гармоны раслін, арганічныя рэчывы, што выпрацоўваюцца спецыялізаванымі тканкамі раслін і ўздзейнічаюць у невял. колькасці як рэгулятары і каардынатары развіцця. Адрозніваюць 5 тыпаў Ф.: аўксіны, гіберэліны, цытакініны (стымулятары), а таксама абсцызавая кіслата і этылен (інгібітары). Адзнакі Ф.: здольнасць перамяшчацца ад месца ўтварэння да месца ўздзеяння; рэгулятарны ўплыў на біясінтэз ферментаў і інш. бялкоў; універсальнае распаўсюджванне сярод вышэйшых раслін. Усе тыпы Ф. перакрываюцца па сваёй актыўнасці і ўздзейнічаюць амаль на кожны аспект развіцця: дзяленне і расцяжэнне клетак, дыферэнцыяцыя, арганагенез, рост сцёблаў, лісця, каранёў і пладоў, утварэнне кветак, завяданне, спакой пупышак і насення і інш. У вышэйшых раслін існуюць інш. тыпы Ф. (напр., фактар цвіцення — фларыген). Функцыян. і хім. аналагі Ф. выяўлены і ў ніжэйшых раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРХАТКО́Ў Ігар Антонавіч (н. 5.1.1958, Мінск),
бел. жывапісец. Сын А.С.Бархаткова. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1984). У 1984—87 вучыўся ў Творчых акад. майстэрнях у М.Савіцкага. Творы вызначаюцца грамадзянскасцю, філасафічнасцю і глыбінёй пачуццяў. Асн. жанры — пейзаж і карціна, у якіх гал. месца займае духоўны аспект нашай мінуўшчыны («Царква ў Халмах», 1981; «Вясна на Нёмане», 1979; «Старая лесвіца», 1982; «Інтэр’ер Дома-музея Якуба Коласа ў Смольні», 1981; «Бацька і сын», 1984; «Аплакванне», 1985; «Памяці Юрыя Смірнова», 1986; «Сакавік. Закінутая вёска», «Юнацтва Скарыны», абодва 1990; «Святар», «І буду Вам бацькам, і Вы будзеце маімі Сынамі...», «Іверская Маці Божая», усе 1991; «Забыты крыж», «Вечар», «Лістапад», усе 1992); нізка твораў з в. Млева, 1990-я г.
Г.А.Фатыхава.
І.Бархаткоў. І буду Вам бацькам, і Вы будзеце маімі Сынамі... 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́ЧНАЕ (ад грэч. kōmikos смешны, вясёлы),
катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае неадпаведнасць паміж недасканалым, нежыццёвым зместам з’явы або прадмета і яго вонкавым выяўленнем, што прэтэндуе на паўнацэннасць, значнасць або маскіруецца пад іх. Вытокі К. ў гульнёвым, калектыўным самадзейным смеху, напр. у карнавальных гульнях. У ходзе развіцця культуры адасабляюцца віды К. — іронія, гумар, сатыра. Мае сац. характар, яго вытокі ў аб’ектыўных супярэчнасцях грамадскага жыцця. Суадносіцца з прыгожым, агідным, нізкім, процілеглае трагічнаму і ўзнёсламу, але здольнае да сінтэзу з імі (трагікамічнае, камічны аспект узнёслага). Для К., дзе адлюстроўваюцца супярэчнасці рэальнасці, важна гульня на ўтрыроўцы велічы прадметаў (карыкатура), на фантаст. спалучэннях (гратэск), збліжэнні далёкіх паняццяў (досціп). Разнастайнасць смешнага ў жыцці абумоўлівае шматграннасць выяўлення К. ў мастацтве. На К. заснаваны адзін з гал. відаў драмы — камедыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАТА́ЦЫЯ [позналац. connotatio ад лац. con (cum) разам + noto адзначаю, абазначаю],
дадатковыя семантычныя або стылістычныя адценні, якія накладваюцца на асноўнае значэнне моўнай адзінкі і служаць для стварэння экспрэсіўна-эмацыянальнай афарбоўкі выказвання (надання тону ўрачыстасці або зніжанасці, ласкі або іроніі і інш.). Найб. выразна выяўляецца пры супастаўленні ацэначных слоў і выразаў з адпаведнымі ім стылістычна нейтральнымі сінонімамі («кляча» — худы заезджаны конь; «пражэкт» — неажыццявімы праект). У розных моўных кантэкстах адно і тое слова можа выяўляць розную К. Дадатковыя семантычныя і стылістычныя адценні могуць надавацца словам з дапамогай некат. афіксаў («дом — домік», «даміна — дамішча») або непасрэдна ўключацца ў лексічнае значэнне слова («абязлічка», «вярзці», «задзіра» і інш.).
