ІАГА́НСЕН ((Johannsen) Вільгельм Людвіг) (3.2.1857, Капенгаген — 11.11.1927),
дацкі біёлаг, адзін з заснавальнікаў сучаснай генетыкі. Чл. Шведскай АН, замежны чл.-кар.Рас.АН (1924). Праф. ін-та фізіялогіі раслін Капенгагенскага ун-та. Стварыў вучэнне пра чыстыя лініі, што стала асновай сучасных прынцыпаў селекцыі, вызначыла ролю спадчыннасці ў працэсах натуральнага адбору. Увёў тэрміны ген, генатып, фенатып і даў аналіз асн. паняццяў генетыкі ў працы «Элементы дакладнага вучэння пра спадчыннасць» (1909).
Літ.:
Гайсинович А.Е. Зарождение генетики. М., 1967. С. 138.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУТАЦЫЯНІ́ЗМ,
канцэпцыя ў біялогіі, якая разглядае эвалюцыю як скачкападобны працэс. Адбываецца ў выглядзе буйных адзінкавых спадчынных змен — макрамутацый або сальтацый. Яны ўзнікаюць у асобін зыходнага віду і адразу ўтвараюць новыя жыццёвыя формы, якія пры спрыяльных умовах асяроддзя з’яўляюцца родапачынальнікамі новых відаў. У якасці рухальнай сілы эвалюцыі ўсталёўвае ўнутраны адносна арганізма фактар — змены спадчыннасці і адмаўляе творчую ролю натуральнага адбору, які мае толькі значэнне фактару, што абмяжоўвае разнастайнасць жыццёвых форм ліквідацыяй нежыццяздольных варыянтаў. Заснавальнік М. — Г.Дэ Фрыз, які распрацаваў мутацыйную тэорыю эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВЫ АДБО́Р,
адбор раслін або жывёл па знешніх паказчыках (фенатыпе) без праверкі атрыманых у спадчыну ўласцівасцей (генатыпу). Выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, селекцыі і насенняводстве для адбору асобін з патрэбнымі якасцямі (напр., вял. настрыг воўны ў авечак, павышаная марозаўстойлівасць вінаграду). Поспех селекцыі М.а. дасягаецца павольна, але без яго скарыстання сарты і пароды ў працэсе вытв-сці хутка трацяць свае якасці. Эфектыўнасць залежыць ад каэфіцыента атрымання ў спадчыну адзнакі. Сарты і пароды нар. селекцыі (мясцовыя) ствараліся з дапамогай М.а. на працягу доўгага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ ВО́ЛАТ,
парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзены ў Бельгіі і Германіі метадам адбору альбіносаў сярод парод трусоў фландр. Выкарыстоўваўся пры вывядзенні парод трусоў чорна-бурай, савецкай шыншылы, а таксама для прамысл. скрыжавання. Гадуюць у краінах Еўропы, на тэр.б.СССР. На Беларусі адна з асн. парод трусоў.
Жывёлы вялікія, даўж. тулава 60 см, абхват грудзей 37 см, сярэдняя жывая маса 5,1 кг.
