горад, цэнтр Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.Чыг. ст. на лініі Гомель—Лунінец. За 238 км ад Гомеля. Аўтадарогамі злучаны з Брэстам і Калінкавічамі. 17,7 тыс.ж. (1997).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1500 як маёнтак Жыдкавічы. У канцы 16 ст. вёска ў Мазырскім пав.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці. З буд-вам Палескай чыг. і адкрыццём у 1886 чыг. станцыі на месцы вёсак Зарэчча і Бярэжжа пачаў расці рабочы пас. Ж., заснаваны лесапільны з-д. У 1897—1200 ж., нар. 2-класнае вучылішча, аптэка, пошта, царква. З 1924 цэнтр Жыткавіцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—4,3 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 20.8.1941 па 6.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 1384 чал., разбураны. Дзейнічала Жыткавіцкае патрыятычнае падполле. З 1954 у Гомельскай вобл. 5,4 тыс.ж. у 1959, 7,9 тыс.ж. у 1970. З 19.11.1971 горад.
Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, харч. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭРЫКО́ ((Géricault) Жан Луі Андрэ Тэадор) (26.9.1791, г. Руан, Францыя — 26.1.1824),
французскі жывапісец і графік, заснавальнік рамантызму. Вучыўся ў К.Вернэ і П.Герэна. Зазнаў уплывы Ж.Л.Давіда і А.Гро. Быў у Італіі (1816—17), Англіі (1820—22), Бельгіі (1820). Працаваў у Парыжы. Раннія творы вылучаюцца эмацыянальнасцю вобразаў і дынамічнасцю («Афіцэр конных егераў імператарскай гвардыі ідзе ў атаку», 1812, «Паранены кірасір пакідае поле бою», 1814). Пасля паездкі ў Італію ўзмацняецца абагульненая манументальнасць форм, каларыт амаль манахромны («Бег вольных коней у Рыме», 1817, «Плыт Медузы», 1818—19). У шэрагу партрэтаў выказаў рамант. ўяўленне пра мастака як пра свабодную, незалежную асобу; серыя «Партрэты звар’яцелых» (1819—20) прасякнута гуманізмам. Адзін з першых стаў працаваць у тэхніцы літаграфіі (серыя «Вялікія і малыя англійскія сюіты», 1820—21). Стварыў кампазіцыі са сцэнамі нар. жыцця, некалькі скульпт. работ.
Літ.:
Жерико о себе и современники о нем: Пер. с фр.М., 1962;
Прокофьев В.Н. Теодор Жерико. М., 1963;
Турчин В.С. Теодор Жерико. М., 1982.
Т.Жэрыко. Афіцэр конных егераў імператарскай гвардыі і дае ў атаку. 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́РЫНЬШ ((Zariņš) Маргерс) (н. 24.5.1910, г.п. Яўнпіебалга, Латвія),
латышскі кампазітар, пісьменнік. Нар.арт.СССР (1970). У 1929—33 вучыўся ў Латв. кансерваторыі. У 1940—50 муз. кіраўнік Маст.т-ра імя Я.Райніса ў Рызе. У муз. творчасці пераважае тэатр. стыхія, парадыйна-сатыр. вобразнасць, з 1960-х г. — рысы неакласіцызму. Сярод муз. твораў: оперы «Да новага берага» (1955), «Зялёны млын» (1958), «Опера жабракоў» (1964), «Цуд св. Маўрыкія» (опера-балет, 1975), «Опера на плошчы» (1970); араторыі «Валміерскія героі» (1950), «Махагоні» (1965); канцэрты для аргана і камернага арк. Concerte innocente (1969), Concerto triptichon (1972); вак. творы, хары, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар літ.-маст. твораў, у т. л. сатырыка-фантаст. рамана «Фальшывы Фауст, або Перапрацаваная і дапоўненая кулінарная кніга» (1973), «Містэрыі і хэпенінгі» (1975), зб. апавяданняў. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Латвіі 1958. На бел. мову асобныя літ. творы З. пераклаў А.Марціновіч.