Літ.:
Туроўская Ф.А. Канататыўныя значэнні «нейтральнай» лексікі // Бел. лінгвістыка. 1982. Вып. 21;
Телия В.Н. Коннотативный аспект семантики номинативных единиц. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛПЕ́ЕВА Тамара Міхайлаўна (н. 23.6.1949, г. Лепель Віцебскай вобл.),
бел. філосаф і культуролаг. Д-рфілас.н. (1993), праф. (1996). Скончыла БДУ (1972). З 1972 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1976 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. З 2002 прарэктар Міжнар.гуманіт.-эканам. ін-та. Навук. працы па праблемах сац. філасофіі і культуралогіі, сац. міфалогіі і рэлігіязнаўства, тэорыі і метадалогіі адукацыі і выхавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНГУ́РАВА Ніна Іванаўна (н. 1.8.1948 г. Брэст),
бел. сацыёлаг, вучоны-эканаміст. Д-р сацыялаг. н. (1992), канд.эканам.н. (1980), праф. (1994). Акад.Бел. акадэміі сац. навук (1998). Скончыла Маскоўскі ун-т (1972). З 1972 у Бел. філіяле Усесаюзнага НДІ працы і Мінскім філіяле Усесаюзнага НДІ тэхніка-эканам. даследаванняў у хім. прам-сці. З 1981 у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. З 1998 у Бел.пед. ун-це. Навук. працы па праблемах эканам. тэорыі, сац. становішча жанчын, эканам. дэмаграфіі, эканам. адукацыі школьнікаў, сац. педагогікі, тэорыі і практыкі сац. работы.
Тв.:
Женщина в общественном производстве при социализме: Экономико-демогр. аспект. М., 1983;
Экономика: занимательная и полезная. Мн., 1997;
Проблемы и опыт частично раздельного обучения девочек и мальчиков. Мн., 1999 (у сааўт.);
Введение в экономику. Основы экономических знаний. Ч. 1—2. Смоленск, 1999—2003 (разам з В.К.Церахавым);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАСЦЬ,
непаўторная своеасаблівасць якой-н. з’явы, асобнай істоты, чалавека; процілегласць агульнага, тыповага. Узнікненне ідэі І. звязана з распрацоўкай стараж.-грэч. філосафамі Леўкіпам і Дэмакрытам паняцця «атам», што азначала самыя дробныя, непадзельныя адзінкі быцця, якія маюць пэўную «форму» і «становішча», г. зн. выступаюць як І. Разуменне І. як асобнай істоты закладзена Сенекам; у сярэдневяковай схаластыцы яно абмяжоўвалася толькі чалавечай асобай. Культ І., што пераходзіў у індывідуалізм, характэрны для эпохі Адраджэння, калі І. асобнага чалавека супрацьпастаўлялася традыц. грамадскім сувязям. Найб. поўнае развіццё ідэя І. набыла ў вучэнні Г.Лейбніца аб манадах. Паняцце «І.» характэрна таксама для рамантызму і філасофіі жыцця. У псіхалогіі І. характарызуе своеасаблівасць псіхікі і асобы індывіда, яе непаўторнасць. І. рэалізуецца індывідам праз паводзіны ў сітуацыях зносін з інш. людзьмі і праз культываванне ім розных здольнасцей у працэсе дзейнасці.
