МАМБЕ́ТАЎ Азербайджан Мадзіевіч (н. 1.9.1932),
казахскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1957). З 1957 рэжысёр, з 1964 гал. рэжысёр Каз. акад. т-ра драмы імя М.Аўэзава. Сярод пастановак: «Ваўчаня пад шапкай» і «Свацця прыехала» К.Мухамеджанава, «Летуценнікі» А.Абішава, «Айман Шалпан» Аўэзава, «Абай» Аўэзава і Л.Собалева, «Казы-Карпеш і Баян-Слу» Г.Мусрэпава, «Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.Айтматава і К.Мухамеджанава, «Кроў і пот» паводле А.Нурпіесава і інш. Дзярж. прэмія СССР 1974.
т. 10, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗЕ́Х (сапр. Мірза Шафі; 1796, г. Гянджа, Азербайджан — 28.11.1852),
азербайджанскі паэт, асветнік. Прадаўжальнік традыцый азерб. і перс. класічнай паэзіі. Пісаў інтымна-лірычныя і сатыр. вершы ў форме газелі, мухамаса, рубаі, месняві і інш. Паэтызаваў рамант. каханне, выступаў супраць заган феад. грамадства, занявольвання асобы, рэліг. фанатызму. Многія лірычныя вершы сталі нар. песнямі. Вазех — аўтар першай хрэстаматыі азерб. паэзіі, «Татарска-рускага слоўніка» для гімназій (з І.Грыгор’евым). Упершыню пераклад твораў Вазеха на рус. мову (з ням.) зрабіў М.І.Эйферт (выд. 1880, 1907).
Тв.:
Рус. пер. — Лирика. М., 1971.
т. 3, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЛІСЛІ́ Акрам (сапр. Наібаў-Айліслі Акрам Наджар аглы; н. 6.12.1937, с. Айліс Ардубадскага р-на, Азербайджан),
азербайджанскі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1964). Аўтар зб-каў апавяданняў «Чарэшня» (1961), «З сэрцам не жартуй» (1973), аповесцяў «У гарах туман» (1963), «З бацькамі і без іх» (1965), «Над Курой у цёплых лясах» (1976), эсэ «Прага літаратуры» (1989) і інш. Цыкл аповесцяў «Людзі і дрэвы» (1966—68) пра жыццё азербайджанскай вёскі ў Вял. Айч. вайну і пасляваенныя гады. Прозе Айліслі ўласцівы паглыблены псіхалагізм, спалучэнне лірызму з тонкім гумарам.
т. 1, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМА́НАЎ Лютфіяр Муслім аглы (н. 17.4.1928, г. Сабірабад, Азербайджан),
азербайджанскі спявак (драм. тэнар), педагог. Нар. арт. СССР (1977). Скончыў Бакінскае муз. вучылішча (1957), Азерб. ін-т мастацтваў (1968), выкладае ў ім (праф. з 1986). З 1958 саліст Азерб. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Кёр-аглы («Кёр-аглы» У.Гаджыбекава), Балаш («Севіль» Ф.Амірава), Багатур («Багатур і Сона» С.Алескерава), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Атэла, Радамес («Атэла», «Аіда» Дж.Вердзі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Валодае моцным выразным голасам прыгожага тэмбру. Выступае ў канцэртах.
т. 7, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́НТ Георгій Аляксеевіч (н. 1.6.1947, с. Дзяржынаўка Шэмахінскага р-на, Азербайджан),
бел. піяніст. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Азербайджанскую кансерваторыю (1971, Баку). З 1971 канцэртмайстар Бел. кансерваторыі, з 1976 — Нац. акад. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. Зрабіў вял. ўклад у падрыхтоўку оперных спектакляў бел. кампазітараў: «Джардана Бруна» і «Візіт дамы» С.Картэса, «Сівая легенда» Дз. Смольскага, «Новая зямля» Ю.Семянякі, «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера, «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана, шэрагу класічных опер. Выступае ў канцэртах з вядомымі бел. вакалістамі.
