французскі майстар-ткач залататканых паясоў. Запрошаны А.Тызенгаўзам з Ліёна на Гродзенскую персіярню ў 1774, якой кіраваў да 1778, на гэты час прыпадае росквіт персіярні. Стварыў новы тып пояса, дзе, не парушаючы велічыні, падзелу і арнаментальнай структуры слуцкага пояса, удала спалучыў традыц.ўсх.арнамент і ўзоры франц. арнаменту 18 ст. Паясы С. адметныя гарманічнасцю кампазіцыі, лёгкасцю малюнка, вытанчанасцю каларыту. Працаваў таксама ў Кабылцы пад Варшавай (да 1787), з 1794 у Корцу на Валыні ў кн. Чартарыйскіх. На многіх паясах работы С. ёсць метка «F.S.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВЕЦ Пётр Цімафеевіч, адзін з першых бел. і рас. друкароў, гравёр 16 ст. Нарадзіўся ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Удзельнічаў у заснаванні (з І.Фёдаравым) друкарні ў Маскве, дзе яны выдалі «Апостал» (1564), 2 выданні «Часоўніка» (1565). Пад націскам рэакц. колаў і кансерватыўнага духавенства з Фёдаравым пакінуў Маскву і пераехаў у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. да гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча, які дапамог заснаваць Заблудаўскую друкарню і выдаць «Евангелле вучыцельнае» (1569), куды ўвайшлі перакладныя «Словы» і творы айч. аўтараў, у т. л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага, а таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). У сярэдзіне 1570-х г. з дапамогаю Мамонічаў заснаваў друкарню ў Вільні, у якой адрадзіў кірыліцкае кнігадрукаванне пасля спынення выдавецкай дзейнасці Ф.Скарыны. У друкарні выдаў «Часоўнік» [1574—76 (?)], «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). Выданні М. адметныя высокім паліграф. узроўнем, мелі маляўнічы арнамент, гравюры. У 1576 пачаўся судовы працэс М. з К.Мамонічам за друкарню, пасля чаго частка матэрыялу з друкарні Мамонічаў апынулася ў Астрожскай друкарні. Друкарскія матэрыялы М. (шрыфты, арнамент, ламбарды) пазней трапляюцца ў выданнях Астрожскай, Дзерманскай і інш.укр. друкарняў 16 — пач. 17 ст. Пасля 1576 звесткі пра М. не выяўлены.
Літ.:
Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;
Неміроўскі Я.Л. Іван Фёдараў і Пётр Цімафееў Мсціславец у Беларусі // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Иван Федоров и восточнославянское книгопечатание. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́МКАЎСКАЯ ЦА́ЦКА, вяцкая, кіраўская цацка,
рускі нар.маст. промысел у слабадзе Дымкава (цяпер у межах г. Кірава, Расія). Існуе здаўна (у літаратуры згадваецца з 1811). Д.ц. лепяць з гліны, абпальваюць і па грунце размалёўваюць тэмперай, аздабляюць сусальным золатам; характэрны абагульненасць і гратэскавасць формаў. Матывы і старадаўнія, і новыя («барыня», «нянькі», казачныя сюжэты, сцэны побыту, анімалістычныя выявы). Яркая дэкаратыўная размалёўка ўключае геам.арнамент і мае імправізаваны характар. У 1919 створана майстэрня (з 1942 — цэх т-ва «Кіраўскі мастак», з 1956 — цэх у складзе Маст.-вытв. майстэрняў Кіраўскага аддзялення Маст. фонду Расіі).
Да арт.Дымкаўская цацка. З.Пенкіна. Руская зіма. 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«УНІВЕРСІТЭ́ЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ»,
рукапісны помнік слав. пісьменнасці 1-й трэці 13 ст. Мяркуюць, што паходзіць з Полацка-Смаленскіх зямель. Зберагаецца ў навук. б-цы Маскоўскага ун-та (адсюль назва).
Пісана ўставам на пергаменце. Тэкст змешчаны ў 2 слупкі на 240 аркушах. Аздоблена застаўкай, ініцыяламі, мініяцюрай, дзе на сінім фоне выява евангеліста Іаана, акаймаваная рамкай у выглядзе арх. куліс. Арнамент застаўкі — расл. ўзор, утвораны перапляценнем парасткаў з чырв. і блакітнымі кветкамі на зялёным фоне. Расл. матывы і аздабленні ініцыялаў выкананы чырв.-аранжавай фарбай.
