КУКРЫНІ́КСЫ (псеўд. паводле першых літар прозвішчаў і імя),
творчы калектыў рас. графікаў і жывапісцаў; Купрыянаў Міхаіл Васілевіч (21.10.1903, в. Цецюшы, Татарстан — 11.11.1991), Крылоў Парфірый Мікітавіч (22.8.1902, в. Шчалкунова Тульскай вобл., Расія — 15.5.1990), Сакалоў Мікалай Аляксандравіч (н. 21.7.1903, Масква). Нар. мастакі СССР (1958). Правадз. члены АМСССР (1947). Героі Сац. Працы (Крылоў з 1972, Купрыянаў і Сакалоў з 1973). Вучыліся ў маск. Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (паміж 1921—29). Працавалі разам з 1924. Выпрацавалі новы тып карыкатуры, які вызначаўся вострай надзённасцю, вынішчальна-з’едлівым вырашэннем тэмы, шаржыраванай характарыстыкай персанажаў (серыі «Транспарт», 1933—34; «Пра дрэнь», 1959—60). Вял. папулярнасць мелі карыкатуры, плакаты і «Вокны ТАСС», створаныя ў час Вял.Айч. вайны: «Бязлітасна разгромім і знішчым ворага!», «Клешчы ў клешчы» (абодва 1941), «Згубіла я пярсцёнак... (а ў пярсцёнку — 22 дывізіі)» (1943) і інш. Працавалі ў кніжнай графіцы: ілюстрацыі да твораў І.Ільфа і Я.Пятрова («12 крэслаў», 1933, 1967; «Залатое цялё», 1971), М.Салтыкова-Шчадрына («Паны Галаўлёвы», 1939, і інш.), А.Чэхава («Дама з сабачкам», «Чалавек у футарале», 1940—46, і інш.), М.Горкага («Жыццё Кліма Самгіна», 1933; «Фама Гардзееў», 1948—49; «Маці», 1950), М.Сервантэса («Дон Кіхот», 1949—52) і інш. Сярод жывапісных твораў: серыя «Старыя гаспадары» (1936—37), «Уцёкі фашыстаў з Ноўгарада» (1944—46), «Канец» (1947—48), «Абвінавачванне (Ваенныя злачынцы і іх абаронцы на Нюрнбергскім працэсе)» (1967) і інш. Індывідуальна працавалі як партрэтысты і пейзажысты. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1947, 1949, 1950, 1951. Ленінская прэмія 1965.
Літ.:
Соколова Н.И. Кукрыниксы. М., 1962.
Кукрыніксы. Уцёкі фабрыканта. З серыі «Старыя гаспадары». 1936—37.Кукрыніксы. Бязлітасна разгромім і знішчым ворага! 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ БІ́ТВА 1941—44,
баявыя дзеянні сав. войск і сіл флоту па абароне Ленінграда ад ням. і фінл. войск і іх разгроме 10.7.1941—9.8.1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі войскі Паўн., Паўн.-Зах., Ленінградскага, Волхаўскага, Карэльскага і 2-га Прыбалтыйскага франтоў, Балтыйскі флот, Ладажская і Анежская ваен. флатыліі, якім дапамагалі жыхары Ленінграда і партызаны. Для кіравання войскамі франтоў 10.7.1941 Дзярж.к-т абароны стварыў Гал. камандаванне Паўн.-Зах. напрамку на чале з К.Я.Варашылавым, якому падпарадкаваў Паўн., Паўн.-Зах. франты, Паўн. і Балтыйскі флаты. У ліп.—вер. 1941 група ням. армій «Поўнач» (4-я танк. група, 16-я і 18-я арміі) разам з фінл. войскамі (Карэльская і Паўд.-Усх. арміі) разгарнулі наступленне на Ленінград. Маючы колькасную і тэхн. перавагу над сав. войскамі (напр., па тэхніцы і ўзбраенні ў 5—6 разоў), ням. часці ў вер. 1941 прарваліся да ўзбярэжжа Фінскага заліва і Ладажскага воз., выйшлі да ўскраін Ленінграда і поўнасцю акружылі яго з сушы (з 8.9.1941 да 18.1.1943). У ходзе 30-месячнай блакады горада войскі Ленінградскага фронту (камандуючыя з 12.9.1941 Г.К.Жукаў, з 10.10.1941 І.І.Фядзюнінскі, з 26.10.1941 ген.-лейт. М.С.Хозін, з 9.6.1942 Л.А.Говараў), сілы Балтыйскага флоту (віцэ-адм. У.П.Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліі (контр-адм. В.С.Чарокаў) адбілі атакі праціўніка. Каля 500 тыс. ленінградцаў будавалі абарончыя рубяжы. У ліп.—вер. 1941 сфарміравана 10 стралк. дывізій нар. апалчэння, 16 артыл.-кулямётных батальёнаў, 6 знішчальных палкоў, каля 200 партыз. атрадаў. Дастаўка матэрыяльных сродкаў забеспячэння горада і войск ажыццяўлялася па пракладзенай у ліст. 1941 па лёдзе Ладажскага воз.аўтамаб. дарозе, якую называлі «дарогай жыцця». Гэтым шляхам да крас. 1942 эвакуіравана ў глыб СССР больш за 500 тыс. ленінградцаў, у горад дастаўлена 361 тыс.т грузаў. Абарону Ленінграда аблегчылі контрнаступленне сав. войск пад Ціхвінам (ліст.—снеж. 1941), актыўныя дзеянні Волхаўскага фронту і партызан у тыле праціўніка. 18.1.1943 войскі Ленінградскага і Волхаўскага франтоў прарвалі кальцо блакады на Пд ад Ладажскага воз. і ўтварылі калідор у 8—10 км, дзе былі пракладзены аўтамаб. дарога і чыгунка. У выніку Ленінградска-Наўгародскай наступальнай аперацыі (14.1—1.3.1944) ліквідавана пагроза Ленінграду, праціўнік адкінуты на 220—280 км. 10—20.6.1944 сав. войскі разбілі фінл. аператыўную групу «Карэльскі перашыек», 21 чэрв. — 9 жн. — групу «Алонец» і замацаваліся на сав.-фінл. мяжы. У выніку бамбардзіровак і артыл. абстрэлаў у Ленінградзе разбурана каля 14 тыс. будынкаў, у т. л. помнікі культуры, ад голаду ў выніку Ленінградскай блакады загінула ад 600. да 900 тыс.чал.Абаронцы горада стрымлівалі да 15—20% ням.узбр. сіл ад іх агульнай колькасці на сав.-герм. фронце. У баях за Ленінград вызначыліся і многія воіны-беларусы, у т. л. камандуючы эскадрай караблёў віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-лейт. артылерыі У.П.Свірыдаў, Герой Сав. Саюза, снайпер Ф.А.Смалячкоў, камандзір звяна знішчальнага авіяпалка Дз.Я.Аскаленка, нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка У.А.Шыманскі, які накіраваў свой падбіты самалёт на варожую дальнабойную гармату.