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ЕЎ (Əliyev) Ільхам Гейдар аглы (н. 24.12.1961, Баку),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Азербайджана. Сын Г.Аліева. Магістр гісторыі і міжнар. адносін (1985). Скончыў Маскоўскі ін-т міжнар. адносін (1982), дзе ў 1985—90 працаваў выкладчыкам. З 1991 займаўся камерцыйнай дзейнасцю ў Маскве і Стамбуле, з 1994 1-ы віцэ-прэзідэнт Дзярж. нафтавай кампаніі Азербайджана. З 1995 дэп. парламента Азербайджана, з 1999 нам., з 2001 1-ы нам. старшыні кіруючай партыі «Ені Азербайджан». З 4.8.2003 прэм’ер-міністр. 15.10.2003 выбраны прэзідэнтам Азербайджанскай Рэспублікі. Прэзідэнт Нац. алімпійскага к-та Азербайджана (з 1997).
т. 18, кн. 1, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАБАРЛЫ́ Джафар (20.3.1899, в. Хізы Апшэронскага р-на, Азербайджан — 31.12.1934),
азербайджанскі пісьменнік, рэжысёр. Засл. дз. маст. Азербайджана (1932). Скончыў Азербайджанскі ун-т (1929). Друкаваўся з 1915. Выступаў у жанрах апавядання, сатыр. верша, п’есы. Сярод твораў: гіст. драмы «Насрэддзін-шах» (1916), «Нявеста агню» (паст. 1928), п’есы «Айдын», «Актай Эль-аглы» (паст. 1922—23), «Алмас» (паст. 1931), «Яшар» (паст. 1932) і інш. Вастрыня драм. канфліктаў, па-майстэрску пабудаваны дыялог — адметныя рысы яго твораў. Аўтар лібрэта опер, кінасцэнарыяў, літ.-крытычных артыкулаў. Пераклаў на азерб. мову асобныя творы Я.Купалы.
Тв.:
Рус. пер. — Пьесы. Баку, 1969.
т. 6, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБРАГІ́МАЎ Мірза Аждар аглы (н. 28.10.1911, с. Эве, Азербайджан),
азербайджанскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад. АН Азербайджана (1945). Нар. пісьменнік Азербайджана (1961). Герой Сац. Працы (1981). У раманах «Настане дзень» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Вялікая апора» (1957), «Пэрванэ» (1970), «Новыя часы» (1971) і інш. адлюстраваў перыпетыі гіст. лёсу азерб. народа (нац.-вызв. рух у Іране, станаўленне калгаснай вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны). Вядомы як драматург, публіцыст і літаратуразнавец. Аўтар зб. «Кніга майго жыцця. Нарысы» (1982). На бел. мову асобныя творы І. пераклалі У.Анісковіч, П.Ізох, П.Кавалёў, А.Макаёнак.
Тв.:
Бел. пер. — Настане дзень. Мн., 1953.
т. 7, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСКАНДО́РАЎ Адыль Рза аглы (5.5.1910, г. Гянджа, Азербайджан — 18.9.1978),
азербайджанскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1959). Праф. (з 1956). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1936). У 1937—60 гал. рэж. і дырэктар Азерб. акад. т-ра імя М.Азізбекава (Баку). Паставіў спектаклі: «Платон Крэчат» А.Карнейчука (1926), «Вагіф» (1938) і «Фархад і Шырын» (1941) С.Вургуна, «Гонар» А.Шырванзадэ (1940), «Раніца Усходу» Э.Мамедханлы (1948, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Айдын» Дж.Джабарлы (1940), «Атэла» У Шэкспіра (1959) і інш. Творчасці характэрны манум. героіка, урачыстасць, яркая відовішчнасць. З 1961 у кіно як акцёр і рэжысёр.
т. 7, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮЛЬ-ТЭПЕ́, Кюльтэпе (цюрк. попельны ўзгорак),
1) стараж. горад бронзавага веку у Кападокіі (цэнтр. Турцыя) каля Кейзеры. Пры даследаванні выяўлена дзелавая перапіска асірыйскіх купцоў-каланістаў, якія ў 19 ст. да н.э. кантралявалі і пашыралі гандаль паміж Анатоліяй і Месапатаміяй, гліняныя таблічкі з асірыйскім клінапісам, шмат матэрыялаў з часоў, якія папярэднічалі ўзвышэнню хетаў.
2) Паселішча паўд.-закаўказскай групы энеаліту Каўказа (4-е — пач. 1-га тыс. да н.э.). Назву атрымала ад сяла за 8 км ад Нахічэвані (Азербайджан). Выяўлены 4 розначасовыя культ. пласты магутнасцю 22 м (энеаліт, кура-аракская культура, эпохі верхняй бронзы і ранняга жалеза).
т. 9, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)