НІДЭРЛА́НДЫ (Nederland), Каралеўства Нідэрландаў (Koninkrijk der Nederlanden),

неафіц. назва Галандыя, дзяржава на зах. узбярэжжы Зах. Еўропы. На Пн і З абмываецца Паўночным м., на У мяжуе з Германіяй, на Пд — з Бельгіяй. Пл. 41,5 тыс. км², без унутр. водаў — 33,9 тыс. км². Нас. 15 808 тыс. чал. (1999). Сталіца — г. Амстэрдам, рэзідэнцыя ўрада — г. Гаага. Падзяляецца на 12 правінцый. Афіц. мова — нідэрландская (галандская). Н. валодаюць в-вам Аруба і Нідэрландскімі Антыльскімі астравамі. Нац. свята — Дзень Каралевы (30 крас.).

Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1983. Кіраўнік дзяржавы — манарх, пры якім ёсць дарадчы орган — Дзярж. савет (яго члены назначаюцца манархам). Заканад. ўлада належыць манарху і Генеральным штатам (парламент у складзе 2 палат (Першай і Другой). Першая палата (75 дэпутатаў) выбіраецца правінцыяльнымі штатамі на аснове прапарцыянальнага прадстаўніцтва тэрмінам на 4 гады. Другая палата (150 дэпутатаў) выбіраецца насельніцтвам на тых жа падставах на той жа тэрмін. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць манарх і кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Тэр. Н. нізінная — працяг Паўн.-Германскай нізіны, сярэдняя выш. 20—30 м, значная частка (прыкладна 27%) ніжэй узр. мора (да -7 м). Для аховы ад затаплення пабудаваны дамбы. Нізіны ніжэй узр. мора, адгароджаныя ад мора дзюнамі, плацінамі і дамбамі, асушаны і ператвораны ва ўрадлівыя польдэры. Вядзецца далейшае асушэнне мелкаводдзяў. На крайнім Пд адгор’і Ардэнаў (выш. да 321 м). Карысныя выкапні: прыродны газ (запасы 2,5 трлн. м³, 4-е месца ў свеце), нафта, каменны вугаль, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат умерана цёплы, марскі. Сярэдняя т-ра студз. ад 1 °C (Пн) да 3 °C (Пд), ліп. адпаведна 16,3—17,1 °C. Ападкаў 600—800 мм за год. Шмат паўнаводных рэк, каналаў, азёр. На ПдЗ дэльты Рэйна, Шэльды, Мааса. Пад ворывам, садамі, лугамі і пашай 50% тэр. Пад лесам і хмызнякамі 8% тэр. Ёсць дубовыя і букавыя гаі, пасадкі хвоі і таполі, хмызнякі з абляпіхі, верасовыя пусткі. У жывёльным свеце дробныя млекакормячыя (вавёрка, заяц, куніца), шмат птушак. У краіне 3 нац. паркі, больш за 500 невял. прыродных рэзерватаў (агульная пл. каля 100 тыс. га).

Насельніцтва. Пераважаюць галандцы, або нідэрландцы (96%). Да карэннага насельніцтва адносяцца фламандцы (на Пд) і фрызы (на Пн), ёсць выхадцы з Сурынама і Інданезіі, немцы, яўрэі, мараканцы, туркі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты, мусульман 3%. Натуральны прырост блізкі да нулявога. Сярэдняя шчыльн. 466 чал. на 1 км², на ПдЗ дасягае 2000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 83,3%. Найб. гарады (1998, тыс. чал.): Амстэрдам — 1103, Ротэрдам — 1070, Гаага — 495, Лейдэн — 116. Усе гэтыя гарады і шмат інш. уваходзяць у канурбацыю Рандстад, якая аб’ядноўвае гарады і пасёлкі на ПдЗ краіны (каля 6 млн. ж.). У прам-сці і буд-ве занята 23% эканамічна актыўнага насельніцтва. У сельскай гаспадарцы — 4%, у абслуговых галінах — 73%.

Гісторыя. Чалавек засяліў тэр. сучасных Н. у неаліце. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут рассяліліся кельты і тэўтонскія плямёны — фрызы, батавы і інш. У 1 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. большасць гэтай тэр. належала Стараж. Рыму. З 5 ст. н.э. землі сучасных Н. (акрамя населеных фрызамі) у складзе Франкскай дзяржавы; пашырылася хрысціянства, фарміраваліся феад. парадкі. Пры распадзе Франкскай дзяржавы тэр. Н. паводле Вердэнскага дагавора 843 увайшла ў склад уладанняў Лотара I (сына Карла Вялікага), паводле Мерсенскага дагавора 870 — у склад Усх.-Франкскага каралеўства. У 10—11 ст. тут утварыўся шэраг феад. уладанняў, залежных ад «Свяшчэннай Рым. імперыі». Адно з іх — графства Галандыя — дасягнула вял. поспехаў у развіцці рамяства. рыбалоўства, сельскай гаспадаркі і ў 13—14 ст. падпарадкавала сабе шэраг суседніх зямель. З 12 ст. хутка раслі гарады, будаваліся плаціны і дамбы для адваявання зямлі ў мора і балот. У 14 ст. з’явіліся першыя мануфактуры. У 1433 Галандыю, потым шэраг інш. феад. уладанняў захапілі герцагі Бургундыі. У межах Бургундскай дзяржавы адбылося аб’яднанне феад. уладанняў (яны сталі наз. правінцыямі) на б.ч. тэр. Нідэрландаў гістарычных (сучасныя Н., Бельгія, Люксембург, ч. Паўн.-Усх. Францыі). У 1463 тут упершыню склікана агульная прадстаўнічая ўстанова — Генеральныя штаты. Пасля распаду Бургундскай дзяржавы нідэрл. землі ўвайшлі ў склад уладанняў Габсбургаў (1482). У 1520—40-я г. імператар Карл V захапіў апошнія самастойныя нідэрл. землі — Фрысландыю, Утрэхт, Аверэйсел, Дрэнтэ, Гронінген, Гелдэрн, якія з раней далучанымі правінцыямі склалі ў 1548 комплекс з 17 правінцый пад агульнай назвай Нідэрланды. Пасля распаду імперыі Карла V гэтыя землі апынуліся (з 1556) пад уладай Іспаніі. У ходзе Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. 7 паўн.-нідэрл. правінцый (Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт, Фрысландыя, Аверэйсел і Гронінген) утварылі (1579) незалежную дзяржаву — Рэспубліку Злучаных правінцый на чале з Ген. штатамі, Дзярж. саветам і штатгальтэрам (кіраўніком выканаўчай улады). Па назве гал. правінцыі яе наз. таксама Галандскай рэспублікай або проста Галандыяй. Паўд. правінцыі (сучасныя Бельгія, Люксембург і асобныя раёны Францыі) засталіся пад уладай Іспаніі, з якой Рэспубліка Злучаных правінцый да 1609 і ў 1621—48 вяла працяглыя войны. Паводле Вестфальскага міру /648 Іспанія фармальна прызнала яе незалежнасць. Вызваленне ад улады ісп. феад.-абсалютысцкай манархіі стварыла спрыяльныя ўмовы для капіталіст. развіцця і стварэння шматгаліновай эканомікі. У 1-й пал. 17 ст. невял. краіна (25 тыс. км², 2 млн. чал.) ператварылася ў буйнейшую гандл.-прамысл. і калан. дзяржаву, фін. цэнтр свету. Гандаль усё больш набываў пасрэдніцкі характар і рабіўся асновай галандскай эканомікі.

У 17 ст. створана галандская калан. імперыя, якая ўключала калоніі Новая Галандыя (Паўн. Амерыка, да 1667), Гвіяна (Паўд. Амерыка, атрымана ў 1667 ад Англіі ў абмен на Новую Галандыю), Капская калонія (Паўд. Афрыка), Галандская Індыя (цяпер Інданезія), в-аў Цэйлон (Шры-Ланка) і інш. Гал. ролю ў калан. палітыцы адыгрывалі манапольныя гандл. кампаніі. што атрымлівалі выключныя правы на гандаль з вял. рэгіёнамі свету, ваен.-адм. кіраванне калоніямі, захоп новых тэрыторый. З іх найбольшыя Ост-Індская (1602—1798) і Вест-Індская (1621—1791) кампаніі. Гандл. і эканам. саперніцтва Галандыі з Англіяй прывяло да Англа-галандскіх войнаў 17 стагоддзя (1652—54, 1665—67, 1672—74), агульным вынікам якіх было аслабленне ваен. і паліт. моцы Галандыі. Цяжкімі для яе былі і войны з Францыяй (1672—78, 1688—97, 1702—13). У 18 ст. Галандская рэспубліка ўступіла ў паласу эканам. заняпаду. Купецкія вярхі, якія кіравалі дзяржавай, асн. ўвагу аддавалі пасрэдніцкаму гандлю, а не вытворчасці. Таму ўжо ў канцы 17 ст. Галандыя саступіла Англіі першынство ў прам-сці, а да сярэдзіны 18 ст. — і ў мараплаўстве, і ў знешнім гандлі. Апошні штатгальтэр Рэспублікі Злучаных правінцый Вільгельм V [1766—95] уцягнуў краіну ў кааліцыйную вайну супраць рэв. Францыі (1793). Акупацыя франц. войскамі (1795) паклала канец існаванню рэспублікі. Ў маі 1795 на тэр. Галандскай рэспублікі абвешчана залежная ад Францыі Батаўская рэспубліка, улады якой скасавалі аўтаномію правінцый, прывілеі дваран і рэшткі прыгонніцтва. У 1806 яна пераўтворана ў Галандскае каралеўства, далучанае ў 1810 да Францыі. Эканоміка краіны была падарвана напалеонаўскімі войнамі і кантынентальнай блакадай. У выніку паражэнняў Напалеона I і нац.-вызв. паўстання да ліст. 1813 франц. панаванне ў Н. скінута. На тэр. б. Галандскай рэспублікі ўтварылася новая канстытуцыйна-манархічная дзяржава. урад якой запрасіў на пасаду кн. Вільгельма Аранскага (сына Вільгельма V). Галандыі былі вернуты Інданезія і некаторыя інш. калоніі, захопленыя Вялікабрытаніяй і яе саюзнікамі ў ходзе войнаў з Францыяй, але Капская калонія, Цэйлон і ч. Гвіяны засталіся за Вялікабрытаніяй. Венскі кангрэс 1814—15 злучыў тэр. б. Галандскай рэспублікі і Бельгіі ў адзінае Нідэрландскае каралеўства (афіцыйна абвешчана 31.5.1815), або Н., на чале з Вільгельмам Аранскім. які пачаў кіраваць як кароль Вільгельм 1 [1815—40], Да каралеўства на падставе асабістай уніі далучыўся Люксембург. У перыяд «Ста дзён» Напалеона I нідэрл. войскі ўдзельнічалі ў бітве сіл антыфранц. кааліцыі з франц. арміяй пры Ватэрлоо (18.6.1815). Канстытуцыя Н. 1815 устанавіла роўнае прадстаўніцтва галандскіх і бельг. правінцый у ніжняй палаце парламента, але Вільгельм I фактычна праводзіў палітыку нац. прыгнёту бельг. насельніцтва, што выклікала Бельгійскую рэвалюцыю 1830, у выніку якой Бельгія стала незалежным каралеўствам. Спроба Н. зноў падпарадкаваць Бельгію ў вайне 1831—33 поспеху не мела. У 1890, пасля смерці караля Вільгельма III (1849—90], спынілася персанальная унія Н. і Люксембурга, які стаў незалежным. Такім чынам, сфарміравалася сучасная тэр. Н. У 1-й пал. 19 ст. заняпад эканомікі Н. пераадолены, але яе развіццё ішло марудна, асабліва ў цяжкай прам-сці. Больш дынамічна развіваліся тэкст. прам-сць і суднабудаўніцтва Сельская гаспадарка заставалася высокаразвітой галіной эканомікі. Паскоранаму эканам. развіццю Н. у 2-й пал. 19 ст. спрыялі прыток капіталу з калоній, даходы ад транзітнага гандлю і вывазу капіталу, дзейнасці Амстэрдамскага, Ротэрдамскага, Нідэрл.-Інд. і інш. банкаў. У выніку зрошчвання банкаўскага і прамысл. капіталу ўзніклі буйныя манаполіі, у т. л. электратэхн. аб’яднанне «Філіпс» (1891), канцэрн «Алгемене кюнстзейдэ юні» (1907). Актывізавалася паліт. жыццё, узнік шэраг партый рознай рэліг. і паліт. афарбоўкі: Ліберальная партыя буйной гандл.-фін. буржуазіі (1830-я г.), пратэстанцкая Антырэв. партыя (1878), Рым.-каталіцкая дзярж. партыя (1901), пратэстанцкі Хрысц.-гіст. саюз (1908) і інш. У 1850-я г. заснаваны першыя прафсаюзы і рабочыя газеты. У Амстэрдаме ўзніклі секцыя Інтэрнацыянала 1-га (1869), Усеагульны нідэрл. рабочы саюз (1871), С.-д. аб’яднанне (1878) і С.-д. саюз (1881).

У 1-ю сусв. вайну Н. захоўвалі нейтралітэт, іх вытворцы і гандляры ўзбагаціліся на продажы ваюючым краінам прамысл. і харч. тавараў. У 1918 С.-д. рабочая партыя Н. перайменавалася ў Камуніст. партыю Н. і ў 1919 увайшла ў Камуністычны Інтэрнацыянал. У 1918—39 краінай кіравалі правыя кааліцыйныя ўрады Рым.-каталіцкай дзярж., Антырэв. партый і Хрысц.-гіст. саюза. У 1930—36 Н. перажылі эканам. крызіс: на ​1/3 зменшылася прамысл. вытв-сць, беспрацоўе перавысіла 30%, у стане хаосу апынулася банкаўская сістэма, масава разараліся дробныя сяляне, адбываліся забастоўкі рабочых і служачых. На фоне крызісу актывізаваўся фаш. рух. У 1931 узнікла найбуйнейшая з фаш. арг-цый Н. — Нац.-сацыяліст. рух. У выніку антыфаш. выступленняў працоўных і дзеянняў улад уплыў фаш. арг-цый да 1939 скараціўся, а пасля 2-й сусв. вайны яны забаронены. 10—14.5.1940 Н. захоплены гітлераўскай Германіяй, каралева Вільгельміна [1890—1948] і ўрад эмігрыравалі ў Вялікабрытанію; яп. войскі ў сак. 1942 захапілі Інданезію. Ва ўмовах фаш. акупацыі ў Н. разгарнуўся рух Супраціўлення, праводзіліся масавыя забастоўкі. Да 5.5.1945 брыт. і амер. войскі разам з 5 тыс. змагароў Супраціўлення вызвалілі краіну. У 2-й сусв. вайне загінулі 199 тыс. нідэрландцаў, у т. л. 2,5 тыс. чал. пакараны гітлераўцамі за ўдзел у Супраціўленні. Страты нідэрл. эканомікі склалі 5,6 млрд. долараў, удвая скарацілася вытв-сць. Аднак да 1948 перасягнуты даваен. ўзровень вытв-сці. У пасляваен. час вырасла роля дзярж.-манапал. рэгулявання эканомікі (планаванне на год, рэгіянальнае праграмаванне). На эканоміку Н. станоўча паўплывала адкрыццё багатых радовішчаў газу і нафты. Але распад нідэрл. калан. імперыі працягваўся. У 1945—47 заваявала незалежнасць Інданезія, у 1975 — Нідэрл. Гвіяна (Сурынам). Пад кантролем Н. засталіся Антыльскія (Нідэрл.) а-вы. Адбыліся змены ў паліт. жыцці краіны. Роля бурж. партый, якія скампраметавалі сябе калабарацыянізмам у гады 2-й сусв. вайны, зменшылася, вырас уплыў канфесіянальных арг-цый. На выбарах 1998 найб. колькасць галасоў у 2-й палаце парламента атрымала рэфармісцкая Партыя працы, лідэр якой В.​Кок узначаліў кааліцыйны ўрад. З 1980 каралевай Н. з’яўляецца Беатрыкс II з дынастыі Аранскіх-Насаў. Н. — чл. ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Еўрап. Саюза (з 1992) і інш. міжнар. паліт. і эканам. груповак. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 24.2.1992.

