Перыпатэтычная школа (Афіны) 1/490; 8/413

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАІ́МІС ((Zaimēs) Аляксандрас) (28.10.1855, Афіны — 15.9.1936),

дзяржаўны дзеяч Грэцыі. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Германіі і Францыі. У 1896 і 1914—20 дырэктар грэч. нац. банка. Прэм’ер-міністр у 1897—99, 1901—02, 1915—17 (з перапынкамі), 1926—28; у 1929—35 прэзідэнт Грэцыі. Садзейнічаў дзярж. перавароту ў кастр. 1935, які прывёў да аднаўлення манархіі.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКСЕ́РКС I Даўгарукі,

персідскі цар [465—424 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Уступіў на трон пасля забойства ў выніку прыдворнай змовы яго бацькі — Ксеркса I. На пач. царавання задушыў паўстанне егіпцян, якое падтрымлівалі Афіны. У 454 да н.э. персы знішчылі флот афінян у дэльце Ніла. У 449 да н.э. заключыў Каліеў мір, якім завершаны грэка-персідскія войны і зафіксаваны разгром персаў.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ДА,

адна з найбуйнейшых малых планет (другая пасля Цэрэры). Дыяметр 538 км. Маса 2,5∙10​20 кг, перыяд абарачэння вакол Сонца 4,61 г., вакол восі 7,811 гадз. Вял. паўвось арбіты 2,771 а.а., эксцэнтрысітэт 0,235, нахіл арбіты 34,8°. Бляск у процістаянні 8,0 візуальнай зорнай велічыні. Другая па часе адкрыцця — малая планета № 2 (Г.В Ольберс, 1802). Названа імем стараж.-грэч. багіні Афіны Палады.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЕ́НА (Priēnē),

старажытнагрэчаскі горад на р. Меандр, на мысе Мікале ў М. Азіі. Засн. ў сярэдзіне 11 ст. да н.э.; уваходзіла ў саюз 12 іанійскіх гарадоў. У канцы 6 ст. да н.э. трапіла пад уладу Персіі. У 5 ст. да н.э. ў Складзе Дэлоскага саюза, потым — дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. належала Селеўкідам, пазней увайшла ў Пергамскае царства, потым — правінцыяльны горад Рым. імперыі і Візантыі. Росквіту дасягнула ў 4—1 ст. да н.э., калі была буйным гандл. і рамесніцкім цэнтрам.

П. мела прамавугольную сетку вуліц (сістэма Гіпадама). Падоўжныя вуліцы ішлі ўступамі; іх перасякалі 16 папярочных вуліц-лесвіц, што вялі ад падэшвы да вяршыні г. Мікале і падзялялі П. на роўныя прамавугольныя кварталы. У час раскопак адкрыты руіны будынкаў 4—2 ст. да н.э., размешчаных на тэрасах і ўмацаваных падпорнымі сценамі, у т. л. храмы Афіны (4 ст. да н.э., арх. Піфей) і Зеўса, эклесіястэрый (зала пасяджэнняў нар. сходу), тэатр, стадыён, 2 гімнасіі, рынкі, жылыя дамы перыстыльнага тыпу.

Прыена. Калоны храма Афіны. 4 ст. да н.э. Арх. Піфей.

т. 13, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КА, Ніке,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі персаніфікацыя перамогі. Лічылася дачкой німфы Стыкс і Паланта (сына тытана Крыя). Крылатая Н. — абавязковы атрыбут Зеўса і Афіны, якіх звычайна паказвалі з фігуркай Н. ў руках. Яе статуі ў выглядзе крылатай вястункі багоў ставілі ў гонар перамогі на вайне, спарт. і маст. спаборніцтвах. Найб. вядома статуя Н. з в-ва Самафракія (Н. Самафракійская). У стараж.-рым. міфалогіі Н. адпавядала Вікторыя.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́РЫХ I (Alaricus, Alarich; каля 370—410),

кароль вестготаў [395—410]. У 395 пранік у Фракію, захапіў Афіны, разбурыў Карынф, Аргас, Спарту, Рым. Імператар Аркадзій заключыў з ім мір і прызначыў намеснікам Ілірыі, дзе ў якасці федэратаў былі паселены вестготы. У 401 Аларых I узняў паўстанне, уварваўся ў Італію, але, разбіты Стыліхонам, адступіў. У 408 тройчы асаджаў Рым, 24.8.410 захапіў яго і разрабаваў. Памёр у Паўд. Італіі, рыхтуючыся да паходу ў Сіцылію і Афрыку.

Аларых I. Выява на пячатцы.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́СІЙ (грэч. Lysias; 459—380 да н.э.),

старажытнаафінскі прамоўца, лагаграф (пісаў на заказ суд. прамовы); лічаць адным з лепшых прамоўцаў старажытнасці. З 412 да н.э. жыў у Афінах. У час праўлення «Трыццаці тыранаў» (404—403 да н.э.) збег у Мегару, вярнуўся ў Афіны пасля аднаўлення дэмакр. праўлення (403). Яму належаць больш за 200 прамоў (поўнасцю захаваліся 23, у фрагментах 11). Прамовы Л. — унікальныя крыніцы па пытаннях паліт., сац.-эканам. гісторыі Афін канца 5 — пач. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ВЕЛ I (Paulos; 14.12.1901, Афіны — 6.3.1964),

кароль Грэцыі [1947—64], З дынастыі Глюксбургаў. Сын караля Канстанціна I [1913—17, 1920—22) Служыў у ВМФ, удзельнік грэка-турэцкай вайны 1919—22. У сувязі з перамогай рэспубліканцаў у снеж. 1923 эмігрыраваў у Вялікабрытанію. Пасля рэстаўрацыі манархіі вярнуўся (ліст. 1935) у Грэцыю ў якасці наследніка прастола. У 1941 у сувязі з уварваннем у Грэцыю ням.-фаш. войск эмігрыраваў у Егіпет, потым у Вялікабрытанію. Вярнуўся ў Грэцыю ў 1946. Пасля смерці брата — караля Георга II [1935—41, 1946—47] — абвешчаны каралём.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКСІ́ЦЕ́ЛЬ (Praxitelēs; каля 390 да н.э., Афіны — каля 330 да н.э.),

старажытнагрэчаскі скульптар. Выступіў наватарам кампазіцыйнай пабудовы скульптуры — перанёс цэнтр цяжару цела на вонкавую апору. Працаваў пераважна ў мармуры. Зберагліся ў арыгінале група «Гермес з дзіцем Дыянісам» (каля 340 да н.э.), ант. копіі «Афрадыта Кнідская» (каля 350 да н.э.), «Сатыр адпачывае». Ў творах адлюстроўваў геданічны ідэал Грэцыі перыяду крызісу поліснай сістэмы. Творчасць П. паўплывала на майстроў элінізму, асабліва на александрыйскую школу.

Праксіцель Фрагмент статуі Афрадыты Кнідскай. Каля 350 г. да н.э.

т. 12, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)