяд панавання механіцызму ідэя М. і м. ўступіла ў канфлікт з рацыяналістычнымі ідэямі пабудовы Сусвету і апынулася па-за межамі навукі. З канца 18 і да пач. 20 ст. назіралася ажыўленне цікавасці да ідэі М. і м., якая знайшла свой адбітак у ням. неагуманізме (І.Гердэр, І.В.Гётэ), рамантызме, філас. поглядах А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, а таксама ў тэасофскіх канцэпцыях свету і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІМАЎ ((Asimov) Айзек) (2.1.1920, в. Пятровічы Шумяцкага р-на Смаленскай вобл. — 6.4.1992),
амерыканскі пісьменнік. Праф. біяхіміі Бостанскага ун-та (з 1979). У 1923 сям’я эмігрыравала ў ЗША. Вядомасць Азімаву прынеслі аповесці і зб-кі апавяданняў пра робатаў («Я, робат», 1950; «Робаты і імперыя», 1985; «Мары робата», 1986, і інш.), раманы серыі «Канец станаўлення» («Станаўленне», 1951; «Станаўленне ў небяспецы», 1982; «Станаўленне і Зямля», 1986, і інш.) пра галактычную гісторыю чалавецтва, раманы «Канец вечнасці» (1955) і «Самі багі» (1972) — перасцярога ад бяздумнага ўмяшання ў законы развіцця прыроды і чалавецтва, навук.-папулярныя кнігі («Жыццё і энергія», 1962; «Сціслая гісторыя біялогіі», 1965; «Нейтрына», 1966, і інш.). Яго творам уласцівыя займальнасць, дакладнае абгрунтаванне навук. дапушчэнняў, уменне спалучыць навук. і фантастычнае.
латышскі кампазітар, дырыжор; адзін з заснавальнікаў лат. класічных оперы і балета. Брат Екабса Медыньша і Язепса Медыньша. Скончыў 1-ы Рыжскі муз.ін-т па класах фп., скрыпкі і віяланчэлі (1909). З 1904 скрыпач аркестра Лат.т-ра ў Рызе, з 1913 (з перапынкам) дырыжор Лат. оперы. У 1928—44 гал. дырыжор сімф. аркестра і муз. кіраўнік Лат. радыё. У 1921—44 выкладаў у Латв. кансерваторыі (з 1929 праф.). З 1944 жыў у Германіі, з 1948 — у Стакгольме. Сярод твораў: оперы «Агонь і ноч» паводле Я.Райніса (1921, дылогія), «Багі і людзі» (1922), «Хлопчык з пальчык» (1927), «Свавольніца» (1939), балеты «Перамога кахання» (1935), «Стальныя крылы» (1936; усе паст. ў Рызе); сімф. творы, у т. л. 4 арк. сюіты, паэмы «Іманта» (1924), «Сіняя гара» (1927); канцэрты для віяланчэлі і для фп. з арк.; камерна-інстр. творы, сольныя песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕДЫ́ЧНАЯ РЭЛІ́ГІЯ, ведыйская рэлігія,
сістэма поглядаў, якая ўзнікла ў стараж. Індыі на падставе рэлігіі індаарыйскіх плямён і ў канцы 2-га — 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. аформілася ў кананічных тэкстах — Ведах, ранняя стадыя фарміравання індуізму. Для ведычнай рэлігіі характэрны культы агню і продкаў, выкарыстанне пры значных ахвярапрынашэннях св. наркатычнага напою — сомы. Жыццё і светапогляд звязваліся з абрадамі і рытуаламі, ад выканання якіх гаспадаром ці жрацом залежалі адносіны з багамі, дабрабыт асобы, сям’і, грамады, дзяржавы. У ведычнай рэлігіі адсутнічала іерархія багоў. Найб. старэйшымі лічыліся багі Неба і Зямлі (Д’яўс і Прытхіві). Найб. папулярны Бог Індра — цар багоў і наладжвальнік свету. Бог агню Агні шанаваўся як пасрэднік паміж людзьмі і багамі, ахвярадаўца. Багам надаваліся чалавечыя рысы, кожны з іх суадносіўся з пэўнай часткай Сусвету — зямной, паветранай, нябеснай. У ведычнай рэлігіі бяруць пачатак уяўленні пра карму, мэтапсіхоз, тапас (аскеза) і інш. З ведычнай рэлігіі развіўся брахманізм.