Літ.:
Вздорнов Г.И. Искусство книги в Древней Руси. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ДЫВАНЫ́,
вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, заснаваных А.Тызенгаўзам у 2-й пал. 18 ст. Адметныя высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. Кампазіцыі гродзенскіх дываноў (ворсавых і шпалер) складаліся з раскіданых па полі букетаў, перавязаных стужкамі, вазонаў і кошыкаў з кветкамі. Колеравая гама звычайна блакітная і залацістая. Раслінны арнамент ворсавых дываноў (букеты руж на светлым фоне) вызначаўся лёгкасцю формаў і гарманічнасцю колеравых спалучэнняў. Французскія майстры, якія працавалі на мануфактурах, пераймалі зах.-еўрап. ўзоры і стваралі дываны ў стылях барока і класіцызму. Часам у гродзенскіх дыванах трапляюцца ўзоры ў мясц. арнаментальных традыцыях.
Дз.С.Трызна.
Да арт.Гродзенскія дываны. Фрагмент шпалеры 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён эпохі позняй бронзы (11—9 ст. да н.э.). Назва ад в. Лебядоўка Кіеўскай вобл., дзе даследавана паселішча гэтай культуры. На думку некат. даследчыкаў, з’яўляецца познім этапам сосніцкай культуры. Частка даследчыкаў акрэслівае яе паўн. мяжу па р. Дзясна і Сейм, другія пашыраюць яе позні этап на ўсё Бел. Падняпроўе. Для Л.к. характэрны грубыя ляпныя гаршкі з дамешкамі жарствы ў гліну, цюльпанападобнай ці яйцападобнай формы, са слабапрафіляваным тулавам і вузкім няўстойлівым дном, пад венчыкам арнамент наколамі круглай палачкі. У Беларусі даследаваны паселішча Л.к. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. і курганны могільнік Прыбар Гомельскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛІМО́НАЎСКАЯ ЦА́ЦКА,
традыцыйны рускі нар.маст. промысел глінянай цацкі з цэнтрам у в. Філімонава Адоеўскага р-на Тульскай вобл. Час заснавання невядомы, пашыраны з сярэдзіны 19 ст. У пач. 20 ст. выраблялі размаляваныя цацкі (пераважна свісцёлкі) у выглядзе фігурак жывёл, упрыгожаных геам. арнаментам. У 1950-я г. цацкі выраблялі па заказах Маст. фонду Расіі. У 1967 у Філімонаве арганізавана майстэрня. Найб. папулярныя матывы: «Вершнік», «Сялянка», «Карміліца», «Жаніх і нявеста» і інш.Традыц. Ф.ц. вырабляюць з пластычнай прыроднай сіне-чорнай гліны, якая пры абпальванні набывае белы колер. Цацкі размалёўваюць анілінавымі фарбамі, разведзенымі на яйках; геам.арнамент складаецца з палосак, салярных знакаў, бардзюраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАУ́СЦЮЖСКАЕ ЧАРНЕ́ННЕ ПА СЕРАБРЫ́,
рускі мастацкі промысел. Склаўся ў 18 ст. ў г. Вялікі Усцюг (Расія). Чэрню аздаблялі сярэбраныя табакеркі, куфэркі, флаконы і інш.: у 18 ст. — багаты арнамент і займальныя сюжэтныя малюнкі, у 19 ст. — больш сухія, часта дакумент. выявы гарадоў і геагр. картаў, з сярэдзіны 19 ст. — раслінны ўзор, пабудаваны на кантрастах цёмнага і светлага з суцэльным пакрыццём паверхні брошак, запінак і інш. Да пач. 20 ст. промысел заняпаў, у 1930-я г. пачалося яго адраджэнне. У 1933 засн. арцель (з 1960 ф-ка) «Паўночная чэрнь», дзе вырабы аздабляюць чэрневым малюнкам, які раўнамерна запаўняе паверхню (партсігары, лыжкі, ювелірныя і інш. вырабы).
Да арт.Велікаусцюжскае чарненне па серабры. Куфэрак. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна на тэр. Жабінкаўскага і Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Вызначаўся класічнай завершанасцю форм, віртуознай распрацоўкай арнаменту касцюма жанчын.
