ЗАРЫ́ПАЎ (Хакім Карымавіч) (н. 17.9.1924),

узбекскі артыст цырка. Нар. арт. Узбекістана (1964), нар. арт. СССР (1980). Вучыўся ў Ташкенцкай кансерваторыі. З 1938 у групе «Джыгіты Узбекістана» пад кіраўніцтвам бацькі — Карыма З., з 1952 кіраўнік гэтага цыркавога ансамбля. Выступленні вылучаюцца тонкім выканаўчым майстэрствам, складанымі трукавымі камбінацыямі («Уральскія вяртушкі», «Абаротны доўгі абрыў»).

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАР,

у беларусаў: 1) абрадавая страва, адвар з сушаных чарніц, яблык, груш з дабаўленнем мёду, які прыносілі жанчыны парадзісе на адведкі. У наш час сустракаецца пераважна на Палессі.

2) Падліва з канаплянага семя ці маку. Семя (мак) цёрлі, потым заварвалі і спажывалі як посную прыправу (пашыраны пераважна на Зах. Палессі).

т. 7, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ПУНКТ, пункт нулявога зараду,

стан паверхні цела (ці часцінкі дысперснай фазы) у кантакце з растворам электраліту, які характарызуецца аднолькавай колькасцю станоўчых і адмоўных зарадаў у адсарбцыйным слоі. Адзін з асн. параметраў, што вызначае эл.-хім. ўласцівасці амфалітаў (напр., амінакіслот і бялкоў). Вызначэнне І.п. розных субстратаў арганізма праводзіцца з мэтай дыягностыкі.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРМО́С (грэч. heirmōs літар. спляценне, сувязь),

першапачаткова страфа, якая злучала біблейскую песню з хрысц. гімнамі (адсюль назва). З 8 ст. — 1-я страфа кожнай з 9 песень канона, метрыка і напеў якой захаваліся ў трапарах (кароткіх прыпевах) гэтай песні. І. падпарадкоўваюцца сістэме асмагласся, адпаведна якой яны размешчаны ў пеўчай кнізе Ірмалогій.

т. 7, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі адзін з элементаў чалавечай існасці або адна з душ чалавека. Першапачаткова — увасабленне жыццёвай сілы багоў і цароў і іх магутнасці. Пазнейшыя міфы прыпісваюць наяўнасць К. ўсім людзям. Гэта духоўнае «другое я» кожнага чалавека, якое нараджаецца разам з ім, прадвызначае яго лёс і застаецца пасля яго смерці.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬЦЫЮ КАРБІ́Д,

злучэнне кальцыю з вугляродам, CaC2. Цвёрдае рэчыва, хімічна чысты — бясколерны, tпл2160 °C, шчыльн. 2200 кг/м³. Тэхнічны К.к. мае колер ад светла-бурага да чорнага. Бурна ўзаемадзейнічае з вадой з вылучэннем ацэтылену. Атрымліваюць аднаўленнем нягашанай вапны вугляродам у дугавых пячах. Выкарыстоўваюць для атрымання ацэтылену, цыянаміду кальцыю, аднаўлення шчолачных металаў.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТАНІ́СТЫ (ад ням. Kantonist ваеннаабавязаны),

1) у Прусіі ў 1733—1813 ваеннаабавязаныя (рэкруты), што падлягалі прызыву ў адной з акруг (кантонаў), кожная з якіх камплектавала свой полк.

2) У Расіі ў 1805—56 салдацкія сыны, якія з дня нараджэння прылічваліся да ваен. ведамства і вучыліся ў спец. школах (гл. Кантанісцкія школы).

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́Ц,

бел. старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ 1 К. = ¼ бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л. З 1766 стала наз. чвэрцю. К. наз. таксама пасудзіна, вял. конаўка з ручкай. Назва паходзіць ад кары́, з якой першапачаткова выраблялі кубкі для піцця Гл. таксама Гарнец.

т. 8, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́МЕР ((Cramer) Габрыэль) (31.7.1704, г. Жэнева, Швейцарыя — 4.1.1752),

швейцарскі матэматык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1749). З 1724 у Жэнеўскай кальвінісцкай акадэміі (з 1734 праф.). Навук. працы па геаметрыі і тэорыі імавернасцей. Устанавіў і апублікаваў (1750) правіла рашэння сістэмы лінейных ураўненняў з літарнымі каэфіцыентамі (правіла К.), заклаў асновы тэорыі дэтэрмінантаў (вызначнікаў).

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАЎ (Мікалай Фёдаравіч) (22.5.1914, г. Сасава Разанскай вобл., Расія — 1988),

расійскі канструктар аўтам. стралковай зброі. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Тульскі мех. ін-т (1941). З 1941 на з-дзе абароннай прам-сці. Стварыў 9-мм пісталет (ПМ-9), 23-мм авіяц. пушку (разам з інш.). Дзярж. прэміі СССР 1952, 1967.

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)