ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т (выканком) Савета дэпутатаў,
выканаўчы і распарадчы орган мясц. кіравання агульнай кампетэнцыі ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД. На Беларусі ўтвараецца на тэр. вобласці, раёна, горада, раёна ў горадзе, пасёлка, сельсавета на тэрмін паўнамоцтваў адпаведнага Савета. Старшыня абл. і Мінскага гар. выканаўчага камітэта назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з наступным зацвярджэннем на сесіі абл. (Мінскага гарадскога) Савета. Старшыні ніжэйстаячых выканаўчых камітэтаў адносна абл. і Мінскага гар. выканаўчых камітэтаў назначаюцца старшынямі вышэйстаячых выканаўчых камітэтаў у тым жа парадку. У склад выканаўчага камітэта ўваходзяць намеснікі старшыні выканаўчага камітэта, кіраўнік спраў (сакратар) і члены выканаўчага камітэта, якія назначаюцца старшынёй адпаведнага выканаўчага камітэта па ўзгадненні з вышэйстаячым выканаўчым і распарадчым органам. У склад выканаўчага камітэта мясц. Савета могуць уваходзіць дэпутаты гэтага Савета. Выканаўчы камітэт падсправаздачны і падкантрольны вышэйстаячаму выканаўчаму і распарадчаму органу, а таксама падсправаздачны адпаведнаму мясц. Савету па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі Савета. Парадак дзейнасці і кампетэнцыі выканаўчых камітэтаў розных узроўняў вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» ад 20.2.1991 з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі і інш. нарматыўнымі актамі.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1944—54. Утворана 20.9.1944 з раёнаў Магілёўскай, Мінскай і Палескай абл. Цэнтр — г. Бабруйск. Пл. 19,7 тыс. км², нас. 654,9 тыс. чал. (1953). Уключала 14 раёнаў (Акцябрскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Глускі, Грэскі, Капыльскі, Кіраўскі, Клічаўскі, Любанскі, Парыцкі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі), 4 гарады (Асіповічы, Бабруйск, Слуцк, Старыя Дарогі), 8 гар. пасёлкаў (Глуск, Капыль, Клічаў, Любань, Старобін, Парычы, Урэчча, Чырвоная Слабада), 4 рабочыя пасёлкі (Глуша, Градзянка, Ялізава, Ясень). Абл. газ. «Савецкая Радзіма». 8.1.1954 Бабруйская вобласць скасавана: Акцябрскі і Парыцкі р-ны перададзены ў Гомельскую, Асіповіцкі, Бабруйскі, Кіраўскі і Клічаўскі р-ны — у Магілёўскую, астатнія — у Мінскую вобл.
т. 2, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАІЛО́ЎСКІ (Уладзімір Веньямінавіч) (н. 4.1.1947, Масква),
бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). З 1980 на Беларусі. З 1984 заг. муз. часткі Магілёўскага абл. драм. т-ра, з 1990 дырэктар і маст. кіраўнік Магілёўскай абл. філармоніі; арганізатар (1995) Міжнар. фестывалю «Залаты шлягер». Працуе ў розных жанрах. Сярод твораў: кантата (1983), вак.-сімф. паэма «Дваццаць восем» (1983); сімфонія (1984), сімфаньета, З сімф. уверцюры, фантазія для кларнета з сімф. арк.; сюіта для скрыпкі і фп.; канцэрт для валторны з арк.; 12 прэлюдый для фп. (1984); накцюрны, вак. цыклы, інстр. п’есы; папуры і фантазіі; апрацоўкі нар. песень; песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.
т. 3, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́НЦЬЕВА (Людміла Сяргееўна) (н. 4.5.1938, с. Чарноўскія Копі Чыцінскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1978). Скончыла студыю пры Бел. т-ры імя Я.Купалы (1959). Працавала ў Брэсцкім абл. драм. т-ры (да 1963), Т-ры Паўн. флоту (1963—68). З 1968 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Характарная актрыса. Яе творчай манеры ўласцівы тонкае разуменне характару, глыбокае пранікненне ў яго сутнасць, выразны сцэн. малюнак.
Сярод роляў: Мальвіна («Несцерка» В.Вольскага), Альжбета («Паўлінка» Я.Купалы), Клаўдзія («Мілы чалавек» К.Крапівы), Міхаліна Матулевіч («Трывога» А.Петрашкевіча), Бабуля («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава), Адрыяна («Ноч памылак» У.Шэкспіра).
т. 6, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСКО́ (Алесь) (Аляксандр Канстанцінавіч; н. 10.12.1951, в. Чудзін Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1976). Працаваў у рэдакцыі газ. «Сельская праўда» ў г. Жабінка Брэсцкай вобл., з 1984 у Брэсце на абл. студыі тэлебачання, у абл. аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1968. У нізцы вершаў «Вестка» (зб. «Нашчадкі», 1979), паэт. зб-ках «Скразная лінія» (1982), «Набліжэнне» (1989); «Час прысутнасці» (1994, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1995), «45» (1996) шчырая захопленасць роднымі краявідамі, роздум пра мінулае і аптыміст. погляд на будучыню свайго краю. Піша для дзяцей. Творчасць адметная філасафічнасцю, багатай вобразнасцю, тэхн. дасканаласцю. Перакладае з рус., укр., польскай, македонскай моў.
