КУЧЫ́НСКІ (Валерый Аляксандравіч) (н. 23.2.1947, г. Мікалаеў, Украіна),

бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1974). Скончыў Бел. кансерваторыю (1970). З 1967 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1970—73 і 1976—79 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1973—76 у Бел. філармоніі, у 1979—82 у Ансамблі песні і танца Паўн. групы войск (Польшча), з 1983 саліст Белтэлерадыёкампаніі. Сярод оперных партый: Максім («Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Ад аўтара («Джардана Бруна» С.​Картэса), Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Малатэста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Жэрмон («Травіята» Дж.​Вердзі). У канцэртным рэпертуары камерная лірыка, песні бел. кампазітараў. Лаўрэат IV Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1968), IV Міжнар. конкурсу імя Чайкоўскага (1970), Усесаюзнага конкурсу сав. песні (Мінск, 1972), IV Міжнар. конкурсу артыстаў эстрады (1974). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Г.​М.​Загародні.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Уладзімір Генадзевіч) (н. 3.2.1956, г. Чэлябінск, Расія),

бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1985, Свярдлоўск). З 1985 у Омскім муз. т-ры. З 1992 у Нац. т-ры оперы Беларусі, адначасова ў 1992—95 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру, вял. дыяпазону. Сярод партый на бел. сцэне: у т-ры муз. камедыі — Эдвін, Містэр Ікс, Тасіла («Сільва», «Прынцэса цырка», «Марыца» І.​Кальмана), князь Арлоўскі («Лятучая мыш» І.​Штрауса); у т-ры оперы — Ялецкі, Яўген Анегін, Раберт («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Рангоні («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Радрыга, Жэрмон («Дон Карлас», «Травіята» Дж.​Вердзі), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), партыя барытона (сцэнічная кантата «Карміна Бурана» К.​Орфа), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Шарплес («Мадам Батэрфляй» Дж.​Пучыні).

т. 13, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РВУЛЕЎ (Мікалай Дзмітрыевіч) (22.1.1917, г. Паўлаўск, Расія — 29.8.1967),

бел. і ўкраінскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Бел. кансерваторыю (1954, клас Я.Віцінга). У 1939 саліст Ансамбля песні і танца БВА. З 1946 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1957 саліст Кіеўскага т-ра оперы і балета. Меў голас рэдкай прыгажосці, акцёрскую інтуіцыю, валодаў высокім вак. майстэрствам. Стварыў вобразы ў операх бел. кампазітараў: Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.​Багатырова), Апанас («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Кастусь Каліноўскі (аднайм. опера Дз.​Лукаса). Найб. дасягненні ў партыях класічнага рэпертуару: Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Анегін, Раберт, Томскі («Яўген Анегін», «Іаланта», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Аманасра, Жэрмон, Рыгалета («Аіда», «Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Збігнеў («Страшны двор» С.​Манюшкі).

Літ.:

Маралёў А. М.​Дз.​Ворвулеў // Мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1955;

Смольскі Б. Мікалай Ворвулеў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

Б.​С.​Смольскі.

М.Ворвулеў.
М.Ворвулеў у ролі Апанаса.
М.Ворвулеў у ролі Аманасра.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РДЗІНА (Вольга Васілеўна) (н. 23.12.1932, г. Каршы, Узбекістан),

руская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1978). Скончыла Ташкенцкую кансерваторыю (1959). У 1962—84 салістка Саратаўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні). Выступае ў канцэртах.

т. 2, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫСТЫ́НІ ((Battistini) Матыа) (27.2.1856, Рым — 7.11.1928),

італьянскі спявак (барытон), майстар бельканта. Спяваў на оперных сцэнах Італіі і інш. краін. Неаднаразова бываў у Расіі. Яго творчасць — адна з вяршыняў вак. мастацтва 19 ст. Выконваў гал. партыі ў операх італьян., інш. зах.-еўрап і рускіх кампазітараў («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага, «Дэман» А.​Рубінштэйна, «Руслан і Людміла» М.​Глінкі).

