БЁРБЕДЖ (Burbage) Рычард (каля 1567, Шодыч, цяпер у межах Лондана — 13.3.1619),

англійскі акцёр. Буйнейшы прадстаўнік т-ра эпохі Адраджэння. Сябар У.​Шэкспіра, які напісаў для яго ролі Рычарда III, Гамлета, Атэла, Ліра, Макбета і інш. Уваходзіў у склад трупы «Слугі лорда-камергера». Валодаў здольнасцю сцэн. пераўвасаблення, багатай мімікай і жэстам. Быў таксама выдатным жывапісцам.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРК (Burke) Роберт О’Хара (1821, Сент-Клеранс, графства Голуэй, Ірландыя — 28.6.1861),

англійскі даследчык Аўстраліі. У 1860 узначаліў экспедыцыю па пошуку трасы для трансаўстралійскага тэлеграфа. Накіраваўся з Мельбурна на Пн і дасягнуў вусця р. Фліндэрс на беразе зал. Карпентарыя, упершыню перасек аўстралійскі мацярык у мерыдыянальным напрамку. Загінуў на зваротным шляху. Імем Бёрка названа адкрытая ім рака.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬ (Boole) Джордж (2.11.1815, г. Лінкальн, Вялікабрытанія — 8.12.1864),

англійскі матэматык і логік; заснавальнік матэм. логікі. Праф. матэматыкі (1849) Куінс-каледжа ў Корку (Ірландыя). Спец. матэматычнай адукацыі не меў. У працах «Матэматычны аналіз логікі» (1847), «Логікавае злічэнне» (1848), «Даследаванне законаў мыслення» (1854) распрацаваў алгебру логікі. Імем Буля названы асобныя алг. сістэмы — булевы алгебры.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРСАН (Anderson) Джэймс (1739, Шатландыя — 15.10.1808),

англійскі вучоны-эканаміст. Буйны фермер. Асн. навук. працы па агр. пытанні. Прыхільнік агр. пратэкцыянізму. Задоўга да Д.​Рыкарда ў асноўным правільна апісаў механізм утварэння дыферэнцыяльнай рэнты, чым абвяргаў вучэнне фізіякратаў. Рашуча выступаў супраць мальтузіянства, даказваючы, што магчымасці с.-г. вытв-сці бязмежныя, яны павялічваюцца з ростам насельніцтва.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМС (Adams) Джон Каўч (5.6.1819—21.1.1892),

англійскі астраном. Прэзідэнт Лонданскага астр. т-ва, дырэктар Кембрыджскай астр. абсерваторыі (з 1861). Працы па нябеснай механіцы (асн. з іх — тэарэтычнае вызначэнне векавога паскарэння Месяца). На аснове матэм. аналізу няправільнасцяў у руху планеты Уран незалежна ад У.Левер’е ў 1845 адкрыў планету Нептун. Прапанаваў рознасны метад лікавага інтэгравання звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў першага парадку.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭЙ, Грэй оф Фаладан (Grey of Fallodon) Эдуард (25.4.1862, каля г. Эмблтан, Вялікабрытанія — 7.9.1933), англійскі дыпламат і дзярж. дзеяч, віконт. З 1885 чл. парламента ад Ліберальнай партыі. У 1892—95 нам. міністра, у 1905—16 міністр замежных спраў. Заключыў пагадненне з Расіяй, якое садзейнічала афармленню Антанты. Палітыка Грэя зрабіла ўплыў на падрыхтоўку і развязванне 1-й сусв. вайны.

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́НКС (Jencks) Чарлз (н. 12.5.1939, г. Балтымар, ЗША),

англійскі архітэктар, тэарэтык архітэктуры постмадэрнізму. Скончыў Гарвардскі і Лонданскі ун-ты. Аўтар артыкулаў і кніг па пытаннях сучаснай архітэктуры «Значэнне ў архітэктуры» (1969, у сааўт.), «Сучасныя рухі ў архітэктуры» (1973), «Мова архітэктуры постмадэрнізму» (1977), «Архітэктура позняга мадэрнізму» (1980), «Да сімвалісцкай архітэктуры» (1985).

Тв.:

Рус. пер. — Язык архитектуры постмодернизма. М., 1985.

т. 6, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́КСТЭР (Baxter) Рычард (12.11.1615, Роўтан, графства Шропшыр, Вялікабрытанія — 8.12.1691),

англійскі пурытанскі прапаведнік і багаслоў. У час. Англ. рэвалюцыі 17 ст. выступаў на баку парламента, служыў капеланам аднаго з палкоў індэпендэнтаў. Пазней спрыяў вяртанню на трон Сцюартаў. Развіваў вучэнне кальвінізму, заснаваў яго разнавіднасць — бакстэрызм, які вызначаўся менш строгай трактоўкай догмату аб прадвызначэнні. Аўтар каля 200 багаслоўскіх твораў.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМСТРАНГ (Armstrong) Генры Эдуард (6.5.1848, Лондан — 13.7.1937),

англійскі хімік-арганік. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1870). З 1871 праф. Лонданскага ун-та, у 1884—1913 — Цэнтральнага тэхн. каледжа. У 1893—95 прэзідэнт Лонданскага хім. т-ва. Распрацаваў (1888) хіноідную тэорыю колернасці, прапанаваў першую рацыянальную наменклатуру арган. злучэнняў (прынята ў Жэневе; 1892), даследаваў ферменты, тэрпены, камфару, займаўся крышталяграфіяй.

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТЭР (Carter) Хоўард (9.5.1873, Суэфем, Вялікабрытанія — 2.3.1939),

англійскі археолаг. З 1891 удзельнічаў у археал. раскопках у Егіпце (раён Эль-Амарны і інш. мясціны Сярэдняга Егіпта). З 1902 праводзіў раскопкі ў Даліне цароў; у ліст. 1922 адкрыў грабніцу егіпецкага фараона XVIII дынастыі Тутанхамона (15 ст. да н.э.) — багацейшую скарбніцу помнікаў мастацтва.

Тв.:

Рус. пер. — Гробница Тутанхамона. М., 1959.

т. 8, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)