Літ.:
Голубева Э.А. Способности и индивидуальность. М., 1993;
Коломиец В.П. Становление индивидуальности: Социал. аспект. М., 1993;
Мерлин В.С. Психология индивидуальности. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ТАЧНАЯ ТЭО́РЫЯ,
адно з найгалоўнейшых біял. абагульненняў, у адпаведнасці з якім усе арганізмы маюць клетачную будову. Сфармулявана Т.Шванам (1839), які паказаў агульны прынцып будовы і росту тканак жывёл і раслін. Клетка — асн. адзінка жыццядзейнасці, структуры і функцыі і найменшая элементарная часцінка, якая валодае характэрнымі асаблівасцямі жывога. Новыя клеткі ўзнікаюць толькі ад дзялення раней існуючых. Важныя кампаненты клеткі (нуклеінавыя кіслоты, бялкі), працэсы іх сінтэзу і ператварэнняў універсальныя і падобныя ў клетак усіх жывых сістэм.Асн. будова клеткі прынцыпова падобная ў эўкарыётаў (маюць ядро) і пракарыётаў (не маюць ядра). Даказана агульнасць клетачных арганоідаў у жывёл і раслін. Сучасная К.т. разглядае шматклетачны арганізм як складаную інтэграваную сістэму, для якой характэрны новыя спецыфічныя рысы. Цэласнасць арганізма складаецца з актыўнасці і ўзаемадзеяння асобных клетачных адзінак, якое ў жывёл ажыццяўляецца нервовай і гумаральнай рэгуляцыяй, а ў раслін — непасрэднай цытаплазматычнай сувяззю клетак.
Літ.:
Вермель Е.М. История учения о клетке. М., 1970;
Митникова Л.В. Философские проблемы биологии клетки: (Гносеол. аспект). Л., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІ́РАВАННЕ ЭКАНО́МІКА-МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ,
апісанне эканам. працэсаў і з’яў у выглядзе эканоміка-матэм.мадэлей. Адной з першых у гісторыі эканам. навукі была мадэль узнаўлення, распрацаваная франц. вучоным Ф.Кенэ ў 18 ст. У 20 ст. першая агульная мадэль эканомікі сканструявана Дж. фон Нейманам. Значны вопыт пабудовы эканоміка-матэм. мадэлі назапашаны вучонымі былога СССР у развіцці нар. гаспадаркі краіны, асабліва — перспектыўнага. Вылучаюць 2 асн. групы эканоміка-матэм. мадэлей: мадэлі, якія паказваюць пераважна сац. аспекты эканомікі (звязаны з прагназаваннем і планаваннем даходаў і спажывання насельніцтва, дэмаграфічных працэсаў), і мадэлі, што адлюстроўваюць пераважна вытв.аспект эканомікі (доўгатэрміновага прагнозу зводных паказчыкаў эканам. развіцця; міжгаліновыя мадэлі нар.-гасп. планавання, галіновыя аптымальнага планавання і размяшчэння вытв-сці, аптымізацыі структуры вытв-сці ў галінах). Адрозніваюць таксама мадэлі статычныя (апісваюць момантавы стан эканомікі) і дынамічныя (паказваюць развіццё аб’екта мадэліравання). Паводле спосабу пабудовы адрозніваюць аналітычныя (у выглядзе формул), лікавыя (у выглядзе лікавых прыкладаў), матрычныя (у выглядзе табліц), сеткавыя (у форме графаў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСКО́СНАЯ МО́ВА,
спосаб перадачы чужога выказвання, пры якім не захоўваюцца яго грамат., лексічныя і стылістычныя асаблівасці. Складаецца са слоў апавядальніка і чужога выказвання, якія афармляюцца не як самаст.сінтакс. структуры, а аб’ядноўваюцца падпарадкавальнай сувяззю ў адзін сказ. Словы аўтара падаюцца ў гал. частцы сказа, чужое выказванне — як даданы дапаўняльны, дзейнікавы ці азначальны сказ. Часткі складанага сказа злучаюцца пры дапамозе падпарадкавальных злучнікаў «што», «быццам», «каб».
Пры перадачы чужога выказвання спосабам У.м. замяняецца суб’ектна-аб’ектны і мадальны аспект чужой мовы: адбываюцца адпаведныя замены асабовых форм дзеяслова, асабовых і прыналежных займеннікаў з арыентацыяй на апавядальніка, але часавы план чужога выказвання захоўваецца [Марыля сказала: «Я абавязкова заўтра прынясу гэту кнігу» (прамая мова), Марыля сказала, што яна абавязкова заўтра прынясе гэту кнігу (У.м.)]. Пытальныя сказы прамой мовы афармляюцца ва У.м. як ускосныя пытанні і далучаюцца да слоў аўтара пры дапамозе пытальных займеннікаў, прыслоўяў і часціцы «ці» У.м. менш эмацыянальная, чым прамая і няўласна-прамая мова. Яна больш уласціва афіц. дзелавому і навук. стылям.
Літ.:
Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1980;