Тв.:
Рус.пер. — Оптимистическая энциклопедия жизни. Л., 1986;
Календарь капельмейстера Коциня: Роман, повесть. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́ЛЬБЕРТ (Фёдар Фёдаравіч) (7.9.1917, г. Тарту, Эстонія — 19.2.1986),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў вучылішча прыгожых мастацтваў у г. Ліепая (1934), вучыўся на арх. ф-це Латвійскага ун-та (1936—39). На Беларусі з 1946. Адзін з арганізатараў эксперым. керамічнай лабараторыі ў Мінску (1959) і вытв-сці керамікі ў Барысаве (1963). Выкладаў у Бел.тэатр.маст. ін-це (1965—71). Сярод твораў: скульпт. кампазіцыі «Ураджай» (1947), «Гусляр», «Памром, але крэпасць не пакінем!» (абедзве 1956); партрэты Г.Цітовіча (1948), А.Міцкевіча (1955), барэльефы М.Сеўрука (1978), Я.Коласа (1981), «Сустрэча паэтаў Я.Райніса і Я.Купалы» (1982); падлогавыя вазы «Зубр» (1977), «Папараць» (1979); дэкар. пласты «Нацюрморт» (1977), «Макі» (1978), «Восень у садзе» (1979). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, з П.Дурчыным), дэкар. керамікі для інтэр’ера Музея нар. славы ў в. Іканы Барысаўскага р-на і інш.Іл.гл. таксама да арт.Брэсцкай крэпасці абарона 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНЯЯ ЛІНГВІ́СТЫКА, экстралінгвістыка,
галіна мовазнаўства, якая даследуе праблемы, што знаходзяцца на памежжы з інш.навук. дысцыплінамі (параўнальная ўнутраная лінгвістыка). Праблемы сутнасці і паходжання мовы, яе сувязь з навакольным асяроддзем і чалавекам вырашаюцца сумесна з філасофіяй, пытанні развіцця мовы і моўных змен — разам з гісторыяй. Пры раскрыцці характару суадносін мовы і мыслення, мовы і ўнутр. свету чалавека З.л. ўзаемадзейнічае з логікай і псіхалогіяй. Функцыянаванне мовы ў грамадстве, яе надіндывід. прырода вывучаюцца ў кантакце з сацыялогіяй. З навукамі негуманітарнага цыкла З.л. вырашае праблемы аўтам. апрацоўкі моўнай інфармацыі (з кібернетыкай); імаверны характар мовы і складаная прырода яе сістэмнасці разглядаюцца сумесна з матэматыкай, пытанні суадносін мовы і інш. знакавых сістэм — разам з семіётыкай. Пры вывучэнні жывой мовы (нар. гаворак, якія пашыраны на пэўнай тэрыторыі і маюць свае адметныя рысы) З.л. кантактуе з геаграфіяй і інш. Як правіла, на мяжы З.л. і інш. навук узнікаюць новыя дысцыпліны: лінгвістычная філасофія, гіст. мовазнаўства, псіхалінгвістыка, сацыялінгвістыка, лінгвасеміётыка, матэматычная лінгвістыка, лінгвістычная геаграфія і інш.
Літ.:
Якобсон Р.О. Избранные работы: Пер. с англ., нем., фр.М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЮВА́НАЎ (Міхаіл Акімавіч) (24.2.1906, г. Грозны, Чэчня — 29.4.1977),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1954). Скончыў Бел. кансерваторыю (1951, клас Я.Віцінга), з 1962 выкладаў у ёй. З 1938 працаваў у т-рах оперы і балета ў Баку, Ташкенце, Фрунзе, Маскве (Вял.т-р, 1944), Пермі. У 1949—61 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодаў моцным голасам прыгожага цёплага тэмбру. Аднолькава пераканаўча выконваў партыі лірычныя, драм. і камедыйныя. Сярод партый нац. рэпертуару: Даніла і Анішчук («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Якуб («Марынка» Р.Пукста), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова); з лепшых партый класікі — Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Барыс («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ, Качубей («Яўген Анегін», «Іаланта», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні).
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Шлях акцёра // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Б.С.Смольскі.
М.А.Зюванаў.М.Зюванаў у ролях Карася (злева) і караля Рэнэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць зямельных тэрыторый, што выкарыстоўваюцца ці прыдатныя для выкарыстання ў гасп. мэтах і ў якасці сродкаў вытв-сці; від прыродных рэсурсаў. Падзяляюцца на 3 групы: угоддзі сельскагаспадарчыя; землі для размяшчэння сродкаў вытв-сці, непарыўна звязаных з зямлёй (ахоўныя лясныя насаджэнні, гідратэхн. збудаванні, пляцоўкі для с.-г. авіяцыі і інш.); землі, якія не выкарыстоўваюць у с.-г. вытв-сці (камяністыя месцы, яры і інш.). З.р. выкарыстоўваюцца і для размяшчэння нар.-гасп. аб’ектаў, рассялення насельніцтва, як гал. сродак вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Агульная пл. сушы на зямным шары складае 133,9 млн.км² (без уліку 14 млн.км², што пад ледавікамі), з якой тундравыя і лесатундравыя тэрыторыі займаюць 17 млн.км². Пад с.-г. землямі занята каля 35%, лясамі і хмызнякамі — больш за 30%, населенымі пунктамі, прам-сцю і транспартам — больш за 3%. На душу насельніцтва плошчы пад ворнай зямлёй, лугамі і пашамі складаюць каля 1 га. Ў сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва Зямлі і выбыццём ч. ўгоддзяў з с.-г. абароту, штогод выключаецца з карыстання 5—7 млн.га. Гл. таксама Зямельны фонд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Дзмітрый; 1024—3.10.1078),
