сукупнасць відаў мікраарганізмаў, што насяляюць пэўнае асяроддзе існавання (глеба, вада, паветра, горныя пароды і інш.). Па паходжанні адрозніваюць М., што пастаянна прысутнічае, і прыўнесеную; паводле тыпу жыўлення — аўтатрофную (мікраарганізмы, якія разбураюць арган. рэчывы), алігатрофную (завяршаюць мінералізацыю арган. рэчываў) і літатрофную (пераўтвараюць мінер. злучэнні горных парод, газы). Напр., у сульфідных рудах акісленне абумоўлена тыёнавымі бактэрыямі, у рубцы жвачных жывёл — анаэробнай М., што ператраўлівае клятчатку. Скура, слізістыя абалонкі, кішэчнік, інш. органы жывёл, паверхня раслін маюць пастаянную, т. зв. нармальную М., якая метабалізуе выдзяленні з тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Аляксандр Нічыпаравіч) (каля 1840, б. Віцебская губ. — 18.8.1881),
расійскі хімік-арганік. Вучань А.М.Бутлерава. Скончыў Казанскі ун-т (1865), працаваў у ім лабарантам. З 1869 праф. Варшаўскага ун-та. У 1872 працаваў у г. Бон (Германія) у лабараторыі Ф.А.Кекуле. Эксперыментальна даказаў, што 4 адзінкі валентнасці вугляроднага атама тоесны. Вывучаючы акісленнеарган. злучэнняў хромавай сумессю, П. прапанаваў метады вызначэння хім. будовы кетонаў, кіслот, спіртоў і вуглевадародаў («правілы П.»).
Літ.:
Быков Г.В. Очерк жизни и деятельности А.Н. Попова // Тр. Ин-та истории естествознания и техники. 1956. Т. 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́НАЎСКІ ПРАЦЭ́С,
працэс выплаўкі сталі, што адбываецца ў мартэнаўскай печы. Заключаецца ў расплаўленні шыхты (чыгуну, стальнога лому, раскісляльнікаў, жал. руды, агламерату, флюсаў), памяншэння ў ёй вугляроду, крэмнію, марганцу, выдаленні непажаданых дамешкаў (серы, фосфару), пры неабходнасці — увядзенні легіруючых элементаў. Прапанаваны франц. металургам П.Мартэнам.
Пры плаўленні матэрыялаў інтэнсіўна акісляюцца дамешкі і ўтвараецца шлак, а ў перыяд кіпення адбываецца акісленне вугляроду і метал набывае зададзены хім. састаў. Затым метал раскісляюць і легіруюць. Для інтэнсіфікацыі М.п. выкарыстоўваюць кісларод, які ўводзіцца для абагачэння паветра і акіслення дамешкаў. З печаў сталь выпускаюць ў каўшы, разліваюць ва ўліўніцы або на ўстаноўках бесперапыннага ліцця. Больш эфектыўны за М.п. кіслародна-канвертарны працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЎНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,
хімічная крыніца току, у якой адбываецца непасрэднае пераўтварэнне хім. энергіі паліва ў электрычную; асн. частка электрахімічнага генератара.
Складаецца з 2 электродаў, раздзеленых цвёрдым (ці вадкім) электралітам. Паліва і акісляльнік падаюцца ў поласці, што мяжуюць з электродамі, і на паверхні раздзелу электрод — электраліт у прысутнасці каталізатараў (напр., плаціны) адбываюцца акісляльна-аднаўляльныя хім. рэакцыі (гл.Акісленне-аднаўленне). Электраліт забяспечвае прасторавае раздзяленне рэакцый акіслення і аднаўлення. У выніку рэакцый утвараюцца рознайменныя іоны, якія рэкамбінуюць у канчатковы прадукт рэакцыі, а на адпаведных электродах утвараецца лішкавы эл. зарад. Выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы току ў сістэмах энергасілкавання касм. апаратаў, электрамабіляў, радыёапаратуры, радыёлакацыйных станцый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛАРО́Д (лац. Oxygenium),
O, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 8, ат. м. 15,9994. Прыродны К. складаецца з 3 стабільных ізатопаў: 16O (99,759% па масе), 17O (0,037%) і 18O (0,204%). Найб. пашыраны на Зямлі элемент. У паветры 23,1% па масе свабоднага К., у вадзе 85,82%, у зямной кары 47% звязанага. Уваходзіць у састаў усіх рэчываў, з якіх пабудаваны жывыя арганізмы (у арганізме чалавека каля 65%К.). У чыстым выглядзе атрыманы швед. вучоным К.Шэеле ў 1771 і незалежна англ. хімікам Дж.Прыстлі ў 1774.