Забойны выхад 45—55%. Сярэдняя пладавітасць — да 8 трусянят у прыплодзе. Валасяное покрыва белае, эластычнае, пруткае, густое і бліскучае. Шкуркі выкарыстоўваюць у натуральным і афарбаваным выглядзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НА (ад грэч. klinō нахіляю),
клінальная зменлівасць у біялогіі, паступовае павелічэнне або змяншэнне (колькасны градыент) якой-н. адзнакі, уласцівасці ўнутры папуляцыі або віду; адно з выяўленняў унутрывідавой геагр. зменлівасці. Тэрмін прапанаваны англ. біёлагам Дж.Хакслі (1939). Можа закранаць колькасныя прыкметы (напр., павелічэнне памераў цела пазваночных у больш высокіх шыротах) і якасныя (напр., адноснае павелічэнне колькасці «чорнай» формы двухкрапінкавай божай кароўкі ў параўнанні з «чырвонай» формай пры нарастанні кантынентальнасці клімату). Развіваецца ў выніку ўзаемадзеяння натуральнага адбору, які прыстасоўвае кожную папуляцыю да лакальнага асяроддзя, з патокам генаў, што вядзе да уніфікацыі папуляцый віду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯў генетыцы,
група роднасных асоб ш з характэрнымі адзнакамі, што нязменна перадаюцца ў шэрагу пакаленняў. Абумоўлена генатыпічнай аднароднасцю па генах, якія кантралююць гэтыя адзнакі. Паводле характару ўзнаўлення адрозніваюць інбрэдныя Л. (гл.Інбрыдзінг), аўтбрэдныя (гл.Аўтбрыдзінг), чыстыя лініі і Л. дзікага тыпу (у прыродзе). Атрымліваюць з прыродных і лабараторных папуляцый, сартоў, парод метадамі інбрыдзінгу і адбору. Асн. элемент генет. калекцый. У гасп. карысных жывёл і раслін Л. выкарыстоўваюцца для атрымання новых сартоў і парод. У генетыцы і селекцыі мікраарганізмаў для Л. прыняты тэрмін «штам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛ,
сукупнасць марфалагічных, фізіялагічных, біяхімічных і інш. адзнак арганізма, якія абумоўліваюць узнаўленне падобнага да сябе. Уласцівы ўсім жывым арганізмам. Асобіны з процілеглымі адзнакамі здольны злівацца адна з адной (некат. аднаклетачныя водарасці) або прадуцыраваць гаметы розных тыпаў, якія пры зліцці ўтвараюць зіготу (большасць раслін і жывёл). З зіготы развіваецца новы арганізм; ён мае 2 адзінарныя (матчын і бацькаў) наборы храмасом гамет, што забяспечвае працэс генет.рэкамбінацыі і спрыяе натуральнаму адбору больш прыстасаваных форм. Гэта з’яўляецца асн. перавагай палавога размнажэння перад бясполым размнажэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,
галіна прыкладной псіхалогіі, якая вывучае псіхалагічныя аспекты і заканамернасці працоўнай дзейнасці. Гал. яе задачы звязаны з праблемамі ўдасканальвання вытв. адносін, павышэння якасці працы, паляпшэння ўмоў працы, ліквідавання аварыйных сітуацый і г.д. Пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. ў сувязі з навуковай арганізацыяй працы і вырашэннем пытанняў прафес.адбору, прафесійнай арыентацыі. Цесна звязана з медыцынай, фізіялогіяй, тэхнікай, сацыялогіяй і г.д. Створаны спец. метады — тэсты, з дапамогай якіх праводзіцца прафес. адбор. Вылучыліся кірункі: інжынерная псіхалогія, авіяц. і касм. псіхалогіі, эрганоміка, псіхалогія кіравання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАБА́ЦЫЯ (лац. approbatio),
1) афіцыйнае ўхваленне, зацвярджэнне, вынесенае на падставе выпрабавання, праверкі, шырокага абмеркавання.
2) У сельскай гаспадарцы — абследаванне сартавых пасеваў і пладова-ягадных насаджэнняў для вызначэння сапраўднасці сорту, сартавых якасцяў і ўраджайнасці, праверкі выканання правілаў насенняводства. Апрабацыя палявых культур праводзіцца ў полі праз агляд, адбор і аналіз апрабацыйнага матэрыялу. Для кожнай культуры прадугледжана методыка апрабацыі, напр., фаза развіцця раслін у момант апрабацыі, плошча (у га) для адбору снапа, колькасць сцяблоў у снапе і г.д. Палявой апрабацыі падлягаюць усе сартавыя насенныя пасевы. Астатнія сартавыя пасевы рэгіструюць на аснове сартавых дакументаў. Вынікі аналізу запісваюць у акт апрабацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАПАТРЫ́Я (ад ала... + грэч. patris радзіма),
тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць ва ўмовах прасторавай раз’яднанасці папуляцый. Пад дзеяннем натуральнага адбору кожная папуляцыя дадзенага віду прыстасоўваецца да спецыфічных умоў яе месцапражывання. Адаптацыя да новых умоў і выпадковы дрэйф генаў у невял. папуляцыях прыводзяць да змены частаты алеляў і генатыпаў. У выніку працяглага раз’яднання папуляцый паміж імі можа ўзнікнуць генетычная ізаляцыя, якая захоўваецца нават у тым выпадку, калі яны зноў апынуцца разам. Такім чынам могуць утварацца новыя віды. Напр., разнастайнасць відаў уюркоў сям. Goespizidae і пашырэнне на а-вах Галапагас лічаць вынікам алапатрычнага відаўтварэння. Гл. таксама Сімпатрыя.