Гаспадарка. Н. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна з развітым замежным гандлем і суднаходстам. Па ўзроўні эканам. развіцця займае прыкладна 14-е месца ў свеце, па экспарце і імпарце 7—8-е месца. Валавы ўнутр. даход на 1 чал. за год — 22,2 тыс. долараў (1998). Доля прам-сці складае 21,1%, будаўніцтва — 5,5%, сельскай і лясной гаспадаркі разам з рыбалоўствам — 3,2%, абслуговых галін — 70,2%. Прамысловасць вылучаецца высокім тэхн. узроўнем, высокай кваліфікаванасцю і прадукцыйнасцю працы. Пераважна развіты галіны, якія працуюць на імпартнай сыравіне з наступным экспартам гатовай прадукцыі. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць буйнейшыя канцэрны «Роял Датч-Шэл» (нафтахімія), «Юнілевер» (быт. хімія і харч. прадукты), «Філіпс» (электратэхніка), «Акза-Нобель» (хім. прадукцыя). Існуе каля 700 тыс. сярэдніх і малых прадпрыемстваў, іх доля ў экспарце 25%. Аснову паліўна-энергет. балансу складаюць (здабыча ў 1997) прыродны газ — 84,5 млрд. м³ (прав. Гронінген) і нафта — 2,1 млн. т. У краіне спажываецца 55% здабытага газу, увозіцца для перапрацоўкі 80—90 млн. т. нафты. Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў каля 100 млн. т, размешчаны яны каля Амстэрдама і Флісінгена. Вытв-сць электраэнергіі 83,3 млрд. кВт∙гадз (1997), каля 7,1 млрд. кВт∙гадз імпартуецца. Доля ЦЭС у выпуску электраэнергіі каля 94%, АЭС — каля 5%. У 1997 выплаўлена 5,8 млн. т чыгуну і 6,8 млн. т сталі, гал. ц. Эймёйдэн. Значная выплаўка алюмінію — каля 400 тыс. т (Флісінген, Дэлфзейл), цынку — каля 200 тыс. т (Бюдэл), волава (Арнем). Вядучае месца займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка. Асн. галіны: эл.-тэхн. (электраматоры, абсталяванне для электрастанцый, вымяральныя прылады, быт. электратэхніка; цэнтры — Эйндхавен, Ротэрдам, Зволе, Леўвардэн), хім. машынабудаванне (Амстэрдам, Утрэхт), аўтамабілебудаванне (у 1997 грузавых 35 тыс., легкавых 165 тыс., цэнтры Борн і Эйндхавен), авіябудаванне (Калхавен, Папендрэхт). Н. маюць развітое суднабудаванне, прыкладна 50% суднаў ідзе на экспарт. Асн. верфі ў Ротэрдаме, Амстэрдаме, Східаме, Флісінгене. Н. спецыялізуецца на экспарце хім. прадукцыі (каля 10% сусв. хім. экспарту): вытв-сць угнаенняў, этылену, аміяку, сінт. каўчуку, пластмас, фармацэўтычнай і быт. хім. прадукцыі, лакаў, фарбаў, фарбавальнікаў, асн. цэнтры — Утрэхт, Амстэрдам, прав. Лімбург. У 1997 атрымана 1,7 млн. т азотных угнаенняў, 4,5 млн. т пластмас і сінт. валокнаў. У хім. прам-сці выкарыстоўваецца кухонная соль, каля 2—3 млн. т яе штогод здабываюць на У прав. Аверэйсел. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць са спецыялізацыяй па перапрацоўцы мяса-малочнай прадукцыі і імпартнай какавы. Вядучыя пазіцыі ў сусветным экспарце масла, сыру, згушчанага малака, шакаладу; буйныя прадпрыемствы ў Амстэрдаме, Занстадзе, Східаме, Ротэрдаме. Вылучаецца таксама вытв-сць гароднінных і рыбных кансерваў, маргарыну, піва, цукру. У лёгкай прам-сці найб. развіта тэкст. (207 млн. м² тканін, 1997), асабліва шарсцяная, баваўняная і шаўковая. Асн. раёны: усх. ч. прав. Аверэйсел (баваўняная), прав. Паўн. Брабант (шарсцяная) і Гелдэрланд (штучная і сінт. пража і тканіны). Гарбарна-абутковая прам-сць выпускае 6,2 млн. пар абутку (1997). Развіта дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць: вытв-сць (1997) піламатэрыялаў 346 тыс. м³, драўнянавалакністых пліт 2,2 млн. умоўных м³, паперы і кардону 3 млн. т. Вытв-сць цэменту 3,5 млн. т (1997). Ёсць прадпрыемствы швейнай, керамічнай і фарфора-фаянсавай прам-сці (Амстэрдам). Сельская гаспадарка высокаінтэнсіўная. Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Па вытв-сці с.-г. прадукцыі на 1 га Н. ў 8 разоў апярэджваюць Вялікабрытанію і ў 5 разоў Францыю і Германію. Пл. с.-г. угоддзяў 2 млн. га, у т. л. 0,8 млн. га пад ворывам. Гал. галіна — жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы (1997) 4,4 млн. галоў, сярэдні надой на карову 6,6 тыс. л, вытв-сць малака 11,2 млн. т. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): свіней — 14,3, авечак і коз — 1,7, птушкі — 92. Вытв-сць (1997): мяса ў забойнай вазе 3,5 млн. т, воўны 4 тыс. т, яек 9,9 млрд. штук. У раслінаводстве вылучаецца (1997) вытв-сць бульбы (8,1 млн. т, ураджайнасць 437 ц/га), цукр. буракоў (6,4 млн. т, ураджайнасць 548 ц/га), пшаніцы (1,1 млн. т, ураджайнасць 83,7 ц/га). Сеюць таксама жыта, ячмень, авёс, лён. Добра развіта садоўніцтва (збор пладоў 0,7 млн. т), агародніцтва (збор 3,7 млн. т), сусветную вядомасць мае кветкаводства, прадукцыя якога (кветкі, цыбуліны цюльпанаў, нарцысаў, гіяцынтаў, насенне інш. культур) шырока экспартуецца. Па кошце экспарту с.-г. прадукцыі Н. займаюць 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Развіта марское рыбалоўства (каля 400 тыс. т штогод), сажалкавае рыбаводства. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 2,8 тыс. км (2 тыс. км электрыфікавана), аўтадарог 127 тыс. км (114,4 тыс. км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 5 тыс. км. Н. маюць гандл. флот грузападымальнасцю 5,4 млн. дэдвейт-т (1998). Парты абслугоўваюць знешні гандаль Н. і суседнія краіны (асабліва Германію). Гал. парты: Ротэрдам (найб. ў свеце, у 1997 прыняў 34 тыс. марскіх і 130 тыс. рачных суднаў, грузаабарот 400 млн. т), Амстэрдам, Дордрэхт, Эймёйдэн, Флісінген. У краіне 28 аэрапортаў. Авіякампанія «КЛМ» займае 7-е месца ў свеце па перавозцы пасажыраў. У Н. 10,2 тыс. км газаправодаў, 965 км прадуктаправодаў, 418 км нафтаправодаў. Развіты замежны турызм (штогод наведвае больш за 3 млн. чал., найб. з Германіі і ЗША, расходы турыстаў у краіне перавышаюць 6 млрд. долараў). У 1998 экспарт склаў 160 млрд. дол., імпарт 142 млрд. дол. Гал. экспартныя тавары: прыродны газ, прадукцыя эл.-тэхн. прам-сці, судны, хімікаты, лекі, харч. прадукты, кветкі і насенне. Імпартуюцца машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, нафта, разнастайная сыравіна, прадукты трапічнага земляробства. Гал. гандл. партнёры: Германія (27% экспарту, 21% імпарту), Бельгія-Люксембург (адпаведна 13 і 11%), Вялікабрытанія (па 10%), Францыя (11% экспарту), ЗША (9% імпарту), Італія (6% экспарту), краіны Цэнтр. і Усх. Еўропы. Экспарт з Беларусі ў 1997—83,2 млн. (прадукцыя хім. і лёгкай прам-сці, фанера), імпарт — 85,2 млн. дол. (харч. прадукты, лекі, тканіны, аргтэхніка, хімікаты). Грашовая адзінка — гульдэн.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (ваен. паліцыя). Агульная колькасць каля 60 тыс. чал. (1998), у т. л. 57 тыс. чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. У сухап. войсках каля 27 тыс. чал., 600 танкаў, 383 БМП, 269 бронетранспарцёраў, 624 гарматы, 173 мінамёты. У ВПС каля 12 тыс. чал., 170 баявых самалётаў і 12 верталётаў. У ВМС каля 14 тыс. чал., у т. л. 3 тыс. чал. у марской пяхоце, 4 эсмінцы, 12 фрэгатаў, 17 тральшчыкаў, 2 падводныя лодкі; у марской авіяцыі 13 баявых самалётаў і 22 верталёты.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыя працы, «Дэмакраты-66», Нар. партыя за свабоду і дэмакратыю, «Зялёныя левыя», Хрысц.-дэмакр. заклік, Рэфармісцкая паліт. федэрацыя, Сацыяліст. партыя і інш. Асн. прафс. цэнтры: Федэрацыя нідэрл. прафсаюзаў (каталіцкая і сацыял-дэмакратычная) і Нідэрл. нац. аб’яднанне хрысц. прафсаюзаў (пратэстанцкае).

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя страхавая і прыватная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,1, жанчын 81 год (1999). Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чал. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,29%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 181 чал., урачамі — 1 на 412 чал. Дзіцячая смяротнасць 5 на 1 тыс. нованароджаных.

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Н. уключае пач., прадоўжаную (сярэднюю), вышэйшую і адукацыю дарослых. Да 16-гадовага ўзросту навучанне бясплатнае. Каля 65% школьнікаў Н. вучацца ў прыватных школах. Пач. адукацыя адзіная для дзяцей ва ўзросце 4—12 гадоў. Асн. яе мэта — забеспячэнне развіцця інтэлекту, творчых здольнасцей дзіцяці, сац., культурных і фіз. навыкаў. Выкладаюцца: галандск. і англ. (у апошнія 2 гады навучання) мовы, матэматыка, геаграфія, біялогія, гісторыя, рэліг. і ідэалаг. рухі, музыка, маляванне, фіз. выхаванне, самаабарона, у т. л. дарожная бяспека і інш. Прадоўжаная (сярэдняя) адукацыя (для навучэнцаў ва ўзросце ад 12 да 18—20 гадоў) працягвае стадыю пач. адукацыі, уключае агульнаадук. і прафес. кірункі. У адзінай школьнай сістэме магчыма адначасова з агульнай адукацыяй атрымаць прафес. падрыхтоўку на пач. і сярэднім узроўнях або падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ. На працягу першых 3 гадоў навучанне вядзецца па агульнай праграме, якая ўключае 15 абавязковых дысцыплін. Прадоўжаную адукацыю даюць розныя тыпы школ: падрыхтоўчая навуковая (6 гадоў навучання, рыхтуе да паступлення ва ун-т або вышэйшую прафес. ўстанову); вышэйшай агульнай прадоўжанай адукацыі (5 гадоў навучання, рыхтуе да паступлення ў вышэйшую прафес. ўстанову або можна прадоўжыць вучобу ў сярэдняй прафес. установе ці ў 5-м класе падрыхтоўчай навук. школы); у школах сярэдняй агульнай прадоўжанай адукацыі і падрыхтоўчай прафес. тэрмін навучання 4 гады; яны рыхтуюць да пераходу ў сістэму сярэдняй прафес. адукацыі або вытв. вучнёўства. Прадоўжаная адукацыя ўключае таксама асв. работу з моладдзю (арыентацыйныя і адаптацыйныя праграмы для навучэнцаў 16-гадовага ўзросту, якія яшчэ не абралі будучую прафесію або месца навучання), сістэму вытв. вучнёўства (для навучэнцаў 16—20-гадовага ўзросту) і сярэднюю прафес. адукацыю (2—4-гадовыя курсы падрыхтоўкі тэхн., с.-г., аховы здароўя і абслугоўвання, эканам.-адм. кірункаў). Выпускнікі сярэдніх прафес. устаноў могуць прадоўжыць навучанне ў сістэме вышэйшай прафес. адукацыі. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзіць вышэйшая прафес. (ін-ты, тэрмін навучання 4—6 гадоў; выпускнікі атрымліваюць званне інжынера, бакалаўра) і навук. (ун-ты), якая мае 2 фазы. Тэрмін навучання на 1-й фазе 4 гады. Другая фаза мае абмежавальныя ўмовы прыёму і накіравана на падрыхтоўку да навукова-даследчай дзейнасці. Выпускнікі ун-та атрымліваюць акадэмічную ступень майстра. Далейшае навучанне і абарона дысертацыі даюць права на атрыманне ступені доктара. Адукацыя дарослых вядзецца на ўсіх узроўнях у дзярж. і прыватных установах; форма навучання дзённая, вячэрняя (пагадзінная) і завочная. Да сістэмы адукацыі дарослых належыць Адкрыты ун-т, які дае вышэйшую адукацыю і даступны ўсім з 18-гадовага ўзросту. У 1997/98 навуч. г. ў Н. каля 7 тыс. пач. школ (больш за 1,6 млн. дзяцей), 720 сярэдніх агульнаадук. (больш за 830 тыс. вучняў), 59 ін-таў (каля 260 тыс. студэнтаў), 15 ун-таў, у т. л. Адкрыты ун-т (у іх больш за 169 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: у Лейдэне (з 1575), Гронінгене (з 1614), Утрэхце (з 1636), Неймегене (з 1923), Тылбургу, Твэнце (з 1961), Маастрыхце, 2 ун-ты ў Амстэрдаме, у т. л. ун-т Фру, Эразмскі ў Ротэрдаме, тэхнал. ў Дэлфце (з 1842) і Эйндховене (з 1956), с.-г. ў Вагенінгене. Буйнейшыя б-кі: Нац. ў Гаазе, універсітэцкія ў Амстэрдаме, Лейдэне, Утрэхце. У 1997 у Н. 1145 грамадскіх б-к і іх філіялаў; 741 музей (аб’яднаны ў Нідэрландскую асацыяцыю музеяў). Буйнейшыя музеі: Рэмбранта (з 1907), Ван Гога (з 1974), Рэкс (з 1808), бат., гіст. (з 1926), кінематаграфіі (з 1946) у Амстэрдаме; Галандскі літ. музей і цэнтр дакументацыі ў Гаазе; Фрызійскі літ. музей і цэнтр дакументацыі (з 1959) у Леўвардэне; прыродна-гіст. ў Леўвардэне (з 1884), Маастрыхце (з 1912), Ротэрдаме (з 1927); Бойманс (з 1847) і Марыціем (з 1873) у Ротэрдаме; мінералогіі і генеалогіі (з 1912) у Дэлфце; тэкст. вытв-сці (з 1958) у Тылбургу. Навук. даследаванні праводзяцца ун-тамі і НДІ.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н. больш за 100 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Amsterdamsche Courant» («Амстэрдамскія куранты», з 1619; сучасная назва «De Telegraaf», «Тэлеграф», з 1893), «Algemeen Dagblad» («Усеагульная штодзённая газета», з 1946), «De Volkskrant» («Народная газета», з 1920), «NRC-Handelsblad» («НРК-гандлёвая газета», з 1970), «Het Vrije Volk» («Вольны народ», з 1900), «Het Binnenhof» («Унутраны двор», з 1945), «De Gelderlander» («Гельдэрландзец», з 1848). Інфарм. агенцтвы — Алгемен Недэрландс Персбюро (АНП, каап. аб’яднанне выдаўцоў галандскіх газет, засн. ў 1934), каталіцкае — Каталіск Недэрландс Персбюро (з 1946). Радыёвяшчанне з 1923. Дзейнічаюць 10 агульнанац., 10 рэгіянальных і каля 150 мясц. радыёстанцый. Тэлебачанне з 1951 (з 1967 каляровае, з 1985 спадарожнікавае). Праграмы тэлебачання трансліруюцца на 3 каналах. З 1988 дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Нідэрл. радыёвяшчальная карпарацыя (засн. ў 1969). Перадачы вядуцца на 7 мовах.

