А́ЎСТРА-ІТА́ЛА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1859,
вайна Сардзінскага (П’емонцкага) каралеўства і Францыі супраць Аўстрыі, якая ўтрымлівала пад сваёй уладай Ламбарда-Венецыянскую вобласць і перашкаджала стварэнню адзінай італьян. дзяржавы. Асн. бітвы пад Мантэбела, Маджэнта і Сальферына (май—чэрв. 1859) закончыліся паражэннем аўстр. войскаў. Паводле Цюрыхскіх мірных дагавораў 1859 Сардзінія атрымала ад Аўстрыі Ламбардыю, паводле Турынскага дагавору 1860 Францыя атрымала ад Сардзініі (за дапамогу ў вайне) Савою і Ніццу, да Сардзінскага каралеўства далучаны Парма, Таскана, Мадэна.
т. 2, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ САВЕ́Т,
назва адпаведных парламентаў у Манака і Славакіі і палат парламентаў Аўстрыі і Швейцарыі.
т. 11, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВА́РЦЭНБЕРГ (Schwarzenberg) Карл Філіп (15.4.1771, Вена — 15.10.1820),
аўстрыйскі военачальнік. Князь. Фельдмаршал (1813). У час аўстра-тур. вайны 1788—90 афіцэр. З 1805 віцэ-прэзідэнт гофкрыгсрата (прыдворнага ваен. савета). З 1808 пасол у Расіі, Францыі. У вайну 1812 камандаваў корпусам на Валыні ў арміі Напалеона I. Пасля далучэння Аўстрыі да антыфранц. кааліцыі (гл. Напалеонаўскія войны) галоўнакамандуючы кааліцыйных сіл (1813—14), якія ўступілі на тэр. Францыі. Разам з арміяй Г.Л.Блюхера разбіў франц. войскі пры Ла-Рацьер; 31.3.1814 заняў Парыж. З 1815 прэзідэнт гофкрыгсрата Аўстрыі.
т. 17, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКІЯ ПРАТАКО́ЛЫ,
3 міжнародныя дакументы, прынятыя ў г. Жэнева ў 1922—25. 1) Пратакол 1922 аб пазыцы для Аўстрыі і аб забароне аншлюсу. Падпісалі Аўстрыя, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Чэхаславакія. Палажэнні пратакола дзейнічалі да акупацыі Аўстрыі фаш. Германіяй (1938).
2) Пратакол 1924 аб мірным вырашэнні міжнар. спрэчак. Прыняты Асамблеяй Лігі Нацый. Падпісалі 19 краін, аднак дакумент не набыў сілы, бо Англія і Італія адмовіліся падпісваць яго.
3) Пратакол 1925 аб забароне ўжывання на вайне ўдушлівых, ядавітых або інш. падобных газаў і бактэрыял. сродкаў. Падпісалі 37 краін.
т. 6, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДА-ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
аўстрыйскае ўладанне ў Паўн. Італіі ў 1815—66. Утворана аўстр. манархіяй з абласцей Ламбардыя і Венецыя, перададзеных Аўстрыі паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15. Цэнтр — г. Мілан. Кіравалася віцэ-каралём. Аўстр. ўлады перашкаджалі развіццю эканомікі і культуры, устанавілі рэжым жорсткіх паліцэйскіх праследаванняў. У выніку аўстра-італа-французскай вайны 1859 б. ч. Ламбардыі адышла да Сардзінскага каралеўства. Венецыянская вобл. і невял. частка Ламбардыі заставаліся ў складзе Аўстрыі пад назвай Л.-В.к. да 1866, калі ў выніку аўстра-італьянскай вайны 1866 былі далучаны да аб’яднанага Італьян. каралеўства.
т. 9, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭН (Baden), Бадэн-бай-Він,
горад у Аўстрыі, у перадгор’ях Венскага Лесу, зямля Ніжняя Аўстрыя. Засн. Стараж. рымлянамі. Каля 24 тыс. ж. (1991). Вінаробства. Бальнеалагічны курорт. Міжнар. вядомасць набыў у канцы 18—19 ст., калі стаў месцам адпачынку і летняй рэзідэнцыяй аўстр. двара. 15 крыніц тэрмальных (да 36 °C) серных мінер. водаў для лячэння захворванняў сардэчна-сасудзістай, перыферычнай нерв., апорна-рухальнай і інш. сістэм. Санаторыі, гасцініцы, пансіянаты, НДІ рэўматалогіі і бальнеалогіі. Буйнейшы ў Ніжняй Аўстрыі цэнтр турызму. Музеі. Гатычныя касцёлы. Замкі 12 і 13 ст. (перабудаваныя). Старадаўнія камяніцы, у т. л. «Дом Моцарта».