К. — газ без колеру і паху, шчыльн. 1,42897 кг/м³ (0 °C), tпл-218,35 °C, tкіп-182,97 °C. Існуюць 2 алатропныя мадыфікацыі К.: «звычайны» К., малекулы якога двухатамныя O2, і азон O3. Пры т-ры каля 1500 °C малекулы О2 распадаюцца на атамы. Непасрэдна ўзаемадзейнічае амаль з усімі элементамі, утварае аксіды. У рэакцыях з простымі рэчывамі (акрамя фтору) з’яўляецца акісляльнікам. Пры нізкіх т-рах акісленне ідзе павольна, пры павышэнні т-ры яго скорасць узрастае і акісленне можа суправаджацца гарэннем. Узаемадзеянне К. з металамі ў прысутнасці вільгаці выклікае атм.карозію металаў. Змяншэнне К. ў атмасферы ў выніку працэсаў акіслення, у т. л.акіслення біялагічнага, кампенсуецца выдзяленнем яго раслінамі пры фотасінтэзе. У прам-сці К. атрымліваюць звадкаваннем і рэктыфікацыяй паветра. Газападобны К. выкарыстоўваюць у тэхніцы для атрымання высокіх т-р, інтэнсіфікацыі металург. працэсаў, у медыцыне; вадкі — як акісляльнік для ракетнага паліва, холадагент, а таксама ў вырабе выбуховых рэчываў (аксіліквітаў).
Літ.:
Глизманенко Д.Л. Получение кислорода. 5 изд. М., 1972;
Разумовский С.Д. Кислород — элементарные формы и свойства. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЯ́ЛЬНАЕ ФАСФАРЫЛІ́РАВАННЕ,
біясінтэз малекул адэназінтрыфосфарнай к-ты (АТФ) з адэназіндыфосфарнай (АДФ) і фосфарнай к-т за кошт энергіі акіслення субстрату: АДФ + H3PO4 → АТФ + H2O (гл.Акісленне біялагічнае). Асн. субстратам для акісляльнага фасфарыліравання служаць малекулы арган. рэчываў, пераважна арган.к-т, якія ўтвараюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Акісляльнае фасфарыліраванне адкрыта сав. біяхімікам У.А.Энгельгартам (1930). Адбываецца ў жывых клетках (у мітахондрыях) пры пераносе электронаў і пратонаў па дыхальным ланцугу з удзелам значнай колькасці дыхальных ферментаў і каферментаў (ферментны комплекс АТФ-сінтэтаза). Паказчык эфектыўнасці акісляльнага фасфарыліравання — адносіны колькасці фасфату, звязанага АДФ пры акісляльным фасфарыліраванні, да паглынутага кіслароду (P/O). Малекула АТФ утвараецца пры пераносе 2 электронаў праз пункт энергет. злучэння, у якім адбываецца утылізацыя энергіі, што вызваляецца. У выніку акісляльнага фасфарыліравання ў клетках назапашваецца АТФ — важнейшае макраэргічнае злучэнне, якое забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Н ЭНЕ́РГІІ, энергетычны абмен,
сукупнасць працэсаў утварэння, назапашвання, трансфармацыі і выкарыстання энергіі ў жывых арганізмах, а таксама працэсаў абмену паміж імі і навакольным асяроддзем. Абмен энергіі неадрыўны ад абмену рэчываў, карэліруе з яго ўзроўнем, мае фундаментальнае значэнне ў жыцці ўсіх арганізмаў. У аснове ўнутрыклетачнага абмену энергіі ляжыць акісленне біялагічнаеарган. злучэнняў з назапашваннем і ператварэннем т.зв.макраэргічных сувязяў АТФ, крэацінфасфату, фосфаэнолпірувату, 3-фосфагліцэрату і інш. макраэргаў (гал. ролю пры гэтым выконвае цыкл трыкарбонавых кіслот). Зыходнымі вонкавымі крыніцамі для забеспячэння іх энергет. патрэб з’яўляецца энергія пажыўных і інш. рэчываў, што засвойваюцца арганізмам, і светлавая энергія, якая ўключаецца ў біяэнергет. абмен праз фотасінтэз. Ён забяспечвае існаванне не толькі раслін, але і ўсіх гетэратрофных арганізмаў. Гал. крыніцы энергіі ўнутры арганізма — вугляводы (даюць больш за 50% энергіі) і тлушчы. Праз ператварэнні рэчываў у арганізме ажыццяўляецца трансфармацыя хім. энергіі ў інш. віды — мех., цеплавую і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХІМІ́ЧНАЕ СПАЖЫВА́ННЕ КІСЛАРО́ДУ (БСК),