Літаратура. Адгалоскі нідэрл. героіка-эпічных песень — у эпасах інш. герм. народаў (англ. «Беавульф», ням. «Песня пра Нібелунгаў» і «Кудруна»), На канец 8 — пач. 9 ст. прыпадае творчасць эпічнага песняра Ф.​Бернлефа. Першы помнік нідэрл. л-ры на ніжнефранкскім дыялекце — «Каралінгскія псалмы» (9 ст.). Найбуйнейшы прадстаўнік куртуазнай паэзіі 12 ст. — Хендрык ван Велдэке (песні, нідэрл. версія «Рамана пра Энея»), У 13—14 ст. развіваліся рыцарскія раманы і жывёльны эпас («Пра ліса Рэйнарда»), бюргерская дыдактычная (Я. ван Марлант, Я. ван Бундале) і рэліг. (Хадэвейх, Я. ван Руйсбрук) паэзія, нар. балады («Спадар Халевейн») і рамансы. У 14—15 ст. узнікла рэліг. і свецкая драма («Спектакль пра Антыхрыста», «Ланселот Дацкі» і інш.), маральна-дыдактычныя вершы-«спрокі» (Дз.​Потэр). Нідэрл. Адраджэнне (15—16 ст.) адметнае лацінамоўнай творчасцю гуманістаў Агрыкалы, Эразма Ратэрдамскага, І.​Секунда і інш. Гуманіст. ідэямі прасякнуты творы на нідэрл. мове Дз.​В.​Корнхерта, Х.​Л.​Спігела (трактаты, эпічная паэзія), Я. ван дэр Нота (лірыка). Развіваліся драматургія і паэзія рытараў (К.​Эверарт, А. дэ Роверэ, М. дэ Кастэлейн, Г.​Бейнс), вядомасць набыла рэліг.-палемічная л-ра (творы Ф.​Марнікса ван Сінт-Альдэгондэ), ананімныя песні гёзаў, нар. паэзія. На мяжы 16—17 ст. уласна нідэрл. (галандская) і флам. (бельгійская) л-ры пачалі ўспрымацца як самастойныя. У 17 ст. гуманіст. тэндэнцыі выявіліся ў пострэнесансавым рэалізме Г.А.Брэдэра, творах прадстаўнікоў т.зв. Мейдэнскага згуртавання (драматургія і паэзія П.​К.​Хофта, проза і паэзія К.​Хёйгенса, галантная проза І. ван Хемскерка). Падмурак нідэрл. барока стварылі Г.Гроцый, Ю.​Ліпсій, Я.​Рэфсен (Рэвій), паэт і драматург І. ван дэн Вондэл (трагедыя «Люцыфер»). На духоўнае жыццё Н. істотна паўплывалі філас. ідэі Б.Спінозы. Адметная з’ява канца эпохі нідэрл. барока — бурлескныя творы В.Г. ван Фокенбраха і любоўная лірыка Я.​Лёйкена; папулярнасць набыла творчасць песняра нідэрл. мяшчанства Я.​Катса. У эпоху Асветніцтва (18 ст.) найвышэйшыя дасягненні нідэрл. л-ры — драматургія П.​Лангендэйка, М.​Корвера, Р.​Фейта, асветніцкія раманы Э.​Волф-Бекер і А.​Дэкен, эстэтыка-літаратуразнаўчыя працы Ф.​Хемстэрхёйса, публіцыстыка Ю. ван Эфена. У 19 ст. творы Фейта, І.​Кінкера і інш. паклалі пачатак рамантызму, найбуйнейшыя прадстаўнікі якога драматург і паэт В.​Білдэрдэйк, паэты А.​К.​Старынг, Х.​Толенс, паэт, празаік і публіцыст Э.​І.​Потгітэр, гіст. раманісты Г.​Л.​Босбам-Тусен, Я. ван Ленеп, крытык Я.​Гел. Развіваліся рэаліст. проза (Н.​Бетс, Мультатулі), публіцыстыка (К.​Бюскен Хют), драматургія (Х.​Я.​Схімел). Пад уплывам мадэрнізму ўзнікла літ. група «Пакаленне 80-х», прадстаўнікі якой звярталіся да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, сац. праблем (В.​Клос, Ж.​Перк, Х.​Гортэр, Ф.В. ван Эдэн, Л. ван Дэйсел, А.​Вервей, Ф. ван дэр Гус). У пач. 20 ст. ў падтрымку сац.-дэмакр. і рабочага руху выступілі паэтэса Х.​Роланд-Холст ван дэр Схалк, празаік Х.​Хеерманс. Псіхал.-рэаліст. прозу з элементамі натуралізму стваралі Л.​Куперус, Вервей, М.​Эмантс. У прозе А. ван Схендэла, паэзіі А. ван дэр Леу, К.А. ван Схелтэма адчувальныя ўплывы неарамантызму і сімвалізму. У 1920—30-я г. традыцыі паэтаў «Пакалення 80-х» прадоўжыў П.​К.​Баўтэнс. Вядомасць набыла паэзія традыц. форм М.​Нейхафа. Х.​Ахтэрберга, экспрэсіянісцкая і экзістэнцыялісцкая паэзія і проза Х.​Марсмана, А.​Роланд-Холста, псіхал.-містычныя і гіст. раманы Ф.​Бордэвейка, Ё. ван Амерс-Кюлер, рэліг.-філас. драма В.​Э.​Фрысланда, рэаліст. проза ван Схендэла, С.​Вестдэйка, крытыка і эсэістыка М. тэр Брака, Я.​Грэсхафа. У 1930—40-я г. пашырылася антыфаш. тэматыка (творы Ц. дэ Фрыса, М.​Дэкера, Г.​Бламан). У 1950-я г. ўзнікла паэт. школа т.зв. эксперыменталістаў (Л.​Фроман, Х.​Каўвенар, Люсеберт, Р.​Камперт), да якой у 1960-я г. прымкнулі і празаікі («эксперыментальныя раманы» С.​Полет, Я.​Бернлефа). Побач з экзістэнцыялісцкай л-рай (В.​Ф.​Херманс, А.​Косман) развівалася рэаліст. проза Я.​Волкерса, Х.​Мюліса, Х.​Хасе. Спалучэнне мастацтва з навукай, т. зв. новы стыль, — вызначальная рыса «постэксперыменталістаў» (Х.​Слётэлар, Г.​Верхаген). У 1970-я г. з’явілася новае пакаленне паэтаў і празаікаў («група 70-х гадоў»), якія ў «Маніфесце для 70-х гадоў» выступілі супраць мадэрнізму, заклікалі ствараць л-ру, блізкую і зразумелую для народа (П.​Андрысе, Г.​Пломб). У л-ры 1980-х г. адметнае месца заняла традыцыяналісцкая (К.​Нотэбам, А. ван Хейдэн, Р. ван Рысен) і афарыстычная (К.​Стып) паэзія, наватарская драматургія і філас. паэзія Ю.​Херцберг. Сярод сучасных нідэрл. пісьменнікаў Л.​Ноленс, Г.​Мейсінг, Д.​Мейсінг, Х.​Партакарэра, М.​Харт, В. ван дэр Брук, М. ван Памел і інш. Асобныя творы нідэрл. пісьменнікаў на бел. мову пераклалі Л.​Баршчэўскі, У.​Шатон.

Архітэктура. На тэр. Н. захаваліся мегалітычныя збудаванні эпохі неаліту, рэшткі стараж.-рым. пабудоў (у Валкенбюргу, Элсце). У эпохі сярэднявечча і Адраджэння архітэктура развівалася ў межах адзінай маст. школы на тэр. гіст. правінцыі Н. (гл. Нідэрландскае мастацтва). У 17 ст. пераважалі грамадскія і гандл.-прамысл. збудаванні, звязаныя з суднаходствам і марскім гандлем (будынкі Адміралцейства і Ост-Індскай кампаніі, кварталы гандл. складоў у Амстэрдаме і інш.). З сярэдзіны 17 ст. пашырыўся галандскі варыянт класіцызму, які вызначаўся практычнасцю і прастатой, яснасцю кампазіцыі, стрыманым пластычным дэкорам (Я. ван Кампен, П.​Пост, Ф. і Ю. Вінгбанс). У культавым буд-ве пераважалі сціплыя паводле арх. вырашэння пратэстанцкія цэрквы. У 19 ст. інтэнсіўна забудоўваліся гарады. З 1830-х г. пашырыўся эклектызм, з перавагай рацыянальных арх. форм, звязаных з нац. традыцыямі (Э.​Гюгел, П.І.​Х.​Кёйперс і інш.). У пач. 20 ст. ў горадабудаўніцтве вырашаліся праблемы перанаселенасці, эканам. забудовы. У арх. вырашэнні будынкаў дамінаваў функцыяналізм (Я.І.​П.​Аўд Х.П.Берлаге, Г.​Рытвелд, В.​Дзюдак, К. ван Тра, К. ван Эстэрэн). Рамант.-экспрэсіўную тэндэнцыю развівалі Х.П.К. дэ Базел, М. дэ Клерк і інш. На развіццё архітэктуры Н. паўплывала дзейнасць групы «Стыль». З канца 1940-х г. пошукі новых арх. форм змяніліся рацыянальным разуменнем функцыян. задач архітэктуры (І.​А.​Брынкман, Я.​Дзёйкер і інш.). Сярод лепшых пабудоў: гандл. цэнтр «Лейнбан» з вуліцамі для пешаходаў (1949—53, арх. І.Х. ван дэн Брук, Я.​Б.​Бакема), чыг. вакзал у Ротэрдаме, інтэрнат «Бюргервесхёйс» (1958—60) і аэрапорт Схіпхал (1963—67) у Амстэрдаме, новае крыло музея Кролер-Мюлер (1977) у Отэрла і інш. Стылізатарскі кірунак прадстаўлены работамі дэлфцкіх архітэктараў (малапавярховыя пасёлкі, цэрквы; арх. М.​Я.​Гранпрэ-Мальер і інш.).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Н. выяўлены неалітычная кераміка, творы мастацтва кельтаў, ювелірныя вырабы стараж. германцаў. У эпохі сярэднявечча і Адраджэння мастацтва развівалася ў межах адзінай маст. школы на тэр. гіст. правінцыі Н. (гл. Нідэрландскае мастацтва). У канцы 16 ст. вызначыліся 2 самаст. нац. школы: фламандская (гл. ў арт. Бельгія) і галандская. У 17 ст. пераважалі станковы жывапіс і графіка; пашырыўся караваджызм (Д. ван Бабюрэн, П.​Бор, В.С. дэ Гест, П.Ф. дэ Грэбер, В.​П.​Крабет, П.​Морэлсе, Х.​Тэрбруген, Г. ван Хонтхарст і інш.). У 1620—30-я г. склалася нац. школа рэалізму, якая паўплывала і на развіццё еўрап. мастацтва. Імкненне да выяўлення паўнакроўнасці навакольнага жыцця і натуральнай прыгажосці быт. з’яў прывяло да дыферэнцыяцыі жанраў: партрэт (Ф.Халс, Рэмбрант), пейзаж (Х.Аверкамп, Я. ван Гоен, С. і Я. Ройсдал, А.​Кёйп, Х.​Сегерс, М.​Хобема), нацюрморт (А. ван Беерэн, В.Калф, П.Клас, В.Хеда), быт. (А. ван Астадэ, Я.Вермер, Я.Стэн, Г.Тэрбарх, П. дэ Хох), анімалістычны (Кёйп, П.​Потэр) жанры і інш. У канцы 17 ст. нідэрл. мастацтва заняпала, у творах пашырыліся рысы сухой апісальнасці, знешняй прыгажосці і ідэалізацыі. Высокім маст. узроўнем у 17—18 ст. вызначалася дэкар.-прыкладное мастацтва: вырабы з серабра, дэлфцкі фаянс (выкарыстоўвалі формы і матывы кіт. фарфору), размаляваная кафля, масіўная разная мэбля, маст. тканіны і інш. У 1-й пал. 19 ст. пашырыліся кампазіцыі і партрэты ў духу акадэмізму (Я.​В.​Пінеман), рамант. жанравыя і гіст.-быт. сцэны (А.​Шэфер, Х. тэн Катэ), пейзажы ў традыц. манеры гал. мастацтва (А.​Схелфхаўт). У 2-й пал. 19 ст. развіваліся рэаліст. жывапіс, які працягваў традыцыі мастацтва 17 ст., і імпрэсіянізм. Сярод найб. значных мастакоў Г.​Брэйтнер, Я.​Х.​Вейсенбрух, Іосеф Ісраэлс, Я. і В. Марысы і інш. У 1880-я г. пачаў сваю творчасць В. ван Гог. Жывапіс і графіка мяжы 19—20 ст. адметныя рысамі сімвалізму і мадэрну (Я.​Торап, І.​Торн-Прыкер). У пач. 20 ст. вял. ўплыў на мастацтва Н. зрабіла групоўка «Стыль». Склалася самаст. школа скульптуры (М.​Андрысен, Х.​М.​Везелар, Л.​Зейл, Х.​Кроп, І.​Мендэс да Коста, Дж.​Радэкер, Л.​Х.​Сондар і інш.). Развіваліся абстрактнае мастацтва (К.​Апел, А.​Волтэн, Т. ван Дусбург, П.Мондрыян, Б. ван дэр Лек), экспрэсіянізм (Я.​Слёйтэрс), сюррэалізм, поп-арт, кінетычнае мастацтва. З 1960-х г. мастацтва Н. развіваецца ў традыцыях пач. 20 ст. У дэкар.-прыкладным мастацтве высокім маст. узроўнем вызначаюцца мэбля, шкло і тканіны па праектах арх. Х.​П.​Берлаге і Г.​Рытвелда, маст. кераміка, дыванаткацтва.