т. 2, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848—49 У ІТА́ЛІІ,
адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Спалучала мэты скасавання феад.-абсалютысцкага ладу з барацьбой супраць прыгнёту Аўстрыі і за аб’яднанне краіны. Пачалася з паўстання 12.1.1848 на Сіцыліі. Пад уплывам рэвалюцыі 1848 у Францыі ў лют.-сак. 1848 у Сіцылій абедзвюх каралеўстве, Вял. герцагстве Таскана і Папскай вобласці былі абвешчаны канстытуцыі і створаны канстытуцыйныя ўрады. 17 сак. пачалося антыаўстр. паўстанне ў Венецыі, дзе 22 сак. абвешчана незалежная рэспубліка. Адначасова ў герцагствах Парма і Модэна скінуты прааўстр. правіцелі. Кароль П’емонта Карл Альберт абвясціў ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут). На хвалі нац. ўздыму ён абвясціў 24 сак. вайну Аўстрыі з мэтай вызвалення італьян. зямель Ламбардыі і Венецыі, якія знаходзіліся пад яе ўладай. Але пасля паражэння 22 ліп. войск П’емонта пры Кустоцы Карл Альберт быў вымушаны падпісаць перамір’е, якое вяртала Ламбардыю і Венецыю пад уладу Аўстрыі. Восенню пачаўся новы ўздым рэвалюцыі, гал. цэнтрамі якой сталі Таскана, Венецыя і Папская вобласць. У выніку паўстання 16.11.1848 у Рыме да ўлады прыйшоў свецкі ўрад. 8.2.1849 абвешчана Рымская Рэспубліка 1849, якую ўзначалілі Дж.Мадзіні, Дж.Гарыбальдзі і інш. рэвалюцыянеры; праведзены шэраг прагрэс. рэформ: нацыяналізацыя царк. зямель, увядзенне прагрэс. падатку, скасаванне саляной і тытунёвай манаполій і інш. Новы ўздым рэвалюцыі падштурхнуў урад П’емонта аднавіць 20 сак. ваен. дзеянні супраць Аўстрыі. Але ўжо 23 сак. п’емонцкія войскі былі разбіты пры Навары, што прымусіла Карла Альберта спыніць барацьбу і адрачыся ад прастола на карысць свайго сына Віктара Эмануіла. Пасля перамогі над П’емонтам Аўстрыя разгарнула дзеянні супраць рэв. урадаў Сярэдняй і Паўд. Італіі. У крас. 1849 аўстр. войскі аднавілі на прастоле Тасканы свайго стаўленіка Леапольда II, да мая — уладу неапалітанскіх Бурбонаў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій. 3.7.1849 аб’яднаныя войскі Францыі, Аўстрыі і Іспаніі ліквідавалі Рымскую Рэспубліку, абаронай якой кіраваў Гарыбальдзі. 22.8.1849 пала Венецыянская Рэспубліка. Нягледзячы на паражэнне, рэвалюцыя моцна пахіснула феад.-абсалютысцкія рэжымы Італіі. Захаваўся ліберальны рэжым у П’емонце, які стаў у 1860—70-я г. ядром аб’яднання краіны.
Літ.:
Канделоро Дж. История современной Италии: Пер. с итал. Т. 3. М., 1962;
Берти Дж. Демократы и социалисты в период Рисорджименто: Пер. с итал. М., 1965.
П.А.Тупік.
т. 13, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НТЫЯ, Карушка,
гістарычная вобласць у Цэнтр. Еўропе, у бас. р. Драва на тэр. сучасных Аўстрыі, Славеніі і Італіі. У 6 ст. каланізавана славянамі (славенцамі). У пач. 7 ст. — 658 уваходзіла ў склад дзяржавы Сама, потым — Карантаніі (гл. ў арт. Славенія, гісторыя). У 11 ст. вылучылася ў асобнае герцагства. З 12 ст. падвяргалася германізацыі. З 1282 у складзе ўладанняў графа цірольскага, з 1335 — імперыі Габсбургаў (з 1804 Аўстр. імперыі, з 1867 Аўстра-Венгрыі). Паводле Сен-Жэрменскага дагавора 1919 б.ч. К. ўвайшла ў склад Аўстрыі (зямля Карынтыя, з 1970-х г. пабрацім Беларусі), паўд.-ўсх. ч. перададзена Югаславіі (з 1991 у Славеніі), невял. раён — Італіі.
т. 8, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВА́РЦЭНБЕРГ (Schwarzenberg) Фелікс Людвіг Іаган Фрыдрых [2.10.1800, г. Крумаў (цяпер Чэскі-Крумлаў, Чэхія) — 5.4.1852], аўстрыйскі дзярж. дзеяч. Князь. Фельдмаршал-лейтэнант. З 1838 пасланнік у Турыне, Парме, Неапалі. У 1848 камандзір дывізіі ў арміі І.В.Радзецкага, удзельнік падаўлення рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. З ліст. 1948 міністр-прэзідэнт і міністр замежных спраў Аўстрыі. Яго ўрад падавіў рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі і (пры падтрымцы войск Рас. імперыі) рэвалюцыю 1848—49 у Венгрыі. Паліт. курс Ш. быў накіраваны на ўстанаўленне аўстр. гегемоніі ў Цэнтр. Еўропе. У ліст. 1850 Ш. пры садзейнічанні рас. цара Мікалая I заключыў пагадненне з Прусіяй, якое спрыяла ўмацаванню аўстр. ўплыву ў Герм. саюзе.
т. 17, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНТА́ЛАВА ПЯЧО́РА (Tantalhōhle), Танталь,
карставая пячора ў Зальцбургскіх Альпах, у масіве Хохкёніг, у Аўстрыі. Даўж. 30,6 км. Глыб. да 440 м. Утворана ў вапняках трыясу. Турызм.
т. 15, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)