князь тураўскі і вял. князь кіеўскі, старэйшы сын Яраслава Мудрага. Княжыў у Тураве, напэўна, з 1042 (заснавальнік дынастыі Ізяславічаў), а ў 1052 атрымаў і пасад у Ноўгарадзе. Пасля смерці бацькі (1054) стаў вял. князем кіеўскім. У 1058 зрабіў паход і перамог заходнябалцкае племя голядзь. У 1067 з братамі Святаславам і Усеваладам ваяваў супраць полацкага кн.Усяслава Брачыславіча, удзельнік Нямігскай бітвы 1067. У час перагавораў каля Оршы вераломна захапіў Усяслава ў палон і адправіў у цямніцу ў Кіеў. У выніку нар. паўстання ў 1068 І.Я. скінуты з трона. У 1069 з дапамогай польск. караля Баляслава вярнуўся ў Кіеў, прагнаў Усяслава з Полацка і прызначыў на яго месца свайго сына Мсціслава Ізяславіча, а потым — Святаполка Ізяславіча. У 1073 вымушаны пакінуць Кіеў, у 1077 зноў захапіў кіеўскі трон. У Тураў на княжанне паслаў сына Яраполка Ізяславіча. І.Я. загінуў у міжусобнай барацьбе пад Чарнігавам. Адзін са складальнікаў «Рускай праўды». Віслыя свінцовыя пячаткі І.Я. выяўлены пры археал. раскопках у Ваўкавыску, Тураве, Брэсце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІ́НСКІ (Ігар Уладзіміравіч) (24.7.1901, Масква — 13.1.1987),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1949), Герой Сац. Працы (1974). Вучыўся ў тэатр. студыі Ф.Камісаржэўскага ў Маскве (1917). З 1918 у маскоўскіх т-рах. У 1920—35 у т-ры імя У.Меерхольда: ролі Прысыпкіна («Клоп» У.Маякоўскага), Аркашкі Шчасліўцава («Лес» А.Астроўскага), Расплюева («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна) і інш. З 1938 у Малым т-ры. Сярод роляў: Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Загарэцкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Юсаў («Даходнае месца» Астроўскага), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава» паводле Ф.Дастаеўскага), Акім («Улада цемры» Л.Талстога) і інш. У кіно з 1924. Зняўся ў фільмах «Аэліта» (1924), «Волга-Волга» (1938), «Карнавальная ноч» (1956), «Гусарская балада» (1962) і інш. Мастацтва І. вызначалася псіхал. глыбінёй у спалучэнні з гратэскавымі, эксцэнтрычнымі прыёмамі, майстэрскім валоданнем пантамімай, мімікай. Паставіў спектаклі «Кірмаш пыхлівасці» паводле У.Тэкерэя (1958), «Любоў Яравая» К.Транёва (1960, абодва з В.Цыганковым), «Рэвізор» (1965). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т РАДЫЯЦЫ́ЙНЫХ ФІ́ЗІКА-ХІМІ́ЧНЫХ ПРАБЛЕ́МНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1991 у Мінску на базе Ін-та ядзернай энергетыкі АН Беларусі (існаваў з 1965). У ін-це (1998): 7 лабараторый, 2 тэхнал. аддзелы. аспірантура.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка і хімія ўзаемадзеяння высокаэнергетычных выпрамяненняў з рэчывам, распрацоўка тэхналогій і тэхнікі для выкарыстання выпрамяненняў у нар. гаспадарцы. Распрацаваны: тэарэт. метады, мадэлі і матэм. праграмы апісання і аналізу працэсаў узаемадзеяння нуклонаў з ядрамі для разліку ядзерна-фіз. канстантаў трансактынідаў і спектраў нейтронаў, што вылучаюцца ў гэтых працэсах; інфарм. сістэма для комплекснай ацэнкі рызыкі ад уздзеяння на чалавека прымесей таксінаў і канцэрагенаў, якія маюць харч. прадукты, пітная вада, паветра; метад апрамянення харч. прадуктаў для павелічэння тэрмінаў захавання і знішчэння патагеннай мікрафлоры; тэхналогія і абсталяванне для вытв-сці пенаполітэтылену метадам радыяцыйнага сшывання. Створаны: новы кампазіцыйны антыфрыкцыйны матэрыял; устаноўка для рэгенерацыі адпрацаванага травільнага раствору; аўтаматызаваная ацяпляльная сістэма на аснове інфрачырвоных выпрамяняльнікаў; сістэма ачысткі ад фенолу і фармальдэгіду, газавых выкідаў хім. вытв-сцей. Запушчаны ў эксплуатацыю нейтронны генератар (тып НГ-12-1 — адзін з буйнейшых у Еўропе, 1997).