Музыка. Элементы стараж. песень зафіксаваны ў герм. эпасе «Песня пра Нібелунгаў». З сярэднявечча пашыраны эпічныя, абрадавыя, быт., лірычныя нар. песні, песні пратэсту (рух флагелантаў у 15 ст., гёзы ў рэвалюцыю 16 ст.). Бытавалі і нар. танцы. Нар. муз. мастацтва распаўсюджвалі менестрэлі — выканаўцы на шалмеях, арфе, віёле, псалтэрыі. Пачатак прафес. музыкі звязаны з манастырскай культурай, якая мела высокі ўзровень ужо ў 9—10 ст. (Хукбальд). Мясц. муз. традыцыя ўзбагачалася дасягненнямі інш. муз. культур, што садзейнічала ўздыму Нідэрландскай школы ў 15—16 ст. У 17 ст. пашырыліся інстр. жанры, пратэстанцкія псалмы, расквітнела арганная музыка (Я.​П.​Свелінк). Інтэнсіўна развівалася муз. жыццё гарадоў, ствараліся калегіі аматараў музыкі, аркестры, першыя нідэрл. оперы («Пераможнае каханне» К.​Хакварта). У 1-й пал. 19 ст. акрэсліўся ўздым нац. музыкі, павялічылася ўвага да нац. культуры, фальклору (І Ферхюлст, Р.​Хол, В.​Нікалаі), адкрываліся муз. школы, ствараліся муз. т-вы. На мяжы 20 ст. ўзнікла нац. кампазітарская школа (Б.​Зверс, А.​Дыпенбрак, І.​Вагенар і іх паслядоўнікі). Пачалося выкарыстанне ў творчасці нац. муз. фальклору (Ю.​Ронтген). Развіваліся праграмная сімф. музыка (Зверс, Вагенар, К.​Допер), нац. опера (Ронтген). Пачала фарміравацца школа нідэрл. дырыжораў, якія выступалі з сімф. аркестрам т-ва «Кансертгебаў» (сярод кіраўнікоў В.​Кес, В.​Менгельберг, Э.А. ван Бейнум, Э.​Іохум, В. ван Отэрла, Б.​Хайтынк). Паявіліся оперныя трупы, оперныя артысты (Я.​Урлюс, А. ван Рой). Пасля 1-й сусв. вайны ў музыцы Н. узніклі новыя стылістычныя тэндэнцыі, звязаныя з выкарыстаннем еўрап. прынцыпаў кампазіцыі, у т. л. санорыкі, політанальнасці і інш. (Х.​Загвейн, М.​Фермелён, Д.​Ройнеман, С.​Дрэсдэн). Сярод найб. значных сучасных кампазітараў В.​Пейпер і яго вучні Г.​Ландрэ, Х.​Бадынгс, Р.​Эсхер, Я.​Герадс, О.​Кетынг, Х.​Кокс, Т. дэ Леуў, П.​Схат і інш. У Н. праводзяцца міжнар. муз. фестывалі, у т. л. адзін з буйнейшых у Еўропе Нідэрл. муз. фестываль, і конкурсы, у т. л. арганістаў (з 1951), выканаўцаў на карыёне (з 1959). Працуюць: оперны т-р «Дэ Недэрландсе опера», оперныя кампаніі «Дэ Зёйд-Недэрландсе опера» і «Форум», кампанія «Нідэрландскі балет», 12 сімф. аркестраў, у т. л. Амстэрдамскі, Гаагскі каралеўскі арк. «Рэзідэнсі», хар. аб’яднанне «Голас народа», мужчынскі хор «Апола», хор «Гаагскія спевакі» і інш.; 7 кансерваторый, 3 муз. ліцэі, ф-ты гісторыі і тэорыі музыкі ва ун-тах Амстэрдама, Лейдэна, Утрэхта.

Тэатр. З канца 12 ст. на тэр. Н. наладжваліся прадстаўленні царк. і свецкіх драм. твораў. У 2-й пал. 15 ст. ўзніклі аматарскія т-вы л-ры і тэатра, т. зв. камеры рытараў, звязаныя з нац.-вызв. рухам (ставілі містэрыі, міраклі, маралітэ, у 1606 паказы забаронены). У пач. 17 ст. паявіліся першыя пастаянныя т-ры. Цэнтрам тэатр. жыцця стаў «Амстэрдамскі гарадскі тэатр» (1638, створаны на аснове «Нідэрландскай акадэміі», засн. ў 1617 С.​Костэрам). У яго рэпертуары п’есы І. ван дэн Вондэла, Г.​А.​Брэдэра, П.​К.​Хофта. Існавала шмат вандроўных труп. Сярод вядучых акцёраў таго часу І.​К.​Ватыр-Зісеніс, А.К. ван Гермез, Г.​І.​Грэвелінк, Л.​Карлсзан, М.​Корвер, А.​Ноземан, Я.​Пюнт, В. ван дэр Хувен. У 18—19 ст. т-р знаходзіўся пад моцным замежным уплывам. Уздыму нац. т-ра садзейнічала арганізацыя ў Амстэрдаме ў 1870 аб’яднання «Сцэнічны саюз Нідэрландаў», пры якім у 1875 адкрыўся т-р «Нідэрландская сцэна» (узначальваў В.​Роярдс). У 1888 створаны т-р «Нідэрландскае сцэнічнае аб’яднанне» (з 1912 кіраўнік Г.​Хеерманс, з 1917 — Э.​Феркадэ), у рэпертуары п’есы Хеерманса, М.​Эмантса, Ф.В. ван Эдэна, А.​Стрындберга, Г. фон Гофмансталя, выступалі акцёры Л.​Баўместэр, Я.​Мюс, Р.​Хопер і інш. У 1910—30-я г. свае трупы ўзначальвалі акцёры і рэжысёры Роярдс, Феркадэ, Л.​Салбарн і інш. У 1920-я г. пашыраны аматарскія калектывы. У 1920 Хеерманс адкрыў у Амстэрдаме «Карэ тэатр». У 1940—60-я г. вядучымі калектывамі былі «Гаагская камедыя» (кіраўнікі К.​Ласёр, П.​Стэнберген) і «Нідэрл. камедыя» (пад кіраўніцтвам Х.В. ван дэр Берга і І. дэ Местра) у Амстэрдаме. З 1950-х г. ставяцца п’есы нац. драматургаў Я.​Стала, С.​Нотэбама, Я. ван дэр Мерве і сусв. класікі. Т-ры працуюць у гарадах Амстэрдам, Арнем, Гаага, Ротэрдам, Эйндхавен, у краіне шмат тэатр. кабарэ, ёсць эксперым. трупа, т-р для дзяцей. Сярод сучасных майстроў сцэны Л. дэ Бур, А. ван Далсюм, К. ван Дэйк, Ф.​Карэлсен, Ш.​Кёлер, Э. ван Лінген, Ж.​Роярдс-Сандберг, В.​Фос, Г.​Хермюс.

Кіно. У 1898 зняты першы дакумент. фільм-рэпартаж «Каралеўская сям’я» (рэж. Андэрсен), у 1902 — ігравы кароткаметражны фільм «Прыгоды санкюлота» (рэж. А. і В. Муленсы). У 1910—19 у Харлеме існавала першая кінастудыя, якая выпускала дакумент. і кароткаметражныя ігравыя фільмы. У 1920-я г. нац. кінавытворчасць заняпала. У 1927 у Амстэрдаме створана аб’яднанне «Фільм-ліга» на чале з І.Івенсам, якое імкнулася абнавіць мову дакумент. кіно («Мёртвая вада», рэж. Г.​Рутэн; «Зёйдэр-Зе», рэж. Івенс, абодва 1934). Сярод інш. твораў дакумент. кіно «Свет крышталёў» (рэж. Я.​Мол), «Востраў Вялікадня» (рэж. Дж.​Ферну; абодва 1934), «Стары горад» (1935, рэж. В.​Тухінскі), «Балада пра цыліндр» (1936, рэж. М. дэ Хас). Для школы дакумент. кіно характэрны пошук сродкаў выразнасці, паэтычнае адлюстраванне рэчаіснасці ў спалучэнні з вострай публіцыстычнасцю. У 1933 зняты першы гукавы ігравы фільм «Бацька радзімы» (рэж. Г.​Я.​Тэнісен). У 1930-я г. маст. фільмы ставілі пераважна эмігранты з Германіі. У 1945—50 выпускалі дакумент. стужкі, прысвечаныя руху Супраціўлення (рэж. Р.​Хорнекер, П.​Рота, Ферну, О. ван Неенхаф і інш.). Сярод маст. фільмаў канца 1950—70-х г. «Фанфары» (1958), «Голас вады» (1967, рэж. абодвух Б.​Ханстра), «Месье Хавардэн» (1969, рэж. Х.​Кюмель), «Калегі, спыніце шум» (1960), «Міра» (1971, сумесна з Бельгіяй), «Макс Хавелаар» (паводле Мультатулі, 1976; рэж. усіх Ф.​Радэмакерс), «Франк і Ева» (1973, рэж. П. дэ ла Пара), «Салдат каралевы» (1977, рэж. П.​Верхувен) і інш. З 1980-х г. пачаўся ўздым кінематографа Н.: «Задыхаючыся» (1982, рэж. М.​Сакс), «Кафэ-марожанае» (1984, рэж. Д.​Ф.​Франк), «Аранжавы салдат» (1984, рэж. Верхувен). Сярод фільмаў 1980—90-х г. — «Знікненне» (рэж. Дж.​Слёйзер), «Моц» (рэж. Ф.​Фокеш; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю жаночага кіно ў Мінску, 1999), «Прыгажуня» (рэж. І.​Ахтэм), «Эліне Вера» (рэж. Кюмель), «Ава і Габрыэль» (рэж. Ф. дэ Руй), «Флодэр будуе Манхатан» (рэж. К.​Хім) і інш. Сярод кінаакцёраў В. ван Алмерай, В.​Андэрсен, К.​Брусе, І.​Блуменг, М. ван дэ Вен, Т.​Ленсінк, П.​Фабер, Р. дэ Хоер, Э.​Хойтынг, Т.​Хююрдэман і інш., рэжысёраў — Верхувен, П.​Парэ, І.​Стэлінг, В.​Хаанстра, Х.​Хілкем і інш. Буйнейшыя кінакампаніі — «Алартс», «Анімейтэд Піпл», «Скорпіо-філмс» і інш., кінастудыі — «Сінесентрум», «Карылан-філмс» і інш. У Амстэрдаме і Ротэрдаме праводзяцца міжнар. кінафестывалі дакумент. кіно. Кінематаграфістаў рыхтуюць Кінаінстытут у Амстэрдаме (з 1948) і Акадэмія кіно (з 1958).

Літ.:

Чистозвонов А.Н. Реформационное движение и классовая борьба в Нидерландах в первой половине XVI в. М., 1964;

Серебряный Л.Р. Нидерланды: традиции и современность. М., 1990;

Ошис В.В. История нидерландской литературы. М., 1983;

Крашенинникова Н.Л. Современная архитектура Нидерландов (Голландия). М., 1971;

Виппер Б.Р. Становление реализма в голландской живописи XVII в. М., 1975;

Яго ж. Очерки голландской живописи эпохи расцвета (1640—1670). М., 1962;

Ротенберг Е.И. Западноевропейское искусство XVII в. М., 1971;

Тарасов Ю.А. Голландский пейзаж XVII в. М., 1983.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​І.​Сініца (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узбр. сілы), Н.​М.​Якавец (асвета. навук. ўстановы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне), Л.​П.​Баршчэўскі (літаратура), Г.​У.​Шур (кіно).

Герб і сцяг Нідэрландаў.
Да арт. Нідэрланды. Газавыя ўстаноўкі ў Слохтэрэне, на поўначы краіны.
Да арт. Нідэрланды. Нафтаачышчальны завод на захадзе краіны.
Да арт. Нідэрланды. Польдэры.
Да арт. Нідэрланды. Рака Рэйн у Ротэрдаме.
Да арт. Нідэрланды. Узяцце «марскімі гёзамі» г. Брыл у 1572. Гравюра 1583.
Да арт. Нідэрланды. Руіны г. Ротэрдам. Май 1940.
Да арт. Нідэрланды. Набярэжная канала ў Амстэрдаме.
Да арт. Нідэрланды. Рэмбрант. Начны дазор. 1642.
Да арт. Нідэрланды. Я.​Вермер. Майстэрня жывапісца. 1665—70.
Да арт. Нідэрланды. Кафлянае пано. Дэлфцкі фаянс. Каля 1700.
Да арт. Нідэрланды. П.​Мондрыян. Кампазіцыя. 1929.

т. 11, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКА І НАВУКОВЫЯ ЎСТАНОВЫ

Навука на Беларусі мае глыбокія гістарычныя вытокі і непарыўна звязана з гісторыяй развіцця грамадства, ростам гарадоў і патрэбамі вытворчасці, праблемамі нац. і сац. развіцця.

СТАНАЎЛЕННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ.

Першыя навук. ўяўленні адносяцца да 7—8 ст., калі ў плямён, што насялялі тэр. Беларусі, пачалося адасабленне такіх рамёстваў, як ліцейнае, кавальскае, ганчарнае, ткацкае. Развіццё іх было немагчыма без пэўных фіз. і фізіка-хім. ведаў. Так, пры атрыманні жалеза з балотных руд нашы продкі маглі з вялікай дакладнасцю вытрымліваць неабходную для гэтага тэмпературу больш за 1000 °C. Эмпірычныя звесткі ў галіне фізікі і механікі паспяхова выкарыстоўваліся пры ўзвядзенні культавых і абарончых збудаванняў, пракладцы дарог і будаўніцтве мастоў. Назіранні за атм. з’явамі адлюстроўваліся ў нар. прыкметах, звязаных з прадказаннем надвор’я, неабходных для земляробства і жывёлагадоўлі (адно з першых пісьмова зафіксаваных метэаралаг. назіранняў датуецца 3.3.1067). Да 13 — пач. 14 ст. адносіцца стварэнне на тэр. Беларусі ўласнай сістэмы мер — так званай Полацкай сістэмы.

Развіццё навук. ідэй на бел. землях адбывалася ў цеснай узаемасувязі з асн. тэндэнцыямі развіцця сусветнай цывілізацыі. Распаўсюджванне хрысціянства на старажытнабел. землях паскорыла развіццё пісьменства, літаратуры, культуры і ўлучыла іх у агульнаеўрапейскі гіст.-культурны ландшафт, спрыяла ўмацаванню сувязей з Візантыяй, дзяржавамі Зах. Еўропы. У манастырах і храмах ствараліся бібліятэкі, вяліся летапісы, перапісваліся кнігі. Такія асветнікі стараж. Беларусі, як Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі, сталі зоркамі першай велічыні ў культ. жыцці Усх. Еўропы. Для распаўсюджвання прыродазнаўчых ведаў на тэр. Беларусі асаблівую ролю адыгрывала навук. літаратура, якая праз Беларусь трапляла ва Усх. Еўропу. Яна ўключала звесткі пра антычную навуку, знаёміла з працамі Дэмакрыта, Платона, Арыстоцеля і інш.

Развіццё навук. ідэй у 16 ст. звязана з навукова-асветніцкай дзейнасцю М.​Гусоўскага, Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, М.​Стрыйкоўскага. У 1517 Ф.​Скарына заснаваў бел. кнігадрукаванне, у 1522 выдаў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой былі звесткі па многіх галінах ведаў. У 1553 па ініцыятыве і фінансавай падтрымцы М.​Радзівіла заснавана друкарня ў Брэсце, дзе кнігі друкаваліся на лацінскай і польскай мовах. У 1562 С.​Будны заснаваў друкарню ў Нясвіжы.