колькасць кіслароду, што ўжываецца арган. рэчывамі, якія ёсць у вадзе, пры біяхім. іх акісленні ў працэсе самаачышчэння вады; паказчык ступені забруджанасці вады і наяўнасці ў ёй лёгкаакісляльных арган. рэчываў. Вымяраецца ў міліграмах кіслароду, які траціцца на акісленне забруджвальнікаў у 1 л вады (мг/л) пры т-ры 20 °C. Значэнні БСК5 — расход кіслароду за 5 сут (60—80% поўнага спажывання кіслароду) і БСКпоўн. — спажыванне кіслароду, які спатрэбіўся для акіслення арган. рэчываў за адрэзак часу да пачатку працэсу нітрыфікацыі. БСКпоўн. лічыцца 15—20 сут, аднак мінералізацыя нястойкіх арган. рэчываў заканчваецца прыблізна за 10 сут (расход кіслароду складае каля 90%), на 20-я сут працэс стабілізуецца (дасягае 99%), але не спыняецца. БСК5 прыродных водаў звычайна 0,5—2 мг/л, у залежнасці ад ступені забруджанасці вадаёмаў 0,5—7 мг/л. Нізкі паказчык БСК можа сведчыць таксама пра наяўнасць у вадзе рэчываў, якія запавольваюць або спыняюць біяхім. працэсы ў ёй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБЕ́ЛЬВАННЕ,
бяленне, тэхналагічны працэс выдалення дамешкаў і знішчэння непажаданай натуральнай афарбоўкі матэрыялаў (натуральных і штучных валокнаў, паперы, воску, скуры, футра, пластычных мас і інш.) для надання ім белага колеру ці перад фарбаваннем. Хімічнае адбельванне ўключае папярэднюю апрацоўку матэрыялу хлорамінам, слабымі растворамі кіслот і шчолачаў або ферментатыўнымі прэпаратамі і наступнае ўздзеянне акісляльнікаў (гіпахларыту натрыю ці кальцыю, пераксіду вадароду, хларыту натрыю, перманганату калію) ці аднаўляльнікаў (сярністага газу, гідрасульфіту ці бісульфіту натрыю). Аптычнае адбельванне заснавана на дзеянні бясколерных флуарэсцыруючых арган. рэчываў — белафораў (вытворных стыльбену, аксазолу, імідазолу), якія ператвараюць УФ-выпрамяненне дзённага (сонечнага) святла ў сіне-фіялетавы колер бачнага святла і такім чынам кампенсуюць паглынанне святла забруджваннямі. Матэрыялы пры гэтым набываюць высокую ступень белізны, фарбаваныя — яркасць і кантрастнасць. Фатаграфічнае адбельванне — прамежкавая стадыя апрацоўкі каляровых і чорна-белых кіна- і фатаграфічных матэрыялаў, у выніку якой адбываецца акісленнеметал. серабра відарыса акісляльнікамі (чырв. крывяная соль, біхрамат калію і інш.) у злучэнні белага колеру, што выдаляюцца пры далейшай апрацоўцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦЫ ТО́КУ,
устройствы, якія пераўтвараюць розныя віды энергіі ў электрычную (у пераменны ток або пастаянны ток). Умоўна падзяляюцца на хім. К.т., у якіх электраэнергія вырабляецца ў выніку акісляльна-аднаўляльнай рэакцыі (гл.Акісленне-аднаўленне), і фізічныя, якія пераўтвараюць мех., цеплавую, эл.-магн., светлавую, энергію радыяц. выпрамянення і ядз. распаду ў электрычную.
Хімічныя К.т. складаюцца з аднаго або некалькіх гальванічных элементаў. Падзяляюцца на першасныя (аднаразовага выкарыстання; пераважна марганцава-цынкавыя элементы, выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы сілкавання нязначнай магутнасці), другасныя (абарачальныя; электрычныя акумулятары і акумулятарныя батарэі) і паліўныя элементы. Фізічныя К.т. — гідрагенератары, турбагенератары, тэрмаэлектрычныя генератары, магнітагідрадынамічныя генератары, тэрмаэмісійныя пераўтваральнікі энергіі, сонечныя батарэі, ядзерныя батарэі і інш. Ад хім. і фіз. К.т. адрозніваюць крыніцы другаснага электрасілкавання, якія пераўтвараюць адзін від эл. энергіі або яе параметры ў другія (трансфарматары электрычныя, выпрамнікі току, інвертары і інш.).
В.І.Вараб’ёў.
Крыніцы току і віды энергіі, якія пераўтвараюцца імі ў электрычную энергію: КТ — крыніцы току; МЭ, ЦЭ, ХЭ, СЭ, АЭ — механічная, цеплавая, хімічная, сонечная, атамная энергіі.