т. 2, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙТАЛІ́ЕЎ (Тактаналы) (н. 3.12.1937, с. Жайылма, Кіргізія),

кіргізскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1984). З 1969 саліст Кірг. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Эміль («Чэрвеньская ноч» П.​Хаджыева), Сыргак, Кульчора, Керымбай («Манас», «Месячная прыгажуня», «Тактагул» У.​Уласава, А.​Малдыбаева і У.​Ферэ), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага) і інш. Дзярж. прэмія Кіргізіі 1982.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́ЕНКА (Мікалай Сяргеевіч) (н. 28.10.1941, г. Гомель),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Расіі (1979). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас С.​Асколкава). З 1972 выкладаў у Гомельскім муз. вучылішчы. З 1974 саліст Свярдлоўскага, з 1981 — Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Яго творчасці ўласцівы драм. асэнсаванасць сцэн. паводзін, вял. ўнутр. экспрэсія пры стрыманасці вонкавага сцэн. малюнка. Сярод партый: Міхал («Новая зямля» Ю.​Семянякі), Вял. князь Міндоўг («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі), Мастак («Візіт дамы» С.​Картэса), князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Анегін, Томскі, Эбн Хакія («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Бартала («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Рыгалета, Жэрмон, Аманасра, Макбет і Яга («Рыгалета», «Травіята», «Аіда», «Шэкспір і Вердзі» паводле опер «Макбет», «Фальстаф» і «Атэла» Дж.​Вердзі), Альфіо («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Ліндорф («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), граф Альмавіва, Папагена («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» ВА.Моцарта), Дзянісаў і Напалеон, Стэньё («Вайна і мір», «Мадалена» С.​Пракоф’ева). Удзельнічаў у радыёзапісах опер «Матухна Кураж» Картэса, «Францыск Скарына» Дз.​Смольскага.

В.​І.​Скорабагатаў.

т. 9, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГА́Й (Сяргей Іванавіч) (30.5.1888, г. Магілёў — 8.12.1959),

расійскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. Расіі (1939). Скончыў Адэскае муз. вучылішча (1911), вучыўся ў М.​Батыстыні (1911—13), у Опернай студыі пад кіраўніцтвам К.​Станіслаўскага (1918—20). З 1911 саліст Вял. т-ра, з 1924 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. У 1927—41 выступаў у Маскве і Ленінградзе, з 1941 саліст і кіраўнік вак. групы Усесаюзнага радыёкамітэта. З 1948 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1952 праф.). Меў насычаны галас цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), дасканала валодаў вак. тэхнікай. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Рыгалета, Жэрмон, граф ды Луна («Рыгалета», «Травіята», «Трубадур» Дж.​Вердзі) і інш. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. У 1920-я г. часта спяваў з Л.​Собінавым. Сярод яго вучняў Ю.Мазурок, А.Саўчанка. Аўтар метадычных прац па пытаннях вак. выканальніцтва.

Літ.:

Гусев П.С. И.​Мигай. Л., 1975.

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕ́ГІНСКАЯ СТРАФА́,

страфа з 14 радкоў 4-стопнага ямба з рыфмоўкай АбАбВВггДееДжж. Створана А.​Пушкіным для рамана ў вершах «Яўген Анегін». У першым 4-радкоўі перакрыжаваная рыфма, у другім — сумежная, далей апаясаная. Звычайна кожная страфа мае закончаную думку і з’яўляецца «вершам у вершы», таму выкарыстоўваецца выключна ў паэт. жанрах з мнагапланавым развіццём сюжэта. Анегінскую страфу выкарыстаў М.​Лермантаў у паэме «Тамбоўская казначэйша» і інш.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТРА́ЛЬТА (італьян. contraito),

нізкі жаночы голас. Дыяпазон f/g/—a​2. Найб. выразны і характэрны рэгістр — грудны (да a​1). Сярод оперных партый, напісаных для К.: Вольга («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), партыі хлопчыкаў-падлеткаў і юнакоў: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін» і «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Лель («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Керубіна («Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Саўка («Марынка» Р.​Пукста).

т. 8, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)