Значнае месца ў пашырэнні адукацыі і навук. ведаў займалі навуч. ўстановы. Пачатковыя школы ствараліся пры правасл. прыходскіх цэрквах і брацтвах Сярэднюю і вышэйшую адукацыю можна было атрымаць у каталіцкіх навуч. установах — калегіумах, дзе выкладаліся т зв «сем вольных навук»: граматыка, дыялектыка, рыторыка, музыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія. Асноўнае выкладанне ішло на бел. мове, выкарыстоўвалася таксама лацінская, грэчаская і польская мовы. У 1570 адкрыта першая ў ВКЛ вышэйшая навуч. ўстанова — Езуіцкі калегіум у Вільні (у 1578 ператвораны ў Віленскую акадэмію, з 1781 — Галоўная школа літоуская, з 1803 — Імператарскі Віленскі ун-т), які стаў першым навук. цэнтрам і на бел. землях. У 19 ст. Віленскі ун-т быў навуч. і адм. цэнтрам Віленскай навуч. акругі, у склад якой уваходзілі Віцебская, Гродзенская, Мінская і Магілёўская губ. Ён адыграў выключную ролю ў культ. развіцці Беларусі, пашырэнні прыродазнаўчай адукацыі, падрыхтоўцы настаўнікаў для гімназій Віленскай навуч. акругі і выкладчыкаў для самога ун-та. За гады свайго існавання ун-т даў свету шмат таленавітых навукоўцаў — ураджэнцаў Беларусі. Сярод іх: М.​Пачобут-Адляніцкі — заснавальнік віленскай астранамічнай школы і першы дырэктар Віленскай абсерваторыі, І.​Дамейка — геолаг, прафесар ун-та ў Сант’яга (Чылі), С.​Горскі — заг. батанічнага саду Віленскага ун-та, В.​Міцкевіч — заснавальнік фіз. школы ў Вільні, М.​Ястржэмбскі — лаўрэат Дзямідаўскай прэміі, аўтар першага ў Расіі дапаможніка па буд. механіцы («Курс практычнай механікі», 1837), І.​Гайдэталь — інжынер, ген.-маёр, кіраўнік работ па ўдасканальванні Агінскага канала, Ё.​Лібошык — лекар і батанік, доктар медыцыны і хірургіі Дэрпцкага ун-та. М.​Палінскі — матэматык, дэкан фізіка-матэм. ф-та Віленскага ун-та, юрыст С.​Казакевіч і інш.

З 1580 дзейнічаў Полацкі езуіцкі калегіум (у 1812 ператвораны ў акадэмію), з 1586 — Нясвіжскі, з 1633 Брэсцкі, з 1664 — Гродзенскі, з 1714 — Мінскі езуіцкія калегіумы. Пры калегіумах існавалі бібліятэкі, музеі, друкарні, тэатры, аптэкі. У 16—18 ст. езуіты адкрылі на Беларусі 20 навуч. устаноў, якія спрыялі распаўсюджванню асветы, дасягненняў сусветнай навукі, падрыхтоўцы нац. інтэлігенцыі. У 1-й пал. 18 ст. ў езуіцкіх калегіумах і інш. установах пачалі выкладаць эксперым. навукі, сталі адкрывацца астранамічныя, фізічныя, мінералагічныя і інш. кабінеты, што адпавядала агульнаеўрапейскім тэндэнцыям Значную ролю ў пашырэнні прыродазнаўчых ведаў на Беларусі адыграла Каралеўская медыцынская акадэмія (1775—81), заснаваная ў Гродне А.​Тызенгаўзам. Яе кіраўнік — франц. ўрач і вучоны-натураліст, даследчык флоры Літвы і Беларусі Ж.​Э.​Жылібер.

У 17—18 ст. вялі навук. даследаванні і распаўсюджвалі веды ў галіне астраноміі, хіміі, геаграфіі, біялогіі, гісторыі, этнаграфіі і інш. навук Б.​Дабшэвіч, С.​Канарскі, І.​Капіевіч, О.​Крыгер, Я.​Накцыяновіч, К.​Нарбут, А.​Скарульскі, І.​Страйноўскі, І.​Храптовіч, С.​Шадурскі і інш. У 1-й пал. 19 ст. як частка славістыкі зарадзілася навук. беларусазнаўства (працы В.​Бадзянскага, З.​Даленгі-Хадакоўскага, П.​Шафарыка). Арганізатары гэтых даследаванняў — Віленскі ун-т, віленскія Археалагічная і Археаграфічная камісіі. Уклад у развіццё беларусазнаўства зрабілі ўраджэнцы Беларусі: гісторыкі М.​Без-Карніловіч, І.​Грыгаровіч, Т.​Нарбут, лінгвісты С.​Мікуцкі, І.​Насовіч, этнограф П.​Шпілеўскі, археолагі і краязнаўцы браты К. і Я. Тышкевічы. публіцыст Я.​Падбярэскі. У 1860—90-я г. бел. этнас даследавалі М.​Дзмітрыеў, М.​Доўнар-Запольскі, Я.​Карскі, Ю.​Крачкоўскі, І.​Насовіч, М.​Нікіфароўскі, А.​Семянтоўскі, М.​Янчук і інш.

У 1840 каля мястэчка Горкі (Магілёўская губ.) адкрыта Горы-Горацкая земляробчая школа (з 1848 Горы-Горацкі земляробчы інстытут) — першая ў Расіі вышэйшая с.-г. навуч. ўстанова (у 1864 пераведзены ў Пецярбург). Ін-т адыграў вял. ролю ў развіцці навукі і падрыхтоўцы спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Яго выпускнікі прафесары А.​Бажанаў, Ю.​Жабенка, С.​Касовіч, А.​Людагоўскі, А.​Саветаў, І.​Сцебут, Е.​Фалькоў, І.​Чарнапятаў і інш. зрабілі ўклад у развіццё с.-г. навукі і вышэйшай адукацыі.

У 2-й пал. 19 ст. навук. даследаванні праводзіліся гал. чынам у навук. кабінетах гімназій, прыватных н.-д. лабараторыях. Уклад у развіццё прыродазнаўчых ведаў зрабілі В.​Баранецкі, І.​Весялоўскі, Дз.​Дубяга, Б.​Дыбоўскі, В.​Ермакоў, браты А. і У. Кавалеўскія, Я.​Наркевіч-Ёдка, Я.​Рагоўскі, браты З. і Э. Урублеўскія, К.​Чаховіч і інш. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі існавалі 3 н.-д. ўстановы: Беняконская с.-г. доследная станцыя, станцыя лекавых раслін пад Магілёвам (абедзве засн. ў 1910) і Мінская доследная балотная станцыя (з 1911). Пэўная навук. работа вялася ў Віцебскім, Мінскім і Магілёўскім настаўніцкіх ін-тах (засн. адпаведна ў 1910, 1913 і 1914), у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та (дзейнічаў у 1911—22, з 1918 — Віцебскі археал. ін-т).

Вокладка «Малой падарожнай кніжкі» Ф.​Скарыны. Каля 1522.
Будынак Віленскай акадэміі (18 ст.).
Будынак Горы-Горацкага земляробчага інстытута (г. Горкі Магілёўскай вобл. 19 ст.).

РАЗВІЦЦЁ НАВУКІ Ў БССР.

Больш шырокія маштабы набыло развіццё навукі і навук. устаноў пасля ўтварэння БССР. У 1919 адноўлены земляробчы ін-т у Горках (з 1925 Беларуская с.-г. акадэмія), створаны Віцебскі батанічны сад. У 1920 на базе політэхн. вучылішча засн. Беларускі політэхнічны інстытут (БПІ), які у 1922 рэарганізаваны ў Бел. дзярж. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (у 1925 аб’яднаны з Горацкім земляробчым ін-там); у 1924 — Віцебскі ветэрынарны ін-т, у 1927 — Ін-т сельскай і лясной гаспадаркі. У 1921 у Мінску адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт (БДУ), які стаў цэнтрам падрыхтоўкі нац. навук. і пед. кадраў і сістэматызаваных навук. даследаванняў у галіне фіз.-матэм., хім., біял., мед. і гуманітарных навук. Спец. камісія садзейнічання арганізацыі БДУ (узначальваў рэктар Маскоўскага ун-та В.​П.​Волгін) рэкамендавала для работы ў БДУ групу прафесараў з Маскоўскага, Петраградскага, Кіеўскага, Харкаўскага і інш. ун-таў; БДУ была перададзена багатая бібліятэка і абсталяванне; фінансавую дапамогу аказвалі Рас. АН, Маскоўскі ун-т, Наркамат асветы і інш. наркаматы РСФСР. Першы яго рэктар — гісторык У.​І.​Пічэта. У БДУ працавалі вядомыя вучоныя С.​Я.​Вальфсон, Ц.​М.​Годнеў, Я.​П.​Громер, М.​Б.​Кроль, М.​М.​Нікольскі, В.​І.​Пераход, У.​М.​Перцаў, М.​А.​Прыляжаеў, Я.​Е.​Сіроцін інш.

У 1922 на базе навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР створаны першы н.-д. цэнтр рэспублікі — Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Яго старшынёй стаў С.​М.​Некрашэвіч, правадз. членамі — Я.​Ф.​Карскі, Я.​Ю.​Лёсік, І.​Д.​Луцэвіч (Я.​Купала), К.​М.​Міцкевіч (Я.​Колас). Навукова-даследчая работа ў Інбелкульце вялася па гуманітарных і прыродазнаўчых кірунках у яго лінгвістычнай, літаратурна-мастацкай, этнаграфічнай, гісторыка-археалагічнай, педагагічнай, прыродазнаўчай і сацыяльна-эканамічнай камісіях і секцыях; з 1924 працавалі геаграфічная, медыцынская і агранамічная секцыі. Цэнтр. бюро краязнаўства пры Інбелкульце кіравала краязнаўчымі арг-цыямі БССР. Пры ін-це заснаваны музей прыроды Беларусі, бібліятэка, друкарня. Каб падняць узровень навук. даследаванняў, у 1926 Інбелкульт пераўтвораны ў Дзярж. н.-д. ўстанову пры СНК БССР. У 1927 у складзе Інбелкульта былі 3 ін-ты, 17 кафедраў (пераважна грамадскіх навук), 3 лабараторыі, шэраг камісій і 3 музеі.

Зыходзячы з патрэб развіцця нар. гаспадаркі і культуры, у 1928 урад БССР ператварыў Інбелкульт у Беларускую акадэмію навук, якая была ўрачыста адкрыта 1.1.1929. Сярод першых яе акадэмікаў-заснавальнікаў. Я.​М.​Афанасьеў, М.​Ф.​Бліадухо, С.​Я.​Вальфсон, С.​М.​Вышалескі, Г.​І.​Гарэцкі, М.​О.​Грэдзінгер, А.​Д.​Дубах, М.​М.​Дурнаво, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), І.​І.​Замоцін, У.​М.​Ігнатоўскі, В.​У.​Ластоўскі, Я.​Ю.​Лёсік, І.​Д.​Луцэвіч (Я.​Купала), М.​К.​Малюшыцкі, С.​Ю.​Матулайціс, К.​М.​Міцкевіч (Я.​Колас), С.​М.​Некрашэвіч, У.​І.​Пічэта, І.​А.​Пятровіч, Б.​А.​Тарашкевіч, А.​Н.​Ясінскі. Акадэмікамі былі абраны вядомыя савецкія вучоныя А.​П.​Карпінскі, В.​Р.​Вільямс, Д.​К.​Забалотны, М.​Я.​Мар, С.​Ф.​Альдэнбург, М.​М.​Пакроўскі, М.​А.​Скрыпнік, П.​А.​Туткоўскі, М.​І.​Яворскі. Першым прэзідэнтам акадэміі абраны У.​М.​Ігнатоўскі (1929—31), віцэ-прэзідэнтамі — М.​І.​Бялуга, С.​М.​Некрашэвіч, неадменным сакратаром — В.​У.​Ластоўскі.

У 1931 пастановай СНК БССР функцыі Акадэміі навук былі пашыраны. На яе ўскладзена планаванне работы ўсіх н.-д. устаноў Беларусі, кантроль за выкананнем планаў навук. даследаванняў і ўкараненнем у вытворчасць іх вынікаў. Акадэмія стала цэнтральнай навук. установай рэспублікі. У 1932 у сістэме Бел. АН дзейнічала 14 інстытутаў: філасофіі, мовазнаўства, літаратуры і мастацтва, гісторыі, сав. будаўніцтва і права, эканомікі, яўрэйскай пралетарскай культуры, польскай пралетарскай культуры, біял. навук, аграглебавы, хіміі, геалогіі, фізіка-тэхнічны, псіханеўралагічны; 2 сектары — літоўскі і латышскі. У ін-тах працавалі 22 правадз. члены, 150 навук. супрацоўнікаў. Як самастойныя ўстановы працавалі камісія па вывучэнні Зах. Беларусі, Цэнтр. бюро краязнаўства, выдавецтва, бібліятэка. Для падрыхтоўкі навук. кадраў у 1931 створаны Ін-т аспірантуры.

У 1930 у Гомелі адкрыты Бел. лесатэхн. ін-т. У гады 1-й пяцігодкі (1928—32) дробныя спецыялізаваныя ВНУ Беларусі былі аб’яднаны, створана некалькі ведамасных н.-д. устаноў. На базе Бел. с.-г. акадэміі ў 1931 заснаваны НДІ: садова-агародны, водна-меліярацыйны, кармавых культур і аграхіміі, прадзільных культур. У 1932 на базе Ін-та сацыяліст. рэканструкцыі сельскай гаспадаркі створаны 2 НДІ: саўгаснага і калгаснага будаўніцтва. Былі заснаваны свінагадоўчы, балотны, ветэрынарны, гідраметэаралагічны і інш. НДІ, 15 занальных станцый і шэраг апорных н.-д. пунктаў. У 1929 на базе хім. лабараторыі Савета нар.-гаспадаркі БССР створаны Ін-т прамысловасці з сектарамі: торфу, будматэрыялаў, мінер. угнаенняў, тэкстыльным, энергетычным, сапрапеляў, скуранога абутку, паперы і інш. У 1924 пачалі дзейнічаць НДІ: эпідэміялогіі і мікрабіялогіі; фізіятэрапіі, артапедыі і неўралогіі; у 1927 — санітарна-гігіенічны; земляробства і кармоў; геолагаразведачны; у 1928 — туберкулёзу; у 1930 — меліярацыі і лугаводства; у 1931 — аховы мацярынства і дзяцінства; глебазнаўства і аграхіміі; у 1932 — пералівання крыві; скурных і венерычных хвароб. У 1933 адкрыты Бел. ін-т нар. гаспадаркі, абнавіў дзейнасць Бел. політэхн. ін-т (былі аб’яднаны мінскія энергетычны, будаўнічы, тарфяны, хіміка-тэхнал., харчовай прам-сці і Горацкі водна-меліярац. ін-ты). У БССР працавалі філіялы ўсесаюзных НДІ, занальныя навук. станцыі. Да канца 1-й пяцігодкі ў БССР працавала больш за 50 н.-д. устаноў: у галіне прамысловасці 6, сельскай гаспадаркі 23, аховы здароўя 10, культурна-асветных 12, па нацыянальным будаўніцтве 5 і інш. У 1932 у БССР было 940 навук. супрацоўнікаў, у т. л. 23 акадэмікі, 118 прафесараў, 278 дацэнтаў, 521 асістэнт. У 1940 у 67 навук. установах (з ВНУ) працавала 2227 навук. супрацоўнікаў. У 1939/40 навуч. годзе падрыхтоўку педагагічных, навук. і інжынерна-тэхн. кадраў ажыццяўлялі 22 ВНУ.

Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы навук. кадраў для Беларусі аказалі навуковыя і вышэйшыя навуч. ўстановы Масквы, Ленінграда, Кіева і інш. навук. цэнтраў СССР, дзе праходзілі падрыхтоўку бел. аспіранты. Многія з іх зрабілі значны ўклад у развіццё бел. навукі (М.​А.​Барысевіч, М.​М.​Паўлючэнка. А.​Н.​Сеўчанка, Ф.​І.​Фёдараў і інш.).

У даваенны час н.-д. ўстановы рэспублікі выканалі грунтоўныя даследаванні ў галіне геалогіі, батанікі, заалогіі, фізіялогіі, біяхіміі, фотасінтэзу, медыцыны, фіз.-матэм., тэхн., хім., мастацтвазнаўчых, эканамічных і інш. навук. Значны ўклад зроблены ў распрацоўку праблем здабычы, сушкі і спальвання торфу, вывучэнне хім. саставу торфу і сапрапеляў, асушэнне і асваенне балот і забалочаных зямель, вывядзенне новых сартоў бульбы, лёну, павышэнне ўраджайнасці с.-г. культур, выкарыстанне лясных рэсурсаў. У галіне грамадскіх навук вучоныя рэспублікі даследавалі гісторыю, эканоміку, культуру, фалькларыстыку Беларусі. Значныя даследаванні прысвечаны гістарыяграфіі, крыніца-, архіва- і краязнаўству, праблемам гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны. Даследаванні філосафаў былі сканцэнтраваны на вывучэнні заканамернасцей развіцця сацыяліст. грамадства. адносін сав. дзяржавы да культурнай спадчыны мінулага і інш. У 1936 Бел. акадэмія навук перайменавана ў Акадэмію навук БССР.

