АМІ́ЧНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

фізічная велічыня, якая характарызуе супраціўленне ланцуга (яго ўчастка) пастаяннаму току; былая назва гранічнага значэння актыўнага супраціўлення (гл. Электрычнае супраціўленне). Абумоўлена неабарачальным пераўтварэннем эл. энергіі ў інш. формы (пераважна ў цеплавую); пацвярджае выкананне Ома закону для дадзенага ўчастка ланцуга.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫДЭТАНА́ТАР,

хімічнае злучэнне, якое дабаўляюць у маторнае паліва для прадухілення яго дэтанацыі ў цыліндрах рухавікоў. Найб. пашыраны тэтраэтылсвінец (ТЭС — «этылавая вадкасць»), яго канцэнтрацыя ў паліве менш за 1%. Маторнае паліва з ТЭС (этыліраванае) таксічнае, пры рабоце з ім патрэбны меры перасцярогі.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭ́НУЛЫ,

першая пара рухомых членістых прыдаткаў галавы ў ракападобных. Зыходна простыя, у некаторых вышэйшых другасна разгалінаваныя на 2—3. Звычайна з’яўляюцца органамі дотыку і хемарэцэпцыі; у некаторых ніжэйшых ракаў ператвораны ў прыстасаванні для плавання (весланогія) або прымацавання да субстрату (вусаногія).

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БРЫТА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ», «Брытаніка» (Encyclopaedia Britannica),

амерыканская выдавецкая фірма ў Чыкага. Засн. на пач. 1940-х г. Выдае Брытанскую энцыклапедыю, галіновыя энцыклапедыі, слоўнікі, л-ру для дзяцей і юнацтва, маст. і інш. л-ру. Мае аддзяленні ў Лондане, Таронта, Жэневе, Токіо.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКАЎСКАЯ БАВОЎНАПРАДЗІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Створана ў 1948—50 у г. Ветка Гомельскай вобл. як арцель «Чырвоны тэкстыльшчык». З 1960 сучасная назва. У 1986 расшырана. Мае падрыхтоўчы і прадзільны ўчасткі. Асн. прадукцыя (1996): пража баваўняная кручаная, суравая, асноўная для ткацкай вытв-сці.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁРСТКА,

1) адзін з працэсаў вырабу друкарскай формы — састаўленне старонак (палос) кніг, часопісаў, газет з гранак тэксту, табліц, ілюстрацый, элементаў унутр. афармлення ў адпаведнасці з разметкай або спецыяльна вырабленым макетам. 2). Адбітак (карэктура) са звярстанага набору, прызначаны для выпраўлення памылак.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЗАВО́Д ТЭХНАЛАГІ́ЧНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ «ЭВІ́СТАР».

Створаны ў 1964—67 у Віцебску. Асн. прадукцыя (1996): друкаваныя платы, тэхнал. абсталяванне для харч., лёгкай, аўтатрактарнай прам-сці, мед. абсталяванне, помпы, быт. свяцільні і электрапрылады, электронныя дзіцячыя гульні, мэбля і інш. тавары шырокага ўжытку.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ ДЗЯРЖА́ВЫ,

тэрмін, прыняты для абазначэння найб. магутных і ўплывовых у міжнар. палітыцы дзяржаў свету. Пасля 2-й сусв. вайны да Вялікіх дзяржаў адносяць пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН: Вялікабрытанію, ЗША, Кітай, Расію (правапераемніца СССР) і Францыю. Гл. таксама «Вялікая сямёрка».

т. 4, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ДРЫЯ (грэч. hydria ад hydōr вада),

старажытнагрэчаская пасудзіна для вады, найчасцей керамічная. Падобная на амфару, але з моцна расшыраным уверсе тулавам, больш вузкім і высокім горлам. Мела 2 гарызантальныя па баках і 1 вертыкальную ручкі. Сценкі гідрыі часта ўпрыгожвалі размалёўкай.

т. 5, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́НДЭРСТВА (ад ням. Gründer заснавальнік),

заснавальніцтва, масавая і хуткая арг-цыя прадпрыемстваў, акц. т-ваў, банкаў, страхавых кампаній і інш. Найб. характэрна для 1850—70-х г. Суправаджалася шырокай эмісіяй каштоўных папер, біржавымі спекуляцыямі, нездаровым ажыятажам і жульніцкімі махінацыямі фінансавых дзялкоў.

т. 5, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)