Комплекс летняга жаночага адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха. Кашулю шылі з саматканага льнянога палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным або стаячым каўняром, прамым рукавом, які заканчваўся фальбонкай або каўнерцам, аздаблялі вышыўкай, радзей узорыстым ткацтвам і маршчэннем тканіны. Дробнаўзорысты (геам. або расл.) чырвона-малінавы арнамент з невял. ўкрапінамі чорнага ці цёмна-сіняга збіраўся ў вузкія, аднолькавай шырыні шлячкі, што ў падоўжным ці папярочным напрамку запаўнялі ўсю паверхню рукавоў. У блізкім да кашулі кампазіц.-арнаментальным вырашэнні афармляўся фартух, пашыты з 2 дэкар. злучаных полак белай ільняной тканіны. Адметнасць К.с. ў спосабе нашэння фартухоў (апраналі 2 фартухі так, каб асноўны арнамент ніжняга быў відаць з-пад верхняга). Спадніцы шылі з 4 полак узорыстай тканіны: ільняныя — з серабрыста-белай, вытканай у тэхніцы шматнітовага ткацтва; ваўняныя (андаракі) — з чырвонай, запоўненай каляровымі вузенькімі лініямі-прасноўкамі. Радзей выраблялі андаракі з чорнай або цёмна-сіняй тканіны. Падпяразвалі спадніцу поясам з кутасамі, вытканымі у рознакаляровыя палосы. Зрэдку надзявалі гарсэт. Галаўныя ўборы — намітка, белая палатняная хустка, упрыгожаная павай (пяром або веерам з пер’яў), чапец, вянок. Шыйнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалася з кашулі навыпуск, падпяразанай поясам, белых палатняных нагавіц, галаўнога ўбору — саламянага картуза, аздобленага ўзорыстай тасёмкай па верху і маляўнічай кукардай, шапкі (круглай чубатай). Верхняе адзенне мужчын і жанчын: світа (латушка з вусам), пашытая з белага або шэрага валенага сукна і аздобленая на грудзях і бакавых клінах стракатымі пышнымі кутасамі і вышыўкамі малінавымі, блакітнымі ніткамі воўны; куртка, кажух.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Кобрынскі строй. Жанчына ў касцюме з наміткай. Вёска Яўсімавічы Кобрынскага раёна. Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ХАВІЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. на тэр. паміж гарадамі Слуцк Мінскай і Асіповічы Магілёўскай абл. (абапал р. Пціч). Яму ўласцівы строгасць форм, тонкае ўмеркаванае аздабленне, разнастайнасць форм у жаночым і мужчынскім адзенні.
Жаночы летні гарнітур складаўся з 2 варыянтаў: кашуля, спадніца, фартух; кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з адносна вузкім рукавом, адкладным ці стаячым каўняром. Аздаблялі ўзорыстымі рознай шырыні папярочнымі палосамі натыкання ці вышыўкі з акцэнтам на прыплечавой частцы. Чырвоны ці чырвона-чорны графічна выразны арнамент палос утвараўся з ромбаў, квадратаў, трохвугольнікаў, гладкіх і зубчатых ліній. Арнамент 2-полкавага (радзей 1-полкавага) фартуха, стылістычна і каларыстычна блізкі да аздаблення кашулі, размяшчаўся палосамі, паводле прынцыпу згушчэння, да нізу; па краях нашывалі мохрыкі ці карункі. Спадніцу (андарак) шылі з 4 (кроеных па аснове) або 2 (кроеных па ўтку) полак, натыканых у сакавітыя (малінавыя, васільковыя, бурачковыя, фіялетавыя і стрыманыя чорныя, белыя) гарызантальныя палосы і клеткі. Гарсэт меў 2 варыянты крою: у выглядзе кароткага ліфа з глыбокімі выразамі ў пройме і на грудзях і ў выглядзе доўгай безрукаўкі з баскай-чатырохклінкай. Шылі гарсэт з шарсцянкі ці аксаміту васільковага, чорнага колераў, аздаблялі нашыўкамі залацістага галуна, парчовай тасьмы, каляровай аблямоўкай. Касцюм завяршала намітка ці скіндачка. Мужчынскі гарнітур складалі кашуля, нагавіцы, пояс і камізэлька. Кашулю (тунікападобную ці з прамымі плечавымі ўстаўкамі) аздаблялі чырвоным геам. арнаментам на плечавых устаўках, каўняры, каўнерцах, падоле; адкладны каўнер завязвалі тасёмкай або зашпільвалі меднай спражкай. Кашулю навыпуск падпяразвалі тканым ці скураным поясам, на якім часта насілі кайстру, ножык, шабету. Камізэльку з прываленага сукна ці карычнева-белай клятчастай даматканкі апраналі паверх кашулі. Традыц. галаўным уборам былі суконныя магеркі, аздобленыя блакітнымі, чырвонымі, зялёнымі матузкамі, саламяныя капелюшы, аўчынныя футраванкі.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.