Пэўныя цяжкасці ў развіцці навукі ў БССР у гэты перыяд былі абумоўлены недахопам высокакваліфікаваных навук. кадраў, а таксама беспадстаўнымі рэпрэсіямі. Толькі ў АН БССР рэпрэсіравана больш за 140 супрацоўнікаў; сярод іх акадэмікі Я.​М.​Афанасьеў, Ц.​Л.​Бурстын, Г.​І.​Гарэцкі, П.​В.​Горын, А.​Д.​Дубах, В.​У.​Ластоўскі, Я.​Ю.​Лёсік, С.​Ю.​Матулайціс, С.​М.​Некрашэвіч, У.​І.​Пічэта, В.​А.​Сербента, І.​З.​Сурта, Б.​А.​Тарашкевіч, В.​К.​Шчарбакоў і інш. Гэта адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў, была згорнута падрыхтоўка кадраў (калі ў 1934 у Акадэміі навучаліся 139 аспірантаў, то ў 1938 — толькі 6). У 1938 рэарганізацыяй ці зліццём з інш. ўстановамі скасаваны ін-ты фізіка-тэхнічны, філасофіі і эканомікі. У выніку фактычна былі закрыты цэлыя навук. кірункі, што прычыніла вял. шкоду развіццю навукі. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, навук. даследаванні канцэнтраваліся ў Віленскім ун-це, Бел. навук. таварыстве, Ін-це гаспадаркі і культуры.

У гады Вял. Айч. вайны ўсе НДІ і ВНУ Беларусі былі эвакуіраваны або знішчаны. Паводле рашэння Савета па эвакуацыі пры СНК СССР ад 7.7.1941 члены АН Беларусі і інш. высокакваліфікаваныя вучоныя накіроўваліся ў Ташкент на працу ў н.-д. і ВНУ. Значная частка супрацоўнікаў АН Беларусі ў час вайны працавала ў Маскве, у ін-тах АН СССР, інш. НДІ і ВНУ. У кастр. 1943 у Маскве аднавіў работу Прэзідыум АН Беларусі на чале з прэзідэнтам К.​В.​Горавым. Бел. вучоныя і ў гэты перыяд выканалі грунтоўныя навук. даследаванні па распрацоўцы новых тэхнал. працэсаў, зрабілі ўклад у вырашэнне пытанняў павелічэння ўрадлівасці с.-г. культур, павелічэння сыравінных рэсурсаў краіны. Б.​В.​Ерафееў распрацаваў і арганізаваў вытворчасць празрыстай брані з арганічнага шкла для авіяц. прамысловасці, С.​М.​Ліпатаў прапанаваў новы метад дээмульсацыі нафты, М.​Ф.​Ярмоленка — прынцып ачышчэння нафты ад серы. М.​С.​Акулаў займаўся ўдасканальваннем прыбораў неразбуральнага кантролю прамысл. прадукцыі, Ц.​М.​Годнеў — распрацоўкай метадаў захавання вітамінаў у прадуктах пры працяглым іх захоўванні, О.​К.​Кедраў-Зіхман — метадамі выкарыстання ўгнаенняў, А.​Я.​Пракапчук — вытворчасцю лекавых прэпаратаў.

У 1944 пасля вызвалення Беларусі ў АН БССР пачалі працаваць ін-ты: гісторыі; мовы, літаратуры і мастацтва; эканомікі; сацыяліст. сельскай гаспадаркі; геалогіі; тэарэтычнай і клінічнай медыцыны; торфу; хіміі; а таксама фізіка-тэхн. лабараторыя, водагаспадарчы сектар, батанічны сад і інш. У пач. 1950-х г. навуковы патэнцыял Беларусі быў практычна адноўлены; значную дапамогу ў гэтым аказалі АН СССР і акадэміі навук саюзных рэспублік У 1947 заснаваны ін-ты механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, філасофіі і права, фізіка-тэхнічны і біялогіі; у 1950 — ін-ты жывёлагадоўлі і лесу; у 1951 — мовазнаўства (на базе сектара мовы Ін-та мовы, літаратуры і мастацтва. зараз імя Я.​Коласа); у 1952 — энергетыкі (з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену, зараз імя А.​В.​Лыкава); у 1953 — фізіялогіі (на базе Ін-та тэарэт. медыцыны); у 1955 на базе сектара фізікі і матэматыкі Фізіка-тэхн. ін-та — Ін-т фізікі і матэматыкі (у 1959 перайменаваны ў Ін-т фізікі, зараз імя Б.​І.​Сцяпанава); у 1957 на базе сектара мастацтвазнаўства Ін-та літаратуры і сектара этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі — Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (зараз імя К.​Крапівы); буд-ва і архітэктуры (у 1963 перададзены ў Дзярж. камітэт СМ БССР па справах буд-ва), машыназнаўства і аўтаматызацыі (у 1963 перададзены ў Дзярж. камітэт па машынабудаванні пры Дзяржплане СССР, з 1965 у сістэме Мін-ва станкабуд. і інструментальнай прам-сці СССР пад назвай Эксперыментальны НДІ машыназнаўства, з 1971 у сістэме АН БССР як Ін-т праблем надзейнасці і даўгавечнасці машын (зараз — Ін-т механікі і надзейнасці машын). У 1958 створаны сектар геранталогіі, у 1959 — Аддзел заалогіі і паразіталогіі. У 1959 на базе лабараторыі матэм. профілю Ін-та фізікі і матэматыкі створаны Ін-т матэматыкі і вылічальнай тэхнікі (з 1965 Ін-т матэматыкі). У 1957 Ін-т літаратуры і мастацтваў перайменаваны ў Ін-т літаратуры (зараз імя Я.​Купалы). У 1959 на базе Ін-та хіміі створаны ін-ты фізіка-арганічнай хіміі і агульнай і неарганічнай хіміі. У 1963 Аддзел фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў пераўтвораны ў Ін-т фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; створаны Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю, на базе Ін-та біялогіі — Ін-т эксперыментальнай батанікі і мікрабіялогіі (з 1966 Ін-т эксперым. батанікі, зараз імя В.​Ф.​Купрэвіча); у 1966 — Аддзел мікрабіялогіі (з 1975 Ін-т мікрабіялогіі). З 1965 пачалі працаваць ін-ты: ядзернай энергетыкі (з 2002 Аб’яднаны ін-т энергетычных і ядзерных даследаванняў), генетыкі і цыталогіі, тэхн. кібернетыкі (з 2002 Аб’яднаны ін-т праблем інфарматыкі).

У 1930—60-я г. навуковую і навукова-арганізац. працу ў Акадэміі навук вялі яе прэзідэнты: П.​В.​Горын (1931—36), І.​З.​Сурта (1936—37), К.​В.​Гораў (1938—47), А.​Р.​Жэбрак (1947), М.​І.​Грашчанкаў (1947—51), В.​Ф.​Купрэвіч (1952—69); акадэмікі К.​М.​Міцкевіч, І.​С.​Лупіновіч, К.​К.​Атраховіч, Ц.​М.​Годнеў, М.​А.​Дарожкін, М.​Ф.​Ярмоленка, М.​М.​Нікольскі, А.​Н.​Сеўчанка, М.​В.​Турбін, В.​П.​Севярдэнка, І.​А.​Булыгін і інш. Значную ролю ў развіцці новых кірункаў фіз.-матэм. і тэхн. навук адыграў пераход на працу ў АН БССР і ВНУ рэспублікі вучоных Масквы і Ленінграда (Б.​І.​Сцяпанаў, М.​А.​Ельяшэвіч, АЖ. Красін, М.​М.​Сірата, А.​В.​Лыкаў, М.​П.​Яругін, У.​І.​Крылоў і інш.). У 1969 прэзідэнтам акадэміі выбраны М.​А.​Барысевіч (быў ім да 1987).

У 1970-я г. ў структуры Акадэміі навук утворана 5 новых ін-таў: у 1971 на базе лабараторый геахім. праблем АН СССР і Плешчаніцкай геафіз. станцыі АН БССР — Ін-т геахіміі і геафізікі; у 1973 — ін-ты электронікі і фотабіялогіі; у 1974 на базе Аддзела біяарганічнай хіміі Ін-та фізіка-арганічнай хіміі — Ін-т біяарганічнай хіміі; у 1975 на базе Аддзела мікрабіялогіі — Ін-т мікрабіялогіі. Акадэмічныя навук. цэнтры арганізаваны ў абласных гарадах. Аддзел механікі палімераў у Гомелі ў 1969 пераўтвораны ў Ін-т механікі металапалімерных сістэм; у 1970 у Гродне адкрыты Аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў, у Магілёве — аддзяленні ін-таў фізікі і фізіка-тэхнічнага, у Віцебску — аддзяленне Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў. Пазней гэтыя структурныя падраздзяленні пераўтвораны ў самаст. ін-ты: прыкладной оптыкі (1992) і тэхналогіі металаў (1992) у Магілёве, тэхн. акустыкі ў Віцебску (1975), біяхіміі ў Гродне (1985). У 1980 у Мінску пачаў дзейнічаць Ін-т заалогіі, у 1987 — Ін-т радыебіялогіі (з 2003 у Гомелі).

У канцы 1970-х г. у Акадэміі навук дзейнічала 5 аддзяленняў — грамадскіх, фіз.-матэм., фіз.-тэхн., біял., хім. і геалагічных навук, у якіх былі аб’яднаны 32 н.-д. ўстановы, працавала больш за 15,5 тыс. чалавек, у т. л. 204 дактары і больш за 1500 кандыдатаў навук, 54 акадэмікі і 70 членаў-карэспандэнтаў. Значныя поспехі былі дасягнуты ў развіцці оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі (М.​А.​Барысевіч, В.​С.​Буракоў, М.​А.​Ельяшэвіч, У.​А.​Піліповіч, Б.​І.​Сцяпанаў, Ф.​І.​Фёдараў), матэматыкі (У.​І.​Крылоў, У.​П.​Платонаў, Дз.​А.​Супруненка, М.​П.​Яругін), цеплафізікі і энергетыкі (А.​К.​Красін, А.​В.​Лыкаў, А.​Р.​Мартыненка), генетыкі і цыталогіі (Л.​У.​Хатылёва), геалогіі (Р.​Г.​Гарэцкі, А.​С.​Махнач), лінгвістыкі (М.​В.​Бірыла), біяарганічнай хіміі (А.​А.​Ахрэм), грамадскіх навук (В.​К.​Бандарчык, К.​П.​Буслаў, М.​І.​Вядута, І.​Я.​Марчанка, Р.​М.​Суднік). Сфарміраваліся сусветна вядомыя навук. школы па мовазнаўстве, тэарэт. фізіцы, спектраскапіі, люмінесцэнцыі, лазернай фізіцы, электроніцы, цеплафізіцы, дыферэнцыяльных ураўненнях, алгебры і тэорыі лікаў, біяарган. хіміі, геалогіі, фізіялогіі, генетыкі і селекцыі, матэрыялазнаўстве і інш.

Многія вынікі навук. даследаванняў, атрыманыя ў АН БССР, выкарыстоўваліся ў нар. гаспадарцы СССР Некаторыя ін-ты з’яўляліся галаўнымі ў СССР па асобных праблемах. Значную ролю ў развіцці навукі ў гэтыя гады адыграла Пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР «Аб мерах па далейшаму развіццю навукі і ўмацаванню яе сувязей з вытворчасцю» (1970).

У 1970—80-я г. ўдасканальвалася арганізацыя навукі на Беларусі, значна павялічана колькасць ведамасных н.-д. устаноў рэсп. і саюзнага падпарадкавання. У адпаведнасці з патрэбамі нар. гаспадаркі з’явіліся новыя н.-д. ін-ты: эксперым. ветэрынарыі (1949, зараз імя С.​М.​Вышалескага); Мінскі н.-д. прыборабудаўнічы ін-т(1954), Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі (1956), Бел. НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі (1957), Навукова-даследчы і канструктарскі ін-т ліцейнай вытворчасці (1958), Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (1958, з 1959 Бел. НДІ навукова-тэхн. інфармацыі); Мінскі канструктарска-тэхнал. эксперым. ін-т аўтамаб. прамысловасці (1960), Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (1960), Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (1961), Бел. н.-д. дарожны ін-т (1962), Бел. ін-т інжынерных пошукаў (1964), НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання (1965), Бел. філіял Энергет. н.-д. ін-та (1965) і інш.

Навук. даследаванні пачалі праводзіцца ў новых ВНУ, адкрытых у абласных цэнтрах для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў: Брэсцкім пед. ін-це (1950), Гродзенскім с.-г. ін-це (1951), Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (1953, Гомель), Бел. ін-це меліярацыі сельскай гаспадаркі (1954), Гродзенскім мед. ін-це (1958), Мінскім радыётэхн. ін-це (1964), Віцебскім тэхнал. ін-це лёгкай прам-сці (1965), Гомельскім пед. ін-це (з 1969 Гомельскі ун-т). Усяго на Беларусі ў 1970 дзейнічалі 174 навук. ўстановы, у т. л. 21 ін-т у Акадэміі навук і 9 самаст. навук. падраздзяленняў. Пачалі дзейнічаць галіновыя навук. ўстановы: Бел. н-д. тэхнал. ін-т аўтамабільнага транспарту (1970), НДІ прам-сці першапачатковай апрацоўкі лубяных валокнаў (1970), НВА «Інтэграл» (1971), Бел. оптыка-механічнае аб’яднанне (1971, у складзе яго дзейнічае Навукова-даследчы і тэхнал. ін-т аптычнага станкабудавання), Бел. філіял Усесаюзнага НДІ галургіі (1971), Бел. НДІ аховы раслін (1971), Бел. НДІ рыбнай гаспадаркі (1971), НДІ ЭВМ (1972), Бел. філіял НДІ працы (1972), Магілёўскі праектна-канструктарскі ін-т спец. тэхнал. аснасткі, аўтаматызацыі і механізацыі (1974), Бел. дзярж. праектна-тэхнал. ін-т (1975), Бел. НДІ горадабудаўніцтва (1976), Бел. НДІ кардыялогіі (1977), Гомельскі філіял Растоўскага НДІ тэхналогіі машынабудавання (1979) і інш. У Мінску былі адкрыты: філіял Ін-та мед. генетыкі Акадэміі мед. навук СССР (1981), Навукова-даследчы канструктарска-тэхнал. ін-т прыкладной механікі (1981), Мінскі н.-д. ін-т радыёматэрыялаў (1982, падпарадкоўваўся Мін-ву прам-сці сродкаў сувязі СССР), НВА «Агат» (1986, у склад яго ўключаны НДІ сродкаў аўтаматызацыі і НДІ «Агат»); Усесаюзны н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т мікрабіял. вытворчасцей (1986) і інш. На 1.1.1975 у Мін-ве сельскай гаспадаркі БССР працавалі 8 НДІ, 6 абласных доследных станцый, Ганусаўская доследна-селекцыйная станцыя па цукр. бураках і Палеская с.-г. доследная станцыя. У іх працавала 25 дактароў і 633 кандыдаты навук. У Мін-ве аховы здароўя — 9 НДІ (29 дактароў і 181 кандыдат навук). У сістэме Мін-ва прам-сці і на прамысл. прадпрыемствах дзейнічалі дзесяткі н.-д., тэхнал. і праектных ін-таў, канструктарскіх бюро і лабараторый, пры Дзяржплане БССР — НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання. Многія н.-д. ўстановы падпарадкоўваліся саюзным мін-вам і ведамствам, у т. л. Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў і Бел НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі Мін-ва меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР, Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-т арганізацыі і тэхнікі кіравання Мін-ва прыладабудавання, сродкаў аўтаматызацыі і сістэм кіравання СССР, Усесаюзны НДІ па вытворчасці прадуктаў харчавання з бульбы Мін-ва харчовай прам-сці СССР, Усесаюзны н.-д. і тэхнал. ін-т мантажу, эксплуатацыі і рамонту машын і абсталявання жывёла- і птушкагадоўчых ферм і інш.