Літ.:
Битва за Ленинград, 1941—1944. М., 1964;
Краснознаменный Балтийский флот в битве за Ленинград, 1941—1944 гг.: [Сб. ст.). М., 1973;
Еругин Н.П. О тех, кто выстоял: Зап. фронтовика. 2 изд. Мн., 1989;
Адамович А., Гранин Д. Блокадная книга. 5 изд. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛСУ́ДСКІ ((Piłsudski) Юзаф Клемент) (5.12.1867, маёнтак Зулова Свянцянскага пав. Віленскай губ., цяпер Залавас, Літва — 12.5.1935),
польскі паліт., дзярж. і ваен. дзеяч; лідэр руху за аднаўленне польскай дзяржаўнасці ў пач. 20 ст. Маршал Польшчы (1920). Скончыў Віленскую гімназію (1885), вучыўся ў Харкаўскім ун-це. Зблізіўся з народнікамі, у 1887 арыштаваны ў Вільні і сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. У 1893 вярнуўся ў Вільню і далучыўся да Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Сродкамі барацьбы за вызваленне Польшчы лічыў масавы рабочы і нац. рух прыгнечаных народаў Рас. імперыі. Свае погляды прапагандаваў праз газ. «Robotnik» («Рабочы»), якую рэдагаваў да другога арышту (1900). Адзін з заснавальнікаў баявой арг-цыі ППС (1905). Пасля расколу партыі (1906) засяродзіўся на падрыхтоўцы кадраў будучай польск. арміі, наладзіў супрацоўніцтва з аўстр. генштабам (1909). Адыгрываў вядучую ролю ў стварэнні паўваен. польскіх арг-цый у Галіцыі. У пач. 1-й сусв. вайны па яго загадзе польскія стралкі спрабавалі ўзняць антырас. паўстанне ў Каралеўстве Польскім (жн. 1914). Камандаваў 1-й брыгадай легіёнаў польскіх (да ліп. 1916). Стварыў сакрэтную Польскую арганізацыю вайсковую. Уваходзіў у Часовую дзярж. раду ў Варшаве (са студз. 1917), кіраваў яе вайск. камісіяй. Зразумеўшы бесперспектыўнасць арыентацыі на Аўстра-Венгрыю і Германію, летам 1917 заклікаў сваіх прыхільнікаў у «Польскіх узбр. сілах» адмовіцца ад прысягі гэтым дзяржавам, за што 22.7.1917 зняволены ў Магдэбургскай крэпасці. У ліст. 1918 вызвалены і вярнуўся ў Варшаву. 11.11.1918 атрымаў ад рады вайск. ўладу, 14.11.1918 рада перадала яму поўную ўладу і самараспусцілася; П. стаў «начальнікам» (кіраўніком) дзяржавы (зацверджаны Устаноўчым сеймам 20.2.1919). Сваёй гал. мэтай лічыў усталяванне бяспечнага месца Польшчы ў Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Карыстаючыся аслабленнем Расіі, імкнуўся адцясніць яе на У. Дзеля гэтага прапагандаваў ідэю федэратыўнага саюза з Польшчай дзяржаў, што ўтвараліся на тэр. былой Рэчы Паспалітай. 22.4.1919 у Вільні ў звароце «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» заявіў аб супольнай працы з насельніцтвам краю. 18—19.9.1919 быў у Мінску. У 1920 кіраваў польскімі войскамі пры абароне Варшавы (гл.Варшаўская аперацыя 1920). Знясіленне Польшчы прымусіла П. адмовіцца ад федэратыўных планаў, але дамогся ўключэння ч.тэр. Беларусі і Украіны ў склад Польшчы ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 (гл.Заходняя Беларусь). У кастр. 1920 ініцыіраваў «бунт» Літ.-бел. дывізіі на чале з ген. Л.Жалігоўскім, у выніку якога захоплена Віленшчына. Створаная тут Сярэдняя Літва ў 1922 далучана да Польшчы. Падтрымліваў антысав. выступленне ген. С.Булак-Балаховіча на Палессі (ліст. 1920). П. не ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1922 і саступіў пасаду кіраўніка дзяржавы абранаму прэзідэнту Г.Нарутовічу, у 1923 адмовіўся ад інш.дзярж. пасад. 12.5.1926 здзейсніў дзярж. пераварот пад заклікам «санацыі» («аздараўлення») дзяржавы. У выніку ім устаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым» з фіктыўнай уладай прэзідэнта, з абмежаванымі паўнамоцтвамі сейма і фактычна неабмежаванай уладай самога П. Ен займаў пасады ген. інспектара арміі і ваен. міністра, а ў кастр. 1927 — чэрв. 1928 і ў жн.—снеж. 1930 — і кіраўніка ўрада. Жорстка душыў камуніст. рух, бел. і ўкр.нац. рух. Пад яго кіраўніцтвам закладвалася палітыка «раўнавагі» Польшчы паміж двума яе вял. суседзямі: 25.7.1932 заключаны дагавор аб ненападзе з СССР, 26.1.1934 — Дэкларацыя аб непрымяненні сілы з Германіяй (гл.Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). У Польшчы фарміраваўся культ П. як стваральніка і абаронцы польскай дзяржавы. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. у Польшчы адбыўся рэнесанс культу П. У яго гонар названы вуліцы, плошчы, устаноўлены помнікі ў многіх гарадах краіны.
Тв.:
Pisma zbiorowe. T. 1—11. Warszawa, 1989—91;
Myśli, mowy i rozkazy. Warszawa, 1989;
Рус.пер. — Война 1920 г. // Тухачевский М. Поход за Вислу;
Пилсудский Ю. Война 1920 г.М., 1992.
Літ.:
Михутина И.В. Майский переворот 1926 г. в Польше // Сов. славяноведение. 1989. № 6;
Наленч Д., Наленч Т. Юзеф Пилсудский: Легенды и факты: Пер. с пол. М., 1990;
Коўкель І.І. «Беларускае пытанне» ў палітыцы Польшчы (1918—1920) // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;
Астрога В., Скалабан В. Пілсудскі ў Менску: Хроніка аднаго візіту // Спадчына. 1998. № 4;
Garlicki A. Józef Piłsudski, 1867—1935. 2 wyd. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ КАМПА́НІЯ 1939,
германа-польская вайна 193 9, Вераснёўская кампанія 193 9, баявыя дзеянні ўзбр. сіл фаш. Германіі па акупацыі Польшчы 1 вер. — 5/6 кастр., з якіх пачалася другая сусветная вайна 1939—45. План нападу на Польшчу «Вайс» («Белы»), распрацаваны герм.вярх. камандаваннем у крас. 1939, зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны і меў на мэце раптоўным уварваннем сарваць мабілізацыю і сканцэнтраванне польскай арміі, канцэнтрычнымі ўдарамі з Сілезіі (8-я, 10-я і 14-я ням. арміі), Памераніі і Усх. Прусіі (3-я і 4-я ням. арміі) разбіць яе гал. сілы, што знаходзіліся на З ад рэк Вісла і Нараў. Зачэпкай да вайны паслужыла правакацыя 31.8.1939 у прыгранічным ням.г. Гляйвіц (цяпер Глівіцы, Польшча), калі група службоўцаў СС інсцэніравала напад польскіх вайскоўцаў на мясц. радыёстанцыю (аперацыя «Гімлер»). У той жа дзень у Польшчы пачата поўная мабілізацыя, у т. л. ў Зах. Беларусі (тут мабілізавана каля 100 тыс. беларусаў). Ням. сілы ўварвання пад агульным камандаваннем ген.В. фон Браўхіча налічвалі 54 (з рэзервамі 62) дывізіі, з іх 6 танкавых і 4 матарызаваныя (усяго 1,6 млн.чал.), каля 10 тыс.артыл. гармат і мінамётаў, 2,5—2,8 тыс. танкаў, каля 1,3 тыс. самалётаў, 18 баявых караблёў. Польшча мела каля 30 пях. дывізій, 16 брыгад (з іх 11 кав. і 2 бронематарызаваныя; разам 1 млн.чал.), 4,3 тыс. гармат і мінамётаў, 870 танкаў і танкетак, каля 400 баяздольных самалётаў, 16 баявых караблёў. Польскае камандаванне на чале з маршалам Э.Рыдз-Сміглым планавала весці абарончыя баі на З ад Віслы з разлікам на хуткую дапамогу зах. саюзнікаў — Вялікабрытаніі і Францыі (3 вер. гэтыя краіны абвясцілі вайну Германіі, але актыўных ваен. дзеянняў супраць яе не разгарнулі). У час баявых дзеянняў 1—8 вер., якія пачаліся з абстрэлу п-ва Вестэрплятэ (яго гарнізон на чале з маёрам Г.Сухарскім супраціўляўся да 7 вер.), ням. войскі прарвалі польскую абарону на рубяжах уздоўж мяжы і хутка наблізіліся да Варшавы. 7 вер. Рыдз-Сміглы са штабам эвакуіраваўся ў крэпасць Брэст. 9—16 вер.герм. злучэнні акружылі польскія часці на У ад Варшавы, ліквідавалі наступствы польскага контрудару паміж рэкамі Вісла і Бзура, 14 вер. захапілі акружаную імі ваен.-марскую базу Гдыня (яе паўн. ўчастак Аксыўе капітуляваў 18 вер.), 15 вер. наблізіліся да Брэста (да 30% вайскоўцаў IX польскага корпуса на Брэстчыне складалі беларусы). У гэтых умовах 17 вер. пачаўся паход сав. войскаў у Зах. Беларусь і Зах. Украіну (гл.Пакт Рыбентропа—Молатава 1939, Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, Беларускі фронт 1939, Дняпроўская ваенная флатылія). Польскі ўрад пакінуў краіну (у ноч на 18 вер.), ням. войскі завяршылі заваяванне Польшчы (28 вер. капітулявалі абаронцы Варшавы, 29 вер. — крэпасці Модлін, 2 кастр. — п-ва Гэль, 6 кастр. пасля апошніх абарончых баёў 2—5 кастр. пад г. Коцк — самаст. аператыўная група «Палессе» на чале з ген. Ф.Клеебергам, у склад якой уваходзілі маракі польскай Пінскай флатыліі). У ходзе П.к. Германія страціла каля 45 тыс.чал. забітымі і параненымі, каля 1 тыс. танкаў і бронемашын, 700 самалётаў і інш. тэхніку, Польшча — каля 200 тыс. забітымі і параненымі, 700 тыс.чал. палоннымі (сярод іх было 70 тыс. беларусаў) і інш. Акупацыя Польшчы нямецкімі войскамі не спыніла волю палякаў да супраціўлення (гл.Вызваленчая вайна польскага народа 1939—45).
Літ.:
Jurga T. Obrona Polski, 1939. Warszawa, 1990;
Odziemkowski J Kampania wrześniowa 1939 r. // Wojsko Polskiew II wojnie światowej. Warszawa, 1994;
Radziecka agresja 17 września 1939 r. i jej skutki dla mieszkariców ziem północno-wschodnich II Rzeczypospolitej: Studia i materiały. Białystok, 2000;
Брыль Я. Многолетнее: По блокнотным наброскам: Пер. с бел. // Неман. 2000. №1;
Вабішчэвіч А. Уз’яднанне // Полымя. 2000. № 9;
Макарэвіч В.С. Беларусы ў польскай арміі напярэдадні і ў час нямецкай агрэсіі // Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы Міжнар.навук.-тэарэт.канф.Мн., 2000.
В.А.Астрога, У.В.Грыбоўскі.
Да арт.Польская кампанія 1939. Германскі лінейны карабель «Шлезвіг-Гольштэйн» абстрэльвае паўвостраў Вестэрплятэ. 1.9.1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКА АБАРО́НА 1941у Вялікую Айчынную вайну.
Вялася 25—28 чэрв., складалася з кароткачасовых жорсткіх баёў вакол Мінскага ўмацаванага раёна. Абарону на З ад горада трымалі войскі 44-га (камдыў В.А.Юшкевіч), на Пн — 2-га (ген.-м. А.М.Ермакоў) стралк. карпусоў 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў) Зах. фронту, а таксама 16-ы Дзяржынскі пагранатрад (маёр А.А.Аляксееў). Іх падмацоўвалі 151-ы карпусны і 301-ы гаўбічны артпалкі, 7-я брыгада ППА, 42-я далёкабамбардзіровачная дывізія і інш. 23—24 чэрв. варожы паветр. дэсант захапіў ст. Аляхновічы, атрады 3-й танк. групы (ген.-палк. Г.Гот) занялі Радашковічы, 25 чэрв. — Валожын і Ракаў. 23 чэрв.ням. самалёты бамбілі аэрадром у Лошыцы, чыг. вакзал, інш. аб’екты; раніцай 24 чэрв. пачаліся масіраваныя налёты. За 3 дні ням. самалёты, якія пастаянна віселі над горадам, знішчылі 21% (4 км²) гар. забудовы, загінулі сотні жыхароў. Пачаўся масавы адыход насельніцтва з Мінска. Раніцай 26 чэрв. пад Астрашыцкім Гарадком і Смалявічамі немцы скінулі буйны паветр. дэсант, ад Радашковіч у гэтым напрамку пачаліся атакі ням. танкаў і мотапяхоты. Ад Маладзечна войскі ням. 39-га (ген. Р.Шміт) танк. корпуса рушылі на У, злучыліся з дэсантам і захапілі Астрашыцкі Гарадок. Для ліквідацыі пагрозы сюды былі накіраваны 100-я (ген.м. І.М.Русіянаў) і 161-я (палк. А.В.Міхайлаў) стралк. дывізіі; амаль без гармат воіны бутэлькамі з бензінам здолелі адбіць некалькі атак варожых танкаў і ліквідаваць прарывы. Асобныя ням. атрады 7-й танк. дывізіі (ген. Х. фон Функ) абышлі правы фланг абароны і вечарам 26 чэрв. захапілі Смалявічы, перарэзалі Маскоўскую шашу і перапынілі паток бежанцаў. На ПнЗ ад горада абарону ўтрымлівала 64-я стралк. дывізія (палк. С.І.Іаўлеў), у т. л. 30-ы стралк. полк (палк. А.І.Яфрэмаў). Да 28 чэрв. не спыняліся баі ў Заслаўі, дзе контратакаваў 159-ы стралк. полк (падпалк. А.І.Бялоў), Раніцай 27 чэрв. рух на Магілёўскай шашы перапыніў ням.паветр. дэсант, на Баранавіцкім напрамку моцны ўдар ад Стоўбцаў нанесла 17-я танк. дывізія 17-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген.-палк. Г.В.Гудэрыяна. Вечарам 27 чэрв.ням. мотапяхота выбіла частку 108-й стралк. дывізіі (ген.-м. А.І.Маўрычаў, Н.І.Арлоў) з Фаніпаля. Баявыя дзеянні сав. войск на Пн ад Мінска спачатку разгортваліся паспяхова: былі стрыманы атакі на Ракаўскай шашы, вораг адкінуты на 10 км да в. Беларучы, заняты Астрашыцкі Гарадок. Але вечарам 27 чэрв. сустрэчнымі ўдарамі ням. войскі адрэзалі ад асн. сіл 5 сав. батальёнаў, з З нанеслі ўдар на Сёмкаў Гарадок, прарвалі пазіцыі 30-га стралк. палка, стварылі пагрозу для левага фланга 2-га стралк. корпуса. У выніку масіраваных удараў авіяцыі, дзеянняў варожых дэсантаў, нападу ворага на штабы 13-й арміі, 44-га стралк. корпуса і інш. было страчана кіраванне значнай часткай войск, што абаранялі Мінск, прарвана апошняя лінія абароны ўздоўж р. Пціч. Таму ў ноч на 28 чэрв. пачалося адступленне сав. войск за р. Волма і Ратамка. Раніцай 28 чэрв. з Пд у горад увайшлі атрады ням. 17-й, з Пн — 20-й (ген. Штумпф) танк. дывізій, якія злучыліся і стварылі знешняе кальцо акружэння вакол асн. масы войск Зах. фронту (гл. ў арт.Навагрудскі «кацёл»). На досвітку 2 ліп.абаронцы Мінскага ўмацаванага раёна трыма калонамі пад агульным камандаваннем ген.-лейт. В.І.Кузняцова і Іаўлева прарваліся на У ад Дзяржынска, на наступны дзень — рэшткі 603-га стралк. палка з Астрашыцкага Гарадка. М.а., як і ўсе абарончыя дзеянні войск Зах. фронту, стала катастрофай для Чырв. Арміі (паводле рашэння Ваен. калегіі Вярх. суда СССР Дз.Р.Паўлаў і інш. кіраўнікі фронту прыгавораны 22 ліп. да пакарання смерцю), а таксама для насельніцтва Беларусі, у т. л. жыхароў Мінска, значная частка якіх загінула або пакінула горад. Разам з тым герм. армія страціла пад Мінскам некалькі тысяч салдат, больш за 300 танкаў і 4 дні часу. Сав. войскі панеслі значна большыя страты ў жывой сіле, але захавалі асн. баяздольнасць. У вер. 1941 за ўдзел у абароне Мінска і пераможныя баі пад Ельняй найменні гвардзейскіх нададзены дывізіям 100-й (стала 1-й), 161-й (стала 4-й), 64-й (стала 7-й).
Літ.:
Акалович Н.М. Они защищали Минск. 2 изд. Мн., 1987;
Иванов С.П. Штаб армейский, штаб фронтовой. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
сярэдневяковая культура, якая склалася ў Арабскім халіфаце ў 7—10 ст. у працэсе культ. ўзаемадзеяння арабаў і заваяваных імі народаў. У навук. л-ры гэты тэрмін ужываецца і для абазначэння культуры ўласна араб. народаў і ў дачыненні да сярэдневяковай арабамоўнай культуры іншых народаў, што ўваходзілі ў Халіфат.
Фарміраванне ўласна арабскай культуры адносіцца да перыяду ўзнікнення ісламу (7 ст.) і стварэння Халіфата, які ў выніку арабскіх заваяванняў ператварыўся ў велізарную дзяржаву. Заснаваная арабамі дзярж.-паліт. супольнасць, дапоўненая рэліг., а ў большасці раёнаў і моўнай супольнасцю, стварыла ўмовы для ўзнікнення агульных формаў культ. жыцця. У 8—9 ст. на араб. мову перакладзена шмат навук. і літ. помнікаў старажытнасці (сірыйскіх, сярэднеперс., індыйскіх), якія ў перакладах і апрацоўках увайшлі ў араб. пісьменства і спрыялі пераймальнай сувязі з культурай эліністычнага свету, а праз яе — з ант. і стараж.-ўсх. цывілізацыямі. Гал. цэнтрамі фарміравання арабскай культуры ў канцы 7 — сярэдзіне 8 ст. адначасова з Дамаскам, сталіцай Амеядаў, былі Мекка і Медына ў Аравіі, Куфа і Басра ў Іраку. Адсюль арабская культура распаўсюдзілася і далей развіта ў правінцыях Амеядскага халіфата, на велізарнай тэр. ад Пірэнеяў да р.Інд. З утварэннем Абасідаў халіфата (750) цэнтр арабскай культуры з Сірыі перамясціўся ў Ірак, у заснаваны ў 762 г. Багдад. У 9—10 ст. арабская культура дасягнула найвышэйшага росквіту. Яе здабыткі ўзбагацілі сусв. культуру; найб. значнымі яны былі ў філасофіі, медыцыне, матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, філалогіі, гісторыі, хіміі, мінералогіі, у сферы матэрыяльнай культуры і мастацтва (архітэктура, маст. рамёствы). Распад халіфата Абасідаў і ўтварэнне на яго тэр.самаст. дзяржаў прывялі да змяншэння ролі арабскай культуры ў свеце. Але ў мусульм. Іспаніі, якая аддзялілася ад Халіфата яшчэ ў 8 ст., пачала развівацца самастойная, т.зв. араба-ісп. культура. Ва ўсх. правінцыях Халіфата з канца 9 ст. фарміруецца асяроддзе іранскага культ. і нац., адраджэння. Перс. мова выцясняе арабскую, якая застаецца ў асн. мовай Карана, тэалогіі, філасофіі, некаторых прыродазнаўчых навук. Цэнтры арабскай культуры перамясціліся ў Егіпет, Іспанію. Да канца 10 ст. Багдад саступіў першынство Каіру. У Паўн. Афрыцы пры Фатымідах (10—2 ст.) і Айюбідах (12—13 ст.) працягвалася развіццё лепшых традыцый арабскай культуры. Значэнне арабскай культуры 8—10 ст. у гісторыі сусв. культуры абумоўлена адкрыццём яе стваральнікамі новых сродкаў навук., рэліг.-філас. і маст. пазнання свету і чалавека. Хоць навук. і эстэт. традыцыі арабскай культуры не перарываліся, у творчасці яе дзеячаў з 2-й пал. 13 ст. запанаваў эпігонскі кірунак, назіраецца яе адставанне ад тэмпаў культ. прагрэсу ў інш. краінах мусульм. Усходу і Еўропы. Бліскучы росквіт перажыла араба-ісп. цывілізацыя ў 10—15 ст. У яе цэнтрах (Кордава, Андалусія, Севілья, Малага, Гранада) найб. поспехі дасягнуты ў астраноміі, матэматыцы, хіміі, медыцыне, філасофіі. Літ. творы гэтага перыяду — лепшыя помнікі арабскай культуры. Сусв. вядомасць набылі ісп.-маўрытанскае дойлідства і прыкладное мастацтва (гл.Маўрытанскі стыль). У 16 ст., калі араб. краіны ператварыліся ў правінцыі Асманскай імперыі, арабская культура прыйшлі ў заняпад.
Дакладныя і прыродазнаўчыя навукі. Матэматычныя і астр. веды арабаў фарміраваліся пад уплывам стараж.-грэч. навукі і ў сувязі з развіццём яе ў народаў Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, Індыі, Персіі і Егіпта. Навук. працы Эўкліда, Архімеда, Пталамея сталі вядомыя ў Зах. Еўропе дзякуючы арабскім перакладам. Уяўленне аб шарападобнасці Зямлі дало магчымасць арабскім вучоным правесці вымярэнні дугі зямнога мерыдыяна (827). Яны ўнеслі папраўкі і дапаўненні ў астр. табліцы, далі назвы многім зоркам (напр., Альдэбаран, Міцар, Працыён і інш.). Выкарыстоўваючы індыйскія лічбы (дзесяць матэм. знакаў), арабскія вучоныя пачалі праводзіць вылічэнні з вял. лікамі. У 10 ст. гэтыя лічбы сталі вядомыя ў Еўропе і атрымалі назву арабскіх. Арабскія матэматыкі ўвялі паняцце «алгебра» (М.Харэзмі), трыганаметрычныя функцыі, устанавілі залежнасці паміж імі, зрабілі шэраг адкрыццяў у геаметрыі і астраноміі. У Багдадзе, Самаркандзе і Дамаску існавалі астр. абсерваторыі. Значны ўклад арабаў і ў развіццё медыцыны. Ібн аль-Байтар апісаў больш за 2600 лекавых прэпаратаў, лекавых і інш. раслін. «Канон медыцыны» Ібн Сіны (Авіцэна) стаў настольнай кнігай зах.-еўрапейскіх медыкаў. Шэраг адкрыццяў у фармакалагічнай хіміі зрабіў алхімік Джабір Ібн Хайян (8 ст.).
Геаграфія. Араб.геагр.л-ра не мела сабе роўных па змястоўнасці і разнастайнасці жанраў. У ёй захавалася апісанне ўсяго мусульм. Усходу, краін Еўропы, Паўн. і Цэнтр. Афрыкі, узбярэжжа Усх. Афрыкі і Азіі (да Карэйскага п-ва), Малайскага архіпелага. Працы араб. географаў і падарожнікаў — найважнейшыя, часам унікальныя сведчанні аб народах сярэдніх вякоў. Геаграфічны светапогляд даісламскіх арабаў адлюстраваны ў стараж. паэзіі і Каране. Арабская навук. геаграфія ўзнікла на мяжы 8—9 ст., калі з’явіліся пераклады і апрацоўкі астранома-геагр. прац ант. аўтараў, асабліва Пталамея. Вучоныя (Батані, Харэзмі і асабліва Біруні) выкарыстоўвалі разліковыя правілы і табліцы сферычнай астраноміі. Іх карты паўтаралі карты Пталамея або нагадвалі стараж.-іранскія. У 9 ст. імі створана апісальная геаграфія (Ібн Хардадбех, Кудама ібн Джафара, аль-Якубі), якая развівалася і ў 10—14 ст. (запіскі Ібн Фадлана і Абу Дулафа, дыярыушы Абу Хаміда аль-Гарнаці, Ібн Джубайра і Ібн Батуты, апісанні падарожжа ў Расію Макарыя Антыяхійскага і інш.). Росквіт араб.геагр. л-ры прыпадае на 10 ст., калі ў працах вучоных класічнай школы (аль-Істахры, Ібн Хаукаля, аль-Мукадасі), прысвечаных апісанню гандл. шляхоў і мусульм. свету, змяшчаўся багаты геагр. і гіст.-культ. матэрыял. У 11—14 ст. узніклі жанры геагр. слоўнікаў (аль-Казвіні, Якута, аль-Бакры) і касмаграфіі (працы аль-Казвіні, аль-Дзімашкі, Абу-ль-Фіды). У Еўропе найб. вядомыя былі працы аль-Ідрысы (1100—65 ці 61), творы якога з 70 картамі (пазначана і р. Прыпяць) — лепшы геагр. трактат сярэднявечча. У далейшым развіццё геаграфіі ішло па шляху стварэння шматлікіх кампіляцый (творы аль-Макрызі). Геаграфічныя раздзелы ў творах ан-Нувайры, аль-Умары, аль-Калькашандзі, Ібн Маджыда (лоцман Васка-да-Гамы, 15 ст.) і аль-Мехры (16 ст.) абагульнілі тэорыю і практыку мараплавання.
Філасофія. Працяглы час араб. філасофія была звязана з тлумачэннем ісламу. На рубяжы 7—8 ст. у яе асяроддзі вяліся дыскусіі пра сутнасць і атрыбуты Бога, абсалютную прадвызначанасць свету, свабоду чалавека ў ім, паходжанне Карана і інш., што прывяло да ўзнікнення мусульм. рацыяналіст. тэалогіі — калама. У яе межах вылучылася школа мутазілітаў (засн. Васіль Ібн Ата, тэарэтыкі аль-Алаф, ан-Назан, аль-Джахіз), прадстаўнікі якой арыентаваліся на традыцыі Арыстоцеля і неаплатонікаў, сцвярджалі прыярытэт веры над розумам, спрадвечнасць Карана, праводзілі ідэі монатэізму. Рэакцыяй на мутазілізм стала ханбаліцкая школа (засн. Ахмад Ібн Ханбала) прыхільнікаў суніцкага традыцыяналізму, якія заклікалі арыентавацца на лад жыцця прарока Мухамеда і яго «праведных продкаў», выступалі супраць новаўвядзенняў у веравучэнні і праве. На пач. 10 ст. прадстаўнікі новага кірунку каламу — ашарызму (засн. Абу-Хасан, аль-Ашары) зрабілі спробу кампрамісу з вучэннем традыцыяналістаў-дагматыкаў. Жаданне навукова абгрунтаваць ісламскую тэалогію абумовіла зацікаўленасць да ант.філас. спадчыны. Асновай араб. філасофіі стаў «неаплатанізаваны» арыстоцелізм — усх. перыпатэтызм (гл.Перыпатэтычная школа). Ідэі ўсх. перыпатэтызму развіты ў творах Фарабі і Ібн Сіны. Тайнае рэліг.-філас.т-ва «Братоў чысціні і шчырасці» (2-я пал. 10 ст.) імкнулася спалучыць іслам з эліністычнай філасофіяй. Другой формай апазіцыі артадоксам і прыхільнікам рацыяналізму стаў містыка-аскетычны кірунак у ісламе — суфізм. Злучыць ісламскі традыцыяналізм з суфійскімі ідэаламі імкнуліся абу-Хамід аль-Газалі (1058—1111) і Ібн аль-Арабі (1163—1240). У гэты ж перыяд распрацоўвалася і рэліг.-філас. сістэма шыізму. У 12 ст. цэнтр араб. філасофіі перамясціўся ў мусульм. Іспанію і Паўн. Афрыку. Заснавальнік зах.-араб. філасофіі — сарагоскі філосаф Ібн Бадж (каля 1070—1138). Яго рацыяналістычную лінію прадаўжаў Ібн Туфайль (1110—85). Вяршыні зах.-араб. філасофія дасягнула ў вучэнні Ібн Рушда, які лічыў, што бессмяротны толькі агульны чалавечы розум у яго гіст. развіцці. Заснавальнікам філасофіі гісторыі і арыгінальнай сацыялагічнай тэорыі быў Ібн Хальдун. Араб. філасофія паўплывала на еўрап. філасофію і сусв. духоўную культуру.
Гістарычная навука. Арабская гістарыяграфія як самаст. дысцыпліна вылучылася на мяжы 8—9 ст. Першыя запісы гіст. зместу адносяцца да канца 7 ст. Матэрыялам для ранніх помнікаў гіст. л-ры на араб. мове служылі гіст.-генеалагічныя паданні араб. плямёнаў, напаўлегендарныя паведамленні пра даісламскія дзяржавы ў Паўд. Аравіі і пра арабскія княствы ў Сірыі і Іраку, а таксама рэліг.-гіст. паданні пра ўзнікненне і пашырэнне ісламу. Значную ролю адыгралі астр. веды (устанаўленне храналогіі сусв. гісторыі), іранскія гіст.-эпічныя і іудзейска-хрысц. паданні. Ідэю дыдактычнай каштоўнасці гісторыі, прынятую большасцю мусульм. гісторыкаў, найб. дакладна сфармуляваў Ібн Міскавайх. Спробу выкладаць гіст. падзеі ў іх прычыннай сувязі зрабіў Ібн Хальдун, распрацаваўшы арыгінальнае вучэнне пра агульныя законы развіцця грамадства. Найбуйнейшы прадстаўнік ранняга перыяду араб. гістарыяграфіі — Мухамед-аз-Зухры (п. у 741 ці 742). Першы вялікі гіст. твор на араб. мове (гісторыя стараж. прарокаў і жыццяпіс Мухамеда) стварыў Ібн Ісхак (каля 704—768 ці 767). Значныя працы пакінулі аль-Вакідзі (747—823), Ібн Сад (п. 845) і інш. Гісторыкі 8—9 ст. прысвячалі свае творы араб. заваёвам, грамадз. войнам у Халіфаце 7 — пач. 8 ст. Цэнтрам араб. гістарыяграфіі доўгі час быў Ірак. Найб. значныя працы па ўсеагульнай гісторыі пакінулі аль-Белазуры (каля 820 — каля 892), Абу Ханіфы ад-Дынаверы (п. каля 895), аль-Якубі ат-Табары (832 ці 839—923, аўтар шматтомнай «Гісторыі прарокаў і цароў»), аль-Масудзі (п. у 956 ці 957), Хамзы аль-Ісфахані (п. у 2-й пал. 10 ст.) і інш. Гісторыкі 9—10 ст. вылучаліся энцыклапедычнасцю ведаў (Якубі і Масудзі). З 2-й пал. 10 ст. ў гістарыяграфіі пераважалі дынастыйныя і мясц. хронікі. У гіст. энцыклапедыі йеменскага гісторыка аль-Хамдані (п. у 2-й пал. 10 ст.) сабраны звесткі па генеалогіі, гісторыі, археалогіі, геаграфіі і л-ры Паўд. Аравіі. У 12—13 ст. дынастыйная гісторыя найб. развіта ў Сірыі, дзе створана ўсеаг. гісторыя Абу-ль-Фіда (1273—1331). У 15—16 ст. вядучае месца занялі егіп. гісторыкі (працы па гісторыі мамлюкаў, гіст. энцыклапедыі і ўсеагульныя хронікі), асабліва плеяда гісторыкаў-палігістараў (аль-Макрыдзі, 1364—1442), якія пакінулі шматтомныя працы па паліт.сац.-эканам. і культ. гісторыі Егіпта. Значнае месца займала біягр.л-ра: біягр. слоўнікі Якута, Ібн Халікана, зборы біяграфій дзеячаў навукі і інш.Гіст. творы на араб. мове напісаны і ў інш. краінах мусульм. Усходу.
Літаратура. Вытокі араб. л-ры ў вуснай нар. паэзіі вандроўных араб. плямёнаў. У дакласавым грамадстве склаліся паэтычныя жанры: ганьбаванне ворага (хіджа), пахвальба (фахр), песня помсты (сар), жалобнае галашэнне ці элегія (рыса), элементы любоўнай і апісальнай лірыкі (насіб і васф). Росквіт даісламскай (бедуінскай) паэзіі — 5—7 ст. У запісах 8—10 ст. (анталогія «Кніга песень» Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані і інш.) дайшлі вершы каля 125 паэтаў, сярод якіх абаронцы інтарэсаў сваіх плямёнаў (Амр ібн Кульсум, аль-Харыс ібн Хіліза), выразнікі ідэалаў патрыярхальнай даўніны (Тарафа, Лабід ібн Рабія), песняры воінскай доблесці (Антара ібн Шадад) або ўцех (Імру-уль-Кайс — стваральнік класічнай касыды), богашукальнікі (Умейя ібн Абі-с-Сальт), прыдворныя панегірысты (Набіга, Зухайр, Аша). Першы помнік араб. пісьменства і прозы — Каран. Увядзенне ісламу прыпыніла развіццё паэзіі, але з канца 7 ст. яна адраджаецца ў Сірыі і Іраку. У арыстакратычным асяроддзі вял. гарадоў Халіфата ўзнікла любоўная лірыка (Амар ібн Абі Рабія). Сярод бедуінаў Аравіі вылучаліся песняры ідэальнай любові. Пазней складаюцца рамант. аповесці пра пары закаханых (Джаміл і Бусайна, Меджнун і Лейла і інш.). Пры Абасідах араб.л-ра зазнала моцны ўплыў культуры народаў Пярэдняй Азіі, асабліва персаў. Пачынальнік «новага стылю» — паэт Башар ібн Бурд, тэарэтык — Ібн аль-Мутаз. Вылучаюцца геданістычная і вальнадумная лірыка Абу Нуваса і аскетычныя вершы Абу-ль-Атахія. У 9 ст. ў творчасці іх пераемнікаў, багдадскіх паэтаў, на першы план выступіла паліт. сатыра; у 10 ст. — грамадз. і філас. лірыка панегірыста аль-Мутанабі і сірыйскага паэта аль-Маары. Касыдную традыцыю падтрымлівалі паэты 9 ст. Абу Тамам і аль-Бухтуры. У прозе 8—9 ст. вядучае месца займалі аль-Джахіз і Ібн Кутайба. Празаікі 10 ст. — ат-Таўхідзі і ат-Танухі, стваральнік жанру авантурнай навелы (макамы) — Бадзі аз-Заман аль-Хамадані. З 8 ст. развіваецца араб.л-ра Магрыба, якая дасягнула найвышэйшага росквіту ў 11—12 ст. у гарадах араба-мусульм. Іспаніі. У 11 ст. ў творчасці севільскіх паэтаў (Ібн Зайдун, аль-Мутамід ібн Абад, Ібн Хамдзіс і інш.) сцвердзіўся ідэал асвечанага рыцара; у андалузскай паэзіі пашырыліся новыя, страфічныя формы араб. верша — мувашах, заджал (Ібн Кузман). Пасля мангольскага нашэсця (13 ст.) цэнтр араб. л-ры перамяшчаецца ў Егіпет і Сірыю. У 13—15 ст. і пазней з’яўляюцца нар. творы ў жанры сіра — цыклы вусных апавяданняў на гераічныя і любоўныя тэмы, своеасаблівыя рыцарскія раманы. Кн. казак «Тысяча і адна ноч» канчаткова склалася ў Егіпце (14—15 ст.).
Мастацтва. Арабская архітэктура ўвабрала ў сябе традыцыі Рыма, Візантыі, сасанідскага Ірана. Араб. архітэктары стварылі новыя тыпы і комплексы будынкаў: мячэці з мінарэтамі, маўзалеі-«дзюрбэ», медрэсэ, караван-сараі, палацы правіцеляў і інш., пашырылі купальныя канструкцыі і арнаментыку. Сярод выдатных арх. помнікаў мячэці Амеядаў у Дамаску (гл.Амеядаў мячэць) і Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме (687—691), палацавыя комплексы ў Мшаце, Кусейр-Амра (абодва 8 ст., Іарданія). У перыяд праўлення Абасідаў у Самары пабудавана мячэць Мутавакіля (9 ст.) з конусным спіральным мінарэтам аль-Мальвія. Сярод выдатных помнікаў араб. дойлідства ў Каіры мячэці Ібн Тулуна (876—879), аль-Азхар (969—972), ансамблі султанаў Калауна (1284—85) і Хасана (1356—63). Своеасаблівая, т.зв. маўрытанская, архітэктура склалася ў Іспаніі (Вял. мячэць у Кордаве, 8—9 ст.; палацавы комплекс Альгамбра ў Гранадзе, 13—14 ст.).
Выяўленчае мастацтва развівалася пераважна ў насценных размалёўках, арх. пластыцы, разьбе, мініяцюры (Егіпет 10—11 ст., багдадская школа мініяцюры 13—14 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва вызначалася дэкаратыўнасцю. Складанымі арнаментальнымі кампазіцыямі ўпрыгожвалі кнігі («Макамем» аль-Харыры, 11 ст.). Арабы стварылі і распаўсюдзілі арабескі і эпіграфічны арнамент — каліграфічна выкананыя надпісы. Шырока вядомыя вырабы маст. рамёстваў: кераміка і шкло Сірыі, Ірака, Егіпта, дамаская зброя, маўрытанская кераміка, маст. бронза (ліццё і чаканка), разьба па дрэве і камені, дэкар. шаўковыя і парчовыя тканіны.
У музыцы развіваліся старадаўнія песенныя жанры хіда (караванныя песні), хіджа (сатыр. песня) і інш. Існавалі араб.прафес. спевакі-паэты (шаіры). Сярод традыц. інструментаў мізхар, кісара, барбат (тыпы лютні), джанк (арфа), касаба (тып флейты), кус (літаўра). З 7 ст. развівалася класічная араб. музыка (пераважна вакальная), муз. навука (трактаты аль-Кіндзі, аль-Фарабі, Ібн Сіны, Сафі ад-Дзіна, аль-Ісфахані).
Літ.:
История философии. Т. 1. М., 1957. С. 222—236;
История философии в кратком изложении: Пер. с чеш. М., 1991. С. 342—349;
Основы религиоведения. М., 1994. С. 222—232;
Веймарн Б., Каптерева Т., Подольский А. Искусство арабских народов. М., 1960;
Еолян И. Очерки арабской музыки. М., 1977.
С.Ф.Дубянецкі (філасофія).
Да арт.Арабская культура. Старажытныя вароты Багдада.Да арт.Арабская культура. Мінарэт аль-Мальвія мячэці Мутавакіля ў Самары (Ірак). 9 ст. (злева); мазаіка мячэці Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме. 7 ст.