французскі паэт; галава сімвалізму. Вучыўся ў Англіі і Францыі. Друкаваўся з 1862. Зведаў уплыў Ш.Бадлера і Э.По. У эклозе «Папаўдзённы адпачынак Фаўна» (каля 1865, аднайм.сімф. прэлюдыя К.Дэбюсі, 1892), драм. паэме «Ірадыяда» (1867—69), паэмах «Ігітур» (1869), «Удача ніколі не скасуе выпадку» (1897), зб-ках «Вершы» (1887), «Вершы з нагоды» (1880—98), «Вершы і проза» (1893), вершы «Проза для Дэзесента» (1885) праз полісемічны сімвал, сугестыўнасць імкнуўся да спасціжэння неспасцігальнага, «звышпачуццёвага», таемнай сутнасці быцця. Яго паэзія адметная асацыятыўнасцю, меладычнасцю, адмаўленнем сінтакс. і семантычных норм, насычана інверсіямі, прасякнута характэрнымі для эпохі дэкадансу настроямі тугі, адзіноты, безабароннасці чалавека. Аўтар філал. і гіст. кніг «Англійскія словы» (1878), «Антычныя багі» (1880), зб.тэарэт. прац «Адхіленні» (1897), літ.-крытычных артыкулаў.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. стихотворений. М., 1990;
Соч. в стихах и прозе. М., 1995.
Літ.:
Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАТЭІ́ЗМ (ад мона... + грэч. theos бог),
сістэма рэліг. вераванняў, заснаваная на ўяўленні пра адзінага Бога (адзінабожжа) у адрозненне ад політэізму (мнагабожжа). М. — характэрная асаблівасць хрысціянства, іудаізму і ісламу. Аднак паняцце «М.» адноснае, бо ні адна рэлігія не з’яўляецца паслядоўна монатэістычнай. Культ адзінага Бога ў іх арганічна звязаны з шанаваннем інш. багоў, якія ўтвараюць складаную іерархічную сістэму (анёлы, прарокі, апосталы, святыя і інш.).
М. вынікае з гіст. развіцця рэліг. вераванняў. З 18 ст. існуе думка (К.Ф.Вальней, А.Конт, Дж.Лебак і інш.), што М. ёсць апошняя і вышэйшая форма рэлігіі, якая вырасла з політэізму ў працэсе развіцця абстрактнага мыслення. Элементы М. ўзнікалі ў Стараж. Кітаі (культ вярх. бога Шандзі), у Індыі (вучэнне аб Брахме), Стараж. Егіпце (рэліг. рэформа цара Аменхатэпа IV (Эхнатона), Вавілоне (усе багі — сутнасць адзінага вярх. бога Мардука), Стараж. Перу (культ бога-сонца), у стараж. яўрэяў бог Яхве. Хрысціянства, засвоіўшы культ вярх. бога (Бог-айцец), дапоўніўшы яго верай у Бога-сына, які ўвасобіўся ў «богачалавека» Хрыста, неаплатанічным вучэннем аб адзіным сусв. духу (Бог — Дух святы) не можа лічыцца строга монатэістычнай рэлігіяй: хрысціянскі Бог — Тройца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НЕЗІС (грэч. genesis),
філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.Кант, Г.Гегель) і канкрэтна-навук. галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.А.Абрамаў, Л.Берталанфі, Дж.Клір, Э.М.Сарока, А.І.Уёмаў, Ю.А.Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.