У сувязі з высокімі тэмпамі развіцця і патрэбамі навукі і прам-сці ў рэспубліцы былі адкрыты: Гродзенскі ун-т (1977), Магілёўскі тэхнал. ін-т (1973), Наваполацкі політэхн. ін-т (1973), Мінскі ін-т культуры (1975), гомельскія кааператыўны (1980), політэхнічны (1980) і медыцынскі (1990) ін-ты, дзе навук. даследаванні праводзіліся ў 11 н.-д. сектарах, 10 праблемных, 13 галіновых лабараторыях, вылічальным цэнтры, дзесятках н.-д. лабараторый і на кафедрах. У сістэме Мін-ва адукацыі БССР пачалі дзейнічаць НДІ: пры БДУ — прыкладных фіз. праблем (1971, зараз імя А.​Н.​Сеўчанкі), фізіка-хім. праблем (1977), ядзерных праблем (1987); пры БПІ—НДІ парашковай металургіі (1972), які ў 1980 пераўтвораны ў міжгаліновае НВА парашковай металургіі (з 2002 у структуры Нац. АН Беларусі). Падрыхтоўка навук. кадраў у ВНУ вялася па такіх спецыяльнасцях і кірунках, як матэрыялазнаўства, паўправадніковая мікраэлектроніка, машынабудаванне, прыладабудаванне, электронная вылічальная тэхніка, аптычная і лазерная тэхніка, хім. тэхналогіі, тэхналогіі вытворчасці будматэрыялаў і інш.

У 1975 на Беларусі дзейнічалі 177 н.-д. устаноў (з ВНУ), дзе працавала 29,3 тыс. навук. работнікаў, у т. л. 600 дактароў і 7,9 тыс. кандыдатаў навук. У 1988 навук. даследаванні праводзіліся ў 99 н.-д. ін-тах, іх філіялах і аддзяленнях, у 33 ВНУ, 130 праектных, праектна-канструктарскіх і тэхнал. арганізацыях, 1675 лабараторыях, 675 канструктарскіх падраздзяленнях на вытворчасці. У іх працавала больш за 141 тыс. чал., з іх 44 тыс. навуковых і навукова-педагагічных супрацоўнікаў, у т. л. 1200 дактароў і 15 тыс. кандыдатаў навук. Навук. даследаванні ў галіне прыродазнаўчых і грамадскіх навук каардынавала АН БССР, сельскагаспадарчых — Мін-ва сельскай гаспадаркі, медыцынскіх — Мін-ва аховы здароўя, педагагічных — Мін-ва асветы, гісторыі КПБ — Ін-т гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Для каардынацыі фундаментальных даследаванняў па тэхн., прыродазнаўчых і гуманітарных навуках пры Акадэміі навук у 1953 створаны Савет па каардынацыі навук. дзейнасці.

З мэтай больш эфектыўнага выкарыстання унікальнага навук. абсталявання і прыбораў на Беларусі былі створаны цэнтры калектыўнага карыстання. Адзін з першых у 1973 — Цэнтр аўтаматызаваных спектраскапічных вымярэнняў на базе Ін-та фізікі Акадэміі навук (зараз пры Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі). Усяго ў акадэміі ў розныя гады дзейнічала яшчэ 6 такіх цэнтраў. У 1974 пры Ін-це цепла- і масаабмену пачаў дзейнічаць Міжнар. цэнтр акадэмій навук сацыяліст. краін па павышэнні кваліфікацыі маладых вучоных па праблеме «Цепла- і масаабмен» (з 1991 — Міжнар. цэнтр павышэння кваліфікацыі навук. кадраў па праблеме «Цепла- і масаабмен»); з 1980 — Міжвузаўскі цэнтр па інфрачырвонай спектраскапіі і рэнтгенафазавым аналізе пры БПІ, Цэнтр па рэнтгенаструктурным аналізе і электроннай мікраскапіі пры БДУ. Пры НВА «Інтэграл» дзейнічае цэнтр «Белмікрааналіз».

У 1986—89 у рэспубліцы створана сістэма навук. забеспячэння праблем, звязаных з мінімалізацыяй наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986: у Акадэміі навук адкрыты Ін-т радыебіялогіі (1987), у Мін-ве аховы здароўя — Ін-т радыяцыйнай медыцыны (1988), у Гомелі — Бел. філіял Усесаюзнага НДІ с.-г. радыялогіі (1986, з 1992 ін-т радыялогіі), Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека (2002). У міжрэспубліканскай праграме навук. даследаванняў, звязанай з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС, удзельнічалі 19 акадэмічных, 21 галіновы ін-т, 6 ВНУ.

С.​М.​Некрашэвіч — першы старшыня Інбелкульта (1922—24).
Будынак Інбелкульта (г. Мінск, 1920-я г.).

ВУЧОНЫЯ-ПРЫРОДАЗНАЎЦЫ, АДНЫ З ЗАСНАВАЛЬНІКАЎ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ

М.​Пачобут-Адляніцкі (1728—1810).
З.​Урублеўскі (1845—88).
Я.​А.​Наркевіч-Ёдка (1848—1905).

ПРЭЗІДЭНТЫ АКАДЭМІІ НАВУК

У.​М.​Ігнатоўскі (1929—31)
П.​В.​Горын (1931—36)
І.​З.​Сурта (1936—37)
К.​В.​Гораў (1938—47)
А.​Р.​Жэбрак (1947).
М.​І.​Грашчанкаў (1947—51)
В Ф.​Купрэвіч (1952—69)
М.​А.​Барысевіч (1969—87)
У.​П.​Платонаў (1987—92)
Л.​М.​Сушчэня (1992—97)
А.​П.​Вайтовіч (1997—2001)
М.У Мясніковіч (з 2001)

НАВУКА Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ.

Разбурэнне навуковых і навукова-гаспадарчых сувязей пасля распаду СССР негатыўна адбілася на стане навукі Беларусі. Тэмпы развіцця навук. патэнцыялу і яго эфектыўнасць у 1990-я г. рэзка знізілася ў сувязі са скарачэннем фінансавання навукі, старэннем яе матэрыяльна-тэхн. базы, нізкім узроўнем запатрабаванасці вынікаў навук. даследаванняў у нар. гаспадарцы. За 1990—98 у АН Беларусі колькасць навук. супрацоўнікаў зменшылася з 5967 да 4346 чал., у т. л. кандыдатаў навук з 2557 да 1959. Скарацілася колькасць маладых спецыялістаў, што прывяло да т.зв. «старэння» навукі. Разам з тым павялічылася колькасць кадраў вышэйшай кваліфікацыі — у 1998 працавала 465 дактароў навук.

Аднак і ў гэтых умовах навук. даследаванні не спыніліся. Усталяванне суверэнітэту Беларусі патрабавала адначасова з дзярж. будаўніцтвам стварэння адпаведных навук. інстытутаў і дзярж. структур для арганізацыі і развіцця нац. навукі. У 1991 АН БССР была перайменавана ў Акадэмію навук Беларусі. Быў прыняты шэраг мер па дзярж. падтрымцы навукі, якія абумовілі змены ў арганізацыі навукі, што пачалі адбывацца ў 2-й пал. 1990-х г. Для павышэння эфектыўнасці навукова-тэхн. дзейнасці створаны Дзярж. патэнтны камітэт (1992), Дзярж. камітэт па навуцы і тэхналогіях (1993). У 1993 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Закон «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі», паводле якога адказнасць за развіццё фундаментальных навук. даследаванняў у краіне ўскладзена на АН Беларусі. У 1994—95 праведзена работа па фарміраванні нац. сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навукова-пед. кадраў. У 1994 створана Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК) Рэспублікі Беларусь, рэарганізаваны і адкрыты новыя саветы па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. За 1994—2002 колькасць дактароў навук у краіне павялічылася на 840 чал., кандыдатаў — на 3842 чал. Усяго на Беларусі ў розныя гады працавала амаль 3500 вучоных вышэйшай кваліфікацыі. У 1997 АН Беларусі нададзены новы статус — яна стала Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі (скарочаная назва паводле Статута — НАН Беларусі).

Для захавання навукова-тэхн. патэнцыялу ўдасканальвалася нарматыўна-прававая база навукі і тэхнікі, зацверджаны пералік і парадак фарміравання і выканання дзярж. навукова-тэхн. задач. З 1991 дзейнічае Бел. рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, які аказвае на конкурснай аснове фінансавую падтрымку навук. калектывам і асобным вучоным. Для ўмацавання дзярж. падтрымкі інавацыйнай дзейнасці створаны Бел. інавацыйны фонд, які ў 2002 уключаны ў склад Нац. АН Беларусі. У 2002 падняты статус і пашыраны функцыі Савета па каардынацыі фундаментальных даследаванняў пры Нац. АН Беларусі, які перайменаваны ў Савет па каардынацыі фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Дзярж. камітэтам па навуцы і тэхналогіях сумесна з інш. органамі дзярж. кіравання распрацавана і з 1997 пачала дзейнічаць праграма развіцця матэрыяльна-тэхн. базы навукі.

Для развіцця актуальных навук. кірункаў у 1990-я г. пачалі дзейнічаць новыя навук. ўстановы. У АН Беларусі арганізаваны: Інжынерны цэнтр «Плазматэг» (1990), Навукова-даследчы цэнтр праблем рэсурсазберажэння (1990, Гродна), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (1990, на базе Ін-та торфу), Ін-т сацыялогіі і сацыяльных тэхналогій (1990), Аддзел аптычных праблем інфарматыкі (1991), Ін-т малекулярнай і атамнай фізікі (1992), ін-ты прыкладной оптыкі і тэхналогіі металаў (1992, Магілёў), Ін-т лесу (1992, Гомель), Ін-т тэхн. акустыкі (1999, Віцебск), Ін-т хіміі новых матэрыялаў (1998), Ін-т дзяржавы і права (1999), Аддзел праблем Палесся (2000). Ін-т ядзернай энергетыкі ў 1993 ператвораны ў Акадэмічны навукова-тэхнічны комплекс «Сосны» ў складзе трох ін-таў: праблем энергетыкі, радыяцыйных фізіка-хім. праблем і радыеэкалагічных праблем (створаны ў 1991). У 1992 прэзідэнтам АН Беларусі абраны Л.​М.​Сушчэня, у 1997 — А.​П.​Вайтовіч.

У сістэме міністэрстваў і ведамстваў створаны: Бел. НДІ экалагічнай і прафесійнай паталогіі (1990, Магілёў), Ін-т радыяцыйнай бяспекі (1991), Навук. цэнтр праблем механікі машын (1992), Дзярж. навукова-вытворчы канцэрн дакладнага машынабудавання «Планар» (1992, на базе КБ дакладнага электроннага машынабудавання, які існаваў у Мінску з 1962), Бел. цэнтр мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі, аховы здароўя (1992), Бел. ін-т сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхн. сферы, НДІ праблем аховы інфармацыі, Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, Ін-т сацыяльна-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (усе 1996), НДІ пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый (1999), Бел. НДІ лёну (2000). У 1992 створана Акадэмія аграрных навук Рэспублікі Беларусь (з 2002 у складзе Нац, АН Беларусі), якая аб’ядноўвала 15 НДІ і 9 доследных станцый. У 2000 у яе складзе было 17 акадэмікаў, 24 члены-карэспандэнты, 1740 навук. супрацоўнікаў, у т. л. 85 дактароў і 503 кандыдаты навук. Прэзідэнтам акадэміі абраны В.​С.​Антанюк. Асн кірункі яе дзейнасці: правядзенне фундаментальных і прыкладных даследаванняў, накіраваных на паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу ў аграпрамысловым комплексе; каардынацыя даследаванняў і навукова-метадычнае кіраванне гэтымі праблемамі, распрацоўка высокаэфектыўных рэсурсазберагальных экалагічных тэхналогій вытворчасці, перапрацоўкі і захавання прадукцыі сельскай гаспадаркі.

У 1996—2000 навук. даследаванні праводзіліся па 38 дзярж. праграмах фундаментальных даследаванняў у 130 навук. установах, у т. л.: 48 арганізацыях Нац. АН Беларусі, 13 ін-тах і цэнтрах Акадэміі аграрных навук, 32 ВНУ, 35 галіновых НДІ, 7 навук і навукова-тэхн. цэнтрах. У 2002 навук. даследаванні і распрацоўкі па розных галінах навукі і тэхнікі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі вяліся ў 175 НДІ, 40 канструктарскіх і 5 праектных арганізацыях, 34 ВНУ, 31 н.-д. падраздзяленне на прамысл. прадпрыемствах, 8 доследных базах і інш. арганізацыях. У гэтым удзельнічалі 30 711 чал. (у 3,5 раза меней, чым у 1990), у т. л. 787 дактароў і 3472 кандыдаты навук (без уліку навукова-пед. работнікаў). У 58 ВНУ (у т. л. 14 недзяржаўных) працавалі каля 22,6 тыс. навукова-пед. супрацоўнікаў, у т. л. 1130 дактароў і 7336 кандыдатаў навук. Навук. даследаванні праводзіліся па машына- і станкабудаванні, металургіі, радыётэхніцы, электроннай, оптыкамех. і электратэхн. прам-сці, прыладабудаванні, камп’ютэрнай тэхніцы, сінтэзе новых рэчываў і матэрыялаў, ахове навакольнага асяроддзя, гуманітарных і сац. навуках і інш.

Станоўчыя змены адбыліся ў падрыхтоўцы навук. кадраў праз аспірантуру. Калі ў 1992 аспірантуру мелі 89 устаноў краіны, дзе вучыліся 2639 чал., то ў 2002—123 установы з 6053 аспірантамі, з іх 926 чал. у Нац. АН Беларусі. У 2002 аспірантуру скончылі 1152 чал., з іх 194 чал. ў Акадэміі навук.

У 2002 праведзены работы па ўдасканаленні структуры кіравання ў навукова-тэхн. сферы, укараненні распрацовак у нар. гаспадарку, каардынацыі розных этапаў стварэння і арганізацыі вытворчасці новай прадукцыі. Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5.3.2002 «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі» ўстаноўлена, што Камітэт па навуцы і тэхналогіях (КНТ), ВАК і Нац. АН Беларусі ствараюць сістэму органаў дзярж. кіравання ў сферы навукі. КНТ (з 2004 Дзярж. КНТ) і Акадэмія навук паслядоўна рэалізуюць комплекс мер па арганізацыйна-эканам. рэгуляванні развіцця навуковай, навукова-тэхн. і інавацыйнай дзейнасці, абароне правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. У 2001—03 КНТ, акадэміяй з удзелам Мін-ва адукацыі і інш. органаў дзярж. кіравання падрыхтаваны і ўнесены на разгляд СМ Рэспублікі Беларусь шэраг асноватворных дакументаў: «Канцэпцыя інавацыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2003—2007 гг.» (зацверджана пастановай СМ ад 31.7.2003), «Канцэпцыя сістэмы аховы інтэлектуальнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2003—2005 гг.», «Канцэпцыя далейшага развіцця навукі ў Рэспубліцы Беларусь». Для ўдасканалення сістэмы арганізацыі і правядзення навук. і прыкладных даследаванняў уведзены праграмна-мэтавы метад кіравання фундаментальнымі навук. даследаваннямі, пералік якіх на 2002—05 зацверджаны пастановай СМ ад 29.1.2002.