т. 8, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛДЗІПРАБУ́Д», Праектна-канструктарскі ін-т «Белдзіпрабуд». Засн. ў 1987 у Мінску на базе філіяла Ін-та «Пермпрампраект», з 1995 — недзяржаўная ўстанова. Мае філіялы ў абл. цэнтрах Беларусі. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне аб’ектаў прамысл. і жыллёва-грамадзянскага прызначэння.
т. 3, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«За Родину» (газ., Брэсцкі абл. антыфаш. к-т) 2/425, 432; 5/362; 8/14; 12/173
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (сапр. Стукалаў) Мікалай Фёдаравіч
(16.11.1900, станіца Гундараўская Данецкай вобл., Украіна — 19.9.1962),
рускі драматург. Засл. дз. маст. Расіі (1949). У 1922—32 карэспандэнт газ. «Правда», у 1951—60 гал. рэдактар час. «Театр». Друкаваўся з 1920. Першыя зб-кі нарысаў «Кумачовая раніца» і «Чырвоныя парасткі» (абодва 1926), п’есы «Тэмп» (паст. 1930), «Паэма пра сякеру» (паст. 1931), «Мой сябра» (1932), «Арыстакраты» (паст. 1934) і інш. пра сацыяліст. будаўніцтва. У трылогіі «Чалавек з ружжом» (1937, Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм 1938), «Крамлёўскія куранты» (1940, паст. 1942; новая рэд. 1955), «Трэцяя патэтычная» (1958, паст. 1959) стварыў вобраз У.І.Леніна. Праблемам духоўнага фарміравання моладзі прысвечаны п’есы «Санет Петраркі» (паст. 1957), «Маленькая студэнтка» (паст. 1959), раман «Бурштынавыя каралі» (1960, фільм «Каханая» 1965) і інш. Аўтар кінасцэнарыяў «Кубанскія казакі», 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951), артыкулаў пра драматургію і т-р. Бел. т-р імя Я.Коласа паставіў п’есы «Чалавек з ружжом» (1938), «Крамлёўскія куранты» (1940, 1945), «Аксамітны сезон» (1948), «Трэцяя патэтычная» (1970), Бел. т-р імя Я.Купалы — «Падзь Сярэбраная» (1939), «Крамлёўскія куранты» (1956), «Трэцяя патэтычная» (1959), Рус. драм. т-р імя М.Горкага — «Мой сябар» (1933), «Арыстакраты» (1935), «Крамлёўскія куранты» (1940), Брэсцкі абл. драм. т-р — «Місурыйскі вальс» (1950), «Крамлёўскія куранты» (1957, 1967), Гомельскі абл. драм. т-р — «Кветкі жывыя» (1961), Гродзенскі абл. драм. т-р — «Тэмп — 1929» (1974), Магілёўскі абл. драм. т-р — «Крамлёўскія куранты» (1957). Ленінская прэмія 1959.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—4. М., 1972—73.
Літ.:
Холодов Е. Пьесы и годы: Драматургия Николая Погодина. М., 1967;
Слово о Погодине: Воспоминания. М., 1968.
т. 11, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБ (Юрка) (Юрый Уладзіміравіч; н. 20.10.1947, в. Горны Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1970). З 1970 на Гродзенскай абл. студыі тэлебачання, з 1979 заг. аддзела маст. вяшчання Гродзенскага аблтэлерадыё. Вядзе на абл. студыі тэлебачання штомесячную перадачу «Гродзеншчына літаратурная». Друкуецца з 1963. Першы зб. вершаў «Гром на зялёнае голле» (1969). У вершах Голуба — свет маладога сучасніка, які абвострана адчувае праявы жыцця. Шчодрасць лірычнага самавыяўлення, лаканічнасць выказвання, яркая метафарычнасць вобразаў, багатая інструментоўка радка — асаблівасці яго творчай манеры. Для дзяцей зб. «У бары грыбы бяры» (1986). Выступае як празаік, перакладчык.
Тв.:
Дрэва навальніцы. Мн., 1973;
Векапомнае поле. Мн., 1976;
Помню пра цябе. Мн., 1983;
Сын небасхілу. Мн., 1989.
А.М.Пяткевіч.
т. 5, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў (Георгій Сцяпанавіч) (22.4. 1910, в. Заполле Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.11.1993),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў драм. курсы ў Мінску (1932). У 1932—41 працаваў у БДТ-3, т-рах юнага гледача імя Крупскай, Палескім абл. драматычным. З 1945 акцёр Белдзяржэстрады. У 1956—70 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, выконваў характарныя, драм. і камед. ролі: Пытляваны («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Бяссудны і Беркутаў («На бойкім месцы» і «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Ілья («Пяць вечароў» А.Валодзіна).
Г.Р.Герштэйн.
т. 9, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)