ІВА́Н II Іванавіч Красны

(30.3.1326, Масква — 13.11.1359),

князь звенігародскі і рузскі (1340—53], вялікі князь маскоўскі і ўладзімірскі [1353—59]. Другі сын Івана I Каліты, бацька Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Прадоўжыў палітыку бацькі па аб’яднанні рус. зямель. Пры ім пачалося ўмацаванне на Русі аўтарытэту мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі Аляксея. Пазбягаў ваен. канфліктаў, выступаў трацейскім суддзёй сярод рус. князёў.

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Андрэй, разьбяр па дрэве 2-й пал, 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Майстар беларускай рэзі. Працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве (з 1667 «разьбяной справы жалаваны майстар»). Пад кіраўніцтвам старца Арсенія разам з інш. майстрамі ўдзельнічаў у аздабленні сабора Васкрасенскага Нова-Іерусалімскага манастыра (да 1667), драўлянага царскага палаца ў с. Каломенскае (1667—68), палацавай мэблі.

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Якаў) (Якушка),

разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Паходзіў з Віцебска. Майстар беларускай рэзі. Працаваў пераважна ў Маск. дзяржаве. У канцы 1666 пераведзены з Васкрасенскага Нова-Іерусалімскага манастыра ў Маскву. Разам з інш. бел. майстрамі ўдзельнічаў у аздабленні царскага палаца ў с. Каломенскае (1667—68), рабіў разную мэблю, узорыстыя аконныя рамы і інш.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НЧАЎ (Светамір Тодараў) (10.7.1920, Сафія — 6.2.1991),

балгарскі мовазнавец-славіст, перакладчык. Ініцыятар бел.-балг. мовазнаўчых сустрэч (з 1976 праводзяцца па чарзе ў Мінску і Сафіі). Даследаваў катэгорыю аспекту слав. дзеяслова, з’явы анафары ва ўжыванні займеннікаў, інш. пытанні балг. граматыкі і лексікалогіі, а таксама праблемы станаўлення і ўзаемадзеяння слав. моў. Перакладаў з чэш. мовы на балгарскую.

А.​Я.​Супрун.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЖО́РСКАЯ ЗЯМЛЯ́, Іжора,

гістарычная тэрыторыя народнасці іжора па берагах Нявы і ўзбярэжжы Фінскага заліва. У 13—15 ст. падпарадкавана Ноўгараду. У 1478 далучана да Маскоўскага княства. Пасля Лівонскай вайны (у 1581—90) і ў выніку інтэрвенцыі пач. 17 ст. зах. частка І.з. (гарады Капор’е, Івангорад з паветамі) захоплена Швецыяй. Вернута Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАЛЯЦЫ́ЙНАЯ МАШЫ́НА,

машына для нанясення слоя бітумнай масцікі на ачышчаную і пакрытую грунтоўкай вонкавую паверхню трубаправода і абмоткі яго ізаляцыйным матэрыялам (шклопалатном, брызолам, паперай). Найб. магутныя І.м. ізалююць трубы дыям. 1422 мм, пры шырыні ізаляцыйнай стужкі да 500 мм, таўшчыні слоя ізаляцыі не менш за 4 мм, скорасці прасоўвання па трубаправодзе да 1,4 км/гадз.

Ізаляцыйная машына.

т. 7, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЗЛЕДЗЬ,

рака на мяжы Валожынскага, Стаўбцоўскага р-наў Мінскай вобл. і Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл., левы прыток р. Волка (бас. р. Нёман). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 134 км². Пачынаецца на ПнЗ ад в. Забор’е Валожынскага р-на на схілах Мінскага ўзв. У нізоўі цячэ па Налібоцкай пушчы. Асн. прыток — р. Каменка. Рэчышча б.ч. каналізаванае.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАВАЦЫ́ЙНЫ БАНК,

спецыялізаваны банк, які займаецца аперацыямі па крэдытаванні найноўшых распрацовак, тэхн. і тэхнал. працэсаў (інавацый). З’яўляецца разліковай установай, якая на дагаворных пачатках крэдытуе прадпрыемствы (фірмы, арг-цыі), часовыя творчыя калектывы і асобных аўтараў (вынаходнікаў, рацыяналізатараў). Вызначаецца адносна высокай рызыкай зваротнасці крэдытаў, істотнымі адрозненнямі ў тэрмінах і аб’ёмах пазык, неабходнасцю дадатковых гарантый забеспячэння захаванасці сродкаў укладчыкаў.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКЦЫ́ЙНЫ ПАСКАРА́ЛЬНІК,

паскаральнік зараджаных часціц віхравым эл. полем, якое ствараецца пераменным у часе магн. патокам, што пранізвае арбіту часціц. Адрозніваюць І.п. цыклічны (бэтатрон), у якім часціцы рухаюцца ў магн. полі па траекторыях, блізкіх да акружнасці, а магн. паток пранізвае гэту акружнасць, і лінейны І. п. (часціцы рухаюцца амаль прамалінейна, а кольцападобны імпульсны магн. паток ахоплівае траекторыю).

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИСТОРИ́ЧЕСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

расійскі штомесячны гістарычны навукова-папулярны часопіс кансерватыўна-манархічнага кірунку. Выдаваўся ў 1880—1917 у Санкт-Пецярбургу на рус. мове. Выдаўцы: А.​С.​Суворын (да 1912) і Б.​Б.​Глінскі (1912—1917). Публікаваў артыкулы па рас. гісторыі, гісторыі рус. л-ры, геаграфіі і этнаграфіі, перакладныя раманы, мемуары і дзённікі. Быў багата ілюстраваны. Выйшла 147 тамоў.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)