У 2002 навук. даследаванні вяліся па 32 дзярж., 9 галіновых, 6 рэгіянальных навукова-тэхн. праграмах, здзяйснялася навук. забеспячэнне 2 прэзідэнцкіх і 12 дзярж. народнагаспадарчых і сац. праграм. У 2003 па ініцыятыве Нац. АН Беларусі і пры падтрымцы КНТ ажыццёўлены кардынальныя змены ў арганізацыі н.-д. работ. У практыку кіравання навук. даследаваннямі ўведзены новыя формы іх выканання — дзярж. праграмы арыентаваных фундаментальных даследаванняў, дзярж. праграмы прыкладных даследаванняў, комплексныя праграмы навук. даследаванняў. Мэта новых праграм — атрыманне навук. вынікаў, арыентаваных на практычнае выкарыстанне. Пастановай СМ ад 2.5.2003 зацверджаны пералік дзярж. праграм фундаментальных і арыентаваных фундаментальных даследаванняў на 2003—05, а пастановай ад 26.9. 2003 — пералік 11 дзярж. праграм прыкладных навук. даследаванняў на 2003—05. Актывізавалася праца па фарміраванні навукова-тэхн. і інавацыйнай дзейнасці ў рэгіёнах Беларусі, асноўным механізмам здзяйснення якой з’яўляюцца рэгіянальныя навукова-тэхн. праграмы.

Навук. ўстановы і арганізацыі краіны выконваюць н.-д. і доследна-канструктарскія работы ў цесным кантакце з прадпрыемствамі з мэтай укаранення тэхнал. працэсаў, новай тэхнікі, матэрыялаў і практычных рэкамендацый, што дазваляе павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, садзейнічае вырашэнню праблем імпартазамяшчэння і экспарту ў розных галінах нар. гаспадаркі. Вынікі фундаментальных даследаванняў становяцца асновай навукаёмістых вытворчасцей, забяспечваюць развіццё сацыяльнай і культурнай сферы краіны. Аб гэтым сведчаць наступныя прыклады.

Фундаментальныя даследаванні па праграмах «Квант» і «Кагерэнтнасць» склалі аснову новых лазерных тэхналогій і абсталявання для машынабудавання, медыцыны. Новыя звышцвёрдыя, магнітныя, п’езакерамічныя і паўправадніковыя матэрыялы, распрацаваныя па праграме «Крышталяфізіка», дазволілі стварыць і выкарыстаць экалагічна чыстыя тэхналогіі вытворчасці парашкоў алмазу, кубічнага нітрыду бору, новыя ферытавыя і п’езакерамічныя вырабы для радыёэлектроннай прамысловасці.

Вынікі фундаментальных даследаванняў па праграмах «Інтэлект» і «Інфатэх» дазволілі стварыць прататыпы сістэм, пакетаў прыкладных праграм і макетаў устройстваў для ўводу, апрацоўкі і вываду відэаінфармацыі, аўтаматызацыі праектавання вырабаў у машына- і прыладабудаванні, апрацоўцы мед. інфармацыі, суперкамп’ютэрных сістэм.

Даследаванні ў галіне біяарганічнай хіміі прывялі да стварэння лячэбна-дыягнастычных прэпаратаў высокай сацыяльнай значнасці ў адпаведнасці з групамі рызыкі па захворваннях, арганізаваная вытворчасць якіх цалкам забяспечвае патрэбы краіны і ідзе на экспарт.

Многія прынцыповыя пытанні тэорыі крышталізацыі і зацвярдзення металаў і сплаваў (праграма «Ліццё») дазволілі стварыць высокаэфектыўныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы, якія шырока выкарыстоўваюцца на вытворчасцях Беларусі і за мяжой.

Фундаментальныя распрацоўкі па праграме «Біятэхналогія» дазволілі стварыць унікальныя прэпараты, якія не саступаюць замежным аналагам, для аховы пладова-ягадных культур ад хвароб.

На Нац. АН Беларусі як на вышэйшую навук. арганізацыю краіны ўскладзены функцыі правядзення, развіцця і каардынацыі фундаментальных і прыкладных навук. даследаванняў у галіне прыродазнаўчых, тэхн. і гуманітарных навук; павышэння эфектыўнасці выкарыстання навук. дасягненняў, падрыхтоўкі навук. кадраў вышэйшай адукацыі; павелічэння ўплыву навукі на развіццё эканомікі, адукацыі, культуры бел. народа.

Асновы і гарантыі дзейнасці акадэміі заканадаўча замацаваны ў законе Рэспублікі Беларусь «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (5.5.1998), указах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у шэрагу інш. законаў, а таксама пастаноў СМ.

На 1.1.2004 у Нац. АН Беларусі працавала 16 625 чал., з іх 577 дактароў і 2145 кандыдатаў навук, у т. л. ў 73 н.-д. установах — 10 937 чал., у 2 навукова-вытворчых канцэрнах — 2681 чал., у канструктарскіх, доследна-вытворчых арганізацыях і прадпрыемствах — 1418 чал.; навук. даследаваннямі і распрацоўкамі заняты 6373 навук. супрацоўнікі. У персанальным складзе Акадэміі навук былі 94 акадэмікі, 100 членаў-карэспандэнтаў, 3 ганаровыя і 15 замежных членаў. За перыяд 1928—2004 у Акадэміі навук абраны: 252 акадэмікі, 223 члены-карэспандэнты, 11 ганаровых і 21 замежны член.

У складзе Нац. АН Беларусі 7 аддзяленняў: аграрных і біял. навук; гуманітарных навук і мастацтваў; мед. навук; фізіка-тэхн. навук; фізікі, матэматыкі і інфарматыкі; хіміі; навук аб Зямлі. З 2001 Акадэмію навук узначальвае М.​У.​Мясніковіч.

Навуковыя ўстановы і арганізацыі Акадэміі навук з’яўляюцца галаўнымі арганізацыямі-выканаўцамі работ па такіх навукова-тэхн. праграмах, як «Экалагічная бяспека», «Энергетыка-2004», «Тэхналогіі», «Будаўнічыя матэрыялы і тэхналогіі», «Белаўтатрактарабудаванне», «Энергазберажэнне». Акадэмія — дзяржзаказчык па такіх праграмах, як «Алмазы», «Новыя матэрыялы і ахова паверхняў», «Рэсурсазберажэнне 2005», «Лазерныя сістэмы», «Прылады для навуковых даследаванняў», «Інфармацыйныя тэхналогіі» і інш.

Вучоныя Беларусі праводзяць сумесныя навук. даследаванні з вучонымі інш. краін. У 2002 выконваліся 22 праекты ў рамках праграм міжнар. навукова-тэхн. супрацоўніцтва; у 2003 дзейнічала больш за 30 міжнар. міжурадавых дамоўленасцей у галіне навукі і тэхналогій (ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Польшча, Кітай, Індыя, Іран, Сірыя і інш.). Акадэмічнымі ін-тамі ў 2003 выкананы навук. даследаванні і распрацоўкі па міжакадэмічных, міжінстытуцкіх пагадненнях і кантрактах з даследчымі цэнтрамі 52 краін Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Паўн. і Паўд. Амерыкі. ВНУ выкананы кантракты і дагаворы з 25 краінамі. Ва ўзаемаадносінах з замежнымі краінамі ў апошнія гады зроблены акцэнт на актывізацыю інавацыйнай дзейнасці, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў, распаўсюджанне распрацовак бел. вучоных.

Нац. АН Беларусі развівае плённыя дзелавыя адносіны з замежнымі партнёрамі ва ўсім свеце і прадстаўляе Беларусь у такіх міжнар. навук. арганізацыях, як Міжнар. навук. савет (ICSU), Асацыяцыя еўрапейскіх акадэмій навук (ALLEA), Міжакадэмічная група па міжнар. праблемах (ІАР), Міжнар. цэнтр навуковай і тэхн. інфармацыі (МЦНТІ), Міжнар. кангрэс тэхн. таварыстваў па механіцы (ICÓMES), Міжнар. цэнтр па цепла- і масаабмене (ІСНМТ). Яна з’яўляецца членам Міжнар. асацыяцыі акадэмій навук (засн. ў 1993), дзейнасць якой накіравана на аднаўленне, захаванне і развіццё новых умоў навук. супрацоўніцтва. Бел. вучоныя ўдзельнічаюць у выкананні расійскіх навукова-тэхн. праектаў у галіне касмічных і авіяц. тэхналогій, атамнай энергетыкі, інфарматыкі і інш. Шэраг сумесных праектаў выконваецца з вучонымі Расійскай, Украінскай, Літоўскай, Балгарскай АН і інш.

З 1998 арганізацыі Нац. АН Беларусі ажыццяўляюць Міждзярж. праграмы Саюза Беларусі і Расіі: «Лазерныя тэхналогіі XXI стагоддзя», «Навукаёмістыя кампаненты агульнамашынабудаўнічага выкарыстання», «Суперкамп’ютэр», «Распрацоўка і выкарыстанне касмічных сродкаў і тэхналогій, апрацоўкі і адлюстравання касмічнай інфармацыі» («Космас-БР»), «Распрацоўка і выкарыстанне перспектыўных сродкаў і тэхналогій у інтарэсах эканамічнага і навукова-тэхнічнага развіцця Саюзнай дзяржавы» («Космас-СГ»), «Стварэнне высокаэфектыўных і біялагічна бяспечных лекавых прэпаратаў новага пакалення на аснове бялкоў чалавека, атрымліваемых з малака трансгенных жывёл» («БелРосТрансген», 2003—06).

Акадэмія мае шэраг двухбаковых пагадненняў аб навук. супрацоўніцтве з акадэміямі навук ці аналагічнымі ім навук. ўстановамі Арменіі, Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Егіпта, ЗША, Казахстана, Кітая, Кубы, Літвы, Македоніі, Малдовы, Паўд. Карэі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш., з сусветнымі лідэрамі ў галіне інфармацыйных тэхналогій — кампаніямі «Х’юлет-Пакард», «Дэл», «Оракл», «Эрыксан», «СІСКО». У 2003 паміж Нац. АН Беларусі і Т-вам Фраўнгофера (Германія) падпісана пагадненне пра ўтварэнне на базе Ін-та фізікі імя Б.​І.​Сцяпанава сумеснай лабараторыі для фундамент. і прыкладных даследаванняў у галіне оптыкі, дыягностыкі і неразбуральнага кантролю. Сумесная лабараторыя аптычнай дыягностыкі Фраўнгофера—Сцяпанава — першы ў СНД прыклад аб’яднанага міжнар. супрацоўніцтва ў навук. праграмах у гэтай галіне.

Вучоныя Акадэміі навук і ВНУ Беларусі ўдзельнічаюць у рэалізацыі міжнар. навук. праектаў пры фінансавай падтрымцы замежных навук. фондаў і арганізацый (МНТЦ, INTAS, IST, TACIS, ЮНЕСКА, МАГАТЭ і інш.).

Значная роля ў інфармацыйным забеспячэнні навукі адводзіцца бібліятэкам. Вялікая работа ў гэтым кірунку праводзіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы (ЦНБ) імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі (створана ў 1925 пры Інбелкульце). У яе фондзе больш за 3 млн. адзінак, у т. л. каля 1 млн. замежных выданняў. У апошнія гады тут арганізаваны анлайндоступ да электронных каталогаў многіх вядучых замежных навук. часопісаў. ЦНБ — адзіная ў краіне навукова-даследчая ўстанова па праблемах бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, гісторыі кнігі.

Дзеля рэалізацыі дзярж. палітыкі інфарматызацыі і кіравання нац. інфармацыйным рэсурсам у Акадэміі створаны Нац. цэнтр інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій (2002). Выдаюцца навук. часопісы: «Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», «Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (у 7 серыях), «Веснік Фонду фундаментальных даследаванняў», «Вылічальныя метады ў прыкладной матэматыцы», «Інжынерна-фізічны часопіс», «Літасфера», «Матэрыялы. Тэхналогіі. Інструменты», «Нелінейныя з’явы ў складаных сістэмах», «Прыродныя рэсурсы», «Трэнне і знос», «Часопіс прыкладной спектраскапіі» і інш.

Вынікі некаторых навук. даследаванняў бел. вучоных прызнаны навук. адкрыццямі. Сярод аўтараў адкрыццяў А.​А.​Ахрэм (1975), М.​А.​Барысевіч (1977), У.​Р.​Барышэўскі (1979, 1988), Ф.​І.​Фёдараў (1980), В.​І.​Вацякоў (1986), Д.​М.​Гаркуноў, В.​Я.​Мацюшэнка, А.​А.​Палякоў і Г.​П.​Шпянькоў (1990), В.​А.​Лапіна (1991), В.​В.​Еўсцягнееў, У.​М.​Калешка, В.​С.​Пячкураў, В.​С.​Улашчык (1991).

Дасягненні бел. вучоных адзначаны высокімі дзярж. ўзнагародамі. Звання Героя Сац. Працы ўдастоены; Т.​М.​Шкурко (1948), П.​І.​Альсмік (1966), В.​Ф.​Купрэвіч (1969), М.​П.​Яругін (1969), А.​Н.​Сеўчанка (1971), П.​У.​Броўка (1972), Н.​Д.​Мухін (1973), Б.​І.​Сцяпанаў (1973), Т.​В.​Бірыч (1974), Я.​І.​Скурко (1974), К.​К.​Атраховіч (1975), Н.​Н.​Аляксандраў (1977), З.​І.​Азгур (1978), М.​А.​Барысевіч (1979), Т.​Н.​Кулакоўская (1979), Ф.​І.​Фёдараў (1979), І.​П.​Шамякін (1981). Званне заслужанага дзеяча навукі БССР і Рэспублікі Беларусь атрымалі больш за 310 вучоных, засл. дзеяча навукі і тэхнікі Беларусі — 70 чалавек. Ленінскія прэміі прысуджаны А.​К.​Красіну (1957), М.​Я.​Мацапуры (1962), Р.​І.​Салаухіну (1965), М.​А.​Ельяшэвічу (1966), Б.​Л.​Шапашніку (1976), У.​П.​Платонаву (1978), М.​А.​Барысевічу, В.​В.​Грузінскаму і В.​А.​Таўкачову (1980), Ю.​В.​Карніловічу і Г.​Д.​Смірнову (1983). 214 вучоных Беларусі адзначаны Дзярж. прэміямі СССР, больш за 800 вучоных і спецыялістаў — Дзярж. прэміямі БССР і Рэспублікі Беларусь. За дасягненні ў развіцці навукі і падрыхтоўцы кадраў ордэнамі СССР узнагароджаны АН Беларусі і яе 6 інстытутаў, 6 навук. устаноў мін-ваў і ведамстваў, 11 ВНУ.

Літ.:

Очерки истории науки и культуры Беларуси, IX — нач. XX в. Мн., 1996;

Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1966;

Знаменательные даты советской науки. Хроника важнейших научных событий и достижений // Советская наука: Итоги и перспективы. М., 1982;

Наука и техника СССР, 1917—1987 гг. Хроника. М., 1988;

Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;

Асветнікі зямлі беларускай: Энцыкл. давед. Мн., 2001;

Национальная академия наук Беларуси, 1929—1999. Мн., 1998;

Национальная академия наук Беларуси: Персон. состав. Мн., 2003.

А.​І.​Лесніковіч, В.​А.​Гапоненка.

Галоўны корпус Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У зале Музея гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Чытальная зала прыродазнаўчых навук Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.​Коласа.

т